Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Іван Грамовіч - Сонца

Увага!!! Поўны змест

   Сонейка, сонца! Хто ласкавей за цябе?
   Помню, крыўдзілі дарослыя. Крыўдзілі нізавошта.
   Хіба ім доўга пакрыўдзіць меншага?
   Вось тады і бяжыш з хаты, каб сысці з вачэй. Бяжыш у сваё патаемнае, любімае сховішча.
   Праўда, яно не такое ўжо і патаемнае. Туды могуць заглянуць і певень, і кот, і сабака. А дарослыя нашы – і пагатоў. Прыйдуць і паклічуць, калі я ім спатрэблюся.
   Месца гэта за паветкай, што прыбудавана да хлява з паўднёвага боку. Ад поўначы сцяна паточана шашалем і восамі. Справа – трухлявы каранік-вулей. Злева – старая каламажка. Без колаў. Я, бывала, сядаю на збуцвелае бервяно, а на мяне свеціць сонца.
   Нават калі ветрана, тут цёпла. Шумяць бярозы, груша над паветкай. У вышыні плывуць імклівыя хмары. Там вецер, а тут заўсёды ўтульна. Зацішак. Сонца.
   Таму і люблю я свой патаемны куток, што нада мною заўсёды ласкавае сонца.
   Станеш тварам да яго, пастаіш – яно высушыць слёзы на шчоках. Пастаіш у зацішку, і крыўда на дарослых адляжа. Грэешся, і ў такую хвіліну нікога ласкавейшага за сонца няма ў цэлым свеце.
   Сонца супакоіць цябе. Праменні яго так цябе гладзяць, абдымаюць, і робіцца тады цёпла-цёпла.
   А вочы самі ў гэтым асветленым, сагрэтым кутку адшукваюць лісцік трыпутніку, на якім сядзіць матылёк. Таксама грэецца. Дыхае крыльцамі, залацістымі, рознакаляровымі. Позірк скіруе на лебяду, па якой паўзе «Андрэйка-братка», ці то на жвавую мурашку, якая ўзваліла на сябе кавалачак кары і цягне яе кудысьці. Сюды-туды, ніяк не абміне зялёную цявінку...
   Уздыхнеш і міжволі задумаешся: куды яна, кволая, на такіх танюсенькіх ножках нясе гэткую вялікую, большую за сябе, ношу?..
   I думкі твае, сагрэтыя цяплом, узнімуцца і паплывуць, паплывуць... Уявіцца вялікі нязведаны край. Свет дробненькага і жывога... Ты стаіш, марыш... I чуваць, як свішчуць шпакі на грушы. Раптам певень акажацца на двары. Дзівак! Ён, мабыць, зайздросціць шпакам.
   Мурашка ўжо, бачу, запаўзла пад вулей-каранік. Матылёк страпянуўся і паляцеў... А я стаю пад сонцам. I мне так радасна. Прыемна вось гэтак наглядаць і чуць музыку ўсяго, што жыве, грэецца, расце...
   Сонейка залатое!.. Я імкнуўся разгледзець цябе як найлепш, але не здолеў. Калі ты ўсходзіш ці заходзіш – праўда, можна хоць раз зірнуць. I то пасля балюча. Перад вачыма мільгацяць зялёныя, чырвоныя, сінія шары... Мільгацяць. А я выціраю слёзы.
   Без слёз на сонца можна глядзець вясною або ўвосень. Яно тады, як кажуць, нядужае. Пра гэта мы з дзедам гаварылі.
   – Дзед, – запытаўся я, – чаго ты на прызбу выйшаў?
   – Каб пагрэцца, – адказвае ён.
   – Ты ж на печы грэешся.
   – То зімою, унучак, калі сонца няма. А цяпер вясна.
   I ён пачынаў расказваць, што зімою, калі надыходзяць халады, лютыя маразы, тады ўсе, і старыя і малыя, грэюцца на печы. Так вядзецца здаўна. Людзі выдумалі печ на той час, калі не бывае сонца. Усе ж любяць цяпло: і ў сяле, і ў горадзе. Без цяпла, без сонца не было б жыцця на зямлі.
   – А што было б, каб сонца і ўдзень і ўначы свяціла? – запытаў я. – Каб яно грэла і ўлетку і ўзімку?
   – Такога не можа быць, – адказаў дзед. – Ад холаду можна схавацца, сагрэцца. А ад спёкі нідзе, брат, не ўкрыешся. Не, не! Так людзям не трэба. Усё трэба ў меру. Лішняя цеплыня прынясе толькі шкоду.
   – Якую шкоду?
   Мне не верылася. Але потым я і сам пераканаўся, калі ўбачыў гэтую шкоду ў полі, пасвячы з дзедам жывёлу.
   – Вось якое можа быць благое сонца, – паказаў дзед на палетак.
   Было лета, гарачае, спякотнае. Кожны дзень неба зацягвалася смугою. Жоўтае сонца свяціла праз вялізны зіхатлівы круг. Над палеткамі свістаў вецер.
   – Паспела, – сказаў я, гледзячы на ўзгорак збялелага жыта.
   – Не, – адказаў дзед, – яно спалена сонцам. От сарві, прынясі каласок!
   Я прывык бачыць, каб высокае жыта цяжкімі каласамі кланялася долу. Буйна шумела. А тут, які жах! Угару пазіралі здрацянелыя каласкі на белай нізкай саломцы. Налятаў вецер – трымцелі, хісталіся. Лёгкія. Сухія.
   – Прасілі дажджу, ды так і не дачакаліся, – растлумачыў дзед. – Бач, як здараецца!
   Я глядзеў, і мне было шкада палетка да слёз. Неяк пуста рабілася на душы. Пуста, як у гэтым самотным, спаленым сонцам каласку.
   Я стаяў і думаў пра сонца. Якім жа неміласэрным бывае яно!
   Я чуў, што яно гуляе...
   Я чуў, што ў яго бываюць зацьменні...
   А цяпер я бачыў, якое бывае яно да людзей іншы раз жорсткае і злоснае...
   Я рад быў, што сонца ўстае і кладзецца спаць, як людзі. Пад вечар нават кветкі, мак, сланечнікі ў агародзе як бы засынаюць. Заплюшчваюць пялёсткі-вочы. Настае сон.
   Мне толькі дзіўна было: як гэта дазнацца, дзе тая пасцель, куды кладзецца сонца адпачываць. Калі заходзіла сонца, я доўга глядзеў на яго. Потым узлазіў на бярозу, самую высокую каля вёскі, каб пабачыць, куды схаваецца чырвоны шар.
   Увосень, калі ў лесе жаўцела лісце, мне рабілася сумна ад таго, што сонца як быццам слабела, рабілася нядужым. Вельмі надакучае быць у полі са статкам у пахмурны дзень. Воблакі плывуць, плывуць...
   I раптам у поўдзень вецер разгоніць, парве іх. Зробіцца ясна, як на палянцы між лесу. На сэрцы стане радасна і весела.
   У прасвеце між хмар сонца аглядае асенняе поле пукам праменняў, нібыта праз залацістую падзорную трубу. Вядзе, вядзе ёю... Вось скіравала яе на скібы ўзаранай зямлі. Па барознах ходзяць, пералятаюць з месца на месца шпакі, вароны...
   Потым блісне ў вочы, сагрэе цябе, як улетку. Прыемна і радасна ў такія хвіліны!..
   Сонейка! Я гатоў бясконца спяваць табе песню-гімн.
   Бо дзе б я ні быў, кім бы я ні быў, ты заўсёды прыносіла і прыносіш мне радасць, уцеху, даеш мне сілы. I не толькі мне – усім людзям на ўсёй зямлі. Без цябе, сонца, няма жыцця, няма песні, няма шчасця.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!