Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Сіпакоў - Тураўская элегія

Сёння вясна красуецца, ажыўляючы зімовую прыроду.

Буйныя ветры, ціха павяваючы, песцяць і гадуюць плады.

I зямля, жывячы насенне, родзіць зялёную траву...

З малення Кірылы Тураўскага
 

Прыгінае і самых высокіх
Да зямлі вечны цяжар гадоў.
I цішэюць,

цішэюць крокі

I людзей і старых гарадоў.

Як прысеў ты, драўляны горад!
З крэктам з замкавай споўз гары.
I стагоддзі з табой не гавораць,
Як калісьці маглі гаварыць.

I за сценамі замка не радзяць,
Як прыняць з Егіпта гасцей.
А на колішнім княскім пасадзе
Бульба расце.

Покуль сала княгіня смажыць
(Пах яго заваёўвае дзень),
З камунальных харомаў княжыч
Па каня з аброццю ідзе.

Бы праз сон,

праз гады сваю веліч

Слухае горад стары,
Як над ім,

над стольным,

звінелі,

Нібы песня, званы ўгары.

А таму,

калі сонца прагляне

I ўдзяўбнецца промнямі ў снег,
Як продкі, спавядаюцца тураўляне
Вясне.

Хоць і вёснаў мінула багата,
Толькі ў Тураве,

як і тады,

Зямля атуляе і корміць зярняты,
Каб радзіць,

як даўней,

плады.

 

Крыніца: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 431 с.

Похожие статьи:

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Не кувай ты, шэрая зязюля...

Максім ТанкМаксім Танк - Ой, не гніце, ветры

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Прысніўся сон

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Элегія

ЭЭлегія