Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Янка Сіпакоў - Перавернуты

   Пасля тлумнага нялёгкага працоўнага дня (вазіў здаваць трасту на льнозавод) Бяляй дужа позна, недзе апоўначы, вярнуўся дадому. Вокны былі цёмныя: жонка і дзеці спалі. Яго не сустракалі, бо раніцай Бяляй з Агнежкай крыху пасварыліся, і жонка прынцыпова зробіць выгляд, што спіць.
   Яшчэ ў кабіне накацілася тое, што абавязкова павінна было здарыцца і чаго ён чакаў з трывогай і нецярпеннем. Такое з ім здаралася і раней, таму ні жуды, ні адчаю зараз ужо не было. Ён адчуў, што траціць прытомнасць і некуды правальваецца. У апошняе імгненне паспеў адчыніць дзверы кабіны — і з яе ўжо на ўсе чатыры лапы мякка выскачыў... воўк. Атросся і пабег у бок недалёкага лесу.
   Сваю гайню ён сустрэў на ўзлеску: ваўкі ішлі на паляванне. Бяляй стараўся бегчы з падветранага боку, асцерагаўся, каб ваўкі не ўнюхалі пах бензіну, бо амаль суткі правёў у кабіне.
   Важак павёў гайню да ягоных хлявоў. Бяляй падсвядома, яшчэ па чалавечай звычцы, кінуўся важаку напярэймы — абараняць сваё дабро. Важак ашчэрыўся так, што ваўкалак завіляў хвастом.
   Гайня ваўкоў, падкапаўшыся пад ніжнія бёрны, пралезла ў хлеў і перадушыла ўсіх авечак. Бяляй быў у роспачы, што не можа нічым дапамагчы сваёй жа скаціне. Спачатку ён стараўся нарабіць грукату, бегаў па двары, нават шкробся ў дзверы, заглядаў у акно, каб прачнулася жонка і дапамагла яму ратаваць авечак. Але жонка так і не выйшла. Згадаў, як яна некалі папярэджвала, што трэба рабіць моцны цэментны падмурак, каб ваўкі не змаглі падкапацца, але ён толькі адмахваўся. Запэўніваў, што для ваўкоў нешта прыдумае. І зараз на свае вочы бачыў, як лёгка паддаюцца ваўчынай настойлівасці яго колішнія ўмацаванні.
   Ім таксама апанавала пачуццё ваўчынай эйфарыі, ён стрымгалоў кінуўся ў нару, каб як найхутчэй далучыцца да агульнага — нядаўна яшчэ чужога яму — азарту. Зараз Бяляй быў такі ж, як і ўсе. Яму нават здавалася, што ўсё гэта адбываецца не з ім, што тут лютуе воўк, які ніколі і не быў чалавекам.
   Паўскідалі ваўкі авечак і парупіліся да лесу. Ягоная авечка, хоць і прыдушаная, хацела ўратавацца! Яна была, відаць, не з даверлівых і цікаўных... Недзе па дарозе ваўчыная эйфарыя ў яго пачала праходзіць. Ён міжволі і нечакана для сябе па-чалавечы задумаўся: дык гэта ж я нясу сваю авечку ў лес ваўкам! Сам! На сваёй спіне!
   Бяляй, азірнуўшыся па баках, адстаў ад гайні і зваліў авечку пад куст — у надзеі, што прыйдзе потым, забярэ яе чалавекам. Улегцы дагнаў ваўкоў. Да яго падбег Важак, балюча схапіў клыкамі за шыю. Бяляй вярнуўся да авечкі і прыцягнуў яе да астатніх. Важак сачыў за ім пільна.
   Ваўкі піравалі, прагна разрываючы на кавалкі тое, што яшчэ нядаўна было яго набыткам. Яму захацелася ў вёску, і ён пабег з лесу: Важак болей не сачыў за ім.
   У надзеі, што ваўкі падушылі не ўсіх, што хоць адно якое ягнятка зашылася, збераглося, нецярпліва палез у пралаз. Але колькі ён ні пластаваўся, колькі ні выгінаўся, улезці не ўдалося. Выцягнуў з нары галаву, стаў на ногі, памацаў рукамі плечы і зразумеў, чаму не пралез у падкоп.
   Ён зноў перавярнуўся ў чалавека.
   Крыху пазней, калі абгаворвалі здарэнне, жонка падазрона прынюхалася: ад яго пахла нейкаю псінаю ці то ваўкамі і авечкамі. Скалануўся ад сполаху: а можа, яна ўсё ведае! Удалося яе супакоіць. Убачыла ранку на шыі — адгаварыўся, што садраў дзверцамі машыны.
   Успомніў, што купіў дзецям цукерак, вярнуўся да машыны, забраў іх і пайшоў услед за жонкаю ў хату.
   Ад гэтага часу пачаў ужо думаць, як адпомсціць ваўкам. Толькі не ведаў, калі гэта лепей зрабіць. Цяпер, як ён стаў чалавекам, ці тады, калі зноў перавернецца ваўком?