Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Творчасць Янкі Сіпакова

   Творчасць Янкі Сіпакова, аб якім даследчык Д. Санюк гаворыць як аб "унікальнай творчай індывідуальнасці", дае арыгінальны прыклад суіснавання і ўзаемаўзбагачэння двух розных родаў літаратуры – эпасу і лірыкі, прычым як у паэтычнай, так і ў празаічнай форме. Глыбокая інтэлектуальнасць яго творчасці вынікае з ведання фальклору, міфалогіі, гісторыі народаў свету і ўвасабляецца ў надзвычай шырокай жанравай палітры, якая ўключае і класічныя формы, напісаныя сілаба-танічным вершам (санеты, трыялеты, балады), і верлібр, і прозу (лірычныя мініяцюры, апавяданні, аповесці), і публіцыстыку (нарысы, артыкулы). Аднак якімі б разнастайнымі па родава-жанравым выяўленні ні былі яго творы, па ўзрушана-рамантычным адчуванні жыцця ён застаецца паэтам. "Паэтычнасць светаадчування вызначае стылявую дамінанту вершаў, апавяданняў, аповесцей, нарысаў Янкі Сіпакова і адпаведна – месца гэтага пісьменніка як прадстаўніка лірычнага напрамку ў сучаснай беларускай літаратуры."
    Янка (Іван) Данілавіч Сіпакоў нарадзіўся 15 студзеня 1936 г. у вёсцы Зубарэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. За сувязь з партызанамі яго бацькі былі закатаваны ў гестапа, а шасцігадовы Іван і дзве яго сястры засталіся сіротамі і выхоўваліся ў цёткі. Сваю аўтабіяграфію паэт назваў "Замаразкі на першацвет" і падкрэсліваў, што, на яго думку, фарміраванне біяграфіі заканчваецца разам з дзяцінствам, а далей чалавек толькі развівае тое, што закладзена з малых год. Магчыма, так адбываецца не ў кожнага, але характар Янкі Сіпакова і сапраўды вызначыла трагедыя дзяцінства – вайна, якая дала яму праз лёс бацькоў трагічны ўрок грамадзянскасці і гуманізму, што праз усё жыццё вызначала жыццёвую і творчую пазіцыю паэта.
    Пісаць вершы Янка Сіпакоў пачаў у школьным узросце, а надрукаваў першы верш у раённай газеце ў 16 гадоў. Яшчэ ў школьныя гады ён стаў працаваць паштальёнам, каб матэрыяльна дапамагаць сям'і, затым скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе вучыўся разам з Анатолем Вярцінскім, Рыгорам Барадуліным, Міхасём Стральцовым і іншымі прадстаўнікамі "філалагічнага" пакалення, шліфуючы ва ўзаемадачыненнях свой талент. Затым працаваў у часопісах "Вожык", "Маладосць", "Беларусь", выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя".
    Аўтар зборнікаў паэзіі "Сонечны дождж" (1960), "Лірычны вырай" (1965), "Дзень" (1968), "З вясны ў лета" (1972), "Веча славянскіх балад" (1973, Дзяржаўная прэмія БССР), "У поўдзень, да вады" (1976), "Вочы ў вочы" (1978), "Усміхніся мне" (1984), паэм у прозе "Ахвярны двор" (1991), прытчаў "Тыя, што ідуць" (1993), аповесцей і апавяданняў "Крыло цішыні" (1976), "Жанчына сярод мужчын" (1980), "Усе мы з хат" (1982), "Спадзяванне на радасць" (1983), "Пяць струн" (1984), "Сад людзей" (1985), "Журба ў стылі рэтра" (1990).
    Дамінантай лірычнага характару ў паэзіі Янкі Сіпакова з'яўляецца душэўнасць, прага дабрыні і ўзаемаразумення, трывога за чалавека. Сцвярджаючы гуманістычныя ідэалы, паэт нібы бярэ на сябе боль другога чалавека:

Дзе нам баліць, там і душа,
З душы ўвесь чалавек сатканы.
Дзе нам баліць, там і душа:
З душы ўвесь чалавек сабраны.
Мы адчуваем нечакана:
Дзе нам баліць, там і душа.
Таму чым большая душа, –
Даўжэй шчымяць і ныюць раны.
Дзе нам баліць, там і душа:
З душы ўвесь чалавек сабраны.

   Гэты верш Янкі Сіпакова напісаны ў форме трыялета – васьмірадкоўя, у якім два першыя і два апошнія, а таксама першы і чацвёрты радок аднолькавыя. Асаблівая, сэнсавая рытмічная нагрузка падае, такім чынам, на радок, які паўтараецца тройчы (адсюль і назва "трыялет"). Апорны радок у трыялеце Янкі Сіпакова перадае балючую трывогу за чалавека, ахвярны сэнс яго прадназначэння ў свеце.
    Класічная "цвёрдая" форма надае гэтаму вершу Янкі Сіпакова асаблівую кампазіцыйную строгасць, выверанасць, гармонію. Калі ўспомніць, што ў музычнай актаве таксама восем нот і паспрабаваць суаднесці кожны радок з пэўнай нотай, можна нават пачуць мелодыю гэтага верша, у якім так шчымліва перададзены душэўны стан лірычнага героя.
    Сугучны па настроі, змесце і ідэі і наступны трыялет Янкі Сіпакова:

Не ведаю, што робіцца са мной:
Ад дабраты я плачу чалавечай,
Заўсёды плачу ад спагады нечай –
Не ведаю, што робіцца са мной!
А крыўда не ўгінае мае плечы,
Не нікну перад подласцю самой...
Не ведаю, што робіцца са мной –
Ад дабраты я плачу чалавечай.

   Тут апорны радок прымушае задумацца над тым, што дабрата і спагада, на жаль, сустракаюцца ў чалавечых узаемаадносінах не часцей, чым крыўда і подласць. З крыўдай і подласцю чалавек вымушаны змагацца, а вось дабрату і спагаду трэба ўмець заўважаць і цаніць, што бывае рэдка. Таму расчуленасць і сляза паэта вельмі зразумелыя і выклікаюць шчырае разумення чытача.
    У творчасці Янкі Сіпакова жывуць спагада да чалавека, звера, расліны – спадчынная, традыцыйная рыса беларускай літаратуры – вызначаючы характар лірычнага героя яго паэзіі.
    Прыхільнасць Янкі Сіпакова да строгіх класічных форм, многімі стагоддзямі развіцця сусветнай літаратуры, выражаецца і ў звароце да больш складанай формы санета – чатырнаццацірадковага верша, напісанага ямбам, у якім спалучаюцца два чатырохрадкоўі і два трохрадкоўі, аб'яднаныя пэўнай рыфмоўкай (звычайна рыфмаграма санета наступная: абба абба ввг дгд). Як зазначыў Максім Багдановіч, у першых васьмі радках развіваецца тэма, а ў наступных робіцца заключэнне. Асаблівая сэнсавая нагрузка прыпадае на апошні радок санета ("санетны замок"), нават на яго апошняе слова. ЯнкаСіпакоў, звяртаючыся да гэтай класічнай формы верша, ужывае яшчэ болей складаную структуру – вянок, у які ўваходзяць 15 санетаў. Як кветкі ў вянку, гэтыя творы пераплятаюцца радкамі: кожны санет пачынаецца апошнім радком ("замком") папярэдняга твора. Пятнаццаты санет (магістрал) складаецца з першых радкоў папярэдніх санетаў.
    Абраўшы такую вытанчаную і прыгожую форму, Янка Сіпакоў прысвячае яе, натуральна, жанчыне. Вянок санетаў "Жанчына" ўзвышае яе на вышыню ідэалу, услаўляючы дабрыню, красу, каханне, высокае прадназначэнне жанчыны ў свеце. Вось магістрал гэтага вянка:

 

Ад рук, ад вуснаў, ад вачэй тваіх
Няма нічога ласкавей на свеце.
З'яднала нас прырода удваіх,
У мы дабрэем пры табе, як дзеці

Тваё жыццё – як бліскавіцы міг,
Твая усмешка век нам цёпла свеціць.
Спяшаем да цябе з нягод усіх,
Як на кругі свае спяшае вецер.

А ты – святая, як сама любоў –
Раджала фараонаў і рабоў,
Каб жыццядайнасць не магла спыніцца.

Ты – маці, жонка; ты – дачка, сястра,
Твая заўсёды гожая пара.
Дазволь, жанчына, у ногі пакланіцца.

 

   Арыгінальнасць гэтага санета, як і вянка санетаў Янкі Сіпакова, не ў змесце (ідэя вершаў даволі простая: выказаць удзячнасць жанчыне), а ў незвычайнай форме. Аднак ніхто не будзе аспрэчваць і важнасць звычайнага добрага, спагаднага слова.
    У творчай манеры паэта нечакана суіснуюць палярныя формы верша: класічныя "цвёрдыя" жанры і сучасная разняволеная форма верлібра (свабодны ад рыфмы і традыцыйнага памеру верш, у аснове рытму якога – чаргаванне аднатыпных вершаваных інтанацыйна-сэнсавых перыядаў). Верлібр з'яўляецца тыповым для Янкі Сіпакова спосабам паэтычнага мыслення.

Марозікам пахне капуста,
Жаўруковаю песняй – яблык,
Вераснем – сопкая бульба,
Расой – агурок крамяны,
Селядзец – глыбінёй акіяна,
Сонцам – акраец хлеба,
Ветрам і небам – піва...
А стол пахне добрай вячэрай.
Прыходзь да мяне, свет, вячэраць!

   У гэтым вершы спалучаюцца канкрэтна-пачуццёвыя вобразы (стравы) з умоўна-асацыятыўнымі (яблык пахне жаўруковай песняй). Умоўнае запрашэнне ўсяго свету на вячэру перадае шырыню душы лірычнага героя і яго аптымістычнае светаадчуванне, усмешлівы, лагодны настрой, цэльнасць натуры.
    Верлібры, у адрозненне ад класічных форм, сведчылі пра наяўнасць рацыянальнага пачатку у прыродзе таленту Янкі Сіпакова і яго схільнасць да прозы.
    Вынікам арганічнага суіснавання лірычнага і эпічнага спосабаў адлюстравання свету і паглыблення гістарычнага мыслення Янкі Сіпакова стала незвычайная для беларускай літаратуры кніга "Веча славянскіх балад", якая стала галоўнай кнігай паэта і заслужыла справядліва высокую ацэнку даследчыкаў. У "Веча славянскіх балад" увайшло 96 балад самых розных славянскіх народаў, некаторыя з якіх ужо не існуюць. Паэт асэнсоўвае ў мастацкай форме гісторыю славянства, заглыбляючыся паслядоўна ў кожнае стагоддзе, пачынаючы з ХХ ст. і заканчваючы І ст. (праславянская балада). На канкрэтных гістарычных сітуацыях паэт паказвае сутнасць славянскага характару і славянскага феномену ўвогуле ў сусветнай гісторыі.
    Янка Сіпакоў сведчыў, што задума кнігі выспела тады, калі ён нечакана адкрыў для сябе, што славяне на працягу ўсёй сваёй гісторыі амаль ніколі не нападалі самі, а ўвесь час бараніліся ад ваяўнічых захопнікаў. Крыніцай матэрыялу для паэта быў найперш фальклор розных народаў, а таксама кнігі і даведнікі па гісторыі. Аднак фактычны матэрыял неабходна было асабіста пераасэнсаваць, і тут паэту як найлепш прыдаўся жанр балады – невялікага ліра-эпічнага твора, у якім праз напружаны сюжэт перадаецца легендарна-гераічны або казачна-фантастычны свет. У баладах Янкі Сіпакова асаблівая, незвычайная атмасфера, узвышаная танальнасць, моцная пачуццёвая аснова, якая ўтварае адзінае з чытачом эмацыянальнае поле.
   У баладзе "Грунвальд" ярка ўвасоблена ідэя аб'яднання славян у барацьбе супраць агульнага ворага – немцаў-"крыжакоў":

 

Клінам войска гордым
На багной паляне
Расшчапляюць ордэн
Рыцарскі славяне.

Каб было вядома,
Дзе свае яскрава, –
Па пучку саломы
Пачапілі славы.

Ордэн ціха вяне,
Тонуць воі ў твані...
І куды ні глянеш –
Скрозь адны славяне.

 

   Аднаўляючы паэтычным словам гераічныя падзеі XV ст., Янка Сіпакоў захоўвае жанравыя адзнакі балады: рамантычны пафас, значнасць апісаных падзей, дынамізм сюжэту. 
    Як і балада "Грунвальд", балада "Урок" напісана на гістарычнай аснове і расказвае пра рэальны факт расстрэлу гітлераўскімі захопнікамі трохсот вучняў разам з настаўнікам Мілае Паўловічам (успамін, у сувязі з гэтым такі ж лёс рэальнага польскага настаўніка Януша Корчака і героя аповесці "Сотнікаў" Васіля Быкава настаўніка Алеся Іванавіча Мароза, лёс многіх светароў, якія загінулі разам з тымі, каго вучылі дабру. Гэтая балада творча пераплятаецца з "Рэквіемам" па кожным чацвёртым Анатоля Вярцінскага.
    Кніга "Веча славянскіх балад" Янкі Сіпакова вылучае агульнае ў славянскім характары: гуманізм, дабрату і ахвярнасць, нязломнасць у самых трагічных гістарычных сітуацыях.
    Падобная ідэя вызначае і змест паэмы "Одзіум", прысвечанай чарнобыльскай трагедыі. Твор, напісаны на мяжы паэзіі і прозы, стаў значнай з'явай у беларускай літаратуры, засведчыўшы той факт, што творчая індывідуальнасць Янкі Сіпакова аднолькава свабодна выяўляецца і ў паэтычных, і ў празаічных жанрах. І ўсё ж Янка Сіпакоў – перш за ўсё паэт па спосабе рамантычнага ўспрымання жыцця.