Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Нашы людзі

   Пра нас звычайна пішуць і гавораць: «Беларусы — народ добры, шчыры, цярплівы, мудры, памяркоўны, спагаддівы, працавіты, паслухмяны, дабрадушны, сумленны».
   Усё гэта правільна. Але ж толькі такіх характарыстык для нас малавата. Мы ж яшчэ і вясёлыя, і гордыя, і непрымірымыя. Мужныя і ваяўнічыя. Хоць самі ні на кога не нападалі, ні з кім не пачыналі войнаў. Ніколі! Заўсёды толькі абараняліся. Але абараняліся спрадвек апантана, шчыра.
   У такім неспакойным месцы ляжыць наша зямля — на самым скрыжаванні дарог і шляхоў у Еўропе. Як кажуць, на ўсіх скразняках.
   Часцей за ўсё на ёй, нашай зямлі, ваявалі іншыя.
   Ці не ўся Паўночная вайна, якую вёў рускі цар Пётр I са шведскім каралём Карлам XII за панаванне над Балтыйскім морам, прайшла на беларускіх землях — Полацк, Орша, Копысь, Магілёў, Чэрыкаў, Гомель і іншыя гарады. Што стапталі адны, што спалілі другія, што раз-грабілі разам.
   А мы — адбудаваліся!
   Двойчы па Беларусі прайшла — на Маскву і назад — напалеонаўская армія. Зноў стапталі зямлю, паламалі хаты і храмы, разграбілі архівы і бібліятэкі.
   А мы зноў адрадзіліся!
   А Першая сусветная вайна? Памятаеце, Брэсцкі мір? А другая? Памятаеце, Беларусь-партызанка? У гэтай вайне страцілі мы кожнага чацвёртага, а ў Віцебскай вобласці — кожнага трэцяга. Беларусь, мужнасці якой здзівіўся ўвесь свет, стала заснавальніцай Арганізацыі аб’яднаных Нацый.
   На нашай зямлі біліся немцы і рускія, шведы і рускія, палякі і рускія, французы і рускія. Усё спальвалі, разбуралі.
   А беларусы зноў адраджаліся, адбудоўваліся. I жылі!
   Самае старажытнае княства, якое пабудавалі беларусы, — Полацкае. Яно — адно з самых ранніх дзяржаўных утварэнняў усходніх славян. Потым было Вялікае княства Літоўскае, — па сутнасці, як лічаць некаторыя гісторыкі, беларуская дзяржава сярэднявечча са сталіцаю ў Наваградку, з дзяржаўнаю беларускаю моваю.
   Нашы першыя імёны, якія збераглі летапісы, — Рагвалод і Рагнеда. Князь і яго дачка. Сваіх багоў і божастваў мы звалі паважліва і па-свойску: Белабог, Род, Чур, Доля, Зюзя, Цёця.
   Самі ж, калі мы былі язычнікамі, зваліся між сабою так: Васілёк і Браніміра, Валадар і Дубраўка, Ірвідуб і Купалінка, Сінявок і Вераніка, Купала і Гражына, Машэка і Анея, Шэраш і Дабранега, Цішук і Ялінка.
   Нашы ж князі бралі сабе іншыя імёны: Вітагосць, Любамір, Святаполк, Мсціслаў, Усевалад, Уладзімір. Моцныя, смелыя людзі атрымлівалі і моцныя імёны — Зубр, Мядзведзь, Тур, Мацак, Воін, а слабейшыя — адпаведныя мянушкі: Няпёка, Дохля, Стома, Таміла, Някрас.
   З увядзеннем хрысціянства на нашых землях царква падаравала нам новыя імёны, незразумелыя на тон час беларусам. Арцемій, Васілій, Гаўрыіл, Варвара, Мяфодзій, Дар’я — гэтыя і іншыя імёны святары прывезлі нам з Візантыі.
Чужыя імёны мы стараліся зрабіць сваімі, каб лягчэй прывыкнуць да іх, так Лаўрэнцій рабіўся ў нас Лаўрэнам, Антоній — Антосем, Еўстафій — Астапам, Іуліяна — Вуллянаю...
   А яшчэ нас называлі крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі — па назвах старажытных плямёнаў, з якіх мы выраслі. I яшчэ нас лічылі венедамі, антамі, дулебамі. Славяне мы і па сённяшні дзень.
   Напрыканцы пазамінулага XIX стагоддзя на тэрыторыі беларускіх губерняў, уключаючы Смаленскую і Віленскую, нас, беларусаў, жыло 4 769 032 чалавекі, што складала на той час 70 працэнтаў ад усяго насельніцтва гэтых зямель.
   А на заканчэнне XX стагоддзя ў сённяшняй Беларусі паводле перапісу 1999 года беларусаў ужо налічвалася 8 159 000 чалавек, што складае 81,2 працэнта ад усяго насельніцтва краіны. Таму пра Беларусь можна гаварыць як пра этнічна цэласную дзяржаву, якую памагаюць нам будаваць шмат якія іншыя нацыянальнасці, з якімі ў дружбе і сяброўстве мы жывём і працуем, — рускія, украінцы, палякі, яўрэі, татары і інш.
   А каля 4 мільёнаў беларусаў, што знаходзяцца за межамі нашай краіны, памагаюць жыць і працаваць іншым народам у іншых краінах — у Заходняй Еўропе, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Расіі, Польшчы, Казахстане, Літве, Латвіі, Украіне, Карэліі. У Расіі, да прыкладу, беларусаў больш як 1 мільён, у Польшчы — звыш 200 тысяч, Украіне — 450 тысяч, у Казахстане — 170 тысяч, у Латвіі — 100 тысяч, у Літве — каля 60 тысяч... 500 тысяч беларусаў — у ЗША, 100 тысяч у Канадзе, дзесяткі тысяч — у Аргенціне, Аўстраліі, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Уругваі і Парагваі.
   Толькі з 1898 па 1912 год у Сібір з Беларусі перасялілася 717тысяч беларусаў. Падчас Другой сусветнай вайны Беларусь страціла больш як 300 тысяч сваіх сыноў і дачок, якія апынуліся ў Нямеччыне, Аўстрыі, Чэхіі і іншых заходнееўрапейскіх краінах.
   Кожны чацвёрты беларус жыве на сёння па-за межамі роднай краіны.
   А колькі загінула і ляжыць у чужых землях!
   Перад вайною 1812 года на Беларусі насаджаліся сілаю аракчэеўскія ваенныя пасяленні.
   У Бабыляцкім старостве Клімавіцкага павету быў кавалак зямлі, які мясцовыя сяляне арэндавалі паводле дагавору. Гэты дагавор скасавалі, а зямлю аддалі батальёну Елецкага палка, які, апрацоўваючы яе, павінен быў карміць яшчэ два батальёны таго ж палка.
   Цяжкі лёс напаткаў сялян, сагнаных з зямлі: яны па загаду цара павінны былі перасяліцца ў Новарасійскі край, у неабжытыя засушлівыя стэпы Украіны. 4000 сялян, змушаныя перасяляцца, прадалі, амаль за нішто, сваю небагатую маёмасць і пехатою пайшлі ў далёкі і незнаёмы край. Іх касцямі ўслана тая дарога выгнання. Палова выгнаннікаў так і загінула, не дайшоўшы да чужыны.
   Батальён таксама набіраўся з мясцовых сялян. Ім былі створаны нечалавечыя ўмовы жыцця і працы, а таму людзі часта падымалі паўстанні і гінулі ад куляў сваіх жа саслужыўцаў — салдат Елецкага палка.
   Іх косці і душы прымала з уздыхам ужо родная беларуская зямелька.
   У дзевятым, беларускім, томе славутага даследвання В. П. Сямёнава «Россия: полное географическое описание нашего отечества» пра нас пішацца: «Беларус адрозніваецца светлым колерам скуры, а жанчыны вельмі часта маюць тонкія рысы твару. Светлыя ці светла-русыя валасы пераважаюць сярод беларускага насельніцтва, гэтак жа як шэры альбо блакітны колер вачэй...»
   Шэры колер вачэй у нас ад нашай зямлі — беларус часцей за ўсё, працуючы, бачыў яе перад сабою. А блакітны — канечне ж, ад неба калі мы разгіналіся, і яшчэ ад васількоў, якія заўсёды раслі побач з намі, — беларус бачыў іх і ў жыце, і ля дарогі, і ля свайго ганку.
   А белыя, светлыя ці светла-русыя нашы валасы хутчэй за ўсё з’явіліся ад чысціні, светлаты і цнатлівасці нашых добрых і ласкавых дзяўчат, жанчын, іх душ і сэрцаў.
   Белае адзенне ў свой час адрознівала беларусаў ад іншых народаў.
   Рускія краязнаўцы ў XIX стагоддзі паўночную частку Чарнігаўскай губерніі — гэта сучасная Браншчына — вылучалі у асобны этнаграфічны рэгіён.
   «Тут, — сцвярджае вядомы даследчык нашай мінуўшчыны Васіль Цітоў, — спакон веку пражывала беларускае насельніцтва, патомкі радзімічаў, ці, як іх яшчэ называлі, ліцьвіны. Ужо ў горадзе Бранску, пісала «Жывапісная Расія», на базарах пераважае белая магерка, класічны беларускі каўпак, ці капялюш без палёў, і тая «кароценькая і вузенькая світа, што адрознівае беларуса ад малароса». Такая ж розніца заўважаецца і ў гаворках».
   Тады беларусы-ліцьвіны складалі аснову насельніцтва ў вёсках Суражскага, Мглінскага, Навазыбкаўскага і Старадубскага раёнаў. А пазней паводле Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 года ў былой Чарнігаўскай губерні пражывала 151 465 беларусаў, якія размаўлялі на беларускай мове і лічылі яе роднай.
   «Увогуле, — чытаем мы ўсё ў тым жа, згаданым вышэй, выданні, — беларусы ўяўляюць сабой ці не самы чысты тып славянскага племя. Гэта тлумачыцца тым, што беларускае племя ў сваім гістарычным мінулым не злівалася з іншымі народнасцямі».
   Рускія змешваліся з угра-фінскімі плямёнамі, украінцы — з цюркскімі народнасцямі, палякі — з немцамі. А мы, калі і змешваліся, дык часцей за ўсё толькі з рускімі, украінцамі ды палякамі. Са сваімі славянскімі суседзямі.
   Таму ў нас больш за ўсё і лепш за ўсё захаваўся гістарычны славянскі тып. I яшчэ таму, што Беларусь, беларуская народнасць «ніколі не заваёўвалася неславянскім племем».
   У размове са Львом Талстым французскі публіцыст і гісторык Анатоль Леруа-Балье казаў, што «беларусы — чыстыя славяне», а маларусы і вялікарусы, на яго думку, — «помесь з татарамі і чуддзю».
   Выдатны рускі пісьменнік Іван Бунін нібы дапаўняў яго, сцвярджаючы, што ў беларусаў «у найбольш чыстым выглядзе захаваліся несапсаваныя рысы славянскай расы. У іх бачна парода».
   Ці не з гэтай прычыны столькі чыста славянскіх прыгажунь можна сустрэць сёння на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак.
   Так, мы, беларусы, старажытны народ. Сваю зямлю мы пачалі абжываць сорок тысяч гадоў таму назад.
   Помнім апошні ледавік, які разам з абломкамі скал ссунуўся на нас са Скандынавіі і растаў на нашых землях, пакінуўшы на ўспамін пра сябе шмат валуноў ды азёраў.
   Помнім, як у сваім дагістарычным дзяцінстве карміліся тым, што збіралі ў лесе, як палявалі на звяроў і лавілі рыбу. Як прыручылі потым коней, кароў ды курэй, як навучыліся вырошчваць жыта.
   Помнім, як пабудавалі столькі прыгожых замкаў і храмаў, што іншаземцы дзівіліся імі і называлі нашу зямлю краінай замкаў і храмаў.
   Словам, беларусы — гэта ўсё: наша дагледжаная зямля і наша чыстая, як сляза, вада, нашы добраўпарадкаваныя вёскі і гарады, нашы цудоўныя архітэктурныя шэдэўры, узнесеныя нашымі рухамі, нашы прыгожыя жанчыны і мужныя мужчыны.
   Бо беларусы — гэта не толькі людзі, але і ўсё тое, што пабудавана і дагледжана імі.
   I, вядома ж, беларусы — гэта славутыя і самыя звычайныя людзі, якія стварылі ў стагодцзях гонар і славу нашай зямлі.
   Вось як хораша пра нас гаварыў, да прыкладу, Уладзімір Мулявін, стваральнік і кіраўнік славутых «Песняроў» — чысты екацерынбуржац, патомны рускі чалавек:
   «Я астаўся тут пасля арміі і зусім не шкадую. Хоць запрашэнняў было вельмі шмат, асабліва пасля першых гастроляў у Штатах. Але я ўжо не магу без Беларусі... У свой час я тут астаўся, таму што быў уражаны чысцінёй, чысцінёй людзей, адносін, любові. Беларусы — унікальны народ. I я болей нідзе не сустракаў такога народа, як у Беларусі».
   Уладзімір Мулявін разам са сваімі «Песнярамі» памагаў нам вяртаць з даўніны і забыцця нашы непаўторныя народныя песні. I стаў для нас славутым. I сваім.
   Сваім быў для Беларусі сын серба і ўкраінкі Уладзімір Іванавіч Пічэта, вучоны, першы рэктар нашага універсітэта, які палюбіў наш народ і нашу зямлю, а беларуская мова стала для яго роднай: на ёй ён чытаў лекцыі і пісаў навуковыя працы. За што і быў арыштаваны як нацдэм, і толькі сусветная вядомасць уратавала яго ад расстрэлу.
   А колькі беларусаў сталі і сваімі, і славутымі ў іншых землях! Гэта і Ігнат Дамейка — народны герой Чылі, якому ў Сант’яга пастаўлены помнік з надпісам: «Вялікаму асветніку»; і Мікалай Судзілоўскі — прэзідэнт Гавайскіх астравоў; і Восіп Кавалеўскі — прафесар Казанскага і Варшаўскага універсітэтаў, аўтар «Кароткай граматыкі мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскай хрэстаматыі» і «Мангола-руска-французскага слоўніка»; Іван Чэрскі, які добрым успамінам застаўся назаўсёды на зямлі — яго імем названа сістэма горных хрыбтоў у Сібіры, у Забайкаллі і інш.; Тадэвуш Касцюшка — герой грамадзянскай вайны ў Амерыцы і кіраўнік паўстання 1794 года, помнікі якому пастаўлены ў Кракаве, Лодзі, Вашынгтоне, Чыкага, Мілуокі, Кліўлендзе, у швейцарскім Салюры, а яго імем названы гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы. Сэрца Тадэвуша Касцюшкі захоўваецца ў каралеўскім палацы ў Варшаве, цела — у каралеўскім замку Вавель у Кракаве, а душа несумненна жыве на Радзіме, у адноўленай сядзібе Мерачоўшчына, што каля мястэчка Косава, якое цяпер знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне.
   Адукаваны палачанін Сімяон Полацкі вучыў дзяцей расійскага цара Аляксея Міхайлавіча, стаў першым у Расіі прафесійным пісьменнікам, па творах якога славуты Міхайла Ламаносаў вучыўся вершаскладанню.
   Беларуская зямля нарадзіла Казіміра Семяновіча, вынаходніка шматступенчатай ракеты, і Якуба Наркевіча-Ёдку, які ўпершыню адкрыў электраграфію і бяздротавую перадачу электрычных сігналаў.
   Сярод нашых землякоў — нацыянальны герой Грэцыі Зыгмунт Мінейка, які нарадзіўся ў вёсцы Зялёны Бор Ашмянскага раёна, скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы і ўдзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Дарэчы ён быў сярод інжынераў і будаўнікоў, якія ўзводзілі алімпійскія арэны для Першай Алімпіяды 1896 года ў Афінах, і стаяў на трыбуне сярод ганаровых гасцей у час адкрыцця гульняў. А Аляксандр Булатовіч, нашчадак старажытнага беларускага роду з Гродзеншчыны, ваяваў за незалежнасць Эфіопіі і быў сябрам цара цароў Менеліка, які ўзнагародзіў яго залатымі шчытом і шабляю.
   Барыс Кіт, вядомы амерыканскі спецыяліст у галіне ракетнай тэхнікі, Павел Сухі, славуты авіяканструктар, стваральнік вядомых самалётаў «СУ», якія і цяпер знаходзяцца на ўзбраенні беларускай арміі, — таксама нашы землякі.
   А тры нашы суродзічы ўшанаваны Нобелеўскай прэміяй — найвышэйшай адзнакаю іхніх навуковых даследванняў: вядомы амерыканскі фізік-тэарэтык, сапраўдны член Нацыянальнай акадэміі ЗША Шэлдан Глэшаў, у дзяцінстве Глухоўскі; бельгійскі фізік і хімік, сапраўдны член Бельгійскай АН, дырэктар Міжнароднага інстытута фізікі і хіміі, замежны член НАН Беларусі Ілля Прыгожын; а таксама Жарэс Алфёраў — віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, замежны член НАН Беларусі.
   Вядома, каб яны працавалі для роднай Беларусі, каб, да прыкладу, Адам Міцкевіч ці Фёдар Дастаеўскі пісалі па-беларуску, нам было б прыемна, аднак жа і тое, што нашы землякі спатрэбіліся чалавецтву і сталі ў ім знанымі, — таксама не менш ганарова: працуючы для ўсяго свету, яны працавалі і для Беларусі.
   А нас у свеце ведаюць як краіну, як зямлю, якая нарадзіла славутых Еўфрасінню Полацкую і Кірылу Тураўскага, Францішка Скарыну і Пятра Мсціслаўца, Льва Сапегу і Кастуся Астрожскага, Кастуся Каліноўскага і Валерыя Урублеўскага, Станіслава Манюшку і Міхася Забэйду-Суміцкага, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка...
   Беларускія разьбяры па дрэве Арсеній па прозвішчу Старац і Гераська Укулаў родам з Дуброўны, якіх рускі цар Аляксей Міхайлавіч, нашчадак аршанскага баярына Андрэя Кабылы, наведаўшы ў 1656 годзе Куцеінскі манастыр пад Оршай, звёз у Маскву, здабылі там славу выдатных майстроў.
   Арсеній аздабляў Збройную палату Маскоўскага Крам-ля, стварыў драўляную «іярданскую сень», якая цяпер знаходзіцца ў саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі, кіраваў арцелямі беларускіх разьбяроў, што аздаблялі Каломенскі палац цара.
   Старац дасягнуў такіх недасягальных вяршыняў у беларускай разьбе па дрэве, што аздоблены ім Каломенскі палац пачалі праслаўляць як восьмы цуд свету — сучаснікі называлі яго «цацачкай, вынятай са шкатулачкі».
   Аб’ёмна-ажурная разьба беларускіх майстроў была непаўторная — лёгкае перапляценне пышных раслінных парасткаў з гронкамі і лістамі, у якія ўплецены фігуры птушак, жывёл, чалавека, радавала, здзіўляла, выклікала захапленне.
   I Збройную палату Крамля, і царскі палац у Каломенскім разам са сваімі землякамі ўхарошваў і Герасім Укулаў. Апрача гэтага ён — адзін са стваральнікаў разных іканастасаў у трох царквах Ізмайлаўскай сядзібы цара, а таксама іканастаса царквы Пятра і Паўла ў Маскве.
   Прыгонныя сялянкі Пелагея і Кацярына Азарэвічы, таленавітыя балерыны Шклоўскага тэатра Зорыча, якіх у ліку 14 салістаў у 1800 годзе вывезлі са Шклова і перадалі дырэкцыі Пецярбургскіх імператарскіх тэатраў, таксама набылі там вядомасць, сталі яркімі зоркамі пецярбургскай сцэны. Улюблёнкамі тэатральнай публікі былі і дочкі Кацярыны — актрысы Надзея і Марыя Азарэвічы, а сына Пелагеі Васіля Жывакіні, акцёра, якога газеты называлі светлым комікам, вельмі пава-жалі Гогаль і Астроўскі. Ён— родапачынальнік сям’і рускіх акцёраў Жывакіных.
   Беларуская дзяўчына Соф’я Гальшанская, якую Вітаўт сасватаў Ягайлу ў Друцку, зрабілася каралеваю Польшчы і, нарадзіўшы каралю сыноў-спадкаемцаў, пачала пашаноўную для палякаў дынастыю Ягелонаў. Сын Соф’і і Ягайлы Казімір княжыў 52гады! Чатыры іх унукі — Уладзіслаў ІІ, Ян I Ольбрахт, Аляксандр і Жыгімонт Стары — чатыры разы засаб станавіліся каралямі Польшчы.
   Яе ўнук — вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары — вылучаўся апрача ўсяго незвычайнай фізічнай сілаю, быў сапраўдным асілкам: мог ламаць падковы і рваць моцныя вяроўкі.
   Наогул у нас было шмат волатаў — і сярод князёў, і сярод звычайных людзей, — якія зубамі падымалі сталы, рукамі гнулі жалеза, на сваіх плячах насілі коней.
   Слыннага ваяводу Вялікага княства Літоўскага Юрая Радзівіла сучаснікі звалі Геркулесам. I не толькі за сілу, але і за мужнасць: з трыццаці сур’ёзных бітваў ён выходзіў пераможцам; з невялікім корпусам узяў крыжацкія замкі Голанд, Квідзын, Мелшак, Любаву, Брандэнбург, пасля чаго Тэўтонскі ордэн папрасіў міру.
   Пасля смерці Кастуся Астрожскага Юраю Радзівілу аддалі булаву вялікага гетмана, і ён узначаліў беларускае войска.
На беларускай зямлі, у вёсцы Старое Сяло пад Віцебскам, у 1878 годзе нарадзіўся самы высокі чалавек на нашай планеце. Велікан Фёдар Махноў меў рост каля трох метраў (285 сантыметраў), яшчэ падлеткам гнуў падковы і закручваў у спіраль металічныя пруты, у сталым узросце лёгка падымаў на драўлянай платформе цэлы аркестр, а ў яго вялікіх ботах маленькія дзеці хаваліся з галавою. Мы дзівіліся з велікана самі, а таксама паказвалі яго ў Еўропе і на іншых кантынентах зямлі.
   Канферансье, прадстаўляючы яго, інтрыгавалі публіку: «Панове! Дзіва прыроды, найвялікшы чалавек у свеце! Яго рост 285 сантыметраў, ступня даўжынёй 51 см, далонь — 31 см, а губы... Яго губы, паны і пані, шырынёй 10 сантыметраў!»
   Бацьку вялікана даводзілася падаўжаць ложак, паднімаць столь і страху хаты. Жонка Фёдара, настаўніца Ефрасіння Лебедзева, была ніжэй за яго на цэлы метр. Дарэчы, з-за яго Віцебск, як горад, дзе жыў велікан, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса.
   Мы вельмі шануем пачуццё справядлівасці. Любім парадак, сям’ю, законнасць, волю.
   Мы не злыя, не агрэсіўныя. Мы — іншыя: шчырыя, здольныя, натуральныя, высакародныя.
   Беларус не адчувае радасці ад чужога гора. «Дапамажы!» — ці не найпершы наш водгук на людскую бяду. Дапамажы і блізкім і далёкім, і сваім і чужым. Наша спагадлівасць і нарадзіла, мусіць, наша агульнае свята — талаку, калі мы ўсёю вёскаю ставілі сабе хаты, рабілі іншую цяжкую работу.
   Італьянскі ж гітарыст Даменіка Лафашана, які з гастролямі пабываў у 25 краінах свету і да прыезду ў Беларусь ведаў толькі, што ў нас вельмі холадна і вельмі прыгожыя дзяўчаты, пабываўшы ў нашым краі сярод нашых людзей, гаварыў:
   «Увогуле беларусы прыемна здзівілі мяне сваім багатым унутраным светам... Вы, беларусы, нечым падобныя да фінаў — цёплыя, чуллівыя людзі, у якіх яшчэ жыве чалавечнасць. А ў многіх еўрапейскіх краінах людзі губляюць, страчваюць чалавечнасць. Першае, што яны ўмеюць, — гэта быць фальшывымі. Фальш забівае чалавечнасць».
   I праўда — мы шануем чалавечнасць. I не любім фальшу.
   Для свету мы партызаны і працалюбы, клапатлівыя гаспадары і разважлівыя людзі.
   Вядома, і ў нас, як на іншы погляд, ёсць шмат недахопаў. А назавіце мне хоць адзін народ, у якога тых недахопаў няма!
   Аднак нашы чысціня, дабрата і справядлівасць, наша вера ў сябе здзіўлялі, здзіўляюць і, спадзяемся, будуць здзіўляць усіх, хто з добрай душою і шчырым сэрцам жадае нам вечнасці.
   Гэта добра ведаў і Фёдар Дастаеўскі, які пісаў пра нас, сваіх суродзічаў:
   «Без народнай веры ў сябе і свае сілы не ўстояў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не выратаваў бы сябе ніколі».
   Мы жывём надзеяй, што гэтай веры ў сябе хопіць нам і назаўтра, і назаўсёды.
   Кажуць, што мы жылі на зямлі, якая стане потым Беларуссю, ужо 300 тысяч гадоў назад.
   Аднак рэшткі нашай культуры, выяўленыя каля вёсак Свяцілавічы Веткаўскага, Абідавічы Быхаўскага і Падлужжа Чачэрскага раёнаў, дзе былі нашы стаянкі, адносяцца да пазнейшага часу, да так званай мусцьерскай культурна-гістарычнай эпохі. Гэта было 120-40 тысяч гадоў таму, і зваліся мы тады яшчэ неандэртальцамі.
   А засялілі мы Беларусь ужо ў мезаліце, 10 тысяч гадоў назад. Пра гэта сведчаць нашы старажытныя паселішчы Юравічы і Бердыш.
I зваліся мы тады краманьёнцамі. Як і тыя, першыя людзі, астанкі якіх разам з крамянёвымі прыладамі знайшлі ў Францыі, у горадзе Кра-Маньён.
   Цяпер мы завемся беларусамі.
   А беларусы— гэта і Ліля Цвяткова з Вялікай Кракоткі, якая, жывучы на Украіне, каб пабачыць «Песняроў», пехатою прыйшла з Акермана ў Адэсу і прывітала землякоў на роднай мове, пасля чаго вялікая адэская зала ўстала і, стоячы, дзякавала ёй гэтак жа шчыра, як і самім спевакам.
   Гэта і Юля Несцярэнка з Брэста, «белая маланка», якая ў 2004 годзе на Алімпіядзе ў Афінах прымусіла трыбуны апладзіраваць ёй — у спрынтарскім бегу яна атрымала залаты медаль, упершыню за многія гады перамогшы заўсёдных фаварытак — чорнаскурых спартсменак.
   Гэта і альпіністка Ірына Велянкова, адзіная жанчына ў свеце, якая выжыла пасля начоўкі ў зоне смерці — на вышыні 8 тысяч метраў пры саракаградусным марозе — у Гімалаях, а пасля ампутацыі пальцаў на абедзвюх нагах зрабіла ўзыходжанне на Эльбрус.
   Гэта і ўдзельнікі духоўнага хору «Крынічка» Мінскага палаца дзяцей і моладзі, якіх напрыканцы II тысячагоддзя запрасіў на аўдыенцыю Папа Рымскі. Аўдыенцыя прайшла на плошчы Святога Пятра ў Рыме. Пантыфік вітаў іх на беларускай мове, дзеці спелі для яго некалькі духоўных твораў. Ян Павел II быў уражаны спевамі, казаў, што яму здалося, быццам гэта спяваюць анёлы, і блаславіў дзяцей і ўвесь беларускі народ.
   Гэта яшчэ і дзесяцігадовая гарэзніца — беларусачка Волечка Сацюк з Кобрына, якая сярод 16 удзельнікаў з розных краін хоць і заняла толькі чацвёртае месца ў Міжнародным конкурсе «Еўрабачання» для юных выканаўцаў эстраднай песні, аднак песні і танцы яе так спадабаліся датчанам, гаспадарам свята, што яны доўга скандзіравалі пашаноўнае імя нашай краіны: «Беларусь! Беларусь! Беларусь!»
   А Ксенія Сітнік, якая на такім жа конкурсе ў бельгійскім горадзе Хосельта заняла першае месца, навучыла, прымусіла выгаворваць нязвыклае слова «Беларусь» вядучага бельгійскага тэлебачання і той прызнаўся: «Я дрэнна вучыў геаграфію, таму не ведаю, дзе знаходзіцца Беларусь, але само імя краіны мне вельмі падабаецца».
   А, як цяпер кажуць, брэндам Савецкай Беларусі доўгі час была гімнастка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Вольга Корбут — «дзіва з коскамі», — якую ўвесь свет насіў на руках.