Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Янка Купала - У купальскую ноч

Цёплым летам на Купалле,
Як ноч ляжа без граніцы,
Зводы, чары бліжай, далей
Відны ў пушчы над крыніцай.

Ля калоды, на калодзе –
Ў кожным лесавым куточку –
Кветка-папараць усходзе,
Зацвітае ў гэту ночку.

Хто захоча ў цёмнай гушчы
Пашукаці, паспытаці,
Падпільноўвае дух пушчы –
I не дасць нічога ўзяці.

Вось глядзіце! Зважна, ціха
Чалавек ідзе, крадзецца;
Што за немач, што за ліха?
Ці ж няма ўжо дзе падзецца?

Вочы кроўю наліліся,
Аб зуб зубам страх ляскоча,
Клубам гнецца, прыхіліўся:
Кветку-шчасце цапнуць хоча.

I мармоча, як спрасоння,
Пад шурпатымі сукамі:
«Ці ж, як летась, і сягоння
Мне з пустымі йсці рукамі?

Кожны год іду сюды я,
Кожны год надзею маю,
А тут немачы нямыя
Круцяць, верцяць з боку, з краю.

Збіўся з толку, жыць нязмога;
Вечны голад кветкі-шчасця,
То ад Бога, то да Бога
Гоніць, цісне, як з напасці.

Стой! Здаецца, вунь зірнула,
Як бы зорка, як бы сонца!
Ах, не тое! Адвярнула!..
– Гэта шышка на сасонцы».

Ну шукаці, як шукаці!
Цемра з нетрай скача скокі,
Звод рагоча ў цёмнай гаці,
Смоўж зіркае аднавокі.

Так шукае, лазіць лазам,
Просіць, моліць, заклінае,
А дух пушчы з пушчай разам
Успамінкі ўспамінае:

«Кінь шукаць, спраўляць скавыты,
Не чапай маіх харомаў!
Я – дух пушчы, дух сярдзіты,
Не спушчу нідзе нікому!

Кветкі пільна я пільную,
На замкоў замкнёна сорак,
А дарожку даў такую:
Людскіх костачак узгорак.

Не пачуеш нашай рады,
Будзе тое і з табою!
За цвяточак для прынады
Ты заплаціш галавою!

Як на свет свет нарадзіўся,
Як душа засела ў целе,
Ўсе ляцелі к гэтай місе,
I ніводныя не елі.

Пушча знае, што бароне,
Што ёй дадзена на сховы,
Крыжам ляжа на загоне,
А не дасць надзець аковы.

Адчапіся, адхрысціся!
Доляй-казкай счараваны,
Ты яшчэ не дарасціўся
Цвет пасцігнуці жаданы.

Бачыш, ночанька, як сажа,
Жджы лепш раніцы, не кветкі!» –
Так дух пушчы з пушчай кажа
Чалавеку напаследкі.

А ён блудзіць, ходам ходзе
Тамка, тутка, далей, бліжай,
То скрадаецца, як злодзей,
То бярэцца плазам-крыжам.

То абыйме дрэва-елку,
То рукамі водзіць пуста,
То пагоніць з хвойкі белку,
То спужае птушку з куста.

Пад нагамі мох шапоча,
Лісце ласіцца па твары,
Ён шукае і мармоча,
Як не чуе чараў-мараў.

«Прэч, загіньце, ведзьмы, злыдні!
Вунь вам верас, вунь вам лычка;
Ці няўжо вам не абрыдне
Шаматаці мной, як тычкай?

Шоў я полем, сенажацяй,
Шоў гарою і далінай,
А тут кветкі не спагнаці,
Хоць хавайся ў дамавіну!

А нашто ж мне над калыскай
Аб ёй ночка напявала?
Напявала, што ўжо блізка,
А пасля сама схавала.

А нашто ж мне на папары
Насвістоўвала жалейка,
Жальма жаліла на сквары?
Аж і сціхла, дабрадзейка!

А нашто ж мне звонам косы
Вызванялі на прасцягу?
Самі выгубілі росы,
Мне пакінулі боль-смагу.

А нашто ж мне на вяселлі
Пелі, гралі, чаркі білі?
Самі сціхлі, занямелі,
Мне ўчарашні дзень згубілі.

А нашто ж мне на Каляды
Галасілі па-хаўтурну?
Самі вылеглі загладай,
Я ў жальбе снуюся бурнай.

А нашто ўсё гаварыла:
Жджы на кветку, на Купалле!
З году ў год чакаю мілай
I шукаю бліжай, далей.

Можа, тамка? можа, гэтта?
Пнуся, рвуся ўзад і ўперад –
I на лета, ўсё на лета...
Вязнем я і кветка ў нерат.

Не трашчыце, не шасціце,
Сухалесы, пустацветы!
Дайце кветку, дайце жыці,
Не чаруйце у сусветы!

Мох, чарнобель, расхіліся!
Кветка, кветка, выглянь смела!
Чорнай кроўю ўвесь абліўся,
Сухажылле зводзіць цела...

Стой! Здаецца, вунь зірнула,
Як бы зорка, як бы сонца...
Ах, не тое! Адвярнула!..
– Гэта шышка на сасонцы».

I пабег, пабег па лесе,
Закруціўся дымам-пылам,
Стаў, глядзіць, на грудзі звесіў
Галаву над пнём пахілым.

А дух пушчы з пушчай разам
Успамінкі ўспамінае
I так далей кажа сказам, –
Ночка слухае нямая.

«Вырві сэрца, высуш сэрца,
Запалі агнём, як свечку!
Не глядзі, што кроў сатрэцца,
Не паглядывай на печку!

Як ноч прыйдзе, гэта ночка,
Выйдзі з сэрцам, як з паходняй,
Ад кусточка да кусточка
Асвяці мой хорам годне!

Так свяці, не бойся мукі,
З верай вернай і надзеяй, –
Кветка прыйдзе сама ў рукі,
Толькі сэрца спапялее.

Чуеш гэта, зробіш гэтак?
Будзеш панам, слаўным князем;
А не зробіш – сотні летак
Выць так будзеш паміж вяззем.

Прыйдзеш, пойдзеш у нягодзе,
Віцца будзеш, як вужака,
Дзень ці ноч, не скажаш: годзе!
Чахнуць будзеш, небарака!

Бачыш, чуеш: царства наша
Вечна, сільна, неўгамонна;
Духа пушчы не застраша
Ні сякера, ні карона.

Не ўздымайся сухавейне,
Не вышуківай закляцця!
Скора поўнач, скора пеўні
У тваёй зайграюць хаце».

Дух гамоніць, лес трасецца,
Стогнуць хвойкі і асіны,
Шум пакоцісты нясецца,
Як хто гіне або згінуў.

Чалавек маўчыць, марудзе,
Ўзад, уперад пройдзе, гляне.
Вось мінута, а штось будзе,
Можа, можа, і дастане...

Абы поўнач, як маланка,
Не змахнула цвет закляты, –
Прахам пойдзе ўся гулянка,
Зноў год жджы на гэта свята!

Што? Стаіць, глядзіць, о Божа!
Кветка-папараць абходзе,
Зацвіла, як мак, прыгожа,
Як бы сонца на усходзе.

Схамянуўся, прэ кустамі,
Як шалёны, прэцца к кветцы;
Лес кусаецца сукамі,
А ён туж дапрэ, здаецца.

Раптам певень загалосе
Недзе ў вёсцы, ў роднай вёсцы. –
Ўсё – як сон... не засталося...
Лісць трасецца на бярозцы.

Не то з пуду, не то з жалю
Вочы трэ, глядзіць нясмела –
Пуста, дзіка, бліжай, далей,
Толькі штосьці зашумела.

Зашумела, замуціла,
Дзікі рогат паплыў рэхам,
Думка сніла, не дасніла,
Паляцела з пушчай смехам.

Паваліўся, як сноп жыта, –
Як сноп жыта пры сасонцы.
Крык адно, як звон разбіты:
«Дайце кветку! Дайце сонца!»

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!