Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Купала - Перад будучыняй

Стаім мы перад будучыняй нашай
I ўсё варожым, сочым ейны ход...
Ці ўскрэснем мы, душою ўпаўшы, звяўшы,
Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род...

Сягоння мы жывём і ўдзень мы блудзім
Пад маскай, асляпляючаю нас,
I што сказаць самім сабе і людзям,
Не ведаем, не можам, хоць і час.

Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам з усіх бакоў,
Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.

Пакрыўленыя колісь нашы душы
Дагэтуль выпрастаць не ў моцы йшчэ;
Снуёмся, ў думках зводных затануўшы,
А хтось, а штось і мучыць і пячэ. …

Цябе чакаем, будучыні нейкай,
Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,
І гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.

А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
І кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ў пол.

Нявольніцтва й жабрацтва так нас з’ела
і так нам высмактала з сэрца сок,
Што нат у вочы глянуць, плюнуць смела
Не смеем, стоптаныя на пясок.

Там чутна: Беларусь! Там – Незалежнасць!
А там – «Паўстань пракляццем...» Ну, а мы?
Мы ў страху... дум крутня... разбежнасць...
Без толку крыллем лопаем, як цьмы.

О, так, як цьмы, як спуджаны вароны!..
І слухаем і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны, –
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?

Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпынку выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон.

З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,
Брыдзём, паўзём у свет – скрозь неўпапад.
І прысягаем, клічам Бога ў сведкі,
Што мы – не мы, што нехта вінават...

І так жывём, сябе саміх не знаўшы,
Учора, сёння лазім між канаў...
Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай
Навек залом пракляты заламаў?

Няўжо нас не аб'ясніць розум ясны,
І не пакінем біцца з кута ў кут?
Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны –
Кліч бураломны: вызваленне з пут?!

1922

 

Похожие статьи:

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы