Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Эстэтычныя погляды Янкі Купалы

   Эстэтычныя погляды Янкі Купалы складваліся як састаўная частка яго светаўспрымання, змест якому давала духоўная сувязь паэта з народным жыццём, сацыяльным і нацыянальна-вызваленчым рухам беларусаў. Асновы купалавай эстэтыкі раскрыты пераважна ў яго праграмных мастацкіх творах (вершах, паэмах "Курган", "Тарасова доля" і інш.), таксама ў артыкулах, выступленнях на грамадска-літаратурных форумах і ў пісьмах да літаратараў і дзеячаў культуры. Але галоўная форма выяўлення эстэтычных ідэй у Купалы — мастацкая, гэта ўся яго творчая практыка і літаратурна-грамадская дзейнасць.
   Паэзія, мастацтва — не адзіная сіла абнаўлення жыцця. Яна спадарожніца і партнёр тых грамадскіх сіл, што змагаюцца за новы лад сродкамі грамадска-палітычнай барацьбы і культурна-асветніцкай дзейнасці. Называючы дзеячаў, занятых практычнай работай на карысць прагрэсу, празаікамі, Купала ў артыкуле "Чаму плача песня наша?" заклікаў іх да канструктыўнага партнёрства на аснове ўзаемнага разумення агульнасці гуманных мэт і спецыфікі форм, спосабаў і сродкаў дзейнасці мастакоў і грамадскіх дзеячаў: "Думка паэта вольная, як вецер, і безгранічная, як даль гэта ўсясветная, сэрца яго напоўнена вечным мілаваннем к бліжняму, як сонца вечным цяплом і святлом, а душа яго глыбокая, як гэтае мора-акіян, у глыбінях каторага крыюцца багатыя, недасціглыя чалавечаму воку скарбы. З гэтага святла і. агню, што палае ў сэрцы, і з гэтых скарбаў, што крыюцца ў глыбіні душы яго, патрапіць паэта свабоднай думкай дабыць усе хараствы свету і ўсе асалоды жыцця людскага... і перадаць усё гэта ў бессмяротнай песні свайму народу. Толькі вы, празаікі, устраівайце хутчэй матэрыяльны быт гэтага народа паводле божых і чалавечых праўд і законаў". Паэт выступае як асоба, надзеленая вольнаю думкай, сэрцам і душой. З агню пачуццяў уражлівага сэрца і прадчуванняў, уяўленняў фантазіі, душы паэт пры дапамозе вольнай думкі (непрымушанай свабоднай волі) стварае вобразы і творы, якія ўвасабляюць здабытае з жыцця і асэнсаванае хараство свету. Свае творы паэт перадае народу. Але каб плады паэтычнай творчасці сталі вобразамі хараства, а не брыдоты, вобразамі шчасця, а не пакут, свабоды, а не няволі, "празаікі"-дзеячы павінны ўладкаваць свет па законах справядлівасці. Пакуль ідзе толькі змаганне за такі свет, у творах паэта непазбежна будзе пераважаць сум, боль, гнеў, гідлівасць за брыдоты паднявольнага жыцця, песня будзе плакаць, бо яна — голас сэрца і сумлення ў бессардэчным і несправядлівым свеце. Эстэтычнае ў свядомасці ранняга Купалы з'яднана з маральным, ідэал красы звычайна падпарадкаваны маральнаму і сацыяльнаму ідэалам.
   Развіццё таленту паэта, рост агульнай і эстэтычнай культуры прывялі Купалу да ўяўлення пра красу як катэгорыю шырока змястоўную, самастойную, хоць і роднасную праўдзе, справядлівасці, сумленню ("Жальцеся, грайкія струны..."). Але на ўсё жыццё Купала захаваў патрэбу правяраць эстэтычныя спакусы, імпульсы і парыванні наказамі сумлення і грамадзянскага абавязку ("Песня мая" ).
   У працэсе мастацкага і грамадзянскага сталення ў Купалы выпрацоўваецца сваё разуменне ідэйна-выхаваўчай сілы красы для справы вызвалення народа. З пазіцый такога шырока-дэмакратычнага ўяўлення аб змястоўнай і дзейснай красе Купала мадэліруе і абнаўляе вобраз Беларусі, эстэтычна асэнсоўваючы беларускую прыроду, гісторыю народа і яго будучыню.
   Найважнейшая праява красы ў грамадстве — свабода, а ў мастацтве — праўдзівасць і чалавечнасць або барацьба за іх панаванне. Краса свету прыроды і грамадскага свету, праўдзіва адлюстраваная ў мастацкіх творах, становіцца духоўнай сілай, зброяй у вызваленчай барацьбе народа. Класавыя і нацыянальныя антаганізмы паўстаюць у творах Купалы як смяротныя канфлікты паміж красой і агіднасцю, духоўнымі скарбамі і бездухоўнасцю, маральнай чысцінёй і разбэшчанасцю (Ганна і пан з паэмы "Нікому", Бандароўна і пан Патоцкі з паэмы "Бандароўна", гусляр і князь з паэмы "Курган", Зося і паны з "Раскіданага гнязда").
   Адной з крыніц, на якіх Купала ўзносіў свае эстэтычныя густы і погляды, быў беларускі фальклор ("песня матчына" ) і прагрэсіўная беларуская літаратура, а потым паэзія польскага класічнага рамантызму і эстэтыка рускай рэвалюцыйнай дэмакратыі. Ад фальклору і рамантычнай паэзіі Купала прайшоў да падзелу сферы эстэтычнага на прыгожае і агіднае, паэт пачаў успрымаць рэчаіснасць як зацятую барацьбу светлых і цёмных сіл жыцця і смерці, сонца і ночы. Унутры кожнай эстэтычнай з'явы Купала заўважаў унутраныя градацыі: прыгожае выступае ў яго то як гарманічнае, прывабнае, пяшчотнае з характэрнай для народнай паэтыкі памяншальна-ласкальнай і чулліва-пяшчотнай афарбоўкай ацэнак ("Вясна"), то як велічнае, поўнае жыцця, магутнае, неўміручае ("Груша"). Героіка складае вяршыню эстэтычнага свету Купалы, гераічны канфлікт, дасягаючы трагедыйнага рубяжа, можа ўзрушыць чалавека жахам смерці і спатоліць боль душы роздумам пра несмяротнасць подзвігу ў імя свабоды і шчасця людзей. Трагічным ўяўляўся Купале шлях беларускага народа і яго ўласны паэтычны шлях, як і шляхі песняроў іншых заняволеных народаў — Тараса Шаўчэнкі, Ю. Славацкага, Уладзіслава Сыракомлі.
   Ад рамантычнай эстэтыкі ідзе купалава складанасць адносін да прыроды і грамадства, захапленне дзікай пагрозлівай красою зімы, завеі, віхуры, навальніцы, цёмнай ночы, якія то ўспрымаюцца як сілы ачышчэння свету ад застою, закаснеласці, і паэт любуецца імі, то зноў жа выступаюць як сілы знішчэння, што нясуць жах, сеюць смерць або пагражаюць бядой чалавеку...
   Захоўваючы вернасць прынцыпам праўдзівасці, Купала дасягнуў глыбокай змястоўнасці і цэльнасці свайго творчага набытку, яго спадчына стала скарбам першай велічыні ў пантэоне нацыянальнай культуры.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!