Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уплыў творчасці Янкі Купалы на беларускую літаратуру

   Творчасць Янкі Купалы ўзбагаціла беларускую паэзію, драматургію, публіцыстыку, усе віды беларускага мастацтва, многія галіны грамадскіх навук. Пра жыццё і творчасць Купалы напісана нямала навуковых даследаванняў, артыкулаў, кніг.
   Вобраз Купалы стаў цэнтрам увагі празаікаў, драматургаў, асабліва паэтаў. Многія з іх адчулі на сабе яго плённы ўплыў. Першымі прысвяцілі свае творы Я. Купалу паэты нашаніўскай пары: Г. Леўчык «На Купалле» (1907), А. Паўловіч «Каліва праўды» (1908), «Ноч на Івана Купалу» (1910), Цішка Гартны «Бяздольны» (1909). Алесь Гурло ў сваім раннім вершы «Полудзень пры жніве» наследуе асобныя матывы творчасці Купалы (верш «Песня жней»). Максім Багдановіч прысвяціў свае вершы «Чаму у нас акамянеласці» (1912) і «Чытаю я журнал сучасны» Купалу-рамантыку. У алегарычным вершы К. Буйло «Звон» (1913) песня Купалы параўноўваецца са звонам, што абуджае людзей, заклікае іх да змагання. Таксама да вобраза паэта звярнуўся ў сваіх творах Максім Гарэцкі – апавяданне «Фантазія», аповесці «Меланхолія», «Антон», раман «Віленскія камунары».
   Беларуская літаратура ўвогуле фарміравалася пад моцным уплывам традыцый і дасягненняў творчасці Купалы, яе экспрэсіўнасці, матываў, вобразаў, актыўных адносін да актуальных праблем сучаснасці і выхавання новага чалавека.
   У 1925 годзе ў сувязі з 20-годдзем літаратурнай дзейнасці Купалы прайшлі вечары і сходы, газеты і часопісы змясцілі матэрыялы, прысвечаныя юбіляру. У зборніку «Маладняк» (1925) паэту адрасаваны вершы «Юбіляру» А. Александровіча, «Янку Купалу» Уладзіміра Дубоўкі, «Баяну-Купалу» А. Якімовіча. Паўлюк Трус у вершы «Прысвячаецца Я. Купалу» (1925) услаўляе бунтарны, прарочы, народны характар песні Купалы, спадзяецца, што яна дапаможа працоўным Заходняй Беларусі.
   У 1925 годзе на ўрачыстым пасяджэнні ў Інбелкульце Якуб Колас прачытаў казку «Ноч, калі цвіце папараць», якая нагадвала біяграфію Купалы, а да юбілейнага 1930 года стварыў верш «Янку Купалу». Глыбокім жалем прасякнуты вершы, прысвечаныя памяці заўчасна памерлага паэта: Эдзі Агняцвет «Памяці Янкі Купалы», А. Астрэйкі «Янку Купалу», Міколы Аўрамчыка «Вянкі Янку Купалу», «У той дзень», Петруся Броўкі «Не паверу смерці», К. Буйло «Купала», «Песняру», «Янку Купалу», М. Лужаніна – цыкл «На дарогах Купалы» і многіх іншых пісьменнікаў, якія лічылі сябе вучнямі, прадаўжальнікамі справы Купалы.
   Пісьменнікі і паэты ўвесь час звяртаюцца да асобы і творчасці класіка беларускай літаратуры, выказваюць удзячнасць за песні, што натхнялі іх: М. Арочка «Я ўваходжу ў Купалаву раку», А. Астрэйка «3 намі ты на свеце», «3 песняй Купалы», Данута Бічэль «Перасыпаю сонечны пясок», Пятрусь Броўка «Купала і Колас, вы нас гадавалі...», Ніл Гілевіч «Родная мова», Алег Лойка «Песня пра Купалу», Еўдакія Лось «Свой Купала», Пімен Панчанка «З працы пачынаецца Купала», П. Прануза «Песня Купалы», А. Пысін «Песня Купалы», Максім Танк «Янку Купалу».
   Купала ўспрымаецца паэтамі як ўвасабленне Радзімы, творчая спадчына пісьменніка стала нацыянальнай скарбніцай. Таму мясціны, звязаныя з жыццём і імем Купалы, увайшлі не толькі ў беларускую паэзію. Аб вядомасці Купалы ў суседніх рэспубліках і за мяжой сведчаць вершы многіх паэтаў. Сярод іх – творы рускіх аўтараў А. Луначарскага, М. Ісакоўскага, М. Асеева, М. Галоднага, украінскіх – М. Рыльскага, П. Гарэцкага, Л. Забашты, А. Малышкі, М. Нагнібеды, армянскіх – А. Грашы, грузінскіх – X. Берулавьі, Іасамані, Д. Квіцарыдзе, А. Шанідзе, казахскіх – Джамбула, К. Жумагаліева і інш. Шэраг вершаў прысвяцілі народнаму паэту Беларусі і замежныя аўтары: Н. Вылчаў, Ламар, А. Тодараў (Балгарыя), К. Лоранц (Германія), Я. Гушча, Ю. Озга-Міхальскі (Польша), У. Мэт (Вялікабрытанія), М. Наг (Нарвегія) і інш.
   Маленству і юнацтву Купалы, яго першым літаратурным урокам прысвечана біяграфічная аповесць Бандарынай «Ой, рана на Івана» (1956). Асабістыя ўражанні ад сустрэч з Купалам адлюстраваны ў апошняй кнізе аўтабіяграфічнай трылогіі літоўскага пісьменніка А. Венцлавы «Бура апоўдні» (1969).
   Фактам біяграфіі Купалы прысвечаны апавяданні Васіля Віткі «Незабыўныя дарогі» (1957), «Дарогі песняра» (1972), аповесць С. Александровіча «На шырокі прастор» (1972), апавяданне Генрыха Далідовіча «Сустрэча» (1972). У рамане Г. Далідовіча «Гаспадар-камень» (1984) расказваецца пра работу Купалы ў «Нашай ніве».
   Да 100-годдзя з дня нараджэння Купалы на аснове дакументальных матэрыялаў напісаны раман-эсэ А. Лойкі «Як агонь, як вада...». П'есу з жыцця Купалы «Шчасце паэта» (1951, упершыню пад назвай «Янка Купала» у 1950, пастаўлена тэатрам імя Я. Купалы ў 1952 годзе) напісаў Васіль Вітка.
   Біяграфічнымі фактамі з жыцця Купалы багаты творы Уладзіміра Караткевіча, Эдуарда Скобелева.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!