Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Трывога за лёс Бацькаўшчыны: вершы "Перад будучыняй", "О так! Я — пралетар!.."

   Вобраз Беларусі, Радзімы — заўсёды скразны, цэнтральны ў творчасці Янкі Купалы. Змястоўнае напаўненне гэтага вобраза вызначалася мастацка-эстэтычнымі мэтамі, якія ставіў перад сабой паэт, і было шматстайным, арыгінальным, кожны раз выяўляючы нейкі новы ракурс гэтай глабальнай тэмы. Горкі роздум Купалы над сутнасцю савецкай улады, абурэнне яе крывадушшам у дачыненні да беларускіх праблем гучаць у вершы "Перад будучыняй" (1922). Твор напісаны пасля таго, як у Беларусі пасля шматлікіх інтэрвенцый і акупацый нарэшце ўсталявалася адна ўлада — улада бальшавікоў. Але змест верша далёкі ад аптымізму:

 

Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў,
Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў <...>


   У вобразна-метафарычнай форме паэт узнаўляе падзеі 1917 года, час распаду Расійскай імперыі, і з горыччу канстатуе, што ў той спрыяльны момант беларусы не змаглі рэалізаваць свой шанс на незалежнасць:

 

Там чутна: Беларусь! Там — Незалежнасць!
А там — "Паўстань, пракляццем"... Ну, а мы?
Мы ў страху... дум крутня... разбежнасць...
Без толку крыллем хлопаем, як цьмы.


   Гнеўныя выкрывальныя інтанацыі, іронія і сарказм гучаць у радках, дзе паэт гаворыць пра негатыўныя праявы нацыянальнага менталітэту, наракае на пасіўнасць, баязлівасць і пакорлівае прыстасаванства беларусаў:

 

Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпыну выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі,
На нас, ды з нашых нітак-валакон.


   Сродкі публіцыстычнага выказвання ў рамантычным паводле сваёй скіраванасці творы суседнічаюць з фальклорнай вобразнасцю:

 

I так жывём, сябе саміх не знаўшы.
Учора, сёння лазім між канаў...
Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай
Навек залом пракляты заламаў?


   Паводле народных легендаў ведзьмары і чараўнікі, калі хочуць нашкодзіць чалавеку і наклікаць на яго бяду, прыходзяць на яго поле і завязваюць у вузел некалькі жытнёвых сцяблін (гэта называецца залом). На гэтай трагічнай ноце спрадвечнага праклёну, амаль безнадзейнай невядомасці і заканчваецца купалаўскі погляд у будучыню Беларусі. На жаль, гісторыя XX стагоддзя (сталінскі тэрор, калектывізацыя, вайна, Чарнобыль) пацвердзіла праўдзівасць інтуітыўных прадчуванняў паэта.
   У гэты перыяд, перыяд горкіх расчараванняў і няспраўджаных надзей наконт шчаслівай будучыні роднага краю, быў напісаны і верш "...О так! Я — пралетар!.. (1924):

...О так! Я — пралетар!..
Яшчэ ўчора раб пакутны —
Сягоння я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!

Мне Бацькаўшчынай цэлы свет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно ... не збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сняцца сны аб Беларусі!


   Акадэмік У. Гніламёдаў сказаў, што ў гэтым творы Янка Купала пранікліва "разгадаў намеры бальшавікоў <...> ператварыць Беларусь у сацыяльна-эксперыментальны палігон па будаўніцтве так званага новага грамадства, сутнасць якога зводзілася да вырачэння ад ўсяго нацыянальнага".
   Твор напоўнены іранічным падтэкстам. Лідары бальшавізму найвышэйшым прывіліяваным грамадскім саслоўем называлі рабочых-пралетарыяў, людзей, якія не валодаюць уласнай маёмасцю. (Іншыя саслоўі: арыстакратыя, духавенства, інтэлігенцыя, а таксама сялянства — лічыліся класава заганнымі і пераследаваліся.)
   Ідэолагі бальшавізму марылі заваяваць увесь свет, знішчыўшы "класава заганныя саслоўі". Яны пачалі сваю "працу" ў Беларусі, якая была аграрнай, а гэта значыць, сялянскай краінай. Ужываючы тагачасную лексіку ("раб пакутны", "зямлі ўладар" і інш.), Купала перафразіруе гімн "Вставай проклятьем заклейменный Весь мир голодных и рабов", узяты на ўзбраенне новай уладай. Паэт іранізуе над глабальнымі антыгуманнымі памкненнямі новай улады. Ён перакананы, што нельга прымусіць чалавека забыцца пра свае карані, адрачыся ад сваёй Айчыны.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!