Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Паўлінка. Мастацкія асаблівасці камедыі

   Камедыя «Паўлінка» напісана ў 1912 г. у Акопах. Усе галоўныя персанажы твора мелі сваіх прататыпаў, «падгледжаных» Янкам Купалам сярод сяброў і знаёмых. Пры стварэнні камедыі Янка Купала пэўным чынам абапіраўся на вопыт папярэднікаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Каруся Каганца. «Паўлінка» праблемна, вобразна пераклікаецца з «Пінскай шляхтай» (зацятая абарона шляхетнасці, непаразуменне бацькоў і дзяцей), з «Модным шляхцюком» (імкненне бацькі мець за зяця «хлопца шляхецкага заводу», высмейванне грэблівых адносін да народнай культуры).
   Пераканаўча, дасціпна Купала абмаляваў быт беларускай засцянковай шляхты, стварыў адметныя яркія характары Сцяпана Крыніцкага і яго жонкі Альжбеты, Пранцыся Пустарэвіча і Агаты, Адольфа Быкоўскага. За знешняй нескладанасцю, традыцыйнасцю для беларускай літаратуры канфлікту — бацькі хочуць мець за зяця не таго, каго выбрала дачка — Купала паказаў няпростыя сацыяльныя і псіхалагічныя стасункі паміж людзьмі свайго часу (а дзесьці нават і пазачасавыя).
   Аўтар «Паўлінкі» гаварыў пра неразуменне, непрыманне селянінам новага. Нават калі яно тычылася імкнення бачыць усіх людзей роўнымі, жыць з дабром і справядлівасцю ў сэрцы, — такія ідэі прапаведуе Якім Сарока. Пра драматызм становішча вясковага інтэлігента, які з'яўляецца чужым у родным асяроддзі. Настаўніка не паважае і не любіць Крыніцкі, не разумее яго, нават бачыць у ім «франта» сялянская моладзь. Адзначаючы памкненні засцянковай шляхты да культуры, аўтар «Паўлінкі» са скрухой паказваў перавернутасць іх уяўленняў «пра шляхетнасць» і «панскасць». Крыніцкі лічыць культурным не інтэлігентнага, адукаванага Сароку, а фанабэрыстага Быкоўскага, з яго знешнімі атрыбутамі «панскіх паводзін».
   Цікавым, поўным жыцця атрымаўся вобраз галоўнай гераіні Паўлінкі, вясёлай, дасціпнай, разумнай вясковай дзяўчыны. Яна любіць бацькоў, баіцца трапіць на язык людзям, зрабіўшы штосьці не так, і разам з тым рашуча змагаецца за асабістае шчасце. Паўлінка заяўляе Агаце: «...Я свайго такі даб'юся або згіну, каб і следу не засталося». Гераіню твора можна лічыць у поўнай ступені ахвярай патрыярхальнай адсталасці, заскарузласці светабачання бацькі. Камедыя заканчваецца на драматычнай ноце: Якім арыштаваны па даносу Крыніцкага, Паўлінка, пачуўшы пра гэта, «як сноп, валіцца на зямлю».
   Даследчыкі, найперш сучасныя (напрыклад, П. Васючэнка) гавораць пра «другі план» у купалаўскім творы, пра сімвалічнае прачытанне вобразаў. Цэнтральнымі тут становяцца вобразы-сімвалы Маладой і Старой Беларусі, іх дыялектычнае адзінства і ўзаемавыключэнне.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!