Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Жыццёвы і творчы шлях Янкі Журбы

   Імя Янкі Журбы з'явілася ў газеце «Наша ніва» ў той час, калі з яе старонак ужо шырока гучалі галасы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Першы верш паэта «На беразе Дзвіны» быў надрукаваны «Нашай нівай» у 1909 г., і гэтая публікацыя стала дэбютам маладога паэта. У 1906-1909 гг. Янка Журба вучыўся ў Глухаўскім настаўніцкім інстытуце на Украіне. Якраз у гэты перыяд і адбываецца светапогляднае пасталейце паэта, пра што ён згадвае ў аўтабіяграфіі: «Прысылка газет і ветлівае пісьмо рэдактара «Нашай нівы» абудзілі маю нацыянальную свядомасць». Янка Журба ўсёй душой далучаецца да літаратурнага і грамадскага жыцця Беларусі, піша шматлікія вершы, допісы ў «Нашу ніву», у якіх гаворыць пра неабходнасць глыбокага сацыяльна-духоўнага абуджэння народа, гартавання яго нацыянальнай самасвядомасці. Творчасць Янкі Журбы мацавала лірычны статус беларускай паэзіі, яна прасякнута грамадзянскім, патрыятычным пафасам. Звяраючы свой паэтычны крок са словам Янкі Купалы і Якуба Коласа, Янка Журба натхнёным радком імкнуўся спрыяць уздыму беларускага Адраджэння, якое, трэба сказаць, дало магутныя крылы ўсёй нашай літаратуры і культуры на пачатку XX ст.
   Янка Журба (Іван Якаўлевіч Івашын) прайшоў складанымі жыццёвымі і творчымі пуцявінамі. Лёс адпусціў яму доўгі век — памёр ён на 83-м годзе жыцця (1881-1964). Нарадзіўся будучы паэт увесну ў сялянскай сям'і. З маленства пачаў зарабляць сабе на хлеб: разам з бацькам у Чашніках і навакольных вёсках тынкаваў хаты, клаў падмуркі, рабіў печы. Смак працы дзеці Івашыных адчулі рана, бо ў сям'і было дванаццаць душ. Але асаблівая клопатная ноша, вядома, ляжала на плячах бацькоў. Рос Янук не толькі ў працы. Не міналі яго і дзіцячыя радасці, забавы, клікалі лес і рака, гожыя краявіды. Сама прырода выхоўвала ў душы хлопчыка паэтычную ўражлівасць. Як маляўніча-вабныя мясціны апісвае паэт той куточак, дзе ён нарадзіўся і рос: «Пасёлак акаймляецца ракой Улай і ўпадаючай у яе каля самага пасёлка рэчкай Цяпінкай. Берагі абедзвюх рэк густа зараслі дрэвамі і кустамі, якія вясной агалашаюцца дружнымі трэлямі салаўёў. Калі летам падыходзіш к пасёлку з боку м. Чашнікі, то здаецца, што ўвесь ён упрыгожан пышнай зелянінай». Менавіта такой некалі была радзіма паэта — вёска Купніна (зараз у межах г. Чашнікі) на Віцебшчыне. Моцна краналі сэрца Янука беларускія песні, якія часта спявала маці, і ён «запамінаў іх змест і матывы».
Заззяла на хлапечым шляху і зорка ведаў. Бацька знайшоў сродкі на тое, каб сын пайшоў у навуку спазнаць свет «мудрасці кніжнай». Ён скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1902), а ў хуткім часе і Глухаўскі настаўніцкі інстытут (1909) на Украіне. Вялікую частку свайго жыцця паэт аддаў народнай асвеце, школьнаму будаўніцтву і выхаванню дзяцей. Працаваў у пачатковых школах Віцебшчыны, настаўнічаў на Украіне, Беларусі, у Расіі. У 1921-1922 гг. ён — супрацоўнік навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, а пасля некалькі гадоў працаваў інспектарам акруговых аддзелаў народнай асветы. У 1927-1934 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Чэрыкаўскай сямігодцы і Магілёўскім медыцынскім вучылішчы. Святло ведаў юнаму пакаленню Іван Якаўлевіч нёс праз многія гады сваёй працы. І ні хвіліны не наракаў на тое, што шмат часу адбіраюць школа і дзеці. Прынамсі, як не шкадуюць пра гэта і сённяшнія паэты, школьныя настаўнікі Мар'ян Дукса, Уладзімір Верамейчык, Таіса Мельчанка, Яўгенія Малдаўская і інш.
   Янка Журба па складзе таленту — паэт лірычны, таму яго творчую манеру вызначаюць сардэчная шчырасць, эмацыянальна-прачулы лад гаворкі. У сваім лірычным самавыяўленні ён пазбягае штучнай экстравагантнасці, мудрагелістасці, складанай сімволікі, не ўзводзіць у абсалют форму верша, да чаго імкнуліся, напрыклад, футурысты ці імажыністы, а, наадварот, аддае перавагу традыцыям рэалістычна-канкрэтнага жывапісання, народна-песенным інтанацыям, лірыцы грамадзянскага выказвання. Някідкасць, прастата строф лепшых вершаў Янкі Журбы, аднак, мае адзнакі сапраўднай мастацкасці: пранікнёны і спавядальнік лірызм, псіхалагічная напоўненасць і яркасць адлюстравання чалавечага перажывання, суб'ектыўнасць вобразнага малюнка. Сказанае тычыцца найперш інтымна-любоўнай і пейзажнай паэзіі паэта, такіх вершаў, як «Санет», «Адрадзілася прырода...», «Элегія», «Залацісты вечар дагарае...» і інш. Пейзажная лірыка ў яго творчай спадчыне складае вельмі запамінальныя і яркія старонкі. Паэт захапляецца роднай прыродай, яе з'явамі і хараством з вялікай замілаванасцю і любоўю: «П'ю я водар, п'ю я слодыч Сонца, спеваў кветак...» Ёсць у яго і сузіральныя прыродаапісанні, і пейзажныя малюнкі, сагрэтыя асабістым пачуццём, сапраўднасцю перажытага. У вершах-прыродаапісаннях нярэдка з'яўляюцца і сацыяльныя матывы, грамадзянскія інтанацыі: «Веру, родная краіна: Возьмеш верх над цемрай злою...» (верш «Адрадзілася прырода...»). У лепшых пейзажных творах «я» паэта знітавана «з прыродай... душой»: рэчка, лес, поле — звыклы і абжыты свет, дзе ў прыродна-вобразным багацці зрок і слых адухоўлена фіксуюць паэтычна-яркае, да болю роднае, зямное, прыгожае — тое, што вакол нас і складае неад'емную частку нашага духоўнага быцця. Свет прыроды Янка Журба вычувае як свет красы, гармоніі. Нельга не заўважыць тое, што ў паэзіі 20-х гадоў, калі не без уплыву рускай літаратуры ў беларускую паэзію ўладна ўваходзілі матывы пакарэння прыроды, з паэтавых вуснаў льюцца гімны беларускай прыродзе, радкі-песні пра хараство краявідаў. Лірычны герой яго паэзіі жыве ў цеснай, высокай эстэтычнай і духоўнай сувязі з прыродай роднага краю: водар кветак і пералівы-хвалі ракі, усход сонца і крык журавоў у небе выклікаюць у яго сэрцы «радасць-уцеху», элегічны роздум і іншыя глыбокія перажыванні. Вось эмацыянальна-светлы тон гучання верша «У жыце»:

 

Яснасць сонца, лёгкі пстрык,
У паветры звон;
Пах ад жыта, пах ад кветак,—
Дзіўна ўсё, як сон.


   У малюнках прыроды адбіваецца «ўнутраны пейзаж» паэта— стан яго душы, напрыклад, любоўныя згрызоты, інтымныя пачуцці: «А цяпер... адзін сюды хаджу я... Адгукніся, кветка, адгукніся!» (верш «Залацісты вечар дагарае...»).
Вершы пра каханне ў паэта агорнуты прачулай настраёвасцю, імпэтнымі эмоцыямі. Любоўны водгук сэрца поўніцца то ўзвышанай радасцю, то пакутным жалем расстання. Найчасцей каханне для паэта — хвалюючае сэрцабіцце, таемна-святочны росквіт душы і прыроды:

 

Сад у кветкі прыбран,
Як нявеста, стаіць,
А пад ім запаліліся зоры.
Між вішнёвых галін Мы з табою адны
Ў гэтым садзе — ў таемным прасторы.

(«Каханне»)


   Янка Журба — творца грамадзянскага кшталту. У творчасці «нашаніўскага часу» яскрава выявіўся нацыянальна-дэмакратычны пафас яго слова, сацыяльна-актыўны характар мыслення. Пра гэта могуць сведчыць і паэтавы публіцыстычныя допісы («Лісты з Украіны»). Ды і ў агульнай танальнасці тагачаснай паэзіі Янкі Журбы прыкметна вылучаецца сацыяльна-палітычны, адраджэнскі напал думкі паэта. Моцны эмацыянальны, заклікальны зарад маюць радкі верша «Вокліч», які быў напісаны ў 1912 г.:

 

Годзе ж, годзе сумаваць вам,
Годзе дарам слёзы ліць!
Ёсць за што ў жыцці змагацца,
Ёсць у ім што палюбіць.

   Пісаў Янка Журба не толькі «з вялікай журбою і з болем сардэчным», не пакідаў яго нацыянальны і сацыяльны аптымізм. Паэт імкнуўся зацепліць у сваіх радках Надзею, Веру ў народнае шчасце, лепшую долю беларуса, адраджэнне яго духу. «Я цвёрда, шчыра веру, Я веру ўсёй душой...» — на такой ноце пачынаецца верш «Да роднай краіны». Праўда, пераадоленне паэтам песімістычных настрояў, яго аптымістычны голас з пазіцый вульгарнага сацыялагізму расцэньваўся інакш. «Аптымізм Журбы,— адзначаецца ў «Литературной энциклопедии» 1930 г.,— навеяны, аднак, не рэвалюцыйнымі перспектывамі, не заклікам да барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, а буржуазным пазітывізмам, «асветніцкім мірным» імкненнем аўтара да распаўсюджвання ведаў у народзе, прывучэнню яго да культурных форм працы». З самых першых твораў Янка Журба думае-гаворыць пра радасць, прыгажосць і боль чалавечага быцця на роднай зямлі. Яму хочацца ўбачыць беларускі край, свой народ сацыяльна і духоўна разняволеным, ён прадчувае з'яўленне «промняў світання-збавення», кліча новы светлы дзень: «...Хай згіне тут цемра, хай сонца прагляне Ў закінутым нашым краю». Ліра Янкі Журбы ў такім адраджэнскім, патрыятычным гучанні набірае духоўна-творчай моцы ад нацыянальна-дэмакратычнай паэзіі пачатку XX стагоддзя, найперш паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Алеся Гаруна. Часам паэт збіваўся на паўторы, выкарыстоўваў рамантычныя вобразы-рэмінісцэнцыі з Купалы, пра што слушна заўважае літаратуразнаўца М. Мішчанчук, аналізуючы зборнік «Заранкі» (1924) і, у прыватнасці, разглядаючы вершы ўжо паслякастрычніцкага часу: «І хай гэтае паўтарэнне грунтавалася на рэальнай гістарычнай аснове, а не на інтуітыўным прадчуванні будучых перамен, усё ж такі гэта было паўтарэнне, перапеў чужога... І ў Купалы, і ў Коласа, і ў Багдановіча: было пра зіму, якая скавала думкі і мары народа, знявечыла край; было і пра цьму напісана-перапісана». Нягледзячы на другаснасць зместу, мастацкую недасканаласць асобных вершаў паэта, трэба прызнаць, што творчасць Янкі Журбы ў кантэксце літаратуры пачатку XX стагоддзя адыграла станоўчую ролю і мае несумненную эстэтычна-духоўную вартасць.
   У сваёй паэзіі 20-х гг. паэт вітае вясну новага жыцця, сонца свабоды і волі, «чырвоны золак» над родным краем. Вершы гэтай пары пранізвае прыўзнята-патэтычная танальнасць, высокі эмацыянальны напал слова: «І новым днём нясіся, гімн — Стаў вольны чалавек!..» («Першага мая»); «Працаўнік-беларус! Прад табой вольны шлях; Сабяры ж ты ўсю моц — І будуй новы гмах!» («Гімн працы») і інш. Многія вершы Янкі Журбы 20-х гг. нагадваюць вершы-агіткі, вершы-лозунгі, палымяныя публіцыстычныя прамовы і заклікі, яны ў тэматычным і вобразна-выяўленчым плане перагукваюцца з паэзіяй Алеся Дудара, А. Александровіча і іншых паэтаў, у творах якіх таксама хапае адцягнена-рытарычнай лексікі, агульных вобразаў-штампаў і святочнай урачыстай апісальнасці. У 30-я і наступныя гады творчасці Янка Журба працягвае апяваць савецкую рэчаіснасць, новую Беларусь, складае гімн працы і чалавеку сацыялістычнай явы. Услаўляе паэт рэвалюцыю і камуністычную партыю, Леніна і Сталіна, заможнае калгаснае жыццё, захапляецца мужнасцю герояў Арктыкі і Антарктыды... Паэзія Янкі Журбы становіцца тэматычна поліфанічнай: паэт спяшае аператыўна і актыўна адгукацца на падзеі і факты савецкай рэчаіснасці, не шкадуе прамоўніцкага імпэту. Выбіраючы сённяшні аб'ектыўны і крытычны ракурс погляду на паэзію Я. Журбы, добра бачна, як праз яго вершы праступае сутнасць і аблічча часу, жыцця грамадства ва ўсіх яго складанасцях і супярэчнасцях. Зразумела, паэт сплачваў даніну часу, ступаў на шлях кан'юнктуры, ідэалізацыі рэчаіснасці і жыцця, да чаго вымушала ўсёмагутная палітычная і ідэалагічная машына. Але гарэла ў яго сэрцы і святая вера: у справу Леніна, у партыю камуністаў, у камунізм. І ў той жа час нельга не сказаць, што ў многіх вершах савецкага часу чуюцца трыбунныя ідэалагічныя дэкларацыі, аголеная рыторыка, сухая публіцыстыка. Янка Журба, як і шматлікія пісьменнікі, што апынуліся пад ідэалагічным, маральным прэсам, прамаўлялі словы, пісалі творы, сугучныя сацыяльна-грамадскай атмасферы таго часу.
   Уяўленне пра Я. Журбу як пісьменніка не будзе поўным, калі не згадаць, што ён напісаў нямала вершаў для дзяцей. Маленькаму і юнаму чытачу ён прысвяціў старонкі зборніка «Заранкі», адрасаваў кнігі «Ластаўкі», «Сонечная раніца» і «Светлыя дні». І пасля смерці Янкі Журбы яго творы для дзяцей выходзілі асобнымі кніжкамі, уключаліся ў хрэстаматыі, дзіцячыя паэтычныя зборнікі. Шматлікія вершы («Шпак», «Летам», «Вавёрка», «У школу», «Дзед Мароз», «Зімой» і інш.) вызначаюць яркае майстэрства паэта-педагога. Ён тонка ўлічвае ўзрост і псіхалогію сваіх чытачоў, гутарыць з імі шчыра, дасціпна, ненавязліва-проста і эмацыянальна. Удала перапрацоўвае паэт народныя казачныя і песенныя матывы («Бабулька і козлік», «Коцік»).
   Выступаў Янка Журба як празаік і публіцыст. Зрэшты, яго першыя апавяданні «З нядаўняга мінулага» і «Горкая доля» былі напісаны на рускай мове. Першыя вершы ён таксама склаў па-руску яшчэ ў 1902 г. Апавяданні «Перад святам» (1911) і «Прыгонная душа» (1912) напоўнены перажываннямі за чалавека-пакутніка, чалавека-працаўніка. Гэтыя творы не раўнацэнныя ў мастацкіх адносінах. У апавяданні «Перад святам» праз дыялогі герояў і пейзажныя штрыхі аўтар раскрывае перад намі псіхалагічны стан бацькі мнагадзетнай сям'і, чалавека, які спадзяецца на шчырае хрысціянскае спачуванне і міласэрнасць. «Прыгонная душа» — твор апісальны, не прэтэндуе ён, як папярэдняе апавяданне, на псіхалагічную заглыбленасць пісьма. Твор цікавы нам як не прыдуманы малюнак бяспраўнага фізічнага і духоўнага жыцця селяніна-беларуса ў дні прыгону.
   Значны рэзананс у свой час мелі «Лісты з Украіны». Да іх непасрэдна прымыкае і ліст да рэдакцыі «Нашай нівы» «Беларуская нацыянальная хеўра», які папярэднічаў усім публіцыстычным допісам Янкі Журбы з Украіны. У сваіх артыкулах ён гаворыць пра духоўна-гістарычную еднасць беларускага і ўкраінскага народаў, асвятляе літаратурныя і культурныя ўзаемасувязі двух народаў. Распавядаючы пра духоўны вопыт і набыткі братняга народа, ён уздымае праблемы пабудовы сваёй нацыянальнай школы, заклікае да актыўнасці ў справе беларускага Адраджэння. Ён выразна ўсведамляе і бачыць шляхі нацыянальна-духоўнага прагрэсу: «Каб нашы беларусы сталі моцнай нацыяй, каб яны здолелі заваяваць сабе агульналюдскія правы, патрэбна два варункі: перш-наперш трэба як найбольш свету даць беларусам... а яшчэ — падняць нацыянальную свядомасць беларусаў».
   Янку Журбе належыць і шэраг этнаграфічных нарысаў, якія на працягу 1903-1906 гг. ён апублікаваў у газетах «Витебские губернские ведомости» і «Витебский голос». Па сённяшні дзень гэтыя творы, на жаль, не адшуканыя. Яго апісанні абрадавых святаў, духоўнай культуры і быту беларусаў можна суаднесці з добра вядомай працай А. Я. Багдановіча «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895). Праца Я. Журбы-этнографа атрымала навуковае прызнанне, высока яе ацэньваў, напрыклад, краязнаўца М. Каспяровіч: «Быт насялення Віцебшчыны вывучалі шмат якія этнографы. Але самы аб'ектыўны і навуковы падыход да свае справы паказаў першы беларускі этнограф Віцебшчыны — Іван Івашын, вядомы беларускі паэт» (Наш край. 1929. № 4).
   Увогуле, Я. Журбе прыходзілася чуць пра сваю творчую працу самыя розныя водгукі. Першы яго верш ухваліў Я. Купала, як пра адоранага паэта згадваў пра яго М. Багдановіч у сваіх артыкулах «За тры гады» і «Белорусское возрождение». Але давялося яму сустрэць разносную і знішчальную крытыку, як, напрыклад, у рэцэнзіі на зборнік «Заранкі», падпісаную псеўданімам «Улідзе» (псеўданім У. Дзяржынскага). Янка Журба, як згадваюць тыя, хто ведаў паэта, быў чалавек вельмі ранімы, балесна перажываў крыўды, але ніколі не наракаў і не скардзіўся на свой лёс. Не любіў ён асабліва што распавядаць пра сябе, пра ўласную творчасць. Стараўся мужна пераносіць фізічную немач: яшчэў 1944 г. ён страціў зрок. Не меў Я. Журба і сям'і, доўгі час яго даглядалі апекуны. На старасці ён правёў нямала дзён у журбе і самоце. «Я сустракаю святочныя дні нявесела. Прычына гэтаму — мае захворванні, ад якіх я лячуся ў Полацкай бальніцы сёмы месяц, і не ведаю, калі перайду на кватэру»,— пісаў Я. Журба ў лісце да Івана Шамякіна вясной 1963 г. Жыць паэту дапамагала думка пра родную літаратуру, творчая незгасальнасць духу, вера ў людзей. Дзеля духоўнага адраджэння нацыі, светлай явы Беларусі жыў і тварыў паэт Янка Журба.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!