Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Янка Брыль - Цуды ў хаціне

Увага! Поўны змест

   Напрадвесні яшчэ ўсё то лядок, то брудны снег, то лужыны, то голая зямля. Снег пад нагамі трымаецца, а ступіш на зямлю — так і глядзі: зачэрпаеш лапцем гразі.
   Але неба ўжо вясёлае. З прасветлінамі ў хмарах, хаця і халоднае.
   Два хлопчыкі ідуць за мамай з вёскі ў вёску па палявой дарозе.
   Маці нясе пад пахай скрутак шарачку, загорнуты ў хустку. Высокая і дужая, яна маўчыць, ідзе шырока і цягавіта, нібы ў ярме сваёй удовінай долі.
   Тая ж маці, што толькі паўгода таму назад, калі мёртвы бацька ляжаў яшчэ на ложку, а ў хаце былі сама ды малыя,— кідалася ад стала да парога і, нема галосячы, ірвала жменямі валасы. Адна, твар у твар са сваім неабдымным горам... Ды вось жыве, гаспадарыць.
   Толькі і радасці — дзеці. Андрэй і Мішка. Не скажаш, што горшыя, чым у добрых людзей. I вучацца ўжо абодва, і дружаць. Трохі, вядома, распусныя, трэба глядзець...
   — Вы ўжо хоць там, у хроснага, не выскаляйцеся лішне,— кажа яна, не азіраючыся.— Трэба харошымі быць, каб усе хвалілі.
   — Што ж мы, сабакі — выскаляцца? — адказвае большы, Андрэй.
   — Ну, ты глядзі ў мяне! З цябе, нябось, усе свечкі і загараюцца!..
   Андрэеў хросны, дзядзька Макар, кравец. Малы, гарбаценькі, з вялікай галавой. Порткі суконныя, шырозныя — ажно ў зборкі пайшлі. У высокіх валёнках, аж ногі не гнуцца.
   Толькі хлопчыкі з мамай увайшлі у яго хату, устаў з-за машыны, пачаў:
   — Лізавета Іванаўна, кума! Андрэйка, хроснічак мой ненаглядны! Мішка!.. Сіроткі мае, чым жа вас ласаваць, чым сустракаць?
   I — эх! — заківаўся, замітусіўся па хаце. Кошык з бульбай кашкануў валёнкам пад палок, лап’ё, што ляжала на лаве, шпурнуў у запечак... А хата, хата ў яго!.. Цёмная, нізкая, ток пабіла на ямы.
   — Не прастарэкуй ты лішне, Макар. Садзіся вось ды шый.
   — А як жа ты, Лізаветка,— ты ж нешта прынесла?
   — Паспею. Дай хоць адсапціся.
   — Сядзь, дарагая, сядзь. Сагрэй бяседай сэрцайка. Яно ж і спяваецца: «Ах, божа ж мой, адзінота мая, прападае ўся работа мая!..»
   Хросны сеў за машыну, заварушыў вялізнымі валёнкам! на рашотцы, і першы цуд яго беднай хаціны — магутны «Зінгер» — загаманіў.
   Мішка спачатку, цікаўна застыўшы, сачыў, як скача-гуляе блішчасты шпянёк, як круціцца белая шпулька. А потым — усё адно і тое ж, адно і тое ж... I ён пачаў патроху ныць:
   — Мама, хадзем дадому... Мама...
   — Паспееш. I дыхнуць з-за вас няма калі.
   — Яны сумуюць, Лізаветка. Вось я вам, хлопцы, нештачка дам.
   Хросны ўзяў зэдлік, паставіў пад бэлькай і цяжка ўзлез на яго: спачатку каленьмі, а потым ужо... Хата ў яго даўнейшая: упоперак бэлек яшчэ адна бэлька паложана — трам. Хросны сігануў рукой за гэты трам і дастаў адтуль другі цуд свае хаты — кнігу!.. Абабіў з яе пыл аб шырачэзныя порткі, абабраў рукой павуцінне, падаў бліжэйшаму, Андрэю.
   — Яшчэ ў горадзе мне падарылі. Хадзяін, у якога я вучыўся шыць. Дзяцей мне госпад не дае, дык вось яна тут і ляжыць.
   У кнізе той цацкі — ну, як жывыя!..
   На першай старонцы — зямлянка, градкі капусты, а на парозе стаіць сабе вожык.
   На задніх лапках, у сіняй камзэлі, у чырвоных портках са шлейкамі, у выступках. Пакурвае люльку, глядзіць на грады і вось-вось скажа: «П-пых!»
   — Цікні,— шапнуў Мішку Андрэй.— Мой хросны!
   I абодва яны аж зайшліся ад ціхага смеху.
   — Ты, Андрэйка, чытай. Ты ж старэйшы. Бо гэта харошая кніжка. «Жыў сабе, быў сабе дзядзя Ёж...»
   А яны рагаталі, як дурні.
   Пасля пачалася прымерка.
   Хросны раскаціў на стале шарачак і аберуч пагладзіў яго.
   — Роўненькі, гладзенькі... Шоўк! Залатыя ручкі ў цябе, кумачка...
   — От, мерай ты, Макар. Каторая пара.
   — I паабедаеце, госцікі дарагія, у мяне. Пасоля з картопляй — чым багат, тым і рад. Прынцэсы мае няма: пайшла ўчора да цёшчы. Сам наварыў.
   Ён узяў пакамечаны сшытак, разгарнуў яго і, жмурачыся, пачаў выводзіць тупым алоўкам:

лізавецін. мішка. пятровіч. Штанэ

   Тады прыгнуўся са сваім «сантыметрам» да Мішкавых портак.
   — Ага,— схамянуўся ён, адагнуўшыся.— А як жа будзем шыць: бручкі абыкнавенныя ці з засланкай?
   — Ат, бручкі-шмучкі! Жартачкі — кавалеры! З засланкай ды з нагруднікам. Абодвум.
   — Даўжыня:    семдзесят    два,— сказаў і запісаў хросны.— Подшаг,— шапнуў ён і, адной рукой прыціснуўшы канец «сантыметра» ў Мішкавым куточку, другой рукой павёў «сантыметр» да лапцей.
   Сам ён, хросны, маленькі і так, а сагнецца — дык і зусім. А за ім стаіць Андрэй. Разгарнуў тую кнігу на першай старонцы, дзе вожык у портках, і — зараза! — падморгвае. Мішка надзьмуўся як сіла мага і маўчыць. Ды тут падвёў сам хросны. Ён цяжка адагнуўся і з натугі:
   — П-пых!
   Хлопчыкі пырснулі смехам.
   I мама здагадалася нарэшце што тут да чаго. Забрала кнігу, крутанула Андрэя за вуха, а кнігу, нават не стаўшы на зэдлік, палажыла на трам.
   Хросны маўчаў, зачырванеўшыся.
   Потым елі «пасолю з картопляй». I харошым, разумным хацелася быць, але дзе ж тут набудзеш?.. У хроснага лыжкі драўляныя і круглыя, як жалудовыя місачкі. А на канцах чаранкоў — яшчэ і бульбачкі нейкія. Смешна! Ну, ды гэта яшчэ нішто... Бо вось ён, стары ужо дзядзька Макар, трымае лыжку так, што тая бульбачка тырчыць у яго паміж пальцаў... Аж мама не вытрывала:
   — Што ты мне гэтай хвігай тыцкаеш пад нос? Хросны зірнуў на руку, здагадаўся і, чырвоны ад смеху, які спачатку хацеў стрымаць, прашаптаў:
   — Сорак другі год так свянчуся... Ніяк не адвыкну... I ад душы зарагатаў.
   А з ім разам, вядома, і хлопцы.
   Нават і мама, што так даўно не смяялася.
   Трэці, найбольшы цуд!

1943

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!