Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - Трохі пра вечнае

Увага!!! Поўны змест

   Над Нёманам – тры векавыя дубы. Пад першым я ляжу, гляджу на другі і на трэці. Стаіць іх тут, магутных ды прыгожых, больш, аднак мне хапае і трох. Нават і двух – таго, пад якім я прылёг у цяньку, дарагім пасля пыльнай, спякотнай дарогі, і бліжэйшага, на які я гляджу значна больш. На буслянку. Ёсць яна і на трэцім, далейшым дубе, нават і бусел там стаіць, нерухомы, як помнічак, але на гэтую, бліжэйшую буслянку, хоць і схаваную ў густой цёмна-зялёнай кроне, глядзіцца, лежачы, проста чамусьці лепш – нібы чакаючы чагосьці большага, чагосьці незвычайнага.
   Канчаецца ліпень. Бусляняты гэтай парой амаль зусім ужо дарослыя, толькі зблізку адрозніш іх ад бацькоў.
   На дубе маім, заслоненыя лістотай, дарослыя буслы ці бусляняты стаялі нябачныя, моўчкі, – я толькі здагадваўся, што яны там ёсць.
   Потым здагадка спраўдзілася. Нечаканым, велікакрылым шах-мах. Буслы ўзняліся з-за лісцяной маскіроўкі і вось – з’явіліся на блакіце. Блізка, ледзь не рукамі іх дастаць. Даўно прывычны і такі заўсёды новы цуд.
   Тут я іх пазнаў, маладых. Па дзюбах, па нагах – яшчэ не чырвоных, па тым, як яны, пакружыўшыся для размінкі над родным дубам, пачалі садзіцца на гняздо. Павіселі над ім, перабіраючы цыбамі, няўдала цэлячыся імі, каб хаця ж не міма.
   А потым прыляцеў надубны гаспадар. Чырвананосы, чырвананогі, з жабай у дзюбе – ну, проста для малюнка ў дзіцячую кніжку. На гняздо ён сеў упэўнена, адразу. I тады – апошні доказ, што першыя два маладыя, – пачулася іх нецярплівае, нават яшчэ ўсё пястотнае сіпенне.
   А мне ізноў успомніўся сёлетні сакавік.
   ...Мы яе неслі спачатку з крутога, коўзкага ўзгорка, а потым доўга па вуліцы, над глыбокай сцюдзёнай гразёю, над бруднай наледдзю, над раўчукамі, што мутна і весела булькалі насустрач нашаму сумнаму шэсцю.
   Ёй ужо было знойдзена месца ў цясноце спрадвечных магіл. Яе там засыпалі жвірам. Маю старэнькую пакутніцу-сястру.
   I ўвесь гэты час, пакуль мы ішлі і стаялі, звінеў у небе жаўранак. Здавалася, адзін усё, той самы ранні, што здуру прыляцеў ужо, не самому сабе, а камусьці на радасць.
   Пасля быў вечар, нудота і гоман п’яных памінак, а потым – ноч і раніца. Я зноў прыйшоў у гэтую хату на ўзгорку, да якое прывык за жыццё, у якой упершыню мяне не сустрэла яна, старая гаспадыня.
   Прыйшоў з нечаканым і дзіўным у гэты дзень пробліскам радасці ў сэрцы і ў першым слове на парозе...
   Чаго ж такая неадпаведная радасць?
   Узыходзячы на круты, коўзкі ўзгорак, я – нібы хтосьці мяне штурхануў – зірнуў угару, туды, дзе побач з хатай, на агародзе пад самыя хмары ўздымаецца змалку знаёмая, старая ліпа.
   На ліпу выкінуты быў – на самую вяршыню – белы сцяг вясны: там сядзеў першы сёлетні бусел. Вельмі ранні, яшчэ нечаканы.
   Я пастаяў каля плота, шчасліва намагаючыся ўявіць ягоны шлях ад пірамідаў да нашых надрэчных лугоў.
   Сашка, найменшы ўнучак мае сястры, ужо адчуў гэты вялікі цуд. Ён забаўляўся цяпер каля будкі з сабакам, натуральна шукаючы новай пацехі.
   «Хлопчык, відаць, не ўявіць бусліны вырайны шлях, як я. Куды яму з яго веданнем свету! А свежасць радасці жыцця ў мяне амаль такая ж, мусіць, як і ў яго...»
   Так думалася мне, пакуль на ліпе бялела, адпачываючы, мая зусім неспадзяваная радасць.
   Белы сцяг вясны...
   Тады ж адразу, адчуўшы гэта, я ўспомніў, што з’яву такую першы назваў так Міцкевіч, што, па-нашаму, па-пісьменніцку кажучы, гэта чужое.
   У яго толькі трохі інакш:

Bo już bocian przyleciał do rodzinnej sosny
I rozpiął skrzydła białe, wczesny sztandar wiosny.


   Не белы сцяг, а ранні. I не складзены так, як у гэтага, што на ліпе, а распасцёрты ў палёце.
   Прыйшла вясна, а потым пачалося лета. Тыдзень за тыднем мяне непакоіў той сцяг. Ездзячы па многіх вёсках і палях, бачачы іх, буслоў, я ўспамінаў таго, на голай ліпе, і дакараў сябе, што вось жа ніяк не магу адчапіцца ад думкі, дзе тут, у радасці гэтай, маё, дзе чужое.
   Гэтая думка, гэты шчымлівы клопат вярнуўся і цяпер, ліпеньскім сонечным адвячоркам.
   Чаму гэта – літаратуршчына», кніжнасць», калі я, гледзячы на буслоў, зноў вось успамінаю Міцкевіча? Цяпер ужо не аднаго, а з Рыльскім. Яшчэ вясной ад неспакою свайго я перачытваў ягоны пераклад Пана Тадэвуша»: толькі тую мясціну, дзе даецца малюнак надзвычай ранняга вяртання з выраю.

...Дочасно чорногуз на сосну прилетів,
Де вже не рік, не два гніздо його чорніло,
I крили розіп’яв, неначе прапор білий...


   Акадэмік, які і ў сівай старасці мог па-малечы хвалявацца, злавіўшы от сабе акунька (я гэта бачыў тут, над Нёманам), Максім Тадэевіч любіў навуковую дакладнасць. Да «білого прапору» ім зроблена заўвага перакладчыка:
   «Паэтычная вольнасць: у сапраўднасці бусел, маючы белае тулава і шыю, крылы мае чорныя. – М. Р.»
   Ха, ха!.. Прыемна ўсё-такі і ў акадэміка знайсці пралік!.. Гледзячы з-пад дуба на буслоў у палёце, знізу пад крылы, бачу: яны не белыя, як у Міцкевіча, але ж і не чорныя, як у Рыльскага. Яны чорна-белыя. Во!
   Але і гэта не ўсё. I тут я не зусім арыгінальны. Станіслаў Пігань, яшчэ адзін акадэмік, польскі, у заўвагах да Пана Тадэвуша», апраўдваючы паэта, піша:
   «Крылы ў яго распасцёртыя», г. зн. бачныя знізу, робяць уражанне белых».
   Але не ў гэтым для мяне галоўнае. Далей ён піша:
   «Падобнае акрэсленне бусла з распасцёртымі крыламі як белакрылага знаходзім мы яшчэ ў Авідзія».
   Вунь ажно дзе ды калі!.. Усе яны – украінец, паляк, старажытны рымлянін – ішлі ад жыцця, вялікая паэзія звязана з ім непарыўна, яна сама – жыццё, увекавечанае ў слове.
   I нежыццёвым, непраўдзівым было б замоўчваць, як, гледзячы на тое, што я бачу сам, я і ўспамінаю сказанае – ад перажытага – іншымі, перажываючы яго па-свойму, зноў.
   Клекачыце, буслы! Няхай жыве, як сонца, вечная паэзія! I тут, над нашай ракою.

1971


Крыніца: Брыль Я. Збор твораў: У 5-ці т. Т. 5. Лірычныя запісы і мініяцюры. – Мн.: Маст. літ., 1981. – 591 с.

Похожие статьи:

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")