Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Янка Брыль - Сняжок і Волечка

Увага! Поўны змест

   Вельмі выразна і прагна, як той, хто стаміўся ад смагі, успамінаю драўлянае вядро, даверху поўнае празрыстай, халоднай вады. Мама нясе яго па двары, а са страхі злятае мой голуб Сняжок і садзіцца на край вядра. Вада ў вядры калыхаецца, і піць яе нязручна. Ды голуб п’е, а мама смяецца і ставіць вядро на зямлю.
   Мама змарылася, жнучы ад рання, спяшалася дахаты, падаіць Падласку, пакарміць мяне, і зноў спяшаецца ў поле. Мы жывём першае лета без таты, і маме цяжка, а я — сірата. Ды я — мужчына, і хачу быць яшчэ большы і ўсё рабіць, каб маме было лягчэй. Я добра пасу, скрабу ўвечары бульбу, хаджу па дровы...
   Бывае, праўда, і так, што я трошкі нашкоджу і мама злуецца. Аднойчы так засядзеўся над рэчкаю з вудай, што мама поцемку сустрэла мяне на лузе. Падласка сама прыйшла дахаты, і мама вельмі спалохалася, куды я падзеўся. А то мы раз з Міхасём, маім сябрам, пачалі віць адразу дзве пугі, і не было каму патрымаць нам вяровачкі, дык мы падлажылі абодва канцы пад вазон. Мы сабе толькі паплёўвалі ў рукі, вілі, а вазон усё ехаў на падаконніку, пакуль не гупнуўся на падлогу. Мама злавала зноў, а я зноў абяцаў, што не буду нягодны. I я стараюся, а мама верыць мне, што я хачу быць добры. Бо мама вельмі добрая сама.
   Гэта ведае і Сняжок. Вада ў вядры памалу перастае калыхацца, і ён п’е, не адымаючы дзюбы.
   — Перадыхнуў бы хоць! — гаворыць мама.— От дзе хіба рассохся. I праўду кажуць, што «цягнеш, як голуб».
   Яна смяецца. Я сяджу ля вядра на зямлі, і гэтак мне добра глядзець на вясёлую маму. Таксама добра глядзець, што мой Сняжок сядзіць на краечку вядра, учапіўшыся за гэты край чырвонымі маршчыністымі ножкамі, а ў вадзе, чым больш яна аціхае, усё выразней адлюстроўваецца яго белае волле.
   I вось ён нарэшце напіўся. Паглядзеў на нас, нашурпіўся, нібы са злосці, і скочыў у ваду.
   — О, гэта дык гэта! — замахнулася мама.
   — Ты не гані яго,— крычу я,— не гані! Няхай пакупаецца!..
   Кажу таксама, што я і сам прынясу, ды мама зноў смяецца.
   — Ну, дзе там — ты прынясеш!..— гаворыць яна.— Здаравяка знайшоўся. I сама прынясу. Ды ён вады не замуціць: ён чысценькі.
   Сняжок вады не замуціў. Калі ён скончыў купацца і мама паднесла вядро на парог хлява, Падласка зусім спакойна пачала піць. П’е яна, таксама як голуб, прагна. Пакуль ён піў, яна глядзела з хлява, з-пад дручка, якім завалены дзверы, і нават раз замычэла ад зайздрасці.
   Падласка п’е, а мне прыемна глядзець, як хутка апускаецца ў вядры вада. Пасля карова чмакае пысай, цягнучы рэшткі вады, і ласа ліжа драўлянае мокрае дно шурпатым, казытлівым языком. Я люблю гэтае казытанне, і таму падстаўляю малую далонь пад халодную мокрую пысу Падласкі.
   — Я прынясу яшчэ,— кажу я,— прынясу!..
   Ды мама не дае мне вядра.
   — Прынясу я й сама.
   А мой Сняжок тым часам ужо на страсе.
   Ён ужо дакарае за нешта сваю галубку, сварыцца на галубянят. Яны сядзяць на тым баку страхі, ад сонда, і мне іх з двара не відаць. Відаць толькі Сняжок, які на самым хрыбце страхі. Ён надзімаецца і кружыцца ваўчком, і пад’язджае, як індык, і ўсё вурчыць, вурчыць!.. Я разумею, што ён кажа. Ён сварыцца на сваю белую сяброўку Волечку, якая залішне песціць малых.
   «Нат-тур-ра, нат-тур-р-ра! — сварыцца ён.— Ім, гультаям, і нар-р-руку, а ты ім пат-тур-р-рай!..»
   «Не гультаі, не гультаі, а гу-а, гу-а, гуленькі»,— гудзе ў адказ далікатная, ціхая Волечка. Яна ўжо выйшла на хрыбет страхі і вытанцоўвае вакол свайго сварлівага гаспадара. «Куды лятаць, чаго лятаць,— стараецца абараніць дзяцей.— Яшчэ каршун, яшчэ каршун, а гу-а, гу-а, гуленькі!..»
   «Які кар-р-ршун? Які кар-р-ршун?» — яшчэ больш абураецца Сняжок.
   Нарэшце, нібы выказаўшы ўсё, што ён хацеў сказаць, Сняжок узняўся, залопаўшы ў крыллі. За ім узляцела яго паслухмяная Волечка, а ўслед за імі — маладыя.
   Маладых двое, і я нікому не кажу, што ўсё яшчэ ніяк не магу распазнаць, якое з іх — голуб, якое — галубка... Яны яшчэ пішчаць і часта лезуць да дзюбы бацькоў. Сняжок дарэмна бурчыць на іх, што гультаі,— яны лятаюць вельмі ахвотна.
   Ды Сняжок ужо не злуе. Ён уздымаецца вышэй, вышэй, вышэй!.. Пасля спыняецца і, нібы ўчапіўшыся лапкамі за нейкую нябачную вяровачку, нацягнутую ў небе, пачынае заўзята куляцца. Куляецца ён вельмі спрытна, цераз спіну. Вяровачка, за якую ён учапіўся, мусіць, не адна,— яны нацягнуты, як тэлеграфныя драты. Сняжок, пачаўшы ад верхняй драціны, чапляецца за кожную — ніжэй, ніжэй, ніжэй! — а потым, усе перабраўшы, уздымаецца ўверх. Побач з ім куляецца і кружыць белай пушынкай на ветры малая, спрытная Волечка.
   Толькі малыя «гультаі», як называе іх Сняжок, не могуць яшчэ куляцца. Яны нясмела прысядаюць на распушаныя хвасты, патрымцяць крыллямі, як жаўрукі, і зноў пачынаюць лятаць...
   А я гляджу, не магу наглядзецца.
 

* * *

   Ён быў смелы і горды, мой голуб Сняжок.
   Зімой, калі я, гразнучы ў тугіх сумётах, ішоў з суседняй вёскі і нёс яго за пазухай са звязанымі крыллямі і нагамі, я ніколі не думаў, што ён — ды такі забіяка.
   Дагэтуль у нас галубоў не было. Волечку даў мне, на два дні раней, Міхась. Дзядзька Сцяпан, мамін брат, даючы мне Сняжка, гаварыў, што першую пару найлепш прывучаць у хаце. I ў нашай хаце стала вельмі весела.
   Сняжок і Волечка хутка знайшлі сабе зручны, зацішны куточак у запечку і пачалі рабіць гняздо. Тут ужо я дапамог,— церушыў ім ля печы салому. I вельмі пацешна было, як яны валачылі яе, узяўшы саломінку ў дзюбу.
   — Будуюцца,— казала мама.— Нібыта дзеравякі з лесу возяць.
   А неўзабаве, усадзіўшы ў запек руку, я абмацаў пад голубам малое цёпленькае яйцо. Праўда, дабрацца да яго было не проста. Сняжок злосна гудзеў, кляваў мяне дзюбай і хлёстка, пякуча хвастаў крылом па руцэ. Але гэтым мяне не адгоніш.
   А вось на другую зіму ён праз смеласць сваю і загінуў.
   Яшчэ быў люты, холадна было нават у хляве, дзе стаяла Падласка, а галубы ў старым, дзіравым кошыку, падвязаным пад лацінай, выседзелі галубянят... Пару маладых я ўвосені аддаў Міхасю, як мы і дамаўляліся з ім, калі ён даваў мне Волечку, і зімавала ў мяне толькі пара старых. Галубянят я заўважыў не адразу, хоць і прыходзіў у хлеў штодня. Прыходзіў спачатку ўдзень, а пасля, калі наша Падласка прывяла цялятка, прыходзіў з мамай і ноччу. Мы зачыняліся ў хляве, я трымаў лямпу, а мама даіла карову. Як прыемна было пазіраць, што на чыстай саломе ляжаў, падкурчыўшы ножкі, расставіўшы вушы, пярэсты бычок! Як прыемна было слухаць, што ў даёнку дзюрчыць сырадой, які я хутка буду есці з хлебам, што над намі, устрывожаныя шумам і святлом, варушацца і гудуць у кошыку галубы!.. Днём я заўсёды прыходзіў глядзець, калі мама паіла Падласку або прыносіла ёй есці. А то заходзіў і так.
   I вось аднойчы я пачуў у кошыку пад лацінай знаёмы піск... «Няўжо малыя?!» — усцешыўся і здзівіўся. Дык вось чаму яны, Сняжок і Волечка, апошнім часам усё сядзелі на змену ў кошыку, чаму адтуль чуваць было іх радаснае гудзенне!
   З катуха, у які мы клалі Падласцы трасянку з саломы і сена, мне ўжо не вельмі цяжка было дабірацца да бэлькі, а з бэлькі я, аберуч трымаючыся за кроквіну і ступіўшы на адну, тады на другую лаціну, далазіў да галубінага кошыка. Адной рукой трэба было трымацца, каб не ўпасці, а другой я палез у гняздо. Гэта было не проста,— Сняжок балюча дзёўбаўся і біўся крылом. А ўсё ж я абмацаў пад ім, на сагрэтай саломе, два цёпленькія, мяккія камочкі!.. Ад радасці я ўжо не злазіў з бэлькі на катух, а проста скочыў на гной і пабег з такой весткай у хату, а потым — да Міхася.
   Ды радасць наша была не доўгая. Яе забраў Сымонаў кот Жандар.
   Жандарам яго называла мая мама. Ён быў вялікі, пануры, вусаты і шкодны. Мы з Міхасём не любілі яго і ганялі, абы дзе сустрэўся.
   Зладзюга ведаў, што акенца ў нашым хляве зімавала без шкла і мы затыкалі яго саломай. Падласцы было ад гэтага цяплей, але затое цёмна. Яшчэ горш было сядзець у цемры, узаперці галубам. Калі адліжыла і засвяціла сонца, я выняў з акенца салому, каб усім у хляве стала лепш,— і Падласцы з пярэстым бычком, і галубам з галубянятамі... I вось Жандар прыпільнаваў, што я вярнуўся з коўзанкі позна, забыўся заткнуць акенца саломай, і ён залез у хлеў.
   Сняжок загінуў з боем. Дзівак! Ён думаў, як і ад маёй рукі, адбіцца ад ката маленькай дзюбай і крыллямі...
   Уранні я заўважыў ля хлява на снезе белы пух і пер’е, якога яшчэ больш было на гнаі, куды яно ападала з кошыка.
   У кошыку былі адны галубяняты. Відаць, што кот залез туды на досвітку, бо галубяняты яшчэ не змерзлі, жылі, асабліва адно.
   Яно і выжыла. Я накарміў яго з рота, сагрэў у руках і пасадзіў у запеку. Тады пабег да Міхася. Мы разам з ім падумаем, што тут рабіць. Галоўнае — злавіць і адвучыць Жандара.
   Калі я выйшаў з хаты на двор, са страхі хлява ўзляцела, залопаўшы крыллямі, Волечка. Яна спалохалася нават і мяне.
   Яна паляцела кудысьці, відаць, не могучы асмеліцца ўляцець у акенца хлява і не вярнулася, мабыць, загінула недзе, бо я больш не бачыў яе, хоць і вельмі хацеў, каб злавіць і прынесці ў запечак.
 

* * *

   Зноў вясна.
   Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань. Падласка ляжыць каля плота, на сонейку, спакойна глядзіць і перажоўвае жвайку. Яна заўсёды жуе, хоць не заўсёды ёсць што жаваць. Сёння мы з Міхасём пастараліся вельмі ўдала,— прыпасвалі сваіх кароў на панскім лузе. Падласка і цяпер маўчыць, як змоўшчыца, як і зімой, калі я цішком дадаваў ёй у трасянку больш сена. Тады мама аднойчы злавіла мяне і палаяла, а цяпер я прызнаўся і сам, пахваліўся ёй нашай удачай.
   «Асцерагайся, сынок,— сказала яна.— Пападзешся ім у рукі — не памілуюць...»
   Ды я не баюся. Што гэты луг не панскі, а наш, вясковы,— я ўжо чуў, і не раз. Што паноў усё роўна не будзе — за год ці за два,— я ведаю таксама. Аб гэтым у нас і гавораць, і песні спяваюць. 1х не будзе, а нашы каровы цяпер ужо хочуць, каб мы іх напасвілі, і таму сёння мы з Міхасём — малайцы.
   Я ўжо большы, чым быў летась, я сам выкручваю са студні вялікае драўлянае вядро з вадою, сам нясу яго поўнае ў хату і сам смяюся, успамінаючы хлопчыка Алеся, пра якога мы нядаўна чыталі ў вершы Якуба Коласа:

 

Ён дзяцюк, хлапчына,
Носіць ён вядро з вадою,
Як стары мужчына.


   I вось я, мужчына, нясу ад студні поўнае драўлянае вядро вады, а са страхі злятае мой Сняжок і садзіцца... ужо не на край вядра, а проста мне на плячо. Бо гэта ўжо не той Сняжок, а сын яго, якога я выкарміў сам.
   Я стаўлю вядро на зямлю і падстаўляю голубу далонь. Сняжок, нібы па тоўстай кладцы-бервяне, ідзе па маёй руцэ ад пляча на далонь і, спыніўшыся на далоні, пачынае вурчаць. Ён надзімаецца і кружыцца ваўчком, і ўсё вурчыць, вурчыць мне проста ў твар!.. Я разумею, што ён кажа. Ён скардзіцца мне на сваю белую Волечку, якую я прынёс яму ад Міхася.
   «Нат-тур-р-ра! Нат-тур-р-ра! — вурчыць, сярдуецца мой белы гадунец, гаворачы пра палахлівую сяброўку.— Ты не кар-р-ршун! Ты не кар-р-р-ршун!..»
   — Не, не каршун,— смяюся я і гладжу Сняжка, каб супакоіць яго.
   А маладая Волечка глядзіць на нас са страхі і, нібы ёй дрэнна відаць, паднімае раз-поразу ўверх сваю маленькую чубатую галоўку.
   Эх ты, Сняжок! Ну, што за дзіва, што ты не баішся мяне? Ці даўно гэта было, як ты, яшчэ не могучы лятаць, хадзіў за мной па хаце, пішчаў і кланяўся, растапырыўшы крыллі, прасіўся на рукі? А ці даўно ты, ужо на двары, таксама злятаў са страхі да мяне на плячо і лез з дзюбай у рот, прасіў есці? А сёння ты — вялікі гаспадар, герой, мужчына!
   I ты ўжо кружышся, вурчыш, як твой бацька, вечна нездаволены буркун. А ну, пайшоў!
   Я падкідаю Сняжка далоняй уверх. I разам з ім са страхі, палахліва залопаўшы ў крыллі, узлятае і Волечка.
   I вось яны кружаць пад чыстым блакітным небам. Дабраўшыся да тых, нацягнутых уверсе і нікому нябачных дратоў, мой белы прыгажун чапляецца чырвонымі лапкамі за драціну і пачынае куляцца. Побач з ім куляецца і кружыць вакол яго белай пушынкай на ветры малая, ціхая, спрытная Волечка.
   Няхай куляюцца! Ім будзе весела ў мяне, спакойна, добра. Жандар больш не разбурыць іх гнязда: мы з Міхасём адвучылі нягодніка. Мы парабілі цяпер такія галубнікі, што ніхто не далезе, ніхто не дастане!
   Гляджу — не магу наглядзецца...

1952

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!