Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Янка Брыль - Лазунок

Увага!!! Поўны змест


   Позняя ноч. Пад нагамі паскрыпвае свежы, марозны снег. Безліччу дробных крупінак ён іскрыцца пад ціхім і сумным святлом вулічных ліхтароў. Час ад часу прагудзе аўтамашына або, выкрасаючы дугой сінія іскры, прагрукаціць амаль зусім пусты трамвай.
   Над цёмнымі руінамі і рэдкімі агнямі горада зноў, як да вайны, пераклікаюцца гудкі заводаў. У адказ ім з вакзала або з далёкай ускраіны даносіцца не менш задорны гудок паравоза.
   Вялікія вокны друкарні напоўнены яркім святлом. Яны будуць свяціць усю ноч.
   Гэты вялізны, уцалелы ад бамбёжак і пажараў гмах стаіць ціха, без зычных гудкоў. Толькі зусім блізка праходзячы каля яго, можна пачуць нутраны, прыглушаны сценамі гул, вельмі падобны да шуму марскога прыбою.
   Гэта гудзе друкарскі цэх.
   Суцэльным гулам ракочуць вялізныя ратацыённыя машыны – камбайны друкарскай справы. Сіпяць і ляскаюць малыя руплівыя «амерыканкі». Да суму аднастайнымі раскатамі гудуць машыны, што называюцца плоскімі. I шум нагадвае марскі прыбой. Не толькі шум! Гледзячы ўздоўж лініі дзесятка гэтых машын на тое, як з-пад вальцаў узад ды наперад з мерным грукатам раскачваюцца талеры,– зрокам памяці бачыш, як кішыць на пяску пена, як неспакойна варушыцца галька, як пырскаюць угару ўсплёскі хваль, у бяссільнай злосці штурмуючы валуны...
   Думы і вобразы заключаны ў металёвыя радкі набора.
   Палосы – старонкі будучай кнігі – таксама строга і стройна заключаны ў форму. Па спускавой дошцы на барабан спаўзаюць белыя аркушы. Чорныя вальцы раз-пораз убіраюць пад сябе нагружаны наборам талер. З барабана на доўгія лучыны «пальцаў» сплываюць аддрукаваныя аркушы. Побач з машынай няспынна расце стала паперы.
   Падлетак Міхась Лазунок першую ноч стаіць каля плоскай друкарскай машыны. Ён увесь напоўнены радасцю працы над кнігай.
   Праўда, найбольш складаная і адказная частка работы зроблена без Міхася. Майстар сам спусціў і прыправіў форму, сам адрэгуляваў накладку, сам зрабіў заліўку і змазку машыны. Міхасю засталося толькі стаяць ды глядзець – наглядаць за спраўнасцю друкавання. Аднак, нягледзячы на тэта, хлопец адчувае сябе бадай што зусім паўнаякасным майстрам.
   З вышыні сваіх пятнаццаці год ён важна глядзіць на машыну. Вось яна і вялізная, і хітрая, і шмат чаго ў ёй ён не паспеў дагэтуль зразумець, а ўсё ж такі яна поўнасцю падначалена яму. Варта толькі павярнуць вось гэтую ручку ў адзін бок – і ўся гэтая музыка спыніцца, у другі – пойдзе зноў.
   Апрача таго, хто ж яму тут перашкодзіць уяўляць сябе майстрам? Сапраўдны, значыцца дарослы, майстар Іван Сымонавіч стаіць ажно каля трэцяй машыны. Абапал Міхася стаяць такія самыя, як ён, падлеткі. Усе яны – былыя вучні рамесніцкай школы паліграфістаў, першы выпуск пасля вайны. Іх школа знаходзіцца тут жа, на першым паверсе. У друкарні не хапае рабочай сілы, і таму іх выпусцілі са школы датэрмінова, у канцы першага навучальнага года. Яны паспелі прайсці толькі палову курса. Ды і гэты год не быў належна выкарыстаны з-за розных непаладкаў. Шмат часу заняла прыборка памяшкання і ўстаноўка вучэбных машын, зімой было страшна холадна. I ў выніку – яны прыйшлі ў друкарню амаль што навічкамі. Аднак, гледзячы на іх, можна думаць, што кожны з іх таксама, як Міхась, лічыць сябе ледзь не майстрам. Дык чаму ж Міхасю не лічыць?
   Міхасёву сталасць даказвае яшчэ і тое, што сам Іван Сымонавіч паставіў на талеры, збоку набора, яшчэ адно неабходнае слова: «Лазунок». Унізе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады – «Якуб Колас. Дрыгва». Лічба 3 – гэта чарговы нумар друкарскага аркуша.
   Якуб Колас – гэта імя і прозвішча пісьменніка, які напісаў кнігу пад назвай «Дрыгва». Слова «Лазунок», Міхасёва прозвішча, пастаўлена на полі аркуша дзеля таго, як сказаў майстар, што Міхась лічыцца сёння, на трэцяй змене, адказным за якасць друку. Якуб Колас адказвае за тое, як напісана кніга, а Міхась Лазунок – за тое, як яна будзе надрукавана. I як тут пасля гэтага не ганарыцца?
   Звыш усяго, як апошні доказ Міхасёвай сталасці, да яго прыстаўлена памочніца – Люда Мірончык, таксама з іхняга выпуску. Яна шмат большая за Міхася, а ўсё ж такі стаіць каля яго толькі прыёмшчыцай. Так што можна нават час ад часу, з ахвоты, зрабіць ёй сякую-такую заўвагу. Міхась даўгавата глядзіць на тое, як Люда здымае са стала аддрукаваныя аркушы і адносіць іх на стану. Усё ў яе ідзе як трэба. I за што б учапіцца?..
   – Цётка, – кажа нарэшце Міхась, – вы можа паменш хапалі б?
   – Што? – пытаецца Люда, не дачуўшы праз гоман машын.
   – Што, што... Паменш, я кажу, адбірай.
   – А што табе да гэтага? Баліць?
   – Як гэта што? Прыёмка павінна быць спраўнай. Не ведаеш, мусіць.
   –Ай-ёй! Які ж ты зрабіўся начальнік! Глядзеў бы от лепш на сябе.
   Ну што ж, прыёмшчыца яўна недысціплінаваная. Але «начальнік» не мае больш у запасе адпаведных сваёй годнасці слоў, і таму ён вырашае проста прамаўчаць. Ён кладзе ў кішэні зашмальцаваных портак чорныя ад змазкі і фарбы рукі, важна цыркае слінай праз зубы і адыходзіцца ад машыны.
   Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак, больш вядомы па хатняй яшчэ мянушцы – Цыган.
   Толя старэйшы за Міхася на адзін толькі год, але вышэйшы ён нават за Люду. Наогул увесь іх выпуск – сто сорак хлопцаў і дзяўчат, – усе большыя за Міхася. Затое яго і празвалі Бабашкай* яшчэ на пачатку вучобы, як толькі пачалі знаёміцца з прабельным матэрыялам.
   Бабашка, не вымаючы з кішэняў рук, важна глядзіць на верхні аркуш цыгановай прадукцыі. Таксама мне работа! Падумаеш – нейкія бланкі друкуе! Чорная рука пакідае цёплую кішэню і перагортвае адзін, другі аддрукаваны аркуш. Тое самае! Бабашка зноў кладзе руку ў кішэню, зноў важна цыркае слінай праз зубы і нейкі момант думае над тым, як тут найлепш сказаць Цыгану аб перавазе такой, скажам, працы, як друкаванне трэцяга аркуша «Дрыгвы», над усімі відамі дробных друкарскіх формаў – усімі гэтымі бланкамі, квіткамі... Ён толькі хоча пачаць, як раптам праз гул машын даносіцца сур’ёзны голас дарослага:
   – Эй, хлопец!
   Гэта – майстар. Бабашка, выхапіўшы рукі з кішэняў, лётам ляціць да машыны.
   – Ты што, на рабоце ці на рынку? – пытаецца Іван Сымонавіч.
   – На рабоце, таварыш майстар, – больш пакорна, чым разгублена, адказвае Міхась.
   – На рабоце, брат, так не стаяць. Гэта што?
   Майстар паказвае рукой на тры пакамечаныя аркушы.
   – Гэта, таварыш майстар, брак, – яшчэ больш пакорна адказвае Міхась.
   Больш тут нічога не скажаш. Машына як быццам у нейкай змове з Іванам Сымонавічам. Так усё было спраўна, а як толькі Міхась адышоўся, «пальцы» чамусьці няўдала прынялі два лісты, скамячылі іх, а трэці ліст наогул сышоў з барабана парваны. I майстар таксама спрытны: у момант заўважыў!..
   Як толькі Іван Сымонавіч адышоўся, Міхась з цвёрдым намерам болын ні на крок не адыходзіцца ад сваёй машыны пачынае сачыць за працай «пальцаў».
   – Таварыш майстар! Таварыш майстар! – чуваць ціхі, прыглушаны гулам машын голас. Міхась чуе яго, але не адварочваецца. Ён ведае: гэта Люда. Яна стаіць каля папяровай стапы, адвярнуўшыся, і толькі прыкідваецца, што нешта робіць.
   – Міхаіл Бацькавіч!..
   Міхась робіць выгляд, што гэта яго не датычыцца.
   – Таварыш Лазунок, што гэта ў вас? Няўжо брак?
   Далей Люда не можа трываць: яна садзіцца на стапу і звонка смяецца.
   Хочучы давесці дзяўчыне, наколькі вышэй ён стаіць над усім гэтым блазенствам, Міхась пачынае высвістваць, робячы зусім абыякавы выгляд.
   Пасля крыху супакоіўшыся, ён заціхае і задумваецца.
   ...Ат, колькі там гэтага браку! Аднак...
   Аднак у памяці зноў паўстае, як жывы, той самы дзядуля...
   Было гэта больш за месяц таму назад, яшчэ ў школе. На перапынку Міхась з нуды прадзьмухаў у абмерзлай шыбе акна невялікае круглае акенца. Стала, нарэшце, і не выходзячы з класа, відаць, што робіцца на вуліцы. Людзі ідуць. Прайшло тры машыны. Два салдаты ў кажухах праехалі на санях каля самага тратуара. А потым Міхась зацікавіўся толькі дзядулем. Ён ішоў тым бокам вуліцы, уздоўж высокага шэрага плота. Спаважна ступаў па снезе, апіраючыся на кіёк.
   – Зірні, – сказаў Міхась гэтаму самаму Толю Цыгану.
   – Вось прыдумаў, Бабашка! I рад яшчэ, як невядома што! – сказаў Цыган. А ўсё ж прыгнуўся да Міхасёвага акенца і пачаў цікаваць.
   – Дзядулю бачыш каля плота? – спытаўся Міхась.
   – Бачыш, бачыш... Я яго знаю, не толькі што бачу. Гэта ж, Бабашка ты, Якуб Колас. Ён у друкарню прыходзіў аднойчы. Мне тады завуч паказваў. Відаць, новую кніжку прыносіў. О, паглядзі,– сказаў Толя, зноў прыгнуўшыся да акенца,– ён і цяпер у друкарню ідзе. Вунь і папка пад пахай, таксама як той раз...
   Дзе там глядзець у акенца! Міхась хапіў шапку і выбег на ганак.
   Дзеля таго, каб Якуб Колас звярнуў увагу на маленькага друкарскага вучня, хлопчыку трэба было хаця б прывітацца. А ён стаяў, дашчэнту разгубіўшыся ад захаплення. Ды дзе там, зрэшты! – толькі ад прывітання, можа, нават і Коласу цяжка было б здагадацца, што рабілася ў той час у Міхасёвай душы... Дзеля гэтага трэба было б шмат аб чым расказаць.
   Перад усім трэба было б сказаць, што ў гэтай маленькай друкарскай Бабашцы, нягледзячы на яго пятнаццаць год, жыве зусім сталае сэрца. I аб тым расказаць, дзе і як яно, гэтае сэрца, так хутка пасталела.

   Фашысцкія бомбы не далі Міхасю скончыць нават чацвёртага класа. Замест школы хлопчык пайшоў з бацькамі ў лес, да партызан. Расказаць бы пра тое, як ён сядзеў у балоце ў час апошняй блакады, як яго там знайшла і выцягнула за нагу аўчарка... Фашысты спачатку білі яго таксама, як усіх дарослых, а потым разам з дарослымі везлі ў таварным вагоне. Сёння ён ведае, што іх тады везлі паліць у печах трасцянецкага лагера смерці. Тады ён гэтага не ведаў, таксама як не ведаў ніхто з дарослых. Не ведаў, але не хацеў, каб яго вёз некуды пракляты, ненавісны фрыц. Бабашка скочыў у прыадчыненыя дзверы вагона, а потым куляўся, быццам падстрэлены заяц, з высокага насыпу пад адхон. Па ім стралялі – але дарэмна.
   Пасля трэба было б яшчэ расказаць пра тое, як ён вярнуўся дахаты, у спаленую вёску. Толькі з мамай і Верай, старэйшай сястрой, бо тата іх адразу пайшоў удагон за ворагам. Расказаць бы пра тое, як маленькі чатырнаццацігадовы хлапчук ішоў сюды цэлых сорак кіламетраў пеша. Лідзія Пятроўна, настаўніца, прачытала ў газеце, што тут адкрываецца школа, у якой будуць вучыць друкаваць кніжкі. I ён адразу пайшоў. Як ён блукаў па вуліцах зусім незнаёмага горада, пакуль не знайшоў сабе сякога-такога прытулку!.. Як ён думаў пра хлеб, пакуль для іх не наладзілася сталоўка! Як ён мёрз у сваім летніку, пакуль ім не выдалі форменнай вопраткі!.. Расказваць аб гэтым трэба было б хоць бы для таго, каб давесці, што ён, Міхась, нічога не збаяўся. Што вось дамогся свайго: ён тут хутка закончыць вучобу і будзе па-сапраўднаму друкаваць кніжкі. Надрукуе тады і дзядулевы – усе тыя казкі і вершы, што так хвалявалі калісьці малога Міхаську...
   Трэба, безумоўна, трэба было б пра ўсё гэта расказаць. Але Бабашка не асмеліўся, ды і не паспеў. Ён так разгубіўся, што нават не змог прывітацца.

   Вялікія вокны друкарні зусім замураваныя дзівоснымі ўзорамі дзеда-мароза. За імі – над горадам – позняя ноч. А ў цэху – гул машын, аднастайны, як гоман марскога прыбою.
   З-пад барабана на доўгія лучыны «пальцаў» няспынна плывуць аддрукаваныя аркушы. Маленькі друкар Міхась Лазунок сочыць за імі і марыць.
   ...А што, каб цяпер – адчыняюцца раптам дзверы і ўваходзіць той самы дзядуля. Яшчэ больш: ён падыходзіць сюды, да машыны, і спачатку не кажа нічога, а проста бярэ верхні аркуш і моўчкі глядзіць. I толькі ўбачыўшы, як спраўна Міхась Лазунок друкуе яго Талаша, дзядуля кажа: «А як жа ты называется, хлопча?»
   «Ох ты, таксама надумаўся! – прыемна ўздрыгвае Міхась, як быццам прачынаючыся ад салодкай дрымоты. – Чаго ён пойдзе сюды так позна. Зрэшты, без пропуска яго і не ўпусцяць. Ды і наогул ніколі ён сюды і не хадзіў...
   А чаму б яму і не прыйсці? – зноў вяртаюцца цёплыя мары.– I пропуска яму ніякага не трэба: яго сам дырэктар прывёў бы. Тут я кнігу яго друкую, дык як жа яму не зірнуць! А што, як, і праўда, цяпер...»
   Ох, вы, мары! Не верыцца, не верыцца, а потым зноў – цік! – і паглядзіш на дзверы. Немагчымае здасца настолькі магчымым, што па ўсім табе раптам забегаюць салодка-казытлівыя мурашкі. Апусціш над працай галаву – і здаецца, што вось ён, дзядуля, стаіць над табой і глядзіць... Зробіцца неяк горача-горача, добра-добра. Проста так-такі і верыш, што вось ён стаіць...
   – Ну, памочнік, як справа?
   Ох ты!.. Ну, чаго, гэта ж майстар. Іван Сымонавіч глядзіць на Міхася і ўсміхаецца.
   – Бачыш,– кажа ён, памаўчаўшы,– глядзець трэба пільна, уважна, а задумвацца лішне каля машыны не варта. Наша, брат, справа з табой такая, што мы нічога асаблівага не прыдумаем. «Дрыгвы» мы, братка, з табой не напішам. А за гэтую штучку дык нам будзе брыдка.
   Скажы ты, і як ён заўважыць: гэтая «штучка» – маленькая доўгая плямка паміж радкамі слоў.
   – А я, таварыш майстар, не заўважыў,– зусім вінавата гаворыць Міхась.
   – Нічога, паробіш хоць з палавіну майго – заўважыш...
   Іван Сымонавіч паварочвае ручку матора ўлева, і вялікая машына паслухмяна спыняе працу. Пакуль ён, запаліўшы над высунутым талерам лямпачку, шукае і выраўноўвае ў прабельным матэрыяле тую «штучку», яка я робіць зусім непатрэбную ў кнізе плямку, Міхась сочыць за працай яго вялікіх запэцканых рук.
   – Таварыш майстар...
   – Ну?
   – Ці можна мне ўзяць адзін такі ліст дахаты? Чытаць.
   – А ты любіш чытаць? – пытаецца майстар, не адрываючы позірку ад работы.
   Яму, відаць, зусім неўпрыцям, што гэтым пытаннем ён закрануў найболын жывое месца ў душы свайго памочніка.
   – Ого! – радасна кажа Міхась.– Я чытаю, таварыш майстар, вельмі многа. Бо вось вам – зірніце сюды.
   Іван Сымонавіч перастае стукаць і глядзіць на Міхася.
   – Працуем мы, таварыш майстар, восем гадзін. Застаецца – шаснаццаць,– гаворыць Міхась. На слове «восем» ён загінае адзін палец, а на «шаснаццаць» – два.– Шаснаццаць гадзін я свабодны. Ну, дык вось і чытаеш.
   Іван Сымонавіч умее заўважаць. I цяпер ён адразу заўважае, што галоўнае тут – не «шаснаццаць гадзін»...
   – Табе б, малец, вучыцца,– кажа ён, пазіраючы ў вочы Бабашкі.
   – А я і пайду,– усцешана адказвае Міхась.– У вячэрнюю школу для дарослых.
   Пакуль майстар, выпрастаўшыся, папраўляе заключку, Міхась вырашае нарэшце спытацца ў яго пра сваё найбольш важнае.
   – Дзядзька,– кажа ён, першы раз сёння выходзячы са службовага тону,– скажыце мне, а гэтае вось слова... ну, прозвішча маё на лісце, яно і ў кнізе застанецца?
   Майстар і тут адразу здагадваецца, у чым справа.
   – Вядома, застанецца,– кажа ён.– На тое мы яго і паставілі, каб засталося.
   Гаворачы гэта, Іван Сымонавіч неяк дзіўна ўсміхаецца. Але Міхась не заўважае гэтага.
   Некалькі дзён пасля гэтага галоўны рэдактар выдавецтва, падпісваючы да выпуску ў свет першы, так званы «сігнальны», экземпляр новага выдання аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», зрабіў тэхнічнаму рэдактару заўвагу.
   – Наогул, уражанне даволі прыемнае,– гаварыў ён, гартаючы кнігу.– Чаму, аднак, паважаны Лазар Міронавіч, мы з вамі ніяк не можам поўнасцю пазбавіцца недахопаў? Хоць два, хоць адзін, хоць маленькі,– а ўсё ж такі павінна нешта быць. Вось і тут: няма чаго іншага, дык хоць абрэзку сапсавалі. Ну, чаго гэта варта, зірніце.
   Ён павярнуў разгорнутую кніжку бокам. На полі, даволі-такі далёка ад краю, стаяла зусім непатрэбнае ў кнізе слова – «Лазунок».
   – I тут вось, і тут,– гартаў старонкі галоўны рэдактар.
   Убачыўшы яшчэ разоў некалькі тое лішняе слова, тэхрэдактар нарэшце згадзіўся, што гэта – хоць і нязначны, але таксама недахоп.
   Згадзіцца з гэтым ніяк не змог бы толькі той, чыім прозвішчам было гэта «лішняе ў кнізе» слова. Дзе там лішняе! Міхась ледзь дачакаўся таго дня, калі ў кіёску з’явілася «Дрыгва» – першая кніга, у стварэнні якой ён прымаў непасрэдны ўдзел.
   I вось яна нарэшце ў яго руках!
   Іван Сымонавіч не ашукаў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча. Пусціш старонкі з-пад пальца – дык толькі і мільгае: Лазунок, Лазунок, Лазунок... Шкада толькі, што сям-там яно прыхвачана нажом, як быццам распілавана наўздоўж. Ну, ды гэта – драбніца! Бываюць і горшыя недахопы.
   Бабашка доўга стаіць каля кіёска, бясконца гартае кнігу, і ўсмешка не сходзіць з яго вачэй.


1947

Бабашка – металічны брусочак, ніжэйшы за наборную літару, які ўстаўляецца ў набор, каб зрабіць такім чынам прабел.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!