Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Янка Брыль - Жыў-быў вожык

Увага! Поўны змест

   Пачынаецца казачка так.
   Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр...
   Ды не той, пра якога хачу расказаць, а другі, зусім іншы — вялікі, стары.
   А нашага Тупалу тата злавіў у лесе і прынёс у кішэні дахаты. I гэта не казка, а праўда.
   Я быў тады яшчэ такі малы, што нават не хадзіў у школу.
   Тупала быў таксама малы, круглы, як шэры клубок, і калючы.
   Тата вярнуўся з лесу і сказаў:
   — Ну, Лёнік, я прынёс табе яблыка.
   Ад радасці я забыўся, што яшчэ вясна, што яблыкаў яшчэ няма, і ўсадзіў руку ў татаву кішэню.
   — Ай! — ускрыкнуў я, укалоўшы аб нешта пальцы.
   I хацеў ужо нават заплакаць, але тата мой засмяяўся.
   — Дзівак-чалавек, укалоў ды злуецца! — сказаў ён.— Ды гэта ж лепей за яблыка, ты паглядзі!
   I ён выняў з кішэні маленькі калючы клубок.
   Спачатку вожык наш ніяк не называўся. Ён нават разгортвацца не хацеў: як палажылі яго ў кутку, пад маім ложкам, так і ляжаў. Не на голай падлозе, а на імху. Тата сцягнуў граблямі са страхі старога хлява тры купіны моху, паслаў у кутку — і выйшла пасцель.
   Мох зялёны, пушысты і цёплы. А шэры клубочак ляжыць на ім і ніяк не хоча разгортвацца. Я наліў яму ў сподак малака і паставіў каля самага моху. А вожыку хоць бы што...
   Тады я лёг побач з ім на падлозе і хацеў ляжаць, пакуль ён не разгорнецца.
   На дварэ змяркалася, і пад ложкам рабілася цёмна.
   — Дурненькі ты,— сказала мама.— Ты яго толькі не чапай, ён і сам малако тваё знойдзе.
   I праўда, толькі я лёг у ложак і ў хаце зрабілася ціха, як у куточку пад ложкам нешта ціхенька заварушылася і пачало вось гэтак чмыхаць:
   «Ту-ту-ту-пых! Ту-ту-ту-пых!..»
   А потым па дошках падлогі затупацелі маленькія мяккія ножкі.
   — А што, не гаварыла я,— сказала мама.— Не палохайце яго, дык ён і малако пачне хлябтаць.
   I праўда, мы памаўчалі, і неўзабаве пачулася, што нехта маленькі хлебча. Не так, як кот, а так, як парасяты, — плямкае.
   — Ой, тата, я пагляджу!
   Тата даў мне запалкі. Я ціхенька злез на падлогу, укленчыў, нагнуўся пад ложак і выняў з карабка запалку. Але як толькі яна чмыхнула і засвяціла, каля сподка я ўбачыў той самы калючы клубочак.
   Ды ён ужо ляжаў не на імху, а на голай падлозе, і малака ў сподачку было менш, як раней...
   Клубок тупацеў усю ноч, і за гэта мы пачалі называць яго Тупалам. А за тое, што ён хутка перастаў баяцца і не згортваўся больш, калі я пазіраў на яго, я ніколі не забываўся даваць яму есці.
   Спачатку даваў толькі малако, а потым аднойчы разбіў яму на сподак яйцо. Тупала лішне не казырыўся,— панюхаў трохі і пачаў хлябтаць.
   З нашым цюцікам Мурзам ён не хацеў сябраваць. Як толькі ўбачыць яго — у клубочак, і ўсё. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых іголак, заматаў галавой і фыркнуў — не спадабалася. Тады ён прысеў, абняў клубочак лапамі і паспрабаваў яго ўкусіць. Але зноў укалоўся, ды гэтак балюча, што зазлаваў і пачаў уядацца, брахаць. Скакаў, скакаў вакол клубка, а потым яшчэ раз асмеліўся дакрануцца. Ударыў клубочак лапай, як кот па мячыку, заскуголіў, адбегся і лёг.
   «Добрыя гулі,— хацеў ён сказаць,— я забаўляцца з табой хачу, а ты — нягодны, колешся».
   Ды ён не сказаў гэтага, а толькі лізаў сваю лапу і скардзіўся, хныкаў.
   Вусаты Фядот любіў грэцца на сонцы, калі яно свеціць у хату. Сядзе на падлозе, зажмурыцца і мурлыча. На Тупалу ён і глядзець не хацеў, не толькі што з ім гуляць. I нават калі клубочак разгарнуўся аднойчы, сам падышоў да ката і, наставіўшы лычок, панюхаў, наш Фядот толькі лыпнуў спрасонку вачыма, і ўсё. Сядзіць сабе, дрэмле, мурлыкае.
   Няма з кім Тупалу пасябраваць.
   I стала вожыку сумна.
   У кухні нашай жыла квактуха з куранятамі. Спачатку яны былі маленькія, нібы камочкі жоўтага пуху, і ўсё пішчалі, дзёўбалі тварог і мітусіліся па земляной падлозе кухні, як сонечныя зайчыкі. А потым падраслі, квактуха пачала вадзіць іх на двор і толькі начаваць прыводзіла ў кухню. Сядзе пад лавай, затуліць іх крыламі, яны паціўкаюць трохі і спяць.
   I вось Тупалу стала зайздросна. Уночы ён ціха залез пад квактуху, прымасціўся пад цёплым крылом і давай ад радасці варушыцца. Кураняты прачнуліся і заціўкалі. Квактуха хацела пашкадаваць іх, мацней прытулілася крыламі і раптам закрычала так моцна і так спалохана, што ўсе мы ў хаце прачнуліся.
   Як толькі мама запаліла лямпу, квактуха ўсхапілася, сонныя кураняты з піскам рассыпаліся па кухні, а ў кутку, на тым месцы, дзе яны сядзелі, застаўся шэры калючы клубок. Квактуха пазнала яго, узлавалася і дзюбнула — моцна, балюча.
   — Ну, вось,— казала мама, выносячы Тупалу з кухні,— вось ты і зарабіў. Бачыш, чаго табе захацелася, жэўжык!
   Каб жэўжыку было весялей, я зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў яго на падлозе. А ён ужо тупаў па хаце і ўдзень, не баяўся нікога. Падышоў да люстэрка, наставіў лычок, паглядзеў і надзьмуўся. Каб пастрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яны абодва разам зрабілі:
   «Пых!»
   Мы засмяяліся, тата і я, а вожык вельмі здзівіўся. Што такое?.. Паглядзеў, паглядзеў у люстэрка, асцярожненька дакрануўся чмысікам да шкла і як быццам усё зразумеў. Адышоўся і больш не глядзеў у люстэрка.
   Тады тата сказаў мне:
   — Лявон...
   Заўсёды мяне называлі Лёнікам, але як толькі тата хацеў пагаварыць са мной, як з дарослым, ён гаварыў мне Лявон.
   — Ведаеш што, Лявон,— сказаў ён тады,— давай выпусцім вожыка, га?
   — А навошта? — здзівіўся я.
   — Як навошта? Ён пойдзе да іншых вожыкаў.
   — Ну і што?
   — Як што? Зробіць сабе хатку дый будзе жыць. I яму будзе там вельмі добра і весела, не тое што ў нас. Што ты скажаш, Лявон?
   — I панясем яго з табой у лес?
   — Навошта ў лес? Пусцім у грады, а ён ужо сам куды захоча, туды і пойдзе.
   I мы занеслі Тупалу ў агарод.
   ...Кажуць, што ў той вечар я выйшаў на вуліцу і там, дзе стаялі мужчыны, сказаў:
   — Добры вечар. Хочаце, я вам казку скажу?
   — Ну скажы.
   I я сказаў:
   — Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр.
   — Што, і ўсё?
   — Ну, пэўна ж усё. У казцы. А нашага мы выпусцілі. Во!..
 


1949
 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!