Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Янка Брыль - Галя

   Гэты твор Янка Брыль пісаў летам 1952 года, калі ў літаратуры панавалі схематызм і сацыялагізатарскі падыход да адлюстравання рэчаіснасці.    Жыццёвыя нягоды Галі — галоўнай гераіні твора —звязаны з мінулым: да верасня 1939 года пры панскай Польшчы ў яе было сіроцтва і беспасажная маладосць. Адсутнасць жыццёвай перспектывы, вымушаная разлука з каханым Сяргеем Юрачкам змусілі яе выйсці замуж за нялюбага багатага кулацкага сына Міколу Хамёнка. Падчас акупацыі Галя выпадкова зноў сустрэлася са сваім каханым, пачула яго голас і прыйшла ў адчай, параўнаўшы нялюбага мужа з суджаным.
   Пасля заканчэння вайны і далучэння Заходняй Беларусі да БССР сацыяльныя ўмовы, у якіх жыве гераіня, змяняюцца. Муж Галі хутаранец-багацей Мікола Хамёнак робіцца чалавекам, пагарджаным у грамадстве, а былы парабак Сярожа, смелы партызан і савецкі актывіст, наадварот, набірае вагу. Але ўсё ж у творы галоўнае не сацыяльны фон і не праслаўленне светлай сацыялістычнай явы. Чуючы гул трактара, на якім Сяргей арэ калгаснае поле, Галя пакутуе ад сваёй няспраўджанай жаноцкасці. Яна зноў і зноў уваскрашае ў душы былое пачуццё, разумеючы, што вярнуць шчасце немагчыма. Разам з тым у яе душы жыве прывідная надзея на будучыню, хоць розум і падказвае, што яе і Сяргеева дарогі разышліся назаўсёды.
   Апавяданне "Галя" — твор маральна-філасофскага плана. І ўзаемаадносіны герояў, іх пачуцці не такія адназначныя, як можа падацца на першы погляд. Каханне Сяргея і Галі — першае юнацкае пачуццё, якое не вытрымала праверкі часам, можа, і таму, што героі вельмі мала былі разам і добра не ведалі адзін аднаго, а значыць, і мала давяралі адно аднаму, слаба ўсведамлялі сваю сумесную будучыню. Вобраз Міколы Хамёнка, Галінага мужа, Янка Брыль таксама паказвае ў развіцці. Ён і сапраўды па-свойму вельмі моцна кахае Галю, але ўзяўшы яе за жонку, не бачыць у ёй блізкага сябра, дарадчыцу, не ўлічвае складанасць яе жаночай натуры і не імкнецца дамагчыся ад яе ўзаемнага пачуцця.
   Праблема незваротнасці часу, непапраўнасці зробленых памылак і складае сутнасць драмы гераіні і галоўную ідэю апавядання. Партрэты Сярожы і Галі Янка Брыль вымалёўвае ў фальклорных традыцыях, падкрэсліваючы тыповыя для народнай творчасці дэталі: светлыя валасы, задорнасць і спрыт у Сярожы і чорныя бровы, румяны тварык, чырвоную хусцінку з залатымі каласкамі ў Галі. Але гэтую фальклорную статычнасць аўтар падае ў руху, тым самым напаўняючы рэальнай жыццёвай дынамікай традыцыйную вобразнасць. "Дачакаўшыся такту, Юрачка тупнуў і завірыў. Малыя боцікі яго ледзь краналіся дошак падлогі, то раптам гулка білі, як выгаворвалі чачотку. Вакол яго светлавалосай галавы толькі мільгаў румяны тварык пад чырвонай хусцінкай. А ўсё ж такі можна было прыкмеціць, разглядзець і залатыя каласы на чырвані і чорныя бровы".
   Прырода ў апавяданні выступае ўвасабленнем ладу і супакою. "Над шчоткай меднага калосся — шэрыя неўтаймаваныя вераб'і. Дажылі да раскошы. Так і лётаюць, так і шчабечуць, так і садзяцца на каласы, нібы пчолы на кветкі. Толькі тыя заўсёды працуюць, гудуць сваю песню сур'ёзна, а вераб'і цяпер шчаслівыя без клопату. Зусім легкадумны народ". Гэтай светлай летняй ідыліі кантрасна супрацьстаяць душэўныя перажыванні гераіні. Сіла няздзейсненага пачуцця прымушае шчымець Галіна сэрца, яе каханне настолькі моцнае, што, здаецца, можа зрушыць горы і перамяніць лёс. Але такі фінал магчымы толькі пры ўзаемных пачуццях, а Сяргеева сэрца зацята маўчыць, затаіўшы крыўду.
   Паводле жыццёвай логікі шчаслівы фінал твора немагчымы, толькі цуд здольны зноў паяднаць Сяргея і Галю. І гэтым цудам робіцца гул трактара, які гучыць голасам абражанага Сяргеевага сэрца. Самы непаэтычны прадмет — трактар выконвае ролю казачнай рэчы, ён не проста арэ і гудзе, не даючы гераіні спаць, а абуджае яе душэўныя ўспаміны, прымушае як бы нанова перажываць сваё жыццё: уздыхаць, раскайвацца, спадзявацца і смяяцца над сабой. I менавіта гэты трактарны гул прымушае Галю зрабіць выбар — пачаць жыць па-новаму, ступіць на іншую жыццёвую дарогу, дзе яна можа рэалізаваць сябе як духоўна багаты і актыўны чалавек.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!