Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - Адзін дзень

Увага! Поўны змест

1

   Пакуль Ліда Свірыд не спаткала ў пушчы трох партызан, маладзіцы здавалася, што ўжо загінула ўсё.
   Гэтае «ўсё» пачыналася з хаты на хутары, свайго гнязда. Беднае было яе гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іх птушанё — дзевяцімесячная Верачка. Недалёка ад хутара была вёска Ляды, дзе Ліда таксама была калісьці птушанём, а потым вольнай птушкай. Там жылі цяпер — мама, якая спачатку прыходзіла вучыць Ліду купаць Верачку, і тата, які пасля смерці Андрэя памагаў... не памагаў, а проста ўрабляў, як сваю, і яе, удовіну, гаспадарку. Там быў Мікола, старэйшы, сямейны брат, былі сяброўкі і сябры маладосці, сваякі і суседзі. За Лядамі — Ямнае, Градкі, Зарэчча, Грачанікі — бліжэйшыя вёскі, у адну з якіх выйшла замуж Марыля, сястра, у другую — Зіна, найлепшая сяброўка, у трэцяй — дажывала веку добрая цётка Настуля...
   Адным словам,— быў свой невялікі круг, родная частка вялікага свету, з сярэдзінай, сэрцам — Верачкай.
   Перасякаючы гэты круг, з поўдня на поўнач плыў Нёман. Таксама родны, свой, аплаваны ўлетку, абкоўзаны зімой.
   У Лядах на Нёмане стаяў партызанскі дазор, а ў зрубе, сяк-так накрытым бульбянікам,— застава. У зрубе, а не ў хаце, таму што ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Цяпер былі толькі зямлянкі, павеці, азяроды, пад колас крытыя пагрэбнікі, абгарэлыя платы і неяк асабліва аголеныя і самотныя ліпы, высокія грушы-дзічкі, бярозы і клёны. Паміж зямлянак, дрэў, платоў і чорных струп’яў котлішч заўсёды на вачах стаяў гэты незвычайны зруб. I, толькі паглядзеўшы на яго, на душы рабілася лягчэй і спакайней — і за дзіця, і за сябе, і за добрых людзей. Начамі з пушчы за Нёман выязджалі разведчыкі, выходзілі ўзводы, часам цэлы атрад ці брыгада. I толькі пачуўшы, як гаманілі вясёлыя хлопцы, як коні іх фыркалі і грукацелі па дошках парома або плюхацелі вадою ў бродзе, добра было ад думкі, што вось і сёння Верачка ціха засне і сама адпачнеш, а ўранні зноў устануць усе ды возьмуцца за працу, амаль што таксама спакойна, як да вайны.
   Гэтак было датуль, пакуль не пайшла па людзях гаворка пра вялікую, нечуваную бяду, якая называецца зусім новым і вельмі страшным словам — блакада...
   I вось яна, тая бяда, падкралася непрыкметна.
   Гэта сталася перад самай касавіцай. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. У Дуброве за Градкамі, дзе быў мост насупраць лагера брыгады «Сокал», бой разгарэўся надоўга. А ў Лядах заставу — пятнаццаць хлопцаў — разграмілі аж надта раптоўна.
   Ліда толькі паспела ўсхапіцца з пасцелі, зірнуць у акно і выбегчы на двор, а людзі ўжо беглі, уцякалі ў пушчу: старыя, дзяўчаты, дзеці... Схапіўшы адно, чаго ёй нідзе і ніяк немагчыма забыцца — сваю сонную, цёплую Верачку,— паляцела і Ліда.
   Ззаду, на Нёмане і ў вёсцы, чуўся крык, страляніна, узнімаўся пажар. Над галовамі ўцекачоў, абганяючы іх, звінелі кулі, а міны цяжка гупалі то тут, то там, злосна брызгаючы вакол сябе вісклівымі асколкамі. Дарогай і полем, па зелені збожжа, бегла многа людзей. Ліда з дзіцем ніяк не магла іх дагнаць. I не таму, што цяжка было ці нязручна, а таму, што, як толькі яна кідалася бегчы хутчэй, малая прачыналася і зноў заходзілася плачам. Толькі з Верачкай дабегла яна да першых каля лесу кустоў — і там ужо нікога не было. Кустамі, калечачы босыя ногі (тут толькі ўспомніла пра боты пад ложкам), дабегла да бярэзніку. Пасля ўбілася ў росны гушчар і, ныраючы пад галлё, сарвала хустку, парвала сукенку і двойчы спатыкнулася. I толькі тады, калі спатыкнулася на ламачыну трэці раз і ледзь-ледзь не ўпала, Ліда пайшла памалу, тулячы дачушку да задыханых грудзей.
   — Ціха, ціха, галубка мая,— гаварыла яна.— Ну, не плач...
   А сама ўжо гатова была і заплакаць.
   Яна засталася адна. Спераду быў толькі лес, а на руках — дзіця, з якім не паспяшаешся, нікога не дагоніш. Ды і як даганяць, куды бегчы? А тут, глядзі, дагоняць і цябе... Вунь як страляюць — бліжэй ды бліжэй...
   Гэты жах нарадзіў недарэчную думку аб тым, што ўсё, што за ёй,— загінула. А цяпер... а цяпер і яна...
   — Ціха, ціха, малая мая... Ну, не плач...
   Вусны шапталі, прасілі, а вочы ўжо плакалі...
   Сонца толькі што выбралася з-за дрэў у чыстае неба, калі маладзіца, усё ўцякаючы ад грукату гармат і страляніны, наткнулася ў гушчары на трох узброеных людзей, адзін з якіх трымаў за павады каня. Спачатку, не пазнаўшы іх, яна жахнулася, а потым радасна ўскрыкнула:
   — Хлопчыкі!..
   Там былі: Жэнька Саковіч, Тадорын Іван і Серада з Грачанікаў. З імі больш года партызаніў яе Андрэй.

 

2

   Тры партызаны, адзін з іх паранены і толькі адзін з канём,— вось і ўсё, што засталося ад разведкі іх атрада.
   ...Гэта сталася так нечакана і хутка.
   На досвітку яны вярталіся з задання. Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім пяску. Коннікі зноў пачалі гаварыць і закурваць.
   Вызначаючы кароткі начны шлях бяссоннага летняга сонца, на поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Сонца, якое, здаецца, так нядаўна села амаль на паўночным захадзе, перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход і спынілася, каб пачаць памаленьку выплываць наверх. Яно было яшчэ глыбока за. пушчай, таму што над грэбенем лесу яшчэ ўсё нясмела займалася сапраўдная зара ўсходу. А па меры таго як яна разгаралася, рэшткі вячэрняй зары патухалі. Вось- вось павінен быў прачнуцца ў збожжы першы жаўранак і, атрасаючы свежыя кропелькі з шэрага, цёплага пер’я, узняцца над полем, абвяшчаючы захопленым шчэбетам пачатак новага дня.
   Шура Сучок ехаў сёння далёка спераду. Каштанка аднастайна тупала, нудна парыпвала сядло. Аўтамат, як заўсёды, вісеў перад грудзьмі. Нават і Шура, вельмі асцярожны і ўважлівы хлопец, глядзеў наперад спакойна. Вось толькі пераехаць гасцінец, праехаць каля гэтых вёсак, а там трохі лугам — і лес. Ды і вёсак, дакладна кажучы, няма: гэта адно Загароддзе, якое ляжыць на ўзгорках абапал звілістай рэчкі Вужанкі. Надаючы кірунак усёй групе, каля першай палавіны вёскі Шура павярнуў управа, пераехаў шырокі пясчаны гасцінец і патупаў з узгорка ў лагчыну, да мосціка...
   Нядаўна з Шурам здарыўся адзін, здаецца, нязначны выпадак, які запомніўся хлопцам у атраднай разведцы. У тую ноч яны былі на заданні пад самым бокам фашысцкага гарнізона. Шура стаяў на пасту за апошнім будынкам вёсачкі. Калі ж па яго пасля паехалі, хлопца не знайшлі на ўмоўленым месцы... Устрывожаныя сябры кінуліся шукаць. Сучок стаяў за дрэвамі, не больш трохсот крокаў ад першых дамоў мястэчка, дзе пачыналіся гарнізонныя драты.
   «Ну, і да чаго ж гэта? — крычаў пасля камандзір.— Каму гэта патрэбна было б, каб цябе раздушылі, як хрушча? Эх ты!..»
   «Я, каб што-небудзь такое,— апраўдваўся Шура,— спачатку даў бы вам знак, каб вы змаглі спакойна адысці».
   «А сам?»
   «Сам? Чорт яго ведае»,— засмяяўся збянтэжаны хлопец.
   Ён быў, як аказалася, зусім не падрыхтаваны да такога пытання. «Сам,— сказаў ён на скорую руку,— таксама нешта рабіў бы...»
   Гэты дробны выпадак яшчэ раз паказаў разведчыкам, пра што менш за ўсё задумваўся іх сціплы, маўклівы таварыш, якому толькі цяпер, на другім годзе прабывання ў атрадзе, пайшоў васемнаццаты год...
   Як толькі Каштанка затупацела па дошках мастка, Шура ў момант заўважыў, як у другой палавіне Загароддзя ад гумна да хлява мігнуўся, перабег, прыгнуўшыся, нехта чужы. Ззаду былі таварышы, і Шура даў ім знак, узмахнуўшы рукой, а сам ірвануўся туды, да гумна...
   Пакуль юнак, прашыты чаргой кулямёта, паспеў асунуцца ў нейкую цёмную бездань, у лагчыне паміж дзвюма палавінамі вёскі з усіх бакоў затрашчаў перакрэсны агонь. Разведка апынулася ў пастцы.
   ...Жэнька Саковіч падумаў спачатку, што ён апамятаўся першы і ад яго пачалося тое, што яны, чатырох з дзесяці, сабраліся на ўскраіне лесу. Таксама мог думаць і кожны: гэтак цяжка было зразумець, як яны змаглі вырвацца з кальца знішчальнага агню.
   Каля рэчкі, на першай прагаліне лесу, яны зноў напароліся на кулямёты. Цяпер стралялі з танкаў, замаскіраваных у кустах. Тут застаўся яшчэ адзін таварыш, вясёлы Ляўко, тут пад раненым Жэнькам забілі каня, і тут ужо хлопцы дагадаліся, што справа — не так сабе, што гэта не звычайныя засады. Калі ж неўзабаве, як быццам па сігналу гэтых дзвюх засад, на поўначы, відаць, каля брыгаднай пераправы на Нёмане, разгарэлася кулямётная траскатня, узмоцненая выбухамі мін і грукатам гармат,— усё нарэшце зрабілася ясна...

 

3

   — Дык што ж гэта робіцца, Ліда?!
   Пытанне прагучала недарэчна. Злосны — то зноў нарастаючы, то крышку радчэйшы — трэск кулямётнага агню ўсё больш ды больш набліжаўся. Выбухі мін і снарадаў лажыліся недзе зусім недалёка. Хто з партызан мог звярнуцца з такім запытаннем да жанчыны, якая і так была амаль непрытомнай ад жаху? Хто яго ведае,— кожны, здаецца, гатоў быў спытаць. Яны стаялі навокал Ліды. Яна ж была адна з таго боку, ад Нёмана, адкуль пачалося. Аднак і яна не магла ім нічога сказаць, дзе брыгада, дзе іхні атрад, як далучыцца да сваіх... Яшчэ горш: вось яна, зусім не зважаючы на іх прысутнасць, вызваліла з-за станіка поўную, маладую грудзь. Дзіцёнак прагна ўткнуўся ў яе, прытуліўся і змоўк. Тады Жэнька, як быццам успомніўшы нешта, дастаў з сумкі пакецік бінта і, працягнуўшы яго Івану, папрасіў:
   — Вазьмі, брат, падвяжы ты мне руку на шыю: нешта цяжкая стала.
   — Дык ты паранены, Жэня?.. — спалохана спытала Ліда.
   — Нават і перавязаны ўжо,— усміхнуўся Жэнька, неяк сарамліва гледзячы на Ліду...
   Яе маленькая, сагнаўшы першую смагу, пакінула ссаць, смачна цмокнула губкамі, паглядзела на траву і працягнула ўніз смешна маленькую ручку з ружовымі, расстаўленымі пальчыкамі.
   — Ня,— сказала яна.
   Маці, якая адна ведала мову дзяўчынкі, прызвычаеным рухам зашпіліла станік і машынальна, як быццам між іншым, нагнуўшыся да высокай лясной травы, скубанула рукой. Выскубла цэлую жменю, але маленькая ручка з ружовымі пальчыкамі знайшла ў гэтай жмені патрэбнае ёй. Гэта быў белы, пушысты, нібы дзіцячая шапачка з трусінага пуху, дзьмухавец. Як толькі пальчыкі малой згарнуліся на кветцы ў кулачок, ад кветкі засталося трошкі пуху. Ды і той быў зусім нясмачны. Засліненыя ружовыя губкі пачалі яго нездаволена і па-дзіцячаму няўдала сплёўваць. У іншы час толькі б смяяцца на гэтае цудоўнае нездавальненне!.. Нават і цяпер нешта цёплае заварушылася ў душы, але тут...
   Тут з прарэзлівым ровам над вершняком шуганула вялізная цёмна-срэбраная птушка. Хлопцы раптоўна прыселі, Ліда нават упала, з ускрыкам затуліўшы сабой Верачку. Жэнька паспеў заўважыць, як з-пад крылаў жалезнай птушкі, здаецца, проста над імі аддзяліліся два прадаўгаватыя прадметы.
   — Бомбы!..
   Яны распіралі паветра і доўга, бясконца доўга сіпелі, пасвіствалі, вылі, спяшаючыся ўрэзацца ў зямлю. Гэта толькі здалося, што яны адарваліся з-пад крылаў над самай галавой: два страшныя выбухі, адзін за другім, скаланулі паветра воддаль ад іх. Што там людзі і конь,— нават зямля захадзіла ад выбуху! А потым пайшлі асколкі. Адны з іх тонка, як пчолы, звінелі па версе, збіваючы галінкі і лісцё, другія гулі таўсцей, як чмялі, і злосна чокалі, уядаючыся ў галлё і камлі. Адзін — вялікі і зычны — дайшоў праз гушчар зусім блізка, да гэтай вось стромкай алешыны. Падсечаная, яна нездаволена крахнула, пастаяла нейкі, амаль няўлоўны, момант, а потым памалу паехала ўніз. Зачапіўшыся верхавінай за верхавіну другой, малодшай алешыны, неяк дзіўна выкруцілася ўбок і, цярэбячы голле сяброўкі, гупнула на траву. Тады ўжо, вырываючы з рук павады, шарахнуўся зусім спалоханы конь.
   Да Жэнькі страх прыйшоў пазней, калі, пакрываючы зумканне апошніх асколкаў, заплакала, задыхаючыся ад жаху, маленькая дзяўчынка.
   — Пойдзем, Ліда, з намі,— сказаў ён.— Не плач.
   Але куды ж ісці?
   Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка...
   Дык і яны пайшлі туды.
   Праз некалькі хвілін дарожка раптам здрадзіла. Абмінаючы мокрую лагчыну, яна павярнула крута ўлева, якраз туды, адкуль найбольш блізка чуваць быў агонь. На поўдні грымела таксама. Вольным пакуль што заставаўся толькі ўсход. А на ўсходзе, абыякава да гэтай жменькі людзей, распасцёрлася парослае хмызняком балота.
   — З канём сюдой не пройдзеш,— сказаў Серада.
   Ён рассядлаў каня, сядло на ўсякі выпадак закінуў у кусты, пасля, нібы дома, на грачаніцкім выгане, зняў і аброць. Тады нават хлёстка, як гаспадар, закончыўшы сяўбу, сцебануў каня аброццю па хвасце і, ледзь што не весела, крыкнуў:
   — Эп, Сівы!.. Усё, па вайне!..
   Недарэчная думка аб тым, што за імі загінула ўсё, была вось гэтак выказана ўпершыню.
   Відаць, для таго, каб яшчэ больш апраўдаць яе, Серада працягнуў да сяброў руку з акрываўленым пальцам.
   — Перавяжыце каторы,— сказаў ён.
   Жэнька здзіўлена паглядзеў на яго, памаўчаў, а потым левай, здаровай рукой выняў з кішэні хусцінку.
   — Вазьмі. Яна яшчэ трохі чыстая.

 

4

   Яны прабіраліся на ўсход па балоце, парослым кустамі. Скакалі па куп’і, спатыкаліся на найбольш хісткія, тванню падмураваныя купіны, правальваліся або падалі, гразлі, выбіраліся зноў і зноў упарта ішлі наперад.
   Першы ішоў малы, каржакаваты Серада. За ім спакойна, шырока ступаў вечна маўклівы Тадорын Іван, худы, жанаты мужчына. Ён нёс два аўтаматы — Жэнькаў і свой. За Іванам спяшалася Ліда. За Лідай — самы малодшы, высокі, яшчэ па-юнацку ссутулены Жэнька. Правая рука яго, прастрэленая, вісела на перавязі. Няважна, наспех перавязаная рана яшчэ ўсё — чуваць было хлопцу — крывавіла, а пальцы рукі звісалі з бінта, як перабітае крыло. Бровы пад лінялай армейскай пілоткай былі насуплены, а чорныя вочы глядзелі панура — не толькі ад болю...
   Страляніна і выбухі мін і снарадаў памалу сталі прыціхаць, аддаляцца на захад. Больш выразна чуваць былі выбухі самалётных бомбаў. Некалькі разоў над балотам, заганяючы хлопцаў і маладзіцу з дзіцем у кусты, нізка гудзеў бамбавоз ці тарахцеў, падобны на страказу, самалёт-разведчык.
   Найцяжэй было Лідзе. Скакаць па куп’і з цяжарам, утрымліваць раўнавагу з занятымі рукамі, падаць так, каб не ўдарыць дачушку, і ўставаць разам з ёю,— было аж вельмі зашмат на жаночую сілу.
   Ужо два разы маўклівы Тадорын Іван спыняўся і гаварыў:
   — Дай, можа, я паднясу.
   I два разы яна адказвала:
   — Нічога. От ідзі.
   Тым часам сонца схіліла з поўдня. Маці сама не адчувала б таго, што ад рання яе сушыць смага, што галодная,— сама не ўспомніла б, дык кажуць аб гэтым грудзі. Верачка цягне і плача: прапала малако. Звыш таго, малой было зусім незразумела, навошта ёй цярпець усе гэтыя непрыемнасці, і яна рашуча пратэставала. Пратэст гэты выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам, які цяжка было супыніць. Яна то сціхала парою, стомленая ці супакоеная лягчэйшай дарогай, то зноў, пры новай цяжкасці, заходзілася плачам. Маці туліла яе, галубіла, прасіла і папракала, быццам дарослую, плакала нават са злосці, а потым, зноў уявіўшы, што можа здарыцца з гэтай светлай, маленькай галоўкай, цалавала дачушку яшчэ гарачэй, прасіла ў яе прабачэння...
   З усіх сіл намагаючыся не адстаць ад мужчын, Ліда напружвала ўсю сваю ўвагу ў той бок, адкуль яна баялася пачуць страшнае слова аб тым, да чаго можа давесці іх гэты плач... Ёй хацелася злавіць кожны найменшы позірк папроку і злосці. Хацелася проста самой заглянуць у кожную з гэтых трох душ, каб дакладна і найхутчэй даведацца, што хлопцы думаюць...
   Праўда, хлопцы пакуль што маўчалі.
   Толькі адзін Серада гаварыў.
   Бо вось ён стаў як быццам нейкім камандзірам, лепш сказаць — павадыром. Ён узяўся правесці іх туды, дзе ёсць, як ён кажа, зусім надзейная схованка. Доступ туды ведае толькі ён адзін. Іхняя вёска Грачанікі — усе лесуны, толькі і жылі з заработкаў у лесе.
   — Туды, браток,— гаворыць ён,— нават баба Ганна не дойдзе. Па гэты самы бабскі жывакост. Мяне бацька-нябожчык вучыў. Пры Польшчы — не так, а вось у саракавым, як Саветы прыйшлі, вось тады, браток, пачаў я аграбаць капейку. Тады мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка, дый толькі. Пра нас з Сабалёвым Іванам нават газетка пісала: ударнікі...
   Ён расказвае пра тую бярозу-чачотку, з якой нешта робяць у самалётах. Яна расце недзе там, у найбольшай глушы, куды іншыя людзі могуць прайсці толькі зімой, як перамерзне балота. Недзе там, на адным з тых балотных астравоў, дзе фашысты не знойдуць Верачку. Абы толькі ён, Серада, не заблудзіў. Абы толькі дзіцятка маўчала...
   Ой, мамачка, зноў!.. Зноў спатыкнулася, упала, пусціла адну руку, каб абаперціся і ўстаць. А яна праз траву палезла ў гразь — аж па локаць... Дзякуй табе, Іван,— ты зноў дапамог. А малая заплакала зноў. Ах, ды ціха ты, ціха, гора маё!..
   — Каб я не знаў дарогі, не павёў бы,— чуваць спераду той самы голас.— Давяду. Там мы як у бога за пазухай прасядзім. Вось толькі што музыкі з намі зашмат. Пачуюць недзе немцы і — па ўсім. Бяда.
   — Ну, ды ціха ты, ціха, дачушка...
   Жэнька моўчкі ішоў за Лідай, перамагаючы боль, моўчкі слухаў плач малое, бясконцае гугненне Серады і думаў:
   «...Чаму ён так крыкнуў на Сіўку: «Усё, па вайне!»? А гэты палец, які ён нават з радасцю нам паказаў?.. Чаму ён, такі ваяка, сілай нядаўна выцягнуты з хаты, такі таўкач, раптам адчуў сябе начальнікам? Ён завядзе ды схавае!.. Толькі вось Ліда перашкаджае яму. Ды нават не Ліда, а Верачка... Чаму ён забыўся і пра забітых сяброў, і пра тое, што сёння робіцца ў вёснах,— колькі нашых бацькоў, і малых, і дзяўчат расстраляна ці спалена ад рання?.. Можа, Шурка зусім не забіты, а толькі паранены? Можа, недзе яму накладаюць на шыю вяроўку, а ён, як заўсёды спакойны, збірае апошнія сілы, каб плюнуць у вочы кату?.. А дзе таварышы — уся брыгада?..»
   ...Пад вечар іх спыніла рэчка. Яна была нешырокая. Серада знайшоў ламачыну, памераў глыбіню. Нельга нават пазнаць, дзе пачынаецца дно: ламачына лезе і лезе... Знайшлі паблізу зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Перакінулі — якраз хапіла. Праверыць, ці вытрымае, пайшоў Тадорын Іван. Ён разуўся на кожны выпадак і пакінуў тут зброю. Перайшоў, датрывала. Тады пайшоў Серада з аўтаматамі. Жэнька застаўся апошні — таму, што Ліда стаяла збоку, чакаючы.
   — Дай, можа, Верачку мне,— сказаў ён.— Ты ж змаглася.
   А яна паглядзела на яго неяк дзіўна і толькі сказала:
   — Ідзі.
   — Ды што ты, Ліда?..
   Яна паўтарыла таксама:
   — Ідзі.
   А потым дадала:
   — Ды куды табе, Жэня! Ідзі хаця сам.
   Перайшоўшы на другі бок, Жэнька стаяў і, збялелы, моўчкі глядзеў то на босыя, чорныя ногі жанчыны, якія на дзіва ўпэўнена, цвёрда ступалі па асінавай жэрдзіне, то на рукі, якія трымалі дзяўчынку. Здавалася, што адарваць гэтыя ногі ад кладкі, а рукі ад дзіцёнка не здолее ніякая сіла.
   Перайшла! I зноў пайшла разам з імі. А Жэньку хацелася проста спытаць: «Ты не верыш? Не верыш і мне?» Аднак страшна было пытацца: а што, калі яна таксама коратка, як двойчы сказала «ідзі», скажа «не веру»?

 

5

   Ах, ізноў гэты плач!..
   Малая дагэтуль ведала адно. Учора ў гэты час на стале побач з ложкам гарэла лямпа. А яна са сваёй мамай ляжала пад лёгкай дзяружкай. Ляжала, праўда, толькі мама, бо дачушка ізноў дамагалася свайго. Хто там зможа давесці, што яна ўжо ела, што пара было б падкурчыць пад пухкую, ружовую шчочку маленькі кулачок і спаць, праз сон пасмоктваючы губкамі! Хто там стане аспрэчваць святое права маленства? Дзяўчынка будзе не толькі ссаць: яна час ад часу падніме вочкі і гулліва ўсміхнецца. Няхай толькі мама паспрабуе не засмяяцца ў адказ! Яна пачне цалавацца, мармычучы, доўга, кусаючы першымі зубкамі маміны губы. А тады, перамогшы, нарэшце зноў прыўстане, паднімецца і, як быццам нырне, ападзе да грудзей...
   А сёння вось і знайшоўся той нелюдзь, што забраў - у малое адразу ўсё. Навокал цемра, холад і лес. Маці сядзіць на зямлі, падкурчыўшы халодныя ногі, туліць да сябе свой адзіны скарб і толькі ледзь чутна, бездапаможна шэпча:
   — Рыбка... мілая... што ж табе даць?
   Нелюдзь прагнаў іх з роднага гнязда, гнаўся за імі з кулямётамі, мінамі, бомбамі, спыніў у грудзях маці малако...
   I вось дзяўчынка дарма намагаецца вярнуць яго. Ужо не для радасці толькі, не для гульні. Першы раз у жыцці яе прымусілі адчуць голад.
   Яна плача. Гэта ціхі і страшны плач...
   А тут, побач з ім, гэтым плачам, зноў нехта ў цемры варочаецца на траве і зноў нездаволена гугніць:
   — Эх, каб табе... як ад цябе ні ўдзень ні ўноч спакою няма. Давядзеш ты нас да пагібелі...
   — Хто цябе давядзе? Скажы ты мне, хто цябе давядзе? Ну, скажы ты мне, што ты гаворыш?!
   Ліда хацела сказаць яшчэ нешта, ды раптам, як быццам зноў уявіўшы ўвесь жах свайго становішча, яна заплакала — ціха, наўзрыд...
   — Ах, Андрэй мой, Андрэй, каб ты быў, каб ты бачыў!..
   ...Андрэй бачыць. Ён тут. Ён стаіць у вачах Жэнькі, над гэтым жудасным плачам сваіх найбліжэйшых.
   З пагардай і смуткам прыплюшчыўшы на сяброў шэрыя, моцныя вочы, ён гаворыць:
   — Эх вы!..
   I за гэтымі словамі — ночы засад і сутычак, першыя радасныя зводкі... I той час, калі яны, яшчэ да ўступлення ў атрад... Да якога там, зрэшты, уступлення! Тады яшчэ і атрадаў ніякіх не было, калі яны, лядаўскія камсамольцы, збіраліся ў старэйшага таварыша, у Андрэя, на хутары, і абмяркоўвалі, што рабіць на пачатак.
   Вось і Шура Сучок...
   «Я, каб што-небудзь такое, спачатку даў бы вам знак, каб вы маглі спакойна адысці...» — «А сам?» — «Сам? Чорт яго ведае... Што ж, сам таксама нешта рабіў бы...»
   Больш ён не кажа нічога.
   «...Калі ж па сваёй слабасці, баязлівасці або па злоснай волі я парушу сваё абяцанне і выдам народную справу,— устаюць перад Жэнькам заключныя словы партызанскай прысягі,— няхай я загіну ганебнай смерцю ад рукі сваіх таварышаў».
   «Мы яшчэ не парушылі яе,— думае Жэнька,— аднак мы ўжо сталі на гэты шлях. Мы аслабелі, збаяліся. А збаяўшыся, мы бязвольна паддаліся найбольшаму паміж нас баязліўцу, бо ён абяцае завесці ў надзейную схованку. Толькі вось гэта дзіця перашкаджае, можа выдаць нас сваім плачам... А каб дайшло да выбару, хто мае застацца жыць — мы ці малая,— што ён выбраў бы, наш павадыр?.. А мы, можна падумаць, маўчалі б, бо цяпер вось маўчым, пакуль ён вякае. А потым на нашым шляху, не зважаючы на ўсе лясныя прамудрасці Серады, могуць з’явіцца фашысты. Жыццё можна будзе купіць толькі здрадай, якую народзіць страх. I што ён выбраў бы, наш павадыр? А мы? Мы таксама маўчалі б?..»
   Упёршыся на левую, здаровую руку, Жэнька Саковіч устаў.
   — Пара, Іване,— сказаў ён.
   Маўклівы, занадта спакойны Тадорын Іван нібы даўно чакаў на гэты загад.
   Удвух яны падышлі да трэцяга. I Жэнька загадаў:
   — Устань, Серада! Пагаворым.

 

6

   Штаб групіроўкі фашысцкіх войск, якому была даручана ліквідацыя энскага партызанскага злучэння, уяўляў сабе становішча справы так:
   Лясны масіў Н. з’яўляецца базай злучэння. У цэнтры гэтага масіву, у найбольш, як можна думаць, дрымучым месцы, знаходзіцца штаб, які кіруе ўсёй работай паасобных партызанскіх труп. Задача аперацыі заключаецца ў тым, каб сагнаць усе гэтыя групы з ўсёй зоны іх .дзеяння ў пушчу, тады аблажыць пушчу шчыльным кальцом войск і сціскаць гэта кальцо датуль, пакуль усе сілы злучэння будуць згуртаваны ў адно месца, вакол свайго штаба. Там яны будуць разгромлены. Было прадугледжана і тое, што пры адступленні ў пушчу партызаны паспрабуюць даваць адпор. Ён будзе хутка зламаны націскам рэгулярных часцей. Тады прыменіцца тактыка прачоскі з загонамі. Па лесе працягнецца шчыльны невад пяхоты, які згорне да цэнтра пушчы і большых партызанскіх рыб і расцярушаную ў баях дробнарыбіцу. Пяхота пройдзе па магчымасці ўсюды, бо дзеля гэтага ёй выданы адпаведныя камбінезоны, аўчаркі, дастатковая колькасць боепрыпасаў. Тактыка загонаў будзе заключацца ў тым, што перад невадам пяхоты будуць выкідвацца засады на дарогах, прасеках і сцежках, па якіх пабягуць партызаны. Непраходныя месцы будуць шчыльна пакрыты агнём гармат, мінамётаў і авіябомбамі.
   План аперацыі быў задуманы і распрацаваны з усёй нямецкай педантычнасцю, аднак ён не даваў тых вынікаў, на якія разлічваў штаб групіроўкі. Жорсткія абаронныя баі на ўскраінах пушчы давялі захопнікам, што здольнасць партызан супраціўляцца рэгулярнаму войску з артылерыяй, браневікамі і самалётамі — улічана далёка не дастаткова. Яшчэ больш недастаткова былі ўлічаны «дзікія здольнасці рускіх» — партызанская кемлівасць, вынослівасць і веданне прыроды. Фашысцкі «невад» атрымаўся на практыцы далёка не шчыльным. Тымі месцамі, што лічыліся зусім непраходнымі для гэтага «невада», нягледзячы на шчодры агонь мінамётаў і бомбаў, у тыл ворага прабіраліся партызаны. Пушча таіла ў сабе недаступныя астравы, праходы да якіх ведалі нават не ўсе мясцовыя жыхары.
   Там была захавана бяззбройная частка загнаных у пушчу людзей — старыя, жанчыны і дзеці. «Невад» таксама не ўсюды даставаў да дна. Невялічкія, паасобныя трупы партызан рассыпаліся перад наступаючай сілай, зарываліся пад тоўстыя аўчыны ляснога моху, а на балотах накрываліся куп’ём і, зліўшыся з прыродай, трывалі там датуль, пакуль па іх цягнулася сетка варожых салдат.
   Больш таго, была яшчэ адна не прадбачаная фашысцкім штабам акалічнасць. Некаторыя з тых, каго яны мелі на ўвазе, гаворачы пра «большых партызанскіх рыб», зусім нечаканым, імклівым ударам прарывалі «невад» і выходзілі з пушчы ў тыл сілам блакады.
   Яшчэ адно, галоўнае з галоўнага, было таксама не ўлічана ворагам дастаткова. Гэта — пачуццё радзімы, пачуццё вялікай, непераможнай еднасці савецкіх людзей, якое жывіла кожную трупу, кожнага партызана.
   Быў свой, вялікі, родны партызанскі свет. Для кожнага, хто насіў гордае званне народнага мсціўца, асяродкам гэтага свету была яго група ці аддзяленне, ці ўзвод. За гэтым цэнтрам, найменшым, былі большыя цэнтры: узводы ў атрадзе, атрады ў брыгадзе, брыгады ў злучэнні. Энская пушча як база злучэння ва ўсе бакі — ляскамі, пералескамі і родным полем — злучалася з іншымі масівамі беларускіх лясоў, дзе таксама былі партызаны. На поўнач, поўдзень і ўсход злучэнні беларускіх партызан дзейнічалі поруч з народнымі мсціўцамі іншых братніх рэспублік. Такім чынам ствараўся ён, магутны партызанскі свет, частка непераможнага, усенароднага фронту змагання з фашызмам.
   Недарэчная думка аб тым, што раптам мог загінуць гэты свет, магла ўзнікнуць сярод яго найменшай часткі — трох партызан з разгромленай разведкі — толькі таму, што гэтая частка адчула сябе адарванай ад роднага свету і на нейкі час паддалася страху.
   Тым часам яе баявая сям’я, брыгада «Сокал», давала ворагу адпор. Увесь гэты дзень на подступах да пушчы кіпеў гарачы, няроўны бой. Бой з ворагам, які пераважаў і колькасцю і ўзбраеннем. Толькі ноччу, калі высветлілася, што фашысты прарвалі партызанскі фронт далей на поўнач і абыходзяць сокалаўцаў з тылу, брыгада пакінула пазіцыю. Адышоўшы за ноч у глыб лесу, на досвітку яна павярнула крута на поўдзень. Штаб вырашыў намацаць там найбольш слабое месца ў варожым кальцы, прабіць гэта кальцо і выйсці ў тыл варожым сілам.
   На ўскраіне Чорнага балота сокалаўцы спаткалі трох партызан і жанчыну з дзіцем. Яны ішлі на захад, у той бок, дзе — як яны спадзяваліся — і сёння стаіць яшчэ на Нёмане іх брыгада.
   — Хто вёў? — ціха, прыгнуўшыся з сядла, спытаўся камбрыг, пачуўшы сумную гісторыю пра лёс сваіх людзей.
   Яму было дваццаць пяць год. З той ночы, калі ён апусціўся на гэтую зямлю з парашутам, прайшоў толькі год. Атрад «Сокал» вырас у брыгаду, а камандзір яе заслужана насіў далёка вядомае імя — Грозны. Аднак знешні выгляд камбрыга ніяк не пасаваў да гэтага імені. Чарнявы, дробны хлапчына ў кубанцы заўсёды быў вясёлы, просты ў абыходжанні.
   Ён заклапочана глядзеў з сядла на трох разведчыкаў і ціха пытаўся:
   — Хто вёў?
   I вось тады сталася так, што малы, каржакаваты Серада, чырвоны ад напружання i страху, ступіў наперад і далажыў:
   — Учора вёў я, таварыш камбрыг. Хавацца вёў. Спалохаўся, як баба...
   — Ты пра сябе гавары, пра мяне гавары,— перапыніў яго маўклівы Тадорын Іван.— Якраз мы з табой бабы, а не яна...
   Ён паказаў на Ліду з малой на руках.
   Тут грымнуў смех. Яны смяяліся — да чорта стомленыя, непакорныя, свае!.. Смяяліся з коней, смяяліся спешаныя, смяяўся і сам камандзір.
   Аднаму Жэньку было не да смеху. Ён толькі памятаў пра цэлы дзень, пра цэлы дзень адступлення ў той мох, куды іх вёў Серада. Ён чуў цяпер сяброўскі дружны смех, і, здаецца, дарэчы было б праваліцца.
   — Ну, Саковіч, нічога, здаралася і такое,— сказаў яму камбрыг.
   — Саковіч сёння вёў, таварыш камандзір...— пачаў, ізноў падцягнуўшыся на «смірна», Серада.
   — Я ведаю і сам,— перапыніў камбрыг.— Саковічу трэба каня. Несцярэнка,— звярнуўся ён да свайго ад’ютанта.— У трэцім узводзе вазьмі. Ну, і гэтым сокалам... таксама,— і ён паказаў з усмешкай на Івана і Сераду.— Хоць я з прыемнасцю паслаў бы іх у пяхоту. Пеша лягчэй заслужыць прабачэнне. Як, Серада?
   — Я заслужу, таварыш камандзір...
   — Даволі! Ведаю і сам.
   Заставалася толькі пачуць каманду — наперад! Ды камбрыг не забыўся яшчэ аднаго.
   — Што, кажаце, зробім з жанчынай? — спытаўся ён. Ніхто не гаварыў аб гэтым, Грозны сам запытаўся і сам адказаў: —Жанчыну, вядома, тут не пакінем. Толькі і з намі ёй няма чаго рабіць. А ну, паклічце мне Дзеда.
   «Дзед» — гэта быў брыгадны старшына. З Грачанікаў, адной вёскі з Серадой і адной з ім прафесіі — лесаруб. За сорак год валацужання з сякерай стары вывучыў пушчу добра.
   — Што, Дзед, да Праглай адгэтуль далёка? — спытаўся камбрыг, калі з’явіўся старшына.
   — Адгэтуль трэба пад сонца ісці,— адказаў Дзед, доўга не думаючы.— Да Чортавага акна будзе добрая кіламетра. А там балотам кіламетры са тры... А што?
   — Як што? А сем’і нашы дзе? I трэба туды завесці вось гэтую цётачку з дзяўчынкай. Здаецца, дзяўчынка?
   — Дзеўка, дзеўка, таварыш камбрыг, а як жа,— адказала Ліда і першы раз сёння ўсміхнулася.— Мая партызанка. Свірыдава дачка. Андрэя Свірыда.
   «Дзеўка» болей не плакала: яна з заклапочаным выглядам прагна смактала кавалачак брыгаднага хлеба.
   — Ну што ж, як трэба, дык трэба,— сказаў, хвіліну падумаўшы, Дзед.— Не хочацца, праўда, ды дзеўкі шкада. Ну ты, Андрэеўна, ідзі да мяне.
   Верачка на дзіва даверліва працягнула ручкі і нават сказала Дзеду: «ня».
   — О, брат, не бойцеся,— прагудзеў Дзед,— яна ведае, з кім сябраваць. У старшыны не толькі хлеб,— у яго і скварка знойдзецца. Што, пойдзем?
   — Ну дык што ж,— нібы схамянулася Ліда,— дай вам божа шчасліва, таварышы дарагія.
   Яна працягнула руку камбрыгу, Серадзе, Івану і некалькім іншым хлопцам, што стаялі бліжэй. Калі ж дайшла да Жэнькі, нешта як быццам падумала ці ўспомніла, бо нечакана аберуч абняла яго і моцна, як брата, пацалавала.
   — Які ты, Жэня...
   I заплакала.
   — Ну, цалавацца дык цалавацца, а плакаць чаго? — прагудзеў з усмешкай Дзед.
   Сказаўшы гэта, ён рушыў, а потым спыніўся.
   — Шчасліва, хлопцы! — ужо не сказаў, а крыкнуў, бо насустрач ім паплыў, затупацеў жалезны, конны грымячы паток.
   — Шчасліва, Дзеду! — крычалі коннікі.— Глядзі там — толькі грыбоў не аб’ешся!
   I зноў смяюцца, ужо на рысях,— непакорныя, слаўныя хлопцы!


1946-1952

Похожие статьи:

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")