Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ян Баршчэўскі - Бунт хлопаў

Як французская сіла
Із-за Дзвіны наступіла,
Нам стала карціць,
Штоб парадак прыўраціць.

Аднака ж сядзелі ціха.
Аж тут прыносіць ліха
Французаў у наш двор —
I ну-тка дзелаць збор.

Клеці паразбівалі,
Паноў нашых сагналі,
Нас казалі пазбіраць
I гарэлку піць і браць.

Французы нас пахвалялі,
Аб нашым краі пыталі
I на мігі нас прасілі,
Каб мы з імі двор лупілі.

I мы доўга там гулялі,
Што хацелі, пілі, бралі...

Той браў плацце на вяроўку,
Чым абшыць жонцы шнуроўку,
Цыны, медзі, колькі мог,
Чым абліць дуду і рог...

Іншы быдла занімае,
Другі адзенне хапае,
Іншы толькі есць і п’е,
Другі шабляй куры б’е.

Калі ўжо так гуляюць,
Пачулі: з пушак страляюць.
«Галён! галён!»1 — закрычалі
I ўсе з двору высыпалі.

У Клясціцах2, а дзве мілі,
Крывавую вайну чынілі.

Як французы выйшлі, самі
Мужыкі былі панамі.
I калі так пагулялі,
Раду сабе укладалі.

Першы Мінка сеў за стол,
Ў куты глядзіць, як сакол,
На крэсле, дзе сядзеў пан, —
Пуза, як барабан.

А ногі як разапнець,
Хоць з калёсамі праедзь.

«Помню я тыя векі,
Як жылі паноў прэдкі:
Нас у рэкруты не бралі.
Ах, што за паны бывалі!

Хоць на лбе валос і нет,
Ды ўжо ж вусы на ўвесь свет!
Два рукавы мелі красных
I яшчэ два ззаду запасных.

З адной палы ў тых паноў
Семера б пашыў штаноў!
А гэтыя і нас паелі,
I самі ўжо згалелі.

Полы сабе паабразалі,
Хвасты ззаду паадсякалі,
I цяпер ужо усякай
Кусай ззаду...

Прыйдзеш у двор, баішся,
Пакуль к пану збліжышся,
Доўга га лаву скрабеш.

Яшчэ гэта не канец:
Палажы ж на стол яец.
I тут яшчэ страх бярэць
Ждаць, што пан запяець...

Калі прапусціш хоць дзень,
Дадуць — як у берасцень!..
Хай мне хоць паб’юць штаны,
Ды ўжо ж не будуць паны!..

Гэй, каб нам быць весялей!
Гэй, каб нам быць пасмялей!
Пойдзем, братцы, ў кабачок,
Вып’ем гарэлкі кручок.

Водка крэпка, мера спора,
Будзем піць, забудзем гора,
Братцы, як у добры год,
Завядзём тут карагод.

Пойдзем ад хаты да хаты,
Ці галыш хто, ці багаты;
Калі будзе весяло,
К нам збярэцца ўсё сяло...

Пілі бацькі і дзяды,
I мы ступім у іх сляды:
Яны гора не знавалі,
Гарэлку добра сцябалі.

Чалом, Грышка! Чалом,  Дзёма!
Чалом, Кузьма! Заві Пахома!
Чаго яшчэ будзем чакаць?
Пара гарэлку піць, скакаць.

Памаўчы лепш, не сварыся,
З намі йдзі скакаць, Марыся!
Замаўчы й ты, Селівон!
Не замоўчыш, пойдзеш вон!»

Дзядзька сядзіць, піпку курыць,
П’е гарэлку, вачмі жмурыць,
А дзядзіна не ўважае,
Цалком чарачкі глытае.

Саўка скача, піша, пыша,
Умарыўся, ледзьве дыша.
Барыс — строгі целялёг,
Упіўшыся, пад лаўку лёг.

На ліха вось тут аканом
Уляцеў, награнуў з бізуном...
Рассыпалісь нашы розна,
Куды папала, куды можна.

Адзін схаваўся быў пад стол,
Яго аконам — за хахол.

Відзіць Мінка, што тут худа!..
Абярнуўся туды-сюды,
Бедны, наўцёкі дзярэ:

А куды відзіць — туды бярэ...


1. Хадзем, хадзем (франц.);
2. Клясціцы – вёска ў цяперашнім Расонскім раёне (Віцебшчына). Тут летам 1812 г. 25-тысячны корпус рускага войска на чале з генералам Вітгенштэйнам разбіў 40-тысячны французскі корпус маршала Удзіно.

 

Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!