Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Сірата Юрка

Увага! Поўны змест

I

   Вясною, як зачынаў ажываць свет, выбілася з зямлі тоненькая, чырванаватая травінка. Гэта добрае, яснае сонейка выклікала яе да жыцця. Беднае зернятка, з якога вырасла травінка, згубіла ўжо ўсякую надзею ўбачыць калі-небудзь белы свет: так было цёмна яму ў зямлі пад снегам, так холадна і маркотна. I ўсё ж такі дачакалася. I цікавая з яго вырасла травінка. Танюсенькая ножка, а на ёй угары, на два пальцы ад зямлі, выплелася з яшчэ болей тоненькіх, зялёных нітачак-травінак прыгожая каробачка; на самым версе гэтай каробачкі сядзела цёмная шапачка. I ні адна матка не магла так прыгожа ўбраць сваё дзіця, як убрала сонейка гэтую травінку. Маладая раслінка стаяла пры лесе ў полі. Стары лес закрываў яе ад паўночных вятроў і даваў ёй цяпло і зацішак. Яна была такая маленькая, такая нязначная, што ніхто нават не пазіраў на яе і не цешыўся ёю, нягледзячы на тое, што гэтае маленькае стварэнне выяўляла сабою асобны кут жыцця, разумна і замыславата зроблены. Па самай зямлі, праўда, поўзалі яшчэ меншыя мурашачкі, але яны былі надта заняты сваёю працаю, і ім не было калі думаць, разважаць, даходзіць канцоў і пачаткаў. Яны клапаціліся, бегалі, як перакупшчыкі-гандляры на кірмашы, паварушваючы сваімі вусамі, і бралі ад жыцця тое, што можна ўзяць. Апроч таго, яны і па натуры сваёй былі мурашкі-практыкі. Дык ніхто, кажу, не заўважаў маладой травінкі. Па праўдзе сказаць, з першага погляду трудна было пазнаць, што гэта за штука, і толькі прывычнае вока магло пазнаць, што гэтая раслінка стане з часамі дрэвам, тым заўсёды зялёным дрэвам, што завецца хвояю.
   Як яна сюды папала?
   На гэтае пытанне можа адказаць адзін толькі вецер. Але вецер ужо ўсім вядомы непаседа, і ў яго так многа работы, што трудна ўтрымаць у памяці такую рэч, як занесенае па дарозе і кінутае нейкае насенне. А вясна тым часам рабіла сваё. Маленькая хвойка не ведала, на што пазіраць, каго слухаць, чым цешыцца, а ёй хацелася паслухаць і аб чым шумеў лес, і што гаварыла між сабою трава, і чаго так радасна трашчалі на ўсе лады палявыя конікі. Сярод гэтай супольнай песні вясне і жыццю адзін голас найбольш крануў сэрца маладой хвойкі. Якая прыгожая песня лілася ў небе!..

Дзылін! Дзылін! Дзылін!
Млею, млею, млею!
Вясна! Вясна! Вясна!
Ідзі, малы! Ідзі, стары!
Віншуй вясну! Віншуй вясну!


   Усе гэтыя гукі ішлі з глыбіні праўдзівай душы. I столькі ў іх было ласкі, просьбы, радасці і нейкай патайной жальбы, што кожны іх слухаў, слухаў толькі іх. Другая частка песні была спакайнейшая, але самы спеў яшчэ мацней хапаў за сэрца. Аб чым спяваў жаваранак, снуючыся высока ў паветры над лесам? Маладая хвойка была ўся захоплена гэтай песняй. Ёй хацелася ўбачыць самога песняра. Яна надымала сваю галоўку так, што шапачка яе скінулася і зялёныя голачкі разышліся, пачалі раскрывацца, як бы смяяліся, піачуўшы такую прыгожую песню. Прыбегшы з-за ўзгорка, ціхі веснавы ветрык не мог утрымацца, каб не пацалаваць маладую хвойку. А яна ад радасці задрыжала ўся...
   I што ёсць на свеце мілей за цябе, пара маладога жыцця, калі душа яшчэ нявінная і чыстая, як ранішняя майская роска?
   Так зачынала жыццё маладая хвойка, так сустракала яна кожную новую яго з’яву. А кожны дзень, кожны момант непрыметна аддалялі яе галоўку ад зямлі і адкрывалі ёй новыя і новыя з’явы і малюнкі навакольнага свету.
 

II

   Маладая хвойка мела ўжо добрых гадоў дванаццаць і была ўжо даволі высокім дрэвам з купчастаю верхавінаю, калі радзіўся на свет Юрка.
   Юрка зачынае добра памятаць сябе з таго часу, як пахавалі яго маму, а да гэтага ён яшчэ мала цяміў. Ён помніць, як яна ляжала з закрытымі вачамі, як плакалі ў хаце яго цёткі і бабка і як панеслі яе ў царкву. А дзе яна дзелася потым, Юрка тады не знаў. Пасля ён часта пытаўся ў цёткі Тарэсы, дзе дзелася мама, чаму яе няма. Яго перш цешылі, казалі, што мама пайшла далёка-далёка, што яна скора вернецца з гасцінцам і што ёй будзе надта цяжка, калі Юрка будзе плакаць.
   Юрка слухаў пільна, зазіраў цётцы ў вочы — праўду яна кажа ці хлусіць, і распытваў пра далечыню, куды пайшла мама, і які яна можа прынесці гасцінец. У Юркі такім парадкам злажылася ў галаве ўяўленне аб тым, дзе яго мама. А яна была далёка, аж за тым узгоркам, дзе пачынаўся лес і дзе крыжаваліся дарогі. Але дні ішлі, а мамы ўсё не было. Юрка нават колькі разоў збіраўся ісці на ўзгорак, на спатканне маме, але што-небудзь замінала. Так і не ведаў Юрка напэўна, куды пайшла яго мама.
   Часамі ўночы Юрка прачынаўся, холадна было яму. Старая дзяружка, пад якою сн спаў, з’язджала. Плача беднае дзіця здушаным плачам, і страшна яму.
   — Чаго ты скавычаш там? — сярдзіта пытае абуджаны бацька.
   Юрка заціхаў, але затрыманыя слёзы капалі яму на сэрца, асядалі на дно душы, і вобраз мамы ўставаў тады перад ім. Цяпер прыпаміналіся яе словы:
   — Не дурэй, Юрачка, будзь добрым хлопчыкам, бо я памру і табе будзе горка, горка, сынок.
   — А як ты памрэш, мама?
   — А вось лягу, зяхну разоў два, заплюшчу вочы, душа вылеціць, і я памру.
   I мама клалася на палок, плюшчыла вочы і ляжала нерухома. Юрка, раскрыўшы роцік, пазіраў сваімі сінімі, як васількі, вочкамі, поўнымі страху і трывогі. Потым ён браў маму за руку, будзіў яе. Мама не варушылася. Хлопчык пачынаў плакаць, хапаўся за яе руку сваімі ручкамі, карабкаўся на палок.
   — Мама! Мама! Не трэба гэтак,— гаварыў ён, цалуючы яе.
   Маці расплюшчвала вочы, брала на рукі хлопчыка і моцна-моцна цалавала яго.
   — А ты любіш маму?
   — Люблю,— гаварыў Юрка і клаў сваю галоўку ёй на грудзі.
   — Мілае ты маё дзіцятка, мой харошы хлопчык! — 1 мама цяжка ўздыхала, вочы яе туманіліся слязьмі, сухі кашаль ірваў ёй грудзі.
   Але Юрка нічога тады не разумеў. Ласка маці супакойвала яго, і яму было добра.
   ...Гэты дзень Юрка памятае ясна. Пайшоў ён да цёткі Тарэсы. Яна любіла свайго пляменніка.
   — Хадзі, дзеткі, сюды,— паклікала яго цётка ў камору.
   Юрка важна пайшоў за цёткаю, цвёрда ступаючы па халоднай глінянай зямлі босымі, чорнымі ножкамі.
   — На, выпі малачка, каток!
   Юрка сеў на парозе, скінуў шапку, узяў у адну руку кубак з малаком, у другую гамёлку хлеба і пачаў сілкавацца. Цётка стаяла недалёка і пазірала на яго. Выпіўшы кубак малака і палажыўшы на парог недаедзены кусок хлеба, Юрка насунуў на галаву шапку і сабраўся ісці на вуліцу.
   — А ў цябе, Юрачка, зноў будзе мама.
   Юрка павярнуў да цёткі галаву і сказаў:
   — Няма ў мяне мамы.
   — Ну, то будзе, дурненькі ты!
   Юрка дапытліва зірнуў цётцы ў вочы.
   — Тая самая? — спытаў ён.
   Такога пытання цётка не чакала і не ведала, што сказаць хлопчыку.
   — Не трэба мне другой мамы,— гаварыў тым часам Юрка, пералазячы парог, каб выйсці на двор.
   Цётка пакруціла сама сабе галавою, потым пахіліла яе і паднесла хвартух да вачэй: ёй шкада было хлопца.
   Юрка чуў, што яго бацька жэніцца, але ён не думаў над гэтым: ён ніяк не кеміў, што гэта за штука такая "жаніцьба"? У самы дзень вяселля, калі маладыя сядзелі за сталом, бацька паклікаў яго, наліў яму чарку гарэлкі.
   — На, хлабысні, Юрка!
   Юрка ўзяў чарку, пакаштаваў і пачаў смакаваць, пазіраючы то на таго, то на другога.
   Госці смяяліся.
   — Горкая і смярдзючая,— сказаў урэшце Юрка і паставіў чарку.
   — Ну,— гаварыў далей бацька,— пакажы, дзе твая мама?
   — Няма мамы,— сказаў, не думаючы многа, Юрка.
   — Вось твая мама,— зноў сказаў бацька, паказваючы на маладую.
   — Гэта Параска Дзяцел, а не мама,— адказаў Юрка, назваўшы мачыху па мянушцы.
   Мачыха ад сораму пачырванела, а бацька закруціў Юрку за вуха.
   — Трэба мамаю зваць, а не Параскаю, вашанё ты. За што пакараў яго бацька, Юрка так і не ведаў, адно толькі ён пачуў, што яго пакрыўдзілі.
 

III

   Пазнаёміліся яны вясною. Юрка цэлы дзень, як злодзей, туляўся па зараслях за сялом, па густых лозах на беразе рэчкі, але ўсюды даймаў яго страх, не даваў нідзе яму супакою. Каб ён гэта ведаў наўперад, то ніколі не рабіў бы так. Лепш бы залез у агарод да Сымоніхі і нашчыпаў бы там цыбулі, а не шворыўся б дома ў варывеньцы, дзе ён няўмысля абярнуў збан малака, шукаючы сабе пажытку. Такога страху не зазнаваў Юрка ні разу за ўсё сваё жыццё, як у той момант, калі павярнуў гэты збан. Але, як сумыслу, усё так зрабілася. Здаецца, і не крануў збана, а ён упаў з палічкі і разбіўся на дробненькія чарапочкі. Юрка так перапужаўся, што не мог варухнуцца, як бы акамянеў. I толькі потым, прыйшоўшы да памяці, кінуўся ўцякаць з дому куды глядзяць вочы. Не дай Божа, каб застала яго мачыха!.. А мо было б і лепш. Аддубасіла б за адным разом, і канец. Або мала ўшчувала яго мачыха? Ці не яго гэта плач напаўняў двор бадай не кожын дзень? Ці не ён, зняважаны і пакрыўджаны, сашчаміўшы зубы, ляжаў на цвёрдай пасцельцы, уткнуўшыся тварам у саламяную падушку, каб спыніць крык болю і ўтрымаць слёзы? Ці не яго гэта грудзі паліліся агнём жаласці і нявыказанай жальбы? А што будзе цяпер? Як вывернешся з гэтага ліха? Чым болей разважаў Юрка, тым болей даходзіў да пераканання, што не варта было ўцякаць з дому. I хто бачыў, што гэта ён скінуў збан? Чаму б не мог зрабіць гэтага самага і кот, шэры іх кот — памаўза? Ускінуў бы бяду на ката, і канцы з канцамі. А цяпер позна. Дадому варочацца, як ні круці, нельга. Доўга снаваўся Юрка па палях, пераходзячы з аднаго хмызняку да другога, аж покі не выйшаў на ўзгорак, дзе расла маладая хвойка. I трэба сказаць праўду: харошае тут месцейка! Гэта і ёсць той узгорак, за які пайшла яго мама... Ах, як тут прыгожа! А сонейка як добранька і прыветна грэе тут! Увесь узгорачак жаўцеў чысценькім пясочкам, нагрэтым сонейкам. Не так далёка адгэтуль стаіць іх сяло. Царква весела выглядае сваімі высокімі вежамі з зялёнага вянка стройных ліпак і купчастых бярэзін... А самае важнае тое, што адгэтуль можна бачыць усё, што робіцца навокала. Унь там хтось арэ, павольна ідучы за сошкаю; там ходзяць авечкі і чуваць, як клічуць сабак пастухі. Самога ж Юркі не відаць. Каб яшчэ лепш разгледзець усю ваколіцу, Юрка ўзлез на хвойку. Ох, якая высачыня! Каб яшчэ падлез столькі, то, можа, і гэтыя хмаркі шараваліся б аб яго галаву. А як далёка ўсё відаць! Сяло зусім блізютка, нават можна пералічыць усе калодзежы. Юрка прымайстраваўся на хвойцы, сеўшы на тым месцы, дзе галоўны камель яе дзяліўся ўгары на тры роўныя камлюкі. Ад гэтых камлюкоў ішлі болей тонкія сукі, ад сукоў — галінкі, і так яны гожа разрасталіся, у такім ішлі парадку, такую слаўную выпляталі верхавіну, што каб і хацеў прыдумаць такую, то не прыдумаў бы.
   Юрка залюбаваўся малюнкамі, якія адкрываліся яму адгэтуль. Памаленьку ён супакоіўся; страх і трывога дзіцячага сэрца заціхалі. Ён пазіраў на зялёныя пагоркі, на маладыя ўсходы ярыны. Над ім рассцілалася сіняе неба. Па небе плылі такія слаўныя хмаркі. Адкуль яны ўзяліся? Куды ідуць? Ці ёсць у іх дзе прытулак на свеце? Ветрык перастаў падыхаць, у паветры зрабілася ціха і парна. А з-за берагоў зямлі, дзе неба як бы апускалася на зямлю, усплывалі ўсё новыя і новыя хмаркі. Юрка пазіраў на іх і сам сабе ўсміхаўся. Сярод гэтых хмарак была адна хмурынка. Юрку здавалася, што гэта не хмарка, а нейкі святы стаў на небе і моліцца. Ці не прарок гэта, святы Ілья? Юрка бачыў на абразах прарока Ілью і чуў, што гэта ён пасылае дождж, гром і маланкі... Не, што ні кажы, а тут добра! 1 як гэта ён не ведаў такой прыўдалай хвойкі і гэтага мілага пагорка! Але на што ні зірні, усё цікавіць і радуе душу Юркі. Вось праляцеў беленькі матылёк, як чыстая сняжынка, блішчучы на сонцы сваімі крыльцамі; а вось снуюць малюсенечкія матылёчкі, чырвоненькія, сіненькія, жоўценькія, усё роўна як збіраюцца на баль — так прыгожа ўсе ўбраны! Палявыя конікі трашчалі, як бы ігралі ім, самі мігацелі ў паветры, высака падскокваючы, і чырванелі сваімі крыллямі. А ў лесе, выбраўшы высокую старую хвою, сядзеў дзесь недалёка дрозд і спяваў. Але гэты ягомасць дазваляў сабе ўжо лішняе: Юрку пачулася, што дрозд насміхаўся з яго бяды, высвістваючы:

Адкуль малы? З сяла?
А што зрабіў? Збан разбіў!
Ага! Дадуць! Дадуць!
Зладзюга-а-а-а-а!


   Юрка нават зірнуў у той бок, дзе сядзеў дрозд, так ясна выкладаў, шэльма, усю Юркаву правіннасць. Юрка цяжка ўздыхнуў і глыбока задумаўся. Аціхшае крыху гора зноў абудзілася ў ім.
 

IV

   У полі пачынала цямнець. Пастухі даўно пагналі ўжо статкі дадому, і апошні гаспадар пакінуў сваю палоску. Птушкі сціхлі, нават дрозд перастаў пацвельвацца з Юркі. I страшна стала яму аднаму. А тут яшчэ і есці зажадалася моцна. I што тут рабіць? Няўжо начаваць?
   Аднак чым болей разважаў Юрка, тым часцей паглядаў ён на сяло. I ўрэшце Юрку асвяціла думка — пайсці да цёткі Тарэсы і там заначаваць. Сяло было не так далёка, і Юрка жыва патрапаў туды. Толькі ўжо на самай вуліцы ён спыніўся і пайшоў загуменнямі.
   — Ну, ты ўжо вячэраў? — спытала цётка Юрку.
   — Не,— адказаў Юрка і зірнуў на стол.
   — Чаму ж ты не вячэраў?
   Юрка стаяў і маўчаў, спусціўшы вочы.
   — А абедаў жа ты? — дапытвалася цётка.— Можа, ты і не абедаў?
   — Не.
   — I не абедаў?!
   Тут цётка ўтаропілася на Юрку і колькі моманту не спускала з яго сваіх вачэй.
   — Чаму?
   — Я не быў дома.
   — А дзе ж ты быў?
   Юрка нічога не гаварыў.
   — Можа, білі цябе?
   — Не, але, мусіць, будуць біць.
   Юрка здзіўляў цётку ўсё болей і болей. У канцы яна не вытрывала і засмяялася.
   — Ці не ўдраў ты якую штуку?
   Юрка стаў пазіраць у другі бок, а потым сказаў:
   — Цётка, як цётцы здаецца — ці можна за раз з’есці бохан хлеба?
   Гэтым пытаннем Юрка пабіў усё цётчына следства, і яна зараз жа дастала з печы чыгунчык.
   Крапіва з шчаўем, першая новая веснавая страва, была вельмі смачная, і Юрка аплятаў яе з ахвотаю, моцна сёрбаючы і шморгаючы носам. Едучы, Юрка сказаў, што ён дадому не пойдзе.
   — Не, Юрачка, так няможна. Дома не ведаюць, дзе ты, і будуць трывожыцца.
   — А мяне біць будуць.
   — Ну, не бойся: я пайду з табою. Пасядзі крыху, покі я ўхаджуся.
   Цётка пыніла ў хаце, канчаючы свой працавіты жаночы дзень, і зрэдку перакідалася словам з хлопцам.
   З’еўшы з паўмісы крапівы, Юрка зусім павесялеў. Гэта страва нібы ўпаіла Юрку, як віно, і развязала яму язык, хоць ён і без таго не зазнаваў вялікага ўціску ад Юркі.
   — Ну, цяпер прызнайся, што ты зрабіў? — спытала цётка.
   — Збан абярнуў з малаком.
   — Нашто ж было лезці ў шкоду?
   — Я шукаў асушка — есці хацелася.
   Але ўсё гэта цяпер ужо не займала Юрку, і думкі яго былі зусім у другім баку; па той прычыне ён і сказаў:
   — Ось, як я буду гаспадаром, то няіменна пастаўлю хату на тым узгорку, дзе расце хвойка, а цётка прыйдзеш да мяне ў госці... і мама, можа, прыйдзе,— змяніўшы тон і пазіраючы кудысь углыб, гаварыў як бы сам сабе Юрка.— Цётка! Мама ж памерла?
   — Што, дзеткі? — недачула цётка.
   — Мама памерла?
   — Памерла, каток,— уздыхнуўшы, сказала яна.
   — Але ж яна ўстане?
   — Устане... як затрубіць анёл у трубы.
   — А нашто ён будзе трубіць?
   — Будзе склікаць усіх памершых на страшны суд.
   — Які — страшны суд?
   — Як будзе скончаны свет, тады Бог усіх пачне судзіць.
   — А мяне Бог будзе судзіць? — з трывогай спытаў Юрка, успомніўшы пра збан малака.
   — I цябе будзе і ўсіх.
   — А я ўцяку!
   — Ад Бога, дзеткі, не ўцячэш.
   — Ну, то схаваюся.
   — I не схаваешся. Бог так зробіць, што ні рукою, ні нагою не зварухнеш.
   — Ый! — не даваў Юрка веры.— А вось я вазьму і буду варушыць во гэтак.
   Тут Юрка стаў на адной назе, а другою пачаў махаць туды і сюды, паказваючы, што ён — хоць ты што — а будзе-такі рабіць, як яму зажадаецца. А каб яшчэ больш цётка пераканалася, шго божы суд для яго не страшны, Юрка сказаў:
   — А я скажу Богу, што кот абярнуў збан... а што? — і Юрка кінуў на цётку погляд пераможцы.
   Цётка са скрухаю паківала галавою.
   — Які ж ты, Юрачка, бязбожнік! А які ж ты дурненькі! Ці ж гэта можна так гаварыць? Кленч і гавары пацеры, перапрасі Бога, каб дараваў табе грэх, а то пакарае.
   Цётка паставіла Юрку на калені, і ўдваіх перапрасілі яны Бога.
   — Ну, цяпер хадзем дадому.
 

V

   Сэрца Юркі моцна зашчымела, калі цётка сказала яму пра дом. Яму цяпер хацелася, каб яго ўчынак судзілі не бацька з мачыхаю, а Бог на страшным судзе: Бога ён перапрасіў, і Бог, напэўна, не асудзіць Юрку за пабіты збан, дый калі яшчэ будзе той страшны суд.
   Ужо добра змяркалася, калі Юрка з цёткаю ўзышлі на двор. Юрка крэпка ўчапіўся ручкаю за цётчыну спадніцу і пераступіў парог бацькавай хаты.
   — Добры вечар! — сказала цётка.
   — Добры вечар!
   — Ты дзе цягаешся, злодзей? — спытаў бацька Юрку.
   — Не крычы ты на яго, Сёмка: ён і так увесь калоціцца, як асіна.
   — Калоціцца! — падхапіла мачыха.— Нябось, ведае, калі калаціцца... Ці табе есці няма чаго, што ты ўсюды ўлезеш? — звярнулася мачыха да Юркі.— Ну, скажы — не даю табе есці? Хлеба шкадую? Чаго ж маўчыш?
   — А што ён табе будзе казаць? — зноў заступілася цётка.— Вядома, дзіця. Зажадаецца есці, ну, пойдзе шворыцца. Але ён больш не будзе рабіць гэтага... Не будзеш, Юрка, лазіць дзе не трэба? — спытала цётка.
   Юрка зразу пачуў, што галоўнае ўжо мінулася, і настолькі асмеліўся, што выпусціў цётчыну спадніцу і цвёрда прамовіў:
   — Не буду.
   — Ну, вось бачыце: хлопец сам кажа, што не будзе шкодзіць.
   Адным словам, цётка рабіла ўсё, што ад яе залежала, каб толькі пагадзіць бацькоў з Юркам, і дадому пайшла толькі тады, калі добра пераканалася, што галоўная іх злосць прайшла. Праўда, мачыха яшчэ доўга бубніла і гразіла Юрку, што яшчэ пападзе яго ў свае рукі і надоўга адбярэ ахвоту варочаць збаны; гаварыла, які дрэнны хлопец Юрка, што не ўмее цаніць сваю мачыху, а яна глядзіць яго нават больш, як сваю ўласную маленькую Дароту: і абмывае яго, і абшывае, і корміць, і глядзіць, і сочыць, і немаведама чаго толькі не робіць для яго. Каб не яна, то Юрку даўно б заелі вошы. Юрка маўчаў і толькі дзівіўся, слухаючы, як многа клапоціцца аб ім мачыха, і вушам сваім не верыў ён. Няўжо ён такі дрэнны? Ох ты, ох! Яго так любяць, так яго глядзяць, а ён збаны варочае. Але калі яго любяць, то з якой жа радасці трашчыць яго чуб? Чаго ж па яго галаве, як па Гаману, лупіць рука мачыхі? А што сказаць пра... Э, ды што гаварыць, лепш не ўспамінаць аб гэтым. Юрка толькі пачухаўся і пашыбаваў у свой куточак. Развярнуўшы свой берлажок, ён скарцаваўся, прытуліў галаву да каленцаў і скора заснуў. Нацягаўшыся і набедаваўшыся за дзень, Юрка спаў крэпка, але гэта не пашкодзіла яму прысніць такія дзівоты, што каб апісаў, то выйшла б цэлая кніжка. I чаго толькі яму не снілася! Бачыў ён сваю мілую горку і хвойку на гэтай горцы. Там ён стаяў, а вакол было так хорашанька, так добранька, што нічога не хацелася, ні аб чым не думалася, толькі душа радавалася, і ў сэрцы штось спявала. Высока над лесам стаяла сонейка. Неба над ім было зацягнута чорнымі, угары купчастымі, з чырвонымі краямі хмарамі. Знізу гэтыя чорныя хмары падпіраліся чырвонымі велізарнымі слупамі. У адным месцы хмары расступаліся, і праз іх быў відзён як бы глыбокі калодзеж; дно яго было сіняе-сіняе, а берагі былі вылажаны вяночкам, сплеценым з вясёлкі, і праз гэтыя варотцы сталі выходзіць людзі. Валілі і валілі яны без канца^ адкуль толькі браліся! I ўсе спускаліся на зямлю. Зямлі не відаць было за імі... Ах, гэта страшны суд! Унь анёл трубіць у залатую трубу і сам Бог сыходзіць на зямлю. Які ж ён старэнькі, сівенькі! А што ж гэта там чарнее ад сяла? Юрка стаў прыглядацца. Гэта яго мачыха тарабаніць збан, той самы збан ад малака, што Юрка няўмысля разбіў. Але цяпер гэты збан зрабіўся такі вялікі, што сваімі венцамі ўпіраўся ў хмары. Страшна стала Юрку, і ён пачаў азірацца, куды б тут шмаргануць, бо, відаць, кепскія выходзілі жарты. Хацеў Юрка пабегчы, ног не можа аддзерці ад зямлі, як бы іх хто прымураваў. Юрка прыхіліўся да хвойкі і абняў яе адною рукою.
   — Не бойся! — шэпча яму хвойка.
   Зірнуў Юрка — гэта не хвойка, а яго мама. I так яна ласкава пазірае на хлопчыка, што ўсе страхі яго разлятаюцца, як летні туман, і радасна яму. Тым часам мачыха падышла зусім блізка і скардзіцца Богу на распуства Юркі.
   I вось узяў Бог Юрку за руку і кінуў яго ўгару. Лецючы, Юрка сцяміў усё: гэта Бог кідае яго ў збан, каб пераважыць увесь яго грэх. Калі Юрка сам вылезе са збана, то ён нявінны. Доўга ляціць Юрка на дно, але яму лёгка, ён толькі скарэй хоча апыніцца на дне, каб пачаць апраўдвацца. Чуць-чуць крануўся Юрка дна і пачаў уздымацца ўгару. Ляціць ён плытка, лёгка, роўна. Вось ён наверсе. Але Юрка не зразу спускаецца на зямлю. Ён сумыслу затрымаўся і пачаў паказваць Богу ўсялякія штукі, стоячы на венцах збана, куляўся, станавіўся дубка, скакаў на адной назе. А Бог пазіраў і смяяўся, і ўсе смяяліся і радаваліся, што Юрка нявінны. А мачыха яго пачарнела і стала знікаць.
 

VI

   Дзяціныя леты Юркі былі нярадасныя і непрытульныя: іх не сагравала ласка мацеры. I ў сям’і другіх дзетак, равеснікаў сваіх, не мог ён знайсці той радасці, тых супольных інтарэсаў, таго жывога цэменту, што яднае іх дзяцінае кола. I не адзін раз, бывала, у нядзельку вечарам, калі бацькі вернуцца з рынку і накупляюць сваім дзеткам і абновак і ўсялякіх гасцінцаў, з зайздрасцю пазіраў Юрка на радасць сваіх таварышаў, стоячы збоку ад іх, бо і дзеці дзеляцца гасцінцамі толькі з тымі, ад каго самі могуць атрымаць гасцінцы. Па той прычыне Юрка перастаў кампанаваць са сваімі таварышамі і мусіў забаўляцца сам сабою. Але і пагуляць беднаму хлопчыку не было калі: трэба было няньчыць малую Дароту, а кожную забаўку, гульню прыходзілася купляць цаною папіханак і штурханцоў. Юрка рос закіданым хлопчыкам. А калі і выпадалі светлыя мінуціны ў яго жыцці, то за іх ён павінен сказаць "дзякуй" сваёй цётцы Тарэсе. Праўда, цётка была бедная, у самой не ставала хлеба, але ўсё ж яна рабіла што-колечы, каб даць хоць якую палёгсу свайму пляменніку. З-за яго яна пасварылася з мачыхаю Юркі і з братам сваім, яго бацькам, і перастала заходзіць да іх у хату. У святыя дні, бывала, цётка клікала Юрку і ішла з ім у лес збіраць розныя травы і зёлкі — цётка была крыху лекаркай. Гэтыя зборы былі для Юркі праўдзівым святам. Покі зойдуць у лес, то нагаворацца яны досыць. А Юрку многае цікавіла. Цётка тлумачыла, наколькі дазваляў ёй розум, розныя з’явы навакольнага свету і не раз гаварыла Юрку:
   — Вырасцеш, Бог дасць, будзеш няіменна вучоным, самае меншае — настаўнікам будзеш.
   У лесе цётка гаварыла, для якой надобы належыць якая зёлка, ад якой хваробы ці запалення якога памагае тая ці другая трава, і пазнаёміла Юрку з рознымі краскамі: псралётнікам, гарлянкай, румянкам, чаборам, мацярдушкай, са смалудамі, якімі даўней карміліся людзі, з дзягілем і з многімі другімі раслінамі. А забаляць ногі, сядуць на беразе крынічкі супачыць і крыху пасілкавацца. Цётка Тарэса была для Юркі тою заступаю, за плячыма якой Юрка чуў грунт пад нагамі. Апроч таго, у Юркі быў свой асобны свет, які знаходзіўся ў ім самім. То быў свет вобразаў, мараў і ўсялякіх думак, свет, дзе ён быў поўным гаспадаром. Любіў таксама Юрка развагу з самім сабою, забраўшыся ў такое месца, дзе яго не маглі патрывожыць. Такім месцам была цяпер горка, а хвойка сталася яго найлепшаю сяброўкаю. Як той злодзей, выкрадаўся Юрка з дому, хаваючыся ад мачыхі і ад людзей, ціхенька сунуўся разорамі паміж аўсоў або ячмянёў на поле, а адтуль да сваёй улюбёнай горкі і друга — хвойкі. Залезе часамі на хвойку і сядзіць цэлымі гадзінамі, разважае. Хвойка, здавалася яму, шумела весялей; гэта яна, напэўна, гаворыць яму сваёю моваю. Юрка ніяк не мог забыць, што яму прыснілася,— таго, як з хвойкі сталася мама. Вобраз мамы, добрай, ненагляднай мамы, не адступаўся ад Юркі. Ён, сам не ведаючы чаму, чуў нейкі страх, і нейкае салодкае заміранне ахоплівала яго душу. Юрка пачынаў прыслухоўвацца да шуму хвойкі. У гэтую няўцямную людзям мову ўкладаў Юрка свае думкі, сваё сэрца і душу і прымаў іх ад хваінкі не як творы ўласнай фантазіі, а як праўдзівую мову дрэўца і здзіўляўся. А потым сам пачынаў расказваць розныя апавяданні. А каб яшчэ больш усцешыць сваю сяброўку, Юрка паказваў, як бляюць авечкі, як спявае певень, адным словам, знаёміў хвойку з гутаркаю ўсялякіх жывёлін.
 

VII

   — Не, цётачка, я не ачуняю.
   — Смейся, каточак; паляжыш і, дасць Бог, устанеш. Пакажы сваю галоўку.
   Юрка павярнуўся на спіну, а цётка палажыла руку на яго лоб.
   — Ёсць агонь, але нічога, гарбузянятка ты маё, качанчык ты мой бедненькі, ачуняеш.
   Цётка Тарэса прысела каля хворага і з ласкаю маці старалася разважыць яго, прагнаць нядобрыя думкі. Але Юрка быў зусім спакойны і ўпэўнены, што ўжо не ачуняе. Цётка, слухаючы гутарку малога пляменніка і бачачы яго пакорнасць смерці, разбівалася ад жалю. А можа, яму і лепш смерць, чым такая сірочая доля?
   — Няўжо ж ты, саколік, не хочаш жыць, калі гаворыш усё, што не ачуняеш? — спытала цётка.
   — Мяне сягоння мама клікала да сябе,— сказаў з нейкаю таемнасцю ў голасе Юрка,— і жыць я не хачу, толькі ведаеш, цётка, мне шкада цябе!
   Цётка нахілілася над Юркам і стала цалаваць яго, а слёзы бобам паліліся на твар хлопчыка.
   — Цётка! Ты плачаш? Ты мяне шкадуеш?
   — Не гавары ты, золатка маё, пра смерць, не думай пра яе: не міне яна нікога з нас. Табе яшчэ жыць трэба, дурненькі ты!
   — А хіба ж я там не буду жыць?
   — Будзеш, будзеш, ягадка мая!—цешыла цётка хлопчыка.— Але і на гэтым свеце трэба пажыць яшчэ, прайсці сваю дарогу, што прызначана табе... Ось я табе зеллейка напарыла — таго самага, што мы з табою, помніш, збіралі ў бярозавым лесе.
   Вочкі ў Юркі павесялелі, на губах заблукала ўсмешка: яму прыемна было ўспомніць, як яны хадзілі з цёткаю збіраць травы і зёлкі.
   Юрка ахвотна ўзяў з рук цёткі гарнушачак і напіўся.
   — Ось паглядзіш, здаровенькі будзеш,— любоўна сказала цётка.
   Юрка з уроды быў хірлявы хлопчык, а нядаўна ён прастудзіўся і заняпаў. Догляду не было ніякага, калі не лічыць таго, што калі-нікалі забяжыць да яго цётка і палечыць сваімі зёлкамі. Юрка дзень за днём гас, як тая куравая газоўка, якой бракуе газы. На першых часах хваробы яму было цяжка. Покі былі сілы падымаць ногі, ён соваўся хоць на дварэ. Смуціўся моцна хлопчык спачатку і аб сваёй хвойцы: каб меў крыллі, здаецца, паляцеў бы туды ўжываць тое свежае, чыстае і здаровае паветра, якога так не ставала тут. Бывала, як меў яшчэ крыху сілы, усцягнецца, бедны, падыдзе да акна. На вуліцы гулялі дзеці, здаровыя, вясёлыя. Толькі Юрка, як пасынак, пазіраў з душнай і цеснай хаты. Што адчувала тады гэта закінутае дзіця?
   — Ведаеш, цётка, каго мне яшчэ шкада?
   — Каго, рыбка?
   — Мне шкада хвойкі... Я памру, а яна будзе стаяць адна там, і другі хто-небудзь будзе слухаць яе гоман-гутарку...
   — Ссеклі, служка, тую хвойку, тыдзень, як ссеклі! — гаротна прамовіла цётка.
   — Ссеклі, ссеклі? — узрушана запытаў Юрка. Хлопчык змоўк. Потым узяў ён цётчыну руку і доўга-доўга трымаў яе, прылажыўшы да губ, і гарачыя слёзы паліліся на яе. Праз колькі мінуцін Юрка пачаў гаварыць з агню. Успаміналася тут і мама, і цётка, і хвойка, нават пра збан штось сказаў хлопчык. Крыху счакаўшы, ён супакоіўся і больш не ачынаўся.
   За сялом на пагорку прыбавілася яшчэ магілка. Гэта пахавалі маленькага Юрку. Над яго магілкаю стаіць крыж. Яго паставіла цётка Тарэса.

1914

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСіроты

Янка КупалаЯнка Купала - Сірочая доля

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Сірацінка

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Сірата

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа