Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Якуб Колас - Народ у трылогіі «На ростанях». Вобразы сялян-палешукоў

   Майстэрства Коласа-рэаліста, Коласа-філосафа і гуманіста, сапраўды народнага і нацыянальнага песняра, з асаблівай сілай выявілася ў створаных ім нацыянальных тыпах беларускага народа. У творчасці Якуба Коласа ўвасоблены ідэалы і памкненні, побыт і традыцыі, культура і ментальнасць нашага народа. 

   Заслуга Коласа перад нашай нацыянальнай культурай найперш у тым, што ён не абмежаваўся паказам цяжкага становішча народа, а пайшоў далей за сваіх папярэднікаў. Ён апаэтызаваў простага працаўніка, раскрыў яго багаты духоўны свет. Эстэтычны ідэал пры-гожага ён знаходзіў у рэчаіснасці і ў народзе. У трылогіі «На ростанях» (1923-1954) — першым творы нацыянальнай прозы - ён здолеў зрабіць сацыяльны зрэз грамадства пачатку XX ст., паказаў не толькі ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, іх узаемаабагачэнне, але і эвалюцыю пад уздзеяннем пераломных момантаў гісторыі. 

   Чытач «бачыць» народныя вобразы трылогіі вачамі Лабановіча.  

   Чытацкае стаўленне да таго ці іншага персанажа ў многім вызначаецца адносінамі Лабановіча да яго. Ды і сам галоўны герой інтэлігент Лабановіч выпрабоўваецца пісьменнікам адносінамі да народа ў першую чаргу. Нам перадаецца захапленне Лабановіча дабрынёй бабкі Мар'і, у вобразе якой пісьменнік увасобіў лепшыя нацыянальныя рысы беларускага народа: здольнасць зразумець бліжняга свайго, паспагадаць, дапамагчы і разам з тым супрацьстаяць злому, брыдкаму, нялюдскаму. Сваё пісьменніцкае ўсведамленне і стаўленне да народа Колас найчасцей выяўляе праз думкі, словы, учынкі галоўнага героя: «ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсці тыя добрыя словы і выразы, што ідуць ад другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны».  

   Колас — майстар дыялога. Гэтым мастацкім прыёмам ён асабліва часта карыстаецца пры абмалёўцы і стварэнні тых персанажаў, назначэнне якіх у трылогіі — паказаць іх уздзеянне на рост свядомасці Лабановіча. Размовы Лабановіча з дзядзькам Марцінам якраз і дапамаглі маладому настаўніку ўбачыць селяніна знутры.  

   Менавіта дзядзька Марцін адкрывае вочы Лабановічу на тое, што народ жыве бедна не праз сваю нядбайнасць, а таму, што не мае ўласнай зямлі, не з'яўляецца гаспадаром: «Арэндная плата павышана, а плаціць няма з чаго. І з пашаю цесна, забаронена ўсюды, толькі дзе ступіць жывёла, зараз і штраф плаці. Няма, брат, простаму чалавеку ні волі, ні разгону». У вобразе дзядзькі Марціна ўвасоблена і ўслаўлена мудрасць народная, той здаровы розум, якім заўсёды кіраваўся просты чалавек у сваім нялёгкім жыцці. 

   Каларытным вобразам дзеда Мікіты пісьменнік сцвярджае сілу беларускага народа. Дзед Мікіта вылучаецца і здзіўляе ўсіх незвычайнай сілай. Фізічная праца зрабіла палешукоў дужымі, моцнымі, вынослівымі. Са здзіўленнем слухае Лабановіч расказ пра старога Грыгора, які ў мядзведзіцы адабраў медзведзянятка і прынёс яго з лесу. «Крэпкі народ, хоць і жыве ў балотах», — думае Лабановіч.  

   Асаблівае захапленне пісьменніка выклікаюць дзяды, «аздобленыя сівізною, маршчынамі і пачэснымі лысінамі». «Гэта былі аграномы-самавучкі, тлумачальнікі розных прыгод жыцця. Яны ведалі, у які дзень, у якую нават часіну трэба выязджаць з сахою ў поле, пры якіх умовах трэба сеяць тую ці іншую збажыну».  

   У вобразах бацькі і сына Бязручак, вобразах дзяцей пісьменнік паказаў адвечнае імкненне нашага народа да святла, навукі. І не толькі імкненне, а здольнасць да яе, пашану да кнігі, друкаванага слова наогул.  

   Вялікую ролю ў паказе народа і выяўленні адносна яго пісьменніцкай канцэпцыі адыгрываюць легенды і паданні. Народ паказаны як ахоўнік вечнасці і збіральнік скарбаў, у якіх — памяць, душа народа, яго вопыт і мудрасць. Нездарма жыве ў памяці народа легенда пра Яшукову гару, у якой засведчана праўда пра жудасныя звычаі ў часы прыгону, пра вынішчальныя і спусташальныя войны з чужынцамі. Пан Яшук, з якім расправіўся народ, не быў выключэннем сярод прыгоннікаў. З гэтымі легендамі і паданнямі жыве людская мара аб волі. 

   Вобразам Цімоха Жыгі пісьменнік пераканальна паказаў, што з цягам часу мара аб волі абавязкова здзейсніцца. Калі сярод народа ёсць такія мудрыя, цвярозыя і непадкупныя, здольныя хай сабе па-куль толькі на бунт, на пратэст, то ў такога народа ёсць будучыня.  

   Пакуль што ў змаганні з Захарам Лемешам Цімох адзінокі, бо Лемешу ўдалося перад «выбарамі» адных запалохаць, другіх спаіць. Але добры пачатак — справе вянец. Цімох Жыга — першая ластаўка. «Будзе бура! Павінна быць навальніца!» — даводзіць пісьменнік і вобразам Жыгі.  

   Таленавіты, высакародны і мудры народ жыве на зямлі бела-рускай. Але жыве не па-людску. Так далей жыць нельга! Але дзе ж тая сіла, што здольна змяніць жыццё народа, вартага лепшай долі?  

   Пытанне гэтае не давала спакою Лабановічу, вырашэнню яго ён прысвяціў сваё жыццё. Вобразам Аксёна Каля пісьменнік адказаў і на галоўнае пытанне трылогіі: сіла, якая здольна змяніць жыццё народа, — у ім самім, бо сам народ і ёсць такая сіла. Колас-рэаліст выпісаў гэты вобраз пераважна рамантычнымі сродкамі. Аксён Каль - асоба моцная, выключная, незвычайная, надзеленая вялікай сілай, дапытлівым розумам, рашучасцю і смеласцю, здольнасцю арганізаваць і павесці за сабой людзей. Пра гэтага нязломнага праўдашукальніка, які сам не можа жыць спакойна, не церпіць несправядлівасці і «другіх катурхае», Лабановіч часта думае, што ён мог бы стаць «строгім пракурорам за грамадскія справы», «бязлітасным помснікам за сялянскую крыўду». Ён цвёрда верыць «у тую адвечную праўду, якую так прагна чакае народ». Аксён Каль лічыць. што сялян ашукалі кручкатворы-чыноўнікі, панскія прыслужнікі, а таму добраахвотна выступае даверанай асобай ад грамады ў спрэчках з панам Скірмунтам. І ў воласці яго ведаюць як небяспечнага для ўлад чалавека, бо ён будзіць сялянскую думку, узнімае на барацьбу з няпраўдай.  

   Абмалёўваючы гэты вобраз рамантычнымі сродкамі, не хаваючы свайго захаплення ім, пісьменнік праўдзіва паказаў і «памылкі» свайго героя, тыповыя і для сялян, і для інтэлігенцыі таго перыяду гісторыі.  

   Аксён Каль наіўна думае, што вінаватыя ва ўсім толькі чыноўнікі, і верыць у «добрага» бацюхну-цара. Каб падарваць гэтую веру, Лабановіч даводзіць да свядомасці Аксёна Каля, што цар заўсёды абараняе паноў, а таму ніякія прашэнні і хадайніцтвы сялянам не дапамогуць, пераконвае, што цар самы першы прыгнятальнік і вораг народа.  

   Вобразам Аксёна Каля пісьменнік пераканальна паказаў эвалюцыю ў свядомасці сялян, уплыў інтэлігенцыі на рост свядомасці народа.  

   У трэцяй кнізе трылогіі паказана народная ўдзячнасць інтэлігенцыі за служэнне яму. Сяляне вёскі Мікуцічы па сваім жаданні ахоўваюць нелегальны з'езд настаўнікаў. Пазней сяляне не дазволяць прыставу арыштаваць настаўнікаў: «Натоўп сялян і іхні варожы настрой да паліцыі былі прычынаю таго, што прыстаў паспяшаўся змыцца, не закончыўшы вобыску і нікога не арыштаваўшы».  

   Назначэнне жаночых вобразаў у трылогіі класічнае: рэалістычнае адлюстраванне жыцця немагчыма без «найпрыгажэйшых кветак» — жанчын. Якубам Коласам створана цэлая галерэя жаночых партрэтаў незвычайнай прывабнасці, хараства і сілы ўздзеяння на чытача.  

   Большасці жаночых вобразаў пясняр даў імя сваёй маці. Прыгадаем Ганну з «Новай зямлі». Гэта, без перабольшання сказаць, самы гарманічны, самы эстэтычны вобраз жанчыны ў беларускай літаратуры, у якім увасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны-маці, жонкі, сябра, дарадчыка, ахоўніцы сямейнага ачага і духоўнасці сям'і. Вобраз Ганны з паэмы «Сымона-музыкі» — сімвалічны вобраз Беларусі, вобраз прошчы, што дае сілы свайму дзіцяці, што здольна нават вярнуць да жыцця.  

   У вобразе Ядвісі таксама ўвасоблены пісьменніцкі ідэал дзяўчыны — беларускай дзяўчыны, на якую, сапраўды, «ніхто йшчэ каменем не кінуў», бо беларускія дзяўчаты славіліся на толькі знешнім хараством, але і самымі лепшымі якасцямі, уласцівымі нашаму народу: працавітасцю, мудрасцю, разважлівасцю, дабрынёй, жыццястойкасцю і, безумоўна, цнатлівасцю. Менавіта ў абмалёўцы вобраза Ядвісі яскрава выявіўся дар Коласа-філосафа. Ствараючы ёй фон вобразамі панны Людмілы і панны Марыны, прыгажосць якіх бачыцца нам вачамі Лабановіча, пісьменнік сцвярджае глыбока філасофскую думку, што знешняя прыгажосць толькі тады сапраўдная прыгажосць, калі яна «падсвечваецца» ўнутранай — багаццем душы і «мнагалучнасцю» натуры. A калі за знешняй прыгажосцю, «гэтай дзявочай шыльдай», няма духоўнасці, шчырасці і непасрэднасці, то самая бездакорная прыгажуня меркне побач з Ядвісяй.  

   Галоўнае ж назначэнне вобраза Ядвісі заключаецца ў тым, што каханнем і адносінамі да каханай выпрабоўваецца галоўны герой — Лабановіч. Гэта таксама класічны прыём у сусветнай літаратуры.  

   Пісьменнік правёў свайго героя праз многія выпрабаванні. Але, бадай, найбольшага эстэтычнага ўздзеяння дасягнуў, калі выявіў да ўсяго яшчэ і здольнасць свайго героя ўбачыць не толькі знешнюю, але і ўнутраную прыгажосць. Знешнюю пісьменнік назваў «дзявочай шыльдай». Знешнюю прыгажосць здольны ўбачыць усе, а ўнутраную — толькі відушчыя сэрцам.  

   Існуе справядлівая думка, што мужчына выпрабоўваецца адносінамі да жанчыны. Коласаўскі герой з гонарам вытрымлівае гэта выпрабаванне. Чыстыя, святыя і ўзнёслыя былі пачуцці Лабановіча да сваёй каханай, вочы якой гаварылі яму ўсё пра стан яе душы. Вочы яе смяяліся, а ў іх малады настаўнік чытаў сапраўдную драму душы тонкай, далікатнай, якая пакутуе ад нечага такога, пра што і расказаць нельга.  

   Вобраз Ядвісі напоўнены глыбокім філасофскім сэнсам. Чытач, уражаны сілай пачуцця (прычым пачуцця ўзаемнага), не можа змірыцца з воляй аўтара, які разлучыў «дзве палавіны», бо каханне ўзаемнае, чыстае і адначасова нязбытнае — трагедыя. Шчасце ж было так блізка, так магчыма, двое так гарманічна падыходзілі адно адна-му — чаму ж не збылося? Чаму Ядвіся так раптоўна паехала? Якой атруты, што была на дне келіха з жаданым для яе напіткам, яна так баялася і таму не захацела выпіць яго да дна?  

   Трагедыяй гэтага светлага і прыгожага кахання, вобразам Ядвісі пісьменнік нагадвае нам пра адзін з вечных законаў жыцця: за грахі бацькоў расплачваюцца іх дзеці. Адмоўны вопыт, урокі жорсткасці, бесчалавечнасці, набытыя чалавекам у сям'і, могуць не лепшым чынам паўплываць на яго душу, псіхіку і скалечыць усё яго далейшае жыццё. Забываюцца людзі пра тое, што зло, да якога яны спрычыніліся, абавязкова да іх жа і вернецца, толькі патрапіць у самае балючае і святое для іх.  

   Вопыт Ядвісі, набыты ёй ва ўласнай сям'і, скалечыў яе лёс. Бацька без пары звёў у магілу маці Ядвісі. Яна са скрухай адказала Лабановічу на камплімент, што ў яе маці таксама былі прыгожыя валасы, толькі доля нешчаслівая. На яе вачах бацька жорстка здзекваўся з мачахі, а на людзях быў прыгожым, абаяльным, з вытанчанымі манерамі. І ніхто, акрамя Ядвісі і бабкі Мар'і, якой даверыла сваю горкую тайну мачаха Ядвісі, нават і не здагадваўся, якая драма разыгрываецца ў сям'і пана падлоўчага. Але нават бабка Мар'я з яе мудрасцю і шчырым жаданнем дабра маладым не магла і падумаць, што не якія-небудзь непаразуменні, а страх Ядвісі перад «атрутай» стаў прычынай трагічнага разрыву. Страх «атруты» — страх расчаравання: а што калі і за шыльдай знешняй інтэлігентнасці, прывабнасці Лабановіча хаваецца жорсткасць і бесчалавечнасць?  

   Ядвіся робіць свядомы выбар: лепш светлы ўспамін і светлая самота па нязбытным каханні, чым горыч і боль расчаравання, што для любога чалавека заўсёды трагедыя, бо рушацца надзеі. За сваю жорсткасць і двухаблічнасць пан падлоўчы заплаціў шчасцем дачкі, бо невядома, як складзецца лёс такой тонкай і багатай натуры, як Ядвіся. Падмурак шчасця ў доме дзяцей — справы бацькоў. А справы бацькоў былі такімі, што пасеялі недавер да ўсяго добрага ў душах дзяцей і жаданне як мага хутчэй вырвацца з дому, дзе не мір і згода пануюць, а дзе чалавек знішчае бліжняга свайго.  

   Вельмі настойлівы пісьменнік-філосаф у сваім перакананні, што бацькі адказныя перад дзецьмі за свае добрыя і злыя справы, за свае грахі. У другой кнізе ён зноў звяртаецца да гэтай праблемы і вырашае яе праз вобраз старожкі Ганны, маладой яшчэ, але вельмі непрыгожай абліччам жанчыны. Знешнасць яе таксама бачыцца вачамі Лабановіча, які ўспрыняў выродлівасць няшчаснай жанчыны як «праклён за грахі бацькоў сваіх»: маленькія вочкі і бязносы твар былі «сапраўдным няшчасцем жанчыны». У яе абліччы — усе выявы спадчыннага сіфілісу. З яе нядолі нярэдка скарысталіся бяздушныя людзі. Ганна не магла заступіцца за сябе, а больш не было каму. Яна зацяжарала ад настаўніка, які працаваў у гэтай школе да Лабановіча, і жыла ў вялікім страху, што новы настаўнік прагоніць яе са школы, пазбавіць працы, а значыць і кавалка хлеба. Якім жа вялікім было яе здзіўленне і бязмерная ўдзячнасць, калі не толькі не звольніў, а выплаціў ёй грошы за ўсе летнія месяцы, чаго ніколі не было раней. Папярэднік Лабановіча заўсёды забіраў гэтыя капейкі сабе, адбіраў, як у народзе кажуць, у жабрака апошняе.  

   Здавалася б, нічога асаблівага ва ўчынку Лабановіча няма, бо ён зрабіў толькі тое, што павінен быў зрабіць кожны, і так, як трэба, па-людску. Але, на жаль, у жыцці не заўсёды так бывае. Пісьменнік, рэалістычна паказваючы жыццё, выпрабоўваў свайго галоўнага героя чалавечнасцю, здольнасцю паспагадаць няшчаснаму, дапамагчы ў бядзе, ствараў яму фон з вобразаў, што ўвасабляюць бесчалавечнасць, абыякавасць да пакут іншых.  

   Назначэнне вобраза старожкі Ганны — не толькі паказаць трагічны лес жанчыны, бяспраўнае яе становішча, але і ўславіць чалавечнасць Лабановіча, яго адданасць народу, здольнасць на канкрэтныя справы для канкрэтнага чалавека. Любіць усё чалавецтва могуць усе, дапамагчы няшчаснаму, прыніжанаму, абдзеленаму, помніць заўсёды «пра лес разуты», як вобразна сказаў Рыгор Барадулін, здольны не кожны.  

   Галоўнымі мастацкімі прыёмамі стварэння вобраза бабкі Мар'і, якім услаўляецца мудрасць народа, яго духоўнае багацце і прыгажосць, з'яўляюцца дыялог і выпрабаванне гераіні адносінамі да іншых людзей, найперш да Лабановіча. У адказе бабкі Мар'і на пытанне настаўніка, дзеля чаго чалавек жыве на свеце, не «абмежавана-прымітыўны». як лічаць некаторыя крытыкі, погляд «на стан рэчаў», а глыбокая мудрасць, бо на гэтае пытанне не далі адказу самыя дасканалыя філосафы за ўсю гісторыю існавання чалавецтва. Магчыма, сапраўды, сэнс жыцця — у ім самім, як шчасце — гэта само па сабе жыццё, якім бы нялёгкім і пакутлівым яно ні было. І сэнс жыцця кожны вызначае па-свойму. І не ў словах выяўляецца па-сапраўднаму чалавечае ўсведамленне сэнсу жыцця, а найперш у справах. Справы бабкі Мар'і якраз і выяўляюць яе ўласнае ўсведамленне сэнсу жыцця: паспагадаць, паспрыяць, дапамагчы чалавеку, калі таму кепска, умець радавацца прыгожаму і людскаму і не пускаць у сваю душу нялюдскае, злое. Так жыве бабка Мар'я. І хіба гэтага мала?  

   Выжыць у тых умовах і застацца чалавекам, жыць у добрай згодзе са сваім сумленнем і з людзьмі здольны мудры, моцны і прыгожы, а не з «прымітыўна-абмежаванымі поглядамі» чалавек. Свае адносіны да таго ці іншага героя чытач вывярае адносінамі Лабановіча. 

   Адносіны ж Лабановіча да бабкі Мар'і не проста паважлівыя — ён любіць і захапляецца сілай і духоўнай прыгажосцю гэтай простай, неадукаванай жанчыны. А для нас адносіны Лабановіча яшчэ і ўрок, прыклад таго, як уважліва і паважліва трэба ставіцца да людзей.  

   Паказваючы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, сцвярджаючы думку пра адзінства лёсу народа і інтэлігенцыі, Якуб Колас дасягае пераканальнасці і праз вобраз Волыі Віктараўны Андросавай. Гэта таксама тыповы вобраз новай жанчыны, якая пад уздзеяннем рэвалюцыйных падзей адчула ў сабе сілу, каб змяніць не толькі сваё жыццё, але і павесці за сабой іншых. «Многа рэвалюцыйнага запалу ў гэтай смуглай дзяўчыны», «гараць яе вочы», калі яна даводзіць Лабановічу, што царскаму ўраду ў руска-японскай вайне трэба жадаць паражэння, а не перамогі, бо паражэнне царызму паслабіць яго і паскорыць рэвалюцыйныя працэсы.  

   Безумоўна, гэты вобраз таксама неадназначны. Прываблівае энергія, незакамплексаванасць, шчырасць і непасрэднасць Вольгі Віктараўны. Бескампраміснасць, нецярпімасць да не такіх, як у яе, меркаванняў не проста насцярожваюць. Вобраз Вольгі Віктараўны — яркі і пераканальны доказ таго, як пад уздзеяннем часу і падзей можа змяняцца жаночая ментальнасць, як знікалі многія адвечна жаночыя якасці, і найперш сама жаноцкасць. Наступствы гэтых змен мы ў поўнай меры адчуваем у нашым грамадстве і сёння. Эмансіпацыя жанчын, на жаль, мае і свае адмоўныя выявы.  

   Пераканальна, па-мастацку, без маралізавання, не навязваючы сваіх поглядаў, адлюстраваў Якуб Колас «родныя з'явы» ў вызначальныя моманты гісторыі. Каб мы самі думалі і разважалі, адхілялі нялюдскае і ўзбагачалі свае душы прыгожым.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!