Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Якуб Колас - Маці

Непрыветна цераз вокны
   Ночка пазірае.
Ціха ў хаце. Ўся сямейка
   Спіць, адпачывае.

Натрудзіўшы добра рукі,
   Натаміўшы плечы,
Толькі маці з вераценцам
   Туліцца пры печы

Ды прадзе, прадзе кудзельку.
   Скача вераценца,
А за ім густыя цені
   Бегаюць па сценцы.

 

 * * *

На камінку гарыць корчык,
   Злотам іскры скачуць.
За аконцам вецер ходзіць,
   Глуха вербы плачуць.

Зябнуць вербы на марозе,
   Тулячыся к стрэсе.
Снегам вецер сыпле ў дзверы,
   Ходзіць шум па лесе...

I пад гэты шум трывожны
   Думае старая,
А ўслед думкам неспакойна
   Вецер падпявае.

 

 * * *

I ўсё ўстала прад вачыма
   Беднае кабеты:
Маладыя дні дзяціны,
   Дзявочыя леты,

Радасць жыцця і нягоды,
   Сваркі, трасяніна –
Ўсё, чым жыцце напаткае
   Ў цяжкую часіну.

Ўсё прыпомнілася беднай, –
   Горка, цяжка стала,
Галаву набок схіліла,
   Прасці перастала.

 

 * * *

Вось і муж усплыў на думу –
   Рана смерць скасіла!
Добрых дзетак ён пакінуў –
   Без пары магіла!

Жыў ён бедна. Спадзяваўся
   Свой прыдбаць куточак,
Хату вывезці, зямелькі
   Прыкупіць шматочак,

Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
   Жыцце пад'ярэмна...
Ды не выйшаў з-пад няволі,
   Біўся век дарэмна!

 

 * * *

Гасне корчык на камінку,
   Пацямнела ў хаце,
Поўнач пеўні пракрычалі,
   Але не спіць маці.

Цягне нітку. Вераценца,
   З рук упаўшы, грукне,
Ды нясмела, як убогі,
   У дзверы вецер стукне.
 
Думкі думку падганяюць,
   Не даюць спакою,
Ўсё лятаюць над кабетай
   Нуднай чарадою.

 

 * * *

Уздыхнула цяжка маці,
   Аб сынку гадае,
Што ў астрозе, ў паняверцы
   Кару адбывае.

I за што? У толк не возьме
   Бедная кабета
Ні законаў гэтых мудрых,
   Ні парадкаў свету.

Вецер вые за вугламі,
   Ў коміне галосіць.
Куды толькі думка тая
   Матку не заносіць!

Зябнуць вербы на марозе,
   Глуха лес гамоніць.
Думка думку выклікае,
   Думка думку гоніць.

1908


Аналіз верша:
   Трагедыя працоўнага чалавека, асуджанага на пакуты, раскрываецца ў вершы Якуба Коласа «Маці». Перад намі змрочны пейзаж зімовай ночы, і на гэтым фоне вобраз маці-працаўніцы – добрай, шчырай, спагадлівай жанчыны-пакутніцы. У ціхім смутку сядзіць яна, адзінокая, паглыбленая ў свае думы, і «прадзе кудзельку». У яе памяці ўсплывае мінулае: дзяцінства, дзявочыя леты. У думках-успамінах маці яшчэ раз перажывае сваё жыццё, далучаецца да сваіх родных. Колькі гора спазнала яна і як мала бачыла радасці! Заўчасная смерць мужа-батрака, пакуты сына-астрожніка – усе нягоды яе ўласнага лёсу і лёсу блізкіх, родных ёй людзей зліваюцца ў адну суцэльную карціну бязрадаснага сялянскага жыцця. Алавяданне вядзецца ў спакойным эпічным тоне, але яно сагрэта аўтарскай думкай, глыбокім пачуццём замілавання да гераіні, яе высокай чалавечнасці і самаахвярнасці. Прырода сугучна душэўнаму настрою маці, яе пачуццям («вецер вые за вугламі, ў коміне галосіць», «у след думкам неспакойна падпявае», «...вербы плачуць», «зябнуць на марозе», «глуха лес гамоніць»). Пейзажныя вобразы дапамагаюць глыбей адчуць гора маці, сілу яе цярпення і спачування аўтара, яго боль.
   Верш «Маці» – эпічны па свайму стылю. Ён адносіцца да апавядальнай лірыкі Якуба Коласа, дзе, апрача аўтара-апавядальніка, героем выступае лірычны персанаж.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!