Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Якуб Колас - Дзеравеншчына

Увага! Поўны змест

   Як яно будзе далей, сказаць трудна. Скарэй усяго, што кепска; і сам Міхалка так думае, стоячы на каленках па некалькі разоў на дзень.
   Ён ужо кінуў і жаліцца сабе самому на сваю долю і пакорна згінаў калені ў куточак. І гэты куточак стаўся яму нават блізкі, як-бы родны. Ды яно і не дзіва: тое месца, дзе ронім мы першыя слёзы і пакідаем частку сябе саміх, становіцца дарагое для нас. А ў гэтым кутку Міхалка многа чаго перадумаў. І адзін толькі ён, гэты куток, знаў усе яго думкі, бо пагаварыць тут няма з кім.
   Ох, гэты горад! На пакуту сюды ўзялі малога Міхалку. А горш за ўсё, дык гэта тое, што ніхто тут яго не шкадуе, ніхто за яго не закіне слова. А часамі выскачыць ён на двор, куды забяжыць знячэўку які сабака, можа такі самы непрыхільнік у горадзе, як і сам Міхалка, — каб хоць з сабакам адвесці душу. І толькі пачне Міхалка заводзіць знаёмства з ім, кінуўшы яму перад гэтым кусочак хлеба (а хлеба, не ўкраўшы, не возьмеш), як ужо братавая барабаніць рукою ў шыбу.
   Міхалка ўжо ведае, што яму рабіць: ідзе ў хату і займае свой куточак, становячыся на калені. Сам Міхалка, калі хто выпадкам запытае, чаго ён стаіць на каленках, тлумачыць так: я яшчэ — «дзеравеншчына», не знаю гарадскіх парадкаў і кепска трымаю сябе. От з мяне і выбіваюць «дзеравеншчыну».
   — А ты любіш вёску, паехаў-бы туды?
   Раней, чым адказаць, Міхалка баязліва азірнецца і ціханька скажа:
   — Паехаў-бы.
   Праўда, Міхалка нядаўна прыехаў з вёскі. Але гэта толькі гаворка адна—«прыехаў». Проста забралі яго сюды—і ўсё, бо дома не было дзе дзецца. Бацька памёр, маці памёрла, от і забралі яго сюды. Цяпер ужо нічагутка—прывык; але спачатку дык было надта кепска. Сядуць, бывала, за стол. На маленькім століку каля дзвярэй стаіць самавар: скавыча ён на ўсе галасы або пішчыць, як тая свіння ў плоце, аж пара з яго верне. На стале стаіць масла; тут-жа ў місцы ляжаць цэлыя кавалкі мяккай і белай булкі і такая, на яе ліха, цікавая, што Міхалка не можа адарваць ад яе вачэй.
   — Чаго ты ўтаропіўся, як воўк на парасё?
   Міхалка спускае вочкі і бярэцца за гарачую шклянку і тут-жа борздзенька адрывае ад яе апечаную руку. Шклянка з гукам кідаецца на сподак. Чай, як-бы яго чэрці таўхануць, разліваецца па стале і на порткі Міхалку. Міхалка хватаецца з крэсла і стаіць, расставіўшы рукі.
   — Свінюк ты! — чуе ён сярдзіты голас брата.
   — У карыце трэба цябе карміць, — дадае братавая.
   Згарэў-бы ты лепей, гэты чай і гэта булка, якая ўжо цяпер і ў рот не лезе Міхалку.
   А калі абходзіцца без таго ліха, то, выпіўшы шклянку, Міхалка павінен быў падзякаваць. Тут зноў не заўсёды абходзілася шчасліва. Заміж «благодарю», ляпне Міхалка ні к сялу ні к гораду «дзякую».
   Што за «дзякую»?!.
   Міхалка чуе, што вушы яго чырванеюць. Яму неяк сорамна сказаць «благодарю», — здаецца, усе яго на смех падымуць.
   Але ўсё гэта было раней. Цяпер ён навучыўся казаць «благодарю» і «благадарыць» і калі трэба і калі не трэба. Ды зноў-жа, з адным «благодарю» на свеце не пражывеш: — зноў знойдзецца якое-небудзь ліха. А што гэта ліха не зводзілася, то можна было бачыць хоць-бы і з таго, што Miхалка па колькі разоў у дзень стаяў на каленках.
   То скажаш не так, то ступіш не гэтак, і за усе пападала то вушам, то каленям. Дайшло да таго, што Міхалка маракаваў на вушы і калені. Няхай-бы былі сабе дзірачкі ў галаве, але на чорта былі яшчэ гэтыя храсткі? Або ногі? ці не лепш было-б, каб яны не згіналіся? Тут Міхалка прабаваў хадзіць, не згінаючы ног.
   Выходзіць, што можна. Найгорай было яму вясною і летам, калі сіняе неба ласкава звесіцца над зямлёю, як маці над калыскаю, дзе ляжыць яе любое дзіцятка. А гэтыя хмурынкі! Хто іх ведае, адкуль яны павыпаўзаюць і куды ідуць так згодненька, такія мілыя ды прыветныя. От-бы ўзяў ды сеў на іх і паплыў-бы разам з імі, каб толькі далей быць адгэтуль. Сонейка так хорашанька заглядае ў вокны. У садку шчабечуць птушкі. Верабейчыкі з вясёлым чырканнем снуюць у паветры.
   Міхалка доўга пазірае ў акно. У канцы у яго не хапае сілы працівіцца кліку вясны, і ён, азірнуўшыся, каб яго не затрымаў хто, ціха выходзіць на двор.
   Прытуліўшыся дзе-небудзь каля вугла, доўга стаіць Міхалка. У гэтыя мінуты ён нічога не думае. ён толькі чуе, як прыемнае цяпло песціць яго маленькае цельца. І добра так і радасна на сэрцы. А што робіцца на душы, то гэтага і не скажаш. Толькі часамі замігацяцца родныя з’явы далёкай вёскі, дзе Міхалку так вольна жылося, і сэрца неяк ападзе, калі ўспомніць ён сваё тут жыццё. Там, на вуліцы, чуваць, як тупаюць па тратуарах ногі, як грукаюць капытамі па бруку коні, як шуміць і гудзе многагалосны горад.
   Доўга стаіць так Міхалка. Потым, ні з таго ні з сяго, захочацца прабегчыся, і ён, як куля, рванецца на двор, ганяецца за верабейчыкамі, покі братавая не крыкне на яго. каб ішоў забаўляць Лідачку.
   Усе чары прападаюць у яго душы, і, уздыхнуўшы, нехаця пляцецца ён у хату. А тут яшчэ горай апануюць яго думкі, яшчэ мацней пацягне яго на двор, яшчэ з большаю сілаю, яшчэ ярчэй устануць прад вачыма дзіўныя малюнкі роднай вёскі.
   Дом, дзе жыў Міхалка, стаяў на краю горада. Глухаватая вуліца, наабапал якой ляпіліся дзеравяныя домікі, скора выхадзіла за горад, у поле. Міхалка не адзін раз выбягаў на гэту вуліцу і нюхам вясковага чалавека ўгадваў, што недалёка тут павінна быць поле. Раз ён, выбегшы на вуліцу, адышоўся ад дому. Тут ён ужо не мог стрымацца і пабег да таго ўзгорка, што вясёла пазіраў жоўтым скатам сваіх пяскоў. Міхалка ўзляцеў на гэты ўзгорак. Унізе рассцілаўся горад з блішчастымі вежамі цэркваў і касцёлаў. То там, то сям высока ў небе тырчалі трубы фабрык і заводаў, распускаючы па ветры доўгія хвасты чорнага дыму. А з другога боку раскінулася поле, чарнеўся лес і вясёлыя пералескі, а там, яшчэ далей, чуць-чуць выступалі з сіняватай смугі стрэхі сялянскіх хат. І так моцна пацягнула Міхалку туды, што аж душа яго млела. 1 так ярка прыпомнілася яму свая вёска, што, каб меў крыллі, то ўзняўся-б і паляцеў-бы. Міхалка ўсё цікаваўся ў адзін бок. Там, здавалася яму, павінна быць дарога да роднай вёскі. Божа мой! як добра ў вёсцы! От Міхалка стаіць тут, на гэтым узгорку, а яна вось-вось, здаецца тут, перад самымі яго вачыма. 1 так ясна, як цяпер, не бачыў ён яе і тады, калі жыў у ёй. Вось высокі касагор над самым Нёманам. Пад гэтым касагорам стаяць пахіленыя старыя вербы, дзе так многа было калісь ракаў. Там ляжыць зялёны луг, а за лугам цягнецца высокі і заўсёды пануры лес. Гэтага лесу Міхалка калісь баяўся. Асабліва нешта страшнае і непрыветнае прыдаваў яму густы алешнік, што зялёным доўгім валам цягнуўся каля самага лесу. Цяпер-жа гэты лес быў такі мілы і жаданы, што каб прымеў, то абняў-бы яго і цалаваў. Міхалка так задумаўся, што не чуў, як да яго падышоў брат.
   — Чаго ты тут, шыбельнік? — спытаў брат і крэпка пацягнуў Міхалку за вуха.
   Міхалка задрыжэў увесь, як злоўлены праступнік.
   — Пайшоў дадому!
   Хлопчык, прылажыўшы руку да вуха, якое быццам гарэла на агні, пабег дамоў, не смеючы зірнуць у бок.
   За самавольства забаранілі яму гуляць на дварэ. Але Міхалка не абразуміўся.
   Куды тамі Ён задумаў такую рэч, што ўсе дзівіцца будуць. А покі што ціхачом ён рыхтаваўся споўніць тое, што задумаў. У самы глухі куток пад ложкам, дзе нават венік служанкі іх, Насты, рэдка калі зазіраў, складаў Міхалка розныя прыпасы на дарогу, бо Міхалка задумаў уцякаць адгэтуль. Тут ён запасіў з восем кусочкаў цукру, акрайчык хлеба з асушкам. Праўда, хлябок высахне, але Міхалка знойдзе ў дарозе крынічку і размочыць яго. Усе гэтыя прыпасы ляжалі на газеце, якую Міхалка цішком узяў са стала. Разам з гэтымі прыпасамі ляжаў мячык і чалавек з гумалястыкі, у якога трэба было толькі дзьмухануць, каб ён загукаў, як жывы. Усё гэта Міхалка адкраў ад Лідачкі. Мячык і чалавечка ён дасць сваім сябрам, бо хто-ж ідзе з горада без гасцінца? Асталося толькі пашыць торбачку, каб забраць увесь скарб з-пад ложка. А там... ад адной гэтай думкі лёгка рабілася на сэрцы.
   А наўперад ён яшчэ па дарозе зойдзе ў тую вёску, дзе яго брат служыў летась. У гэтай вёсцы Міхалка згубіў многа грошай—капеек пятнаццаць медзякамі. А знайсці іх лёгка, бо Міхалка, як цяпер, бачыць тое месца, дзе згубіў іх; не знайшоў-жа іх тады затым, што скора перабіраліся ў горад і не было калі пашукаць, як належыць быць.
   Доўга не мог заснуць Міхалка ў суботу вечарам перад Сёмухай: заўтра рана, досвіта, выберацца ён у дарогу. У тых думках, што цяпер мітусіліся ў яго галаве, трудна было разабрацца... Э, ды што!
   Устане і пойдзе: пойдзе перш да таго ўзгорка, адкуль ужо лёгка папасці на дарогу... Скарэй-бы толькі заснуць ды ўстаць заўтра раней. Міхалка плюшчыў вочы, але сон, як сумысля, не ішоў да яго, і толькі можа пад поўнач заснуў Міхалка. Не гледзячы на гэта, устаў ён ранютка, асцярожна падняў галоўку, разгледзеўся, прыслухаўся. Брат і братавая спалі; нават гэта жаба, Лідачка, і тая не рушылася. Ціханька адзеўшыся, Міхалка павольненька выцягнуў сваю торбачку, у якую яшчэ з вечара злажыў ён усе свае рэчы) Прыгатаваўшыся, як мае быць, ён яшчэ раз азірнуўся і, трасучыся ўвесь, падкраўся да дзвярэй і ўзяўся за ключ. Павярнуў раз і абамлеў: ключ, на яго ліха, так загрымеў, што напэўна ўсе абудзіліся. Са страху Міхалка выпусціў з рук торбачку. Усё было ціха. Відаць, ніхто не чуў. Узяўшы торбачку, Міхалка ціха скрыпнуў дзвярыма і вышаў на двор.
   Не ведаю, ці на дабро ці на няшчасце Міхалкі вароты на дварэ былі замкнёны; агарожа-ж была такая высокая, дашчаная, што ўляпіцца было недзе. Колькі мінут Міхалка хадзіў на двар, шукаючы пералазу. І не думаў ён ніколі, што гэтае здарэнне папсуе яму ўсю справу! Можа-б і пералез як, але, на бяду, трэба было якраз выйсці на двор яго брату!
   Міхалка думаў, што ўжо яму цяпер будзе канец — так крэпка лупіў яго брат.
   І што ты зробіш, калі не шанцуе? Міхалка, як і наўперад, жыве ў горадзе і толькі тым і цешыць сябе, што тады, напэўна, будзе яму палёгка, як выб'юць з яго «дзеравеншчыну».

1913 г.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!