Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Трылогія «На ростанях». Вобраз Лабановіча. Духоўны свет, маральная высакароднасць героя

   Вялікая заслуга Якуба Коласа ў стварэнні шырокага панарамнага палатна, у якім — «адбітак родных з'яў» і лесу нашага народа ў адзін з самых пераломных момантаў гісторыі. Але яшчэ большая яго заслуга ў тым, што ўпершыню ў гісторыі беларускай літаратуры галоўным героем такога буйнога твора стаў інтэлігент. Ды які інтэлігент! Літаратуразнаўцы і крытыкі не раз канстатуюць той факт, што нават самым таленавітым творцам лепш удаюцца адмоўныя персанажы як увасабленне носьбітаў зла, якімі пісьменнікі, «адмаўляючы, сцвярджаюць».  

   Што ж, і адмаўляючы, можна і трэба сцвярджаць. Вялікая сіла ўздзеяння на чытача таленавіта выпісанага адмаўлення. Але намнога большага ўздзеяння дасягае творца, калі, сцвярджаючы, сцвярджае. Калі стварае вобраз, здольны стаць эстэтычным ідэалам для чытача.  

   Па сіле ўздзеяння на чытача сваёй прыгажосцю, маральнай высакароднасцю ўпоравень з вобразам Лабановіча стаяць, бадай, вобразы інтэлігентаў Алеся Загорскага («Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча) ды Мароза Алеся Іванавіча (аповесць Васіля Быкава «Абеліск»).  

   Нагадаем і яшчэ адну заслугу Якуба Коласа ў стварэнні вобраза інтэлігента Лабановіча. Вобраз гэты выпісаны не рамантычнымі, а выключна рэалістычнымі мастацкімі сродкамі, чым дасягаецца эфект блізкасці да нас ідэала пры ўсёй яго ўзвышанасці. Ён зямны і рэальны, яго вышыня на ўзроўні неабходнасці і дастатковасці, якой, калі пастараемся, можам дасягнуць і мы. Ён жыве тымі ж клопатамі, што і мы. Тымі, ды толькі не так, як мы... Любімым мастацкім прыёмам Коласа-рэаліста з'яўляецца правядзенне свайго героя праз многія выпрабаванні, большасцю з якіх, падкрэслім гэта, выпрабоўваліся ці абавязкова будзем выпрабоўвацца ўсе мы.  

   Найперш Якуб Колас выпрабоўвае свайго героя адносінамі да народа і Радзімы. Пра стаўленне Лабановіча да простага люду сведчаць не толькі дыялогі з а. Кірылам, калі ён палымяна даводзіць, што ў тым адмоўным, якое хай сабе і ёсць у мужыку, вінаваты не ён сам, а бесчалавечныя абставіны, вінаваты паны. Сведчаць таксама паважлівыя адносіны Лабановіча да людзей, з якімі жыве побач, да бабкі Мар'і, напрыклад. Яе думкі цікавяць яго, а ўчынкі — наогул захапляюць маладога настаўніка шчырасцю і чалавечнасцю.  

   Выключна ўсё ў вобразе Лабановіча вызначаецца адзінай мэтай, ад якой ён не адракаецца нават пад пагрозай небяспекі. Ён марыць змяніць да лепшага жыццё тых, каго ён любіць, каго лічыць вартым годнага і людскага жыцця. Менавіта гэтая мэта вызначае і выбар яго прафесіі — шлях, якім можна было паслужыць народу і Бацькаўшчыне. Мастацкая каштоўнасць гэтага вобраза да ўсяго яшчэ і ў тым, што ён выпісаны ў эвалюцыі. Спачатку Лабановіч лічыў, што шлях народа да лепшай долі ляжыць праз асвету. Таму і стаў ён настаўнікам, цалкам прысвяціўшы сябе дзецям. Настаўніцкае крэда Лабановіча — «абуджаць крытычны розум дзіцяці», вучыць так, каб да ўсяго падыходзілі свядома, каб стараліся дазнацца прычын любой з'явы. Гэты падыход не страціў сваёй актуальнасці і сёння. Гэта адзін з прынцыпаў сучаснай дыдактыкі.  

   Няма іншага шляху служэння народу ў мірны час, як сумленная праца і прафесіяналізм у той справе, якую робіш. Лабановіч усім нам дае прыклад сумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў настаўніка. У працы выяўляюцца лепшыя яго якасці як чалавека і інтэлігента: розум, дасведчанасць, прага прафесійнага росту, любоў да дзяцей, павага і спагада, дабрыня і шчырасць. І вынік быў: яго вучні лепш за вучняў з іншых школ вытрымалі экзамены. Здавалася б, так, як шчыраваў Лабановіч на духоўнай ніве — норма. Але так, на жаль, не было паўсюдна. Каб узвысіць свайго героя, Колас не раз карыстаецца прыёмам кантрасту, ствараючы Лабановічу фон з саханюкоў, панямонскіх «інтэлігентаў», якія ў сваёй працы бачылі толькі сродак існавання ці нават нажывы (Саханюк за напісанне ліста браў з салдатак плату салам).  

   Мы пастаянна бачым Лабановіча ў яго настаўніцкіх клопатах: вось далёка за поўнач рыхтуецца ён да ўрокаў; вось ён едзе ў суседнюю вёску, каб павучыцца ў больш вопытнага калегі (і пераконваецца, што ў таго вучыцца няма чаму); вось стрыжэ вашывых дзетак; вось купляе беднай сіраціне кашульку; вось збірае на лекцыю і дарослых... Любоў да народа, Радзімы, яе прыроды, нагадвае нам гэтым вобразам Колас, павінна быць дзейснаю. Мы не знойдзем на старонках трылогіі слоў, якімі Лабановіч пераконвае сваіх вучняў, каб яны любілі прыроду. Але мы бачым, як настаўнік з дзеткамі саджаюць дрэўцы. Дарэчы, у гэтага эпізода жыццёвая аснова, як у трылогіі — аўтабіяграфічная.  

   Якуб Колас, ужо будучы знакамітым пісьменнікам, пісаў лісты люсінцам (настаўнічаў пасля семінарыі ў вёсках Люсіна і Пінкавічы на Палессі) і пытаўся: «Дарагія мае люсінцы, як там растуць нашы дрэўцы, якія мы саджалі з вучнямі?»  

   Герой Коласа не статычны. Ён жыве, разважае, дзейнічае, памыляецца, пакутуе, расчароўваецца і зноў устае — зноў дзейнічае! Горка ўсведамляць яму, што яго шчыраванне ніколькі не змяніла да лепшага жыццё дарагіх яму людзей. Яны як жылі ў брудзе і нястачы, так і жывуць. У родных сваіх Мікуцічах ён прапануе асушыць балота і зрабіць грэблю, але і гэты праект яго застаўся нерэалізаваным.  

   Дзядзька Марцін доказна давёў яму, што праект сам па сабе варты ўвагі, але нерэальны, бо зямля вакол — панская, не народная.  

   Сапраўднай рэвалюцыяй у свядомасці Лабановіча было вычытанае ў нелегальнай брашуры, што найпершы памешчык-землеўладальнік і вораг народу — цар, ад якога спагады і дапамогі чакаць нельга.  

   Адносіны з рэвалюцыянеркай Вольгай Віктараўнай Андросавай паднялі яго яшчэ на адну прыступку лесвіцы да ісціны. Аказваецца, у руска-японскай вайне, калі жадаеш волі народу, не перамогі, а паражэння трэба жадаць...  

   Людзі бачылі ў настаўніку свайго дарадчыка, саюзніка, таму і сход, дзе абмяркоўвалася тактыка барацьбы з панам Скірмунтам за затокі, правялі не дзе-небудзь, а ў школе. Праўда, і на гэты раз, жадаючы дабра людзям, Лабановіч па сутнасці стрымаў іх гнеў і тым самым дапамог і пану, і паліцыі.  

   Ізноў настаўнік на раздарожжы, на ростанях, у роздуме: якім жа шляхам ісці да вызначанай мэты, ад якой ён, наперакор усім няўдачам і нягодам, не адступіўся, не адрокся? Небяспечны і рызыкоўны выбірае ён шлях — шлях рэвалюцыянера. Але і тры гады турэмнага зняволення не пераканалі яго ў няправільнасці абранага шляху, бо не вынішчылі ў ім самае галоўнае і святое пачуццё — любоў да людзей і Бацькаўшчыны, палкае жаданне бачыць іх вольнымі і шчаслівымі. Модная, незвычайная натура і адначасова зямная і рэальная.

   Вялікае назначэнне ў выражэнні ідэі твора наогул і ў стварэнні вобраза інтэлігента Лабановіча старонак аб панямонскай «інтэлігенцыі». Пісьменнік-рэаліст не толькі адлюстраваў праўду жыцця і паказаў, што ў ім ёсць белае і чорнае, высакароднае і нізкае, ёсць інтэлігенты і лжэінтэлігенты. У рэвалюцыі 1905 г. удзельнічала і ўнесла свой дастойны ўклад самая здаровая і свядомая частка інтэлігенцыі. Адлюстраваўшы гістарычныя падзеі, Колас сцвердзіў думку пра адзінства лёсаў народа і інтэлігенцыі.  

   Пісьменнік выпрабаваў свайго героя да ўсяго яшчэ і спакусамі, «балотам», «смуродам местачковага балота». І трэба зазначыць, што тое выпрабаванне было самым цяжкім на шляху Лабановіча, бо ён нават «укачаўся» ў бруд гэтага балота: прайграў і праматаў за адну ноч усе грошы, заробленыя нялёгкай працай за год! А грошы тыя ён вёз маці і дзядзьку Марціну, якія марылі купіць зямлю. Аднак гэтым пісьменнік паказаў зусім не слабасць Лабановіча, а сілу «балота», кал і яно здольна было хоць на нейкі момант прыцягнуць (не ўцягнуць, не!) нават такіх моцных духам і розумам, як Лабановіч. Ён здолеў «адчуць смурод местачковага балота» і вырвацца з яго, заплаціўшы, безумоўна, за адзін з галоўных ўрокаў у сваім жыцці. «Самае галоўнае — не страціць усведамлення ўласных памылак», — вось вынік таго ўрока, афарыстычна і дакладна сфармуляваны самім Лабановічам.  

   Гэта коласаўская мудрасць і яго ўрок усім нам, яго папярэджанне, што лепш балота абысці, бо не ўсе мы такія моцныя і стойкія, як Лабановіч, не ўсе адразу здольны адчуць «смурод балота», а калі і адчуем, то можа быць позна: яно засмокча і праглыне. Філасофія пісьменніка і тая мастацкая сіла, з якой яна рэалізавана, вельмі актуальныя сёння, калі спакусаў і «балот» на шляху маладых намнога больш, чым на шляху Лабановіча. З кім павядзешся — ад таго набярэшся. У Панямонь лепш не завітваць, балота — абысці!  

   «Намацаць галінамі сонца», адрынуць злое, вучыцца ў добрага (нагадаем, што акорднымі ў эвалюцыі светапогляду Лабановіча былі ўзаемаадносіны з Аксёнам Калем, у вышку якіх ён зразумеў: сіла, што зменіць жыццё народа, — сам народ), смела і настойліва ісці па дарозе, свядома выбранай самім, можа толькі модная Асоба. Такой Асобай і з'яўляецца сапраўдны інтэлігент Лабановіч. Ён дае нам урок, як, жывучы зямнымі клопатамі, застацца Чалавекам і нават «намацаць галінамі сонца», сілай сваёй душы павесці за сабой іншых.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!