Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Новая зямля - Пытанні да раздзелаў "Леснікова пасада" і "Раніца ў нядзельку"

   1. Танальнасць першай часткі лірычная, малітоўная. Аўтар з замілаваннем апявае родны кут, філасофскі асэнсоўвае жыццё.
   2. Увесь змест першага раздзела нагадвае пачуцці паэта, паказаныя ў вершы "Родныя вобразы". Гэта — глыбокі смутак чалавека, змучанага няволяй, адарванага ад мілага роднага кута. Эпітэты "мілы" і "родны" паэт выкарыстоўвае ў абодвух творах.
   3. Лірыка-філасофскі роздум аўтара пра жыццё мы бачым у наступных радках:

О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, —
К вясне маёй хацеў вярнуцца.

   Лірычнае адступленне Якуба Коласа ўражвае сваёй непасрэднасцю і сілай пачуццяў, звернутых да роднага краю, вясны свайго жыцця — маладосці.
   Выказванні паэта таксама маюць і філасофскі характар, нясуць мудрасць народа — "ніхто з граніц сваіх не выйдзе, з законаў, жыццём напісаных, або на дол сыдзе ў туманах".
   4. Вобраз радзімы ўзнікае з першых старонак паэмы. Ён складаецца са шматлікіх пейзажных замалёвак, у якіх раскрываецца прыгажосць роднага краю.
   Адна за другой ажываюць цудоўныя карціны прыроды, і мы разам з паэтам углядаемся ў гэтыя краявіды. Паэт з вялікім замілаваннем успамінае прасторы палёў і лясоў, бераг Нёмана і леснікову пасаду, дзе прайшло яго дзяцінства:

Вось як цяпер, перада мною
Устае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузеньккая ложа
I елка ў пары з хваіною...

   Ажываюць пакорныя сіле мастацкага слова цудоўныя малюнкі беларускай прыроды: гамоніць "стары, высокі лес цяністы", дзе "верх асіны круглалісты сплятаўся з хвоямі, з дубамі", "гнуцца, гойдаюцца травы, як пройме ветрык іх ласкавы", шэпчуцца "краскі між сабою, нібы дзяўчаткі маладыя", а "птушкі голасна і здольна смяюцца мілым шчабятаннем і поўняць луг сваім спяваннем".
   Родны край паўстае перад паэтам ва ўсёй сваёй прыгажосці. Паэт любуецца зялёным лугам, які "абапал Нёмна рассцілаўся" ды "йшоў квяцістай раўніною з мурожнай слаўнаю травою і ззяў на сонцы ў пералівах пяшчотных тонаў".
   Пейзажныя замалёўкі Якуба Коласа вызначаюцца яркасцю фарбаў і багаццем адценняў. Зоркае вока мастака заўважае і "пасівелую" салому на страсе гуменца, і "чорныя" гнёзды буслоў на дубах, і "смугі сінюю пяленку", што "ў летні час дымком звісае і даль задумай спавівае".
   А колькі ў кожным малюнку руху, дынамікі! У цяньку ракітніку і лазняку бруіцца "травой заросшая крынічка", пад лёгкім ветрыкам ходзяць "хвалі травяныя з прыемным спевам чарадою", "гамоніць пчолка над вуллямі", а маладыя бусляняты "пішчаць жалобна, як шчаняты, насы закідваюць угору і просяць есці ў сваю пору".

А там, дзе буслікі ўздужалі,
Іх пачынаюць вабіць далі;
Яны пачулі ў сабе сілы,
Яны разводзяць ужо крылы
Ўгару на локаць падлятаюць,
Паветра ловяць, заграбаюць
I неуклюднымі нагамі
Танцуюць смешна над дубамі.

   Замалёўка першага палёту буслянят такая яркая, што здаецца, бачыш ўсё сваімі вачамі. Такой жа маляўнічасцю вызначаецца апісанне хаты лесніка, старога гуменца і садочка. Пры дапамозе трапнага слова, удалага параўнання ці эпітэта паэт прымушае чытача не толькі бачыць прасторы палёў, чуць разнастайныя гукі прыроды, але і адчуваць асалоду адпачынку ў цяньку дубоў ці ў зацішку гуменца ў час летняй спёкі.
   Асноўнай асаблівасцю коласаўскага пейзажу з'яўляецца лірычнасць. Усе карціны прыроды сагрэты любоўю аўтара, прасякнуты лірычнай пяшчотнасцю. Паэт заўважае "прыгожыя загібы" лесу, якія так "міла йшлі каля сядзібы, што проста б імі любаваўся", што ў садзе "весела і міла" пчолка ў вуллях гаманіла", "прыемна пахла мёдам", што "жыта хораша гайдалась".
   Атмасфера лірычнасці ўзмацняецца тым, што паэт успрымае прыроду як жывую істоту. У яго елкі з хвоямі стаяць "смутныя, бы ўдовы"; "на нівах жыта збажынкі лёгка гнуцца і людзям радасна смяюцца сваім прыемным, мілым спевам"; "схіліўшысь ціхенька ў куточку", "як дзве старэнькія кабеткі",

Стаялі дзве вярбы старыя,
А навакола маладыя
Дзярэўцы пышна красавалі,
На свет вясёла пазіралі.

   Лірызм не толькі сагравае і ажыўляе карціны прыроды, але і дапамагае нам заглянуць у душу паэта, зразумець яго настрой, яго пачуцці. Мы адчуваем, як цяжка жыць у няволі, як сумуе паэт па родных мясцінах, як трывожыцца ён за лёс сваёй "беднай старонкі". Для ўсяго першага раздзела паэмы характэрна спалучэнне радасці смутку.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!