Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Як птушкі дуб ратавалі

Увага! Поўны змест

   Напэўна не скажу, над якою рэчкаю векаваў стары дуб: ці то над Нёманам, ці то над Свіслаччу. Ды гэта не мяняе сутнасці справы. Важна тое, што няўзнакі год за годам на дуб навальвалася старасць. Верхавіна яго лысець пачала, і ўжо некалькі голых, як пальцы рук, галін, нібы свечкі, высока свяціліся ў небе. Вакольнае насельніцтва — лазовыя кусты, круглаверхія вербы, старадрэвіны хвоі з краю луга і маладое пакаленне дубоў з іх жыхарамі не маглі не заўважыць, што шматгадовы дуб над рэчкаю пачынае паддавацца старасці. Гэта акалічнасць выклікала ў саміх наглядальнікаў невясёлыя думкі аб сваім уласным лёсе. А важней за ўсё — шкада было старога дуба, усе да яго папрывыкалі, любілі грозны шум яго ў часе летніх навальніц. Наогул прыемна было глядзець, як дуб ваяваў з бурамі і непагодамі, не кланяўся ім, а стаяў моцна. Галіны і лісце на галінах былі зялёныя, сакаўныя, поўныя жыцця. Здавалася, і зносу не будзе асілку дубу. І раптам такая прыкрая праява: захварэў дуб і павольна засыхае! Сарока, зразумеўшы думкі лазовых кустоў, першая зачычыкала, зашыкала, забалбатала на ўсе галасы:
   — Чуеце, чуеце! Дуб старэе! Дуб старэе! Недалёка час, калі ён, небарака, рухне на дол!
   На крык сарокі адгукнуліся галкі, вароны, сіваваронкі, гарласты драч, бакас-музыкант, чапля і шмат іншых птушак. Да іх далучыўся паважны крумкач. За даўгавечнасць, за веданне жыцця, за мудрасць адны называлі яго прафесарам, другія — акадэмікам. Усё птаства, як па сігналу, сабралася каля дуба, пад дубам і на самім дубе.
   — Ой, што ж прыключылася з дубам, суседачкі мае! — трашчала сарока.
   — Такі дзябёлы, такі моцны, і — на табе! Засыхае, бедненькі, — журыліся сіваваронкі.
   Некаторы час каля дуба стаяў такі гармідар, што цяжка было разабраць, хто што гаворыць. Дзюбаты крумкач, седзячы на засохлым дубовым суку, раптам падаў нягромкі голас, але яго ўсе пачулі. Голас гэты быў нейкі зусім асаблівы, гарлавы, нібы ён зарадзіўся ўнутры валляка і там заграз. Цяжка было дакладна азначыць голас мудрага крумкача. Голас гэты нагадваў словы «гррук», «крруп», «кррум». А некаторым нават здалося, што крумкач выразна вымавіў «трруп». На гэты час падляцелі сюды сойка, дрозд і голуб.
   — А матачкі мае! — у роспачы ціха прамовіла сойка. — Гэта ён варожыць, што памрэ дуб і ад яго астанецца труп!
   — Не, не гэта гаворыць мудры прафесар, — уставіў слова голуб, — прафесар дае параду, што хвораму дубу трэба круп, грэцкіх ці прасяных.
   — Вы не разумееце слоў прафесара, бо ён гаворыць па латыні, — заўважыў дрозд.
   — Ціха вы! — зашыкала сарока. — Прафесар хоча сказаць прамову!
   — Акадэмік, — паправіла яе сіваваронка.
   І сапраўды, крумкач заварушыўся, лапануў крыллямі, зляцеў на самы нізкі дубовы сук, сеў і акінуў вокам усю птушыную грамаду. Грамада заціхла, замерла.
   — Кррак! — ціха пачаў сваю прамову крумкач, так ціха, як звычайна пачынаюць свае выступленні акадэмікі на вучоных прэзідыумах.
   — Ясна ўсім, шаноўнае птушынае грамадства, — казаў далей крумкач, — наш глыбокапаважаны дуб хворы: галава яго аблысела, а знізу пачало ўтварацца дупло. Трэба даследаваць, у якім стане знаходзіцца сэрцавіна дуба. Папрашу вас, шаноўнае птаства, пашукаць дзятла і запрасіць яго сюды. Дзяцел, як вядома вам, — выдатнейшы хірург, лепшы доктар і друг дрэва.
   Цэлыя чароды птушак шуганулі ў лес, каб знайсці дзятла. Знайсці яго было не цяжка: дзяцел сядзеў на дрэве і выстукваў аднастайныя гукі, нібы тэлеграфіст перадаваў тэлеграму. Птушыная грамада абкружыла дзятла.
   — Міленькі ты наш! — звярнулася да дзятла галка. — Прыляцелі мы да цябе ад птушынай грамады.
   — Дуб стары занядужаў, той, што стаіць над рэчкаю, — далучыўся да галкі дрозд. — Слаўны такі дуб, і ты, дзятлік, прылятаў да яго ў госці. А што да мяне, дык лепшай пазіцыі для музыкі, як на гэтым дубе, нідзе няма. Дык патурбуйся, будзь ласкаў, і адведай хворага. Усе мы просім цябе.
   Дзяцел прыпыніў сваю работу і сабраўся ў дарогу. Дарога, праўда, была не доўгая, ды дзяцел па часці лётніцтва не вялікі мастак: падляціць трохі ды прысядзе, а разам з гэтым у сілу сваёй прафесіі зірне на адно, на другое дрэва. Нарэшце, усё ж такі дзяцел з птушкамі-пасланцамі прыбыў да старога дуба. Не спяшаючыся, як і належыць сталаму доктару, дзяцел агледзеў усе дубовыя галіны і невялікія дуплінкі. Агляд рабіў уважна, старанна, залазіў сям-там і ў самае дупло. Часамі ён, нібы доктар-неўрапатолаг, стукаў сваім доўгім і вострым дзюбам-малаточкам па дубовай кары, па галінках. Птушкі з заміраннем сэрца сачылі за кожным спрактыкаваным рухам дзятла і дзівіліся яго ў высокай ступені спрытным доктарскім прыёмам і захоўвалі ўрачыстае маўчанне. Нарэшце дзяцел скончыў агляд хворага, пасля чаго, як спрытны акрабат, зрабіў надзіва прыгожы паварот на пальцах сваіх лапак.
   — Дуб хворы, але не настолькі, каб можна было трывожыцца за яго жыццё. Дубу патрэбен поўны спакой. Усе дзіркі, што вядуць у нутро дуба, трэба пазатыкаць, а разам з тым паклапаціцца, каб паўночныя і ўсходнія вятры не турбавалі старога дуба. А больш за ўсё глядзець, каб ані кроплі вільгаці, будзе гэта дождж ці снег, не пападала ў нутро дуба. Жалуды пазнімаць і лісце сям-там прарадзіць, каб умацаваць дубу карані. Ну, вось і ўсё.
   Дзяцел пакланіўся птушынай грамадзе, сказаўшы на развітанне «чык», і наладзіўся ляцець у сваю дарогу.
   — Дзякуем, дзякуем табе, дарагі доктар! — адказала птаства і таксама пакланілася дзятлу.
   Голуб з драздом падхапілі дзятла пад крыллі і так ляцелі з ім без усякіх перасадак да самай дзятлавай рэзідэнцыі, а потым далучыліся да птушак, што заставаліся каля дуба.
   — Тррак! — звярнуўся з другою прамоваю да птушак крумкач. — Будзем лячыць дуб. Перш за ўсё — павесіць пасцілку, каб захаваць дуб ад паўночных вятроў. Дзе мы яе возьмем?
   — Нарвем дзеразы і такую выштукуем заслону, што дуб аж ахне! — азваліся сарокі.
   — Добра! — згадзіўся крумкач і дадаў: — Трэба ж і накррыць дуб.
   — Мохам накрыем, сухім, белым, баравым, — закаркалі вароны, — такі выштукуем каптур яму, што ні адна кропля не пападзе ў нутро дуба.
   — Усе шчылінкі пазатыкаем, каб ніякая кропля вільгаці не прасачылася, — загракалі сіваваронкі.
   Дружна ўзяліся птушкі за работу. Наўперад пастрасалі жалуды на дубе, паабшчыпалі лісце, а без жалудоў і без лісця дуб амаль тое самае, што чалавек без нагавіц. Шырокая посцілка-заслона захоўвала дуб ад паўночных і сухіх усходніх вятроў, хоць яна замінала дубу пазіраць у далечы, у шырокі свет, што дужа вабіў старога дуба. Пазатыканыя шчыліны не прапускалі ў дуб ні вільгаці, ні кіслароду. А птушкі былі проста шчаслівыя, што так апекавалі дуб.
   Застаецца сказаць не многа, каб закончыць казку.
   Прайшла зіма, а за зімою, як вядома, ідзе вясна. Вярнуліся з выраю буслы. Яны не прымалі ўдзелу ў лячэнні і ахове дуба, бо іх ужо не было тут: яны падаліся ў вырай. Як зірнулі яны на дуб, дык з гора і здзіўлення ўгору дзюбы пападымалі: што сталася з дубам? На яго лысай верхавіне адзеты быў каптур, як у старой бабкі. З двух бакоў віселі шырокія заслоны. Усе акенечкі ў дубовым камлі былі шчыльна пазатыканы. Буцвець пачаў стары дуб і, здавалася, ледзь на нагах трымаўся.
   — Што сталася з нашым дубам? Што будзе з нашым домам? — гаварыла бусліха, закінуўшы нос высока ўгору.
   — Ой, мілыя! Як апекаваліся над ім! Як лячылі! — адказала буслам сарока-шчабятуха.
   — Апекаваліся, лячылі! — з горыччу перадражніў яе бусел. — Заапекавалі і залячылі! Давай, жонка, самі будзем даваць раду нашаму дубу.
   Разбурылі яны заслону, сатканую з дзеразы, скінулі з старой галавы дуба каптур, павыцягвалі канапатку з дубовых шчылін.
   Дыхнуў дуб свежага паветра, і адразу лягчэй стала яму. А калі прайшоў дождж і напаіў сухое нутро дуба спажыўнаю вільгаццю, ён зусім акрыяў. Зазелянела на ім лісце, а пад канец лета на дубе выраслі і жалуды.
   — Дзякую вам, дзеці мае, — звярнуўся дуб да сваіх жыхароў, — адсланілі вы мне свет, і я нібы другі раз прыйшоў у яго.
   А потым усміхнуўся і дадаў:
   — Усюды і ва ўсім трэба мець розум і ведаць меру.

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця