Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Чыя праўда?

Увага! Поўны змест

   Дубы шумелі аголенымі лапамі. Гэтым шумам-гулам спатыкалі яны кожную вясну. Была ў гэтым шуме радасць адноўленага жыцця, але чулася ў ім калі-нікалі і нейкая глухая, затоеная трывога. Толькі ж гэтая трывога не пакідала глыбокага следу на твары магутных дубоў. Кожны новы дзень вясны, кожны погляд сонца дадавалі столькі дабраты, столькі хараства, што не хацелася і ў думках трымаць гэту няясную трывогу. Патыханне цёплага веснавога ветрыку ў маладзенькіх дубовых лісточках, яго вясёлая гутарка з імі рабіла дубы нават шчаслівымі.
   Адзін дуб стаяў наводшыбе, на беразе рэчкі. Высока паднятая лысая галава яго, бязмерна тоўсты жаралісты камель казалі за тое, што ён быў найбольш разважлівым спаміж усіх тутэйшых дубоў. І калі дубы пераставалі думаць аб нягодах свае долі, ён заставаўся сур'ёзным і не паддаваўся парыванню маладой радасці.
   — Слухайце, што я скажу вам, сябры дубы! — пачаў аднойчы мудры дуб. — Вось вы прыціхлі, заспакоіліся, і шчаслівыя мары зрабілі вас як бы малымі дзецьмі... Што ж, я хацеў бы, каб ваша радасць не мела канца і ваша доля была яшчэ шчаслівейшая; толькі ж мушу сказаць вам, што не месца радасці там, дзе ўзняліся касцяныя рукі неадхільнай смерці.
   Апошнія словы старога прагучалі жудою. І як не адпавядалі яны таму, што было навокал! А навокал было так згодна, хораша і радасна, усё роўна, як зямля святкавала вялікае свята. Стары лес, што стаяў за рэчкаю, пазіраў важна і лагодна, бы гаспадар на багацце сваіх ніў. Вада ўжо збегла з лугоў, на іх зарастаў зялёны кажушок маладой травіцы, пахла ўраджайнаю вільгаццю. На гэты бок рэчкі ішлі прыгожыя схілы жоўтых узгоркаў, на якіх цямнелі маладыя купчастыя хвойкі, вясёлыя і прыветныя. Над імі снаваў лясны жаваранак, і песня яго разлівалася срэбрам у сініх бяздонных хвалях стэпаў. У небе там і сям вынікалі пазалочаныя клубочкі прыгожанькіх хмурынак і згодна звісалі яны, светлыя веснавыя мары, над шырокімі палямі, над лугам, што разлягаўся па абодвух берагах рэчкі і бег далёка-далёка ў закрытую сіняватай смугою даль... Было хораша, добра, так хораша і добра, што дубам прыкра было слухаць злавесную гаворку старога свайго сябра.
   — Што ты праракуеш, бацька! — сказаў высокі дуб з разложным верхам. — Ліхія часы прайшлі: мінула зіма з маразамі, на поўнач пайшлі халады, збегла паводка, зноў сонца, радасць, жыццё. Прыслухайся ты, што робіцца вакол, на сябе самога азірніся: вунь бусел папраўляе гняздо на тваіх старэчых плячах, гняздо, якое ты трымаеш з давень-даўна; а колькі тут птаства рознага! І ўсе радуюцца, жывуць і аб смерці не дбаюць. А мы хіба сіраты ў Бога ці радасці нам Бог пашкадуе, што мы павінны сумаваць-думаць аб смерці?.. Не, не праўдзівая твая гутарка!
   — Непраўдзівая, непраўдзівая! — загулі разам дубы. — Ты стары, сілы ў цябе няма, і табе зайздросна пазіраць на тых, каму весела, хто жыць хоча.
   — На ім ужо і жалуды не растуць, — сказаў, смеючыся, бліжэйшы сусед мудрага дуба.
   — Лепш зусім не мець жалудоў, чым мець іх дзеля свіной уцехі, — адказаў стары, — а я ўсё ж такі хачу перасцерагчы вас. Ужо колькі гадоў кажу вам аб гэтым, але вы не слухаеце. Ну, што ж? Тым горай будзе для вас, тым цяжэй будзе зірнуць у твар няшчасцю.
   — Ну і натура ў цябе, бацька дуб! От як улёг у адно і тое, — дык мелеш і мелеш, і губа табе ніколі не зачыняецца. З кім не бывае бяды? От мы стаімо тут, а заўтра можа загрымець гром, лясне пярун — і няма нас! Ці мала якія могуць быць выпадкі? Што варажыць аб тым? Што паможа, калі мы ўсе пачнем гібець тут, як ты? Я не бачу бяды, мне весела, бо і ўсім тут весела; я хачу спяваць і, каб мог, дык выскачыў бы з грунту і пайшоў бы ўпрысядкі.
   І дуб, які гаварыў гэта, пачаў уздымаць то адзін, то другі сук, нібы і папраўдзе рыхтаваўся пайсці ўпрысядкі.
   — Маладзец! Маладзец! — падбадзёрвалі яго другія дубы. — От зрэзаў старога, дык зрэзаў! Што ён цяпер скажа?
   — А я скажу, што вы сляпыя і ў слепаце сваёй шчаслівыя. Я кажу не пра такія неспадзевы. Гэта праўда, што шмат чаго мы не прадчуваем і недабачваем. Праўда і тое, што кожная хвіліна можа прынесці нам згубу. Вас можа ссеч сякера людская, можа які-небудзь жэўжык-пастушок выпаліць нутро... Што ж, усё гэта бывае. Але зірніце трохі далей, гляньце на тую стужку бліскучай вады, што так зграбна апяразвае лес. Я бліжэй стаю да яе і больш бачу за вас. Усё дно яе выслалі дубовыя трупы. Некалі і яны былі здаровымі, крэпкімі, радаснымі. А дзе яны? Дзе нашы сябры, разложыстыя, тоўстыя дубы? Дзе той дуб-веліч, што заглядаўся на прыгожую рэчку і смяяўся са злосці бур і вятроў? Зірніце вакол — дзе яны? І ці не тая самая доля чакае ўсіх нас?
   Гэта была праўда. І змоўклі вясёлыя дубы, і вялікі смутак агарнуў іх. Змоўклі радасныя іх спевы, шэпты, жаласна зашумелі верхавіны.
   — Ну, нашто ты адабраў ад іх радасць, дуб-бацька, — спытаў старога яго прыяцель, — раскрыўшы ім вочы?
   — Лепш быць няшчасным, але відушчым, чымся шчаслівым, ды сляпым, — адказаў дуб.

Похожие статьи:

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - За праўду

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Ніколі праўда не ўмірае

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Праўдзівы хлопчык