Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Якуб Колас - Чортаў камень

Увага! Поўны змест

   Ніхто не памятае таго часу, калі і як папаў сюды гэты камень. Самыя старыя людзі расказваюць, што яшчэ іх дзяды і прадзеды помняць яго. І называўся ён Чортаў камень. Чаму далі яму такую назву, не ведаю. Можа, за яго бязмерную велічыню, а можа, і за тое, што гэты камень многа зла прынёс і прыносіць людзям. Колькі людскіх калёс і восей пабіта і паламана аб камень! Колькі пакалечана рук і ног! А гузоў колькі набілі тут людскія голавы!
   Каля каменя ішла дарога. Невядома, чаму людзі выбралі сабе тут дарогу, хто першы праехаў, пралажыў тут след і павёў за сабою другіх?
   Многа адказаў ёсць на гэта пытанне, многа легенд зложана людзьмі пра Чортаў камень: розум чалавечы не можа заспакоіцца, пакуль не вытлумачыць сабе цёмнага, невядомага, няяснага. Казалі, што камень прынеслі сюды нейкія старцы і налажылі на яго праклён, асудзіўшы яго на доўгія вякі ляжаць на гэтым месцы.
   Людзі добра ведалі, колькі зла і няшчасця было ім ад Чортавага каменя, але ніхто не хацеў першы прыкладаць рук, каб скінуць яго. Праўда, на гэта былі важныя прычыны: камень быў надта вялікі — мала чым меншы за добрую хату; другая прычына — не ўсе сыходзіліся на думцы, што камень трэба непрыменна прыбраць. Адны гаварылі, што чапаць камень — грэх; другія казалі, што на камень наложаны праклён і крануць яго боязна — можа здарыцца якое-небудзь няшчасце. Былі і такія людзі, якія проста стаялі за тое, што камень і павінен быць тут, каб людзі вучыліся быць асцярожнымі і разумнымі, каб умелі самі абладзіць сваю бяду, сваё няшчасце, бо каб не было на свеце зла, дык кожны дурань лёгка трапіў бы ў рай.
   Прычына трэцяя — ніхто не давёў добрага спосабу, як узяцца за справу.
   А часы ішлі. Паміралі адны людзі, на змену ім з'яўляліся другія, трэція і гэтак далей. Змянялася нават само аблічча зямлі: лясы змяняліся палямі, на палях зноў раслі дрэвы; толькі Чортаў камень ляжаў і ляжаў такі ж вялікі, такі ж маўклівы, дзікі, непрытульны, абросшы густым мохам.    Аднак доўгія вякі ўсё ж пакідалі і на ім свой след: камень, хоць і мала, асядаў у зямлю. І, казалі, будзе такі час, калі мінецца закляцце, ён сам знікне з твару зямлі, сыдзе ў яе нетры.
   Змяняецца свет, разумнеюць людзі. Цяпер яны многа гавораць пра Чортаў камень, і думкі іх падзяліліся: адны стаяць за тое, каб гэту справу з каменем аддаць на суд часу; другія даводзяць, што лепш адразу пакончыць з ім, парваўшы яго порахам. Чыя тут праўда, няхай мяркуе той, хто пачуе гэту казку.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!