Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Якуб Колас - Дудар

Увага! Поўны змест

   Тром родным братам Бог даў аднакі розум, аднакія мыслі і думкі. Толькі няроўная доля спаткала кожнага брата ў жыцці, калі яны разышліся.
   Хоць усім братам не вельмі соладка жылося, але Меншаму Брату выпала самая горшая доля. Прысудзіла яна яму самы горшы куток, закінула між імхоў і балот.
   Кепска жылося Меншаму Брату.
   Гараваў ён, плакаў, і ніхто не бачыў яго слёз або не хацеў бачыць. Спяваў ён і песні — невясёлыя, нудныя песні, песні нядолі. Складаў ён і казкі і толькі ў казках бачыў сябе шчаслівым. Яго слёзы ападалі разам з расой на зямлю. Грэла сонца, і слёзы, змешаныя з Божай расой, падымаліся да неба і адтуль вярталіся назад на зямлю чыстымі кропелькамі.
   I так яны вечна кружылі з зямлі на неба, з неба на зямлю. I ніколі не высыхалі вочы ў Меншага Брата. Векавечны высокі лес адзін толькі слухаў яго песні і сам памагаў яму спяваць працяглым шумам.
   Выходзіў Меншы Брат увечар на двор, браў дудку, садзіўся на прызбе каля сваёй хаты і граў. Па небе каціўся месячык, плылі белыя хмаркі. Божыя зоркі, як сарамяжлівыя дзяўчаткі, пазіралі на зямлю праз белыя, тонкія хмаркі і слухалі, як Меншы Брат граў на дудцы. I ціха было на сэрцы, як ціхая была сама ночка. I думкі, як тыя хмаркі, лёгка нараджаліся ў сэрцы і плылі невядома куды, далёка-далёка, паміралі ціха-ціха, як растаюць белыя хмаркі ў небе. Толькі пугач і сава жудасным крыкам сваім будзілі ад шчаслівых думак Меншага Брата. Ён абуджаўся, як ад сну, і думкі іншыя, думкі нядолі сціскалі яму сэрца.
   Ні думак, ні песень яго ніхто не ведаў і не чуў або не хацеў ведаць і чуць. Яго жальба прападала, як прападаў з усходам сонца туман, што вісеў над балотамі. Разумеў яго адзін толькі лес, і лесу адкрываў Меншы Брат свае думкі, бо людзі смяяліся з яго слоў і песень. А з лесам жылося вальней: лес не прыгнятаў яго, не гнаў, як гналі і прыгняталі яго людзі. I Меншы Брат зрабіўся ціхі, замкнёны, асцярожны і нікому не адкрываў свае душы. Меншы Брат нібы адзічаў. Лес і балоты адгарадзілі яго ад Божага свету.
   Прайшло многа часу.
   Усе тры браты сустрэліся. Старэйшы Брат пазіраў смела. Ён быў у ботах, у крамных майтках і кашулі, а паверх кашулі — камізэлька. Гаварыў Старэйшы Брат хутка, мова яго была адменная, і Меншы Брат ледзь мог разбіраць яе.
   На Сярэднім Браце была высокая шапка, шырокія сінія шаравары, боты. У зубах круглая люлька на кароткім цыбуку; гаварыў ён мала.
   Меншы Брат выглядаў старэйшым за іх абодвух. Барада у яго была нябрытая, рукі дрыжалі. Сам ён быў тонкі, худы. Яму быццам брыдка было перад братамі, што на ім сівая падраная світка, круглая шапка-кучомка, на нагах лапці, а каравыя анучы абвівалі худыя ногі.
   Гаварылі браты аб усім: аб горкай сваёй долі, аб праўдзе, аб жыцці.
   Меншы Брат маўчаў. Яму не давалі гаварыць той мовай, якой гаварыў ён сам з сабой, з сваімі думкамі, з лесам. 3 яго мовы смяяліся старэйшыя браты.
   — Гавары ты так, як гавару я, — казаў Старэйшы Брат, — і не стракаці ты мову людскую. Твая мова — нямая мова. Што сказаў ты свету на сваёй мове? Хто чытаў твае думкі, работу твайго розуму і сэрца? Дзе песняры твае? Чым ты пахвалішся?
   — Лепшай мовы я не чуў. Гавару, як умею. Брат! Хто доўга маўчаў, таму хочацца шмат гаварыць, не адбірай ты ад мяне хоць гэтага права. Спытайся ў заімшэлых крыжоў: яны табе скажуць пра мае думкі. Мае думкі напісаны слязьмі, а слёзы разам з думкамі разліліся ў рэчцы. Вецер — пясняр мой. Гора і боль радзілі мае песні, іх слухаў прастор неба і лес. Спытай у лесу — ён скажа пра песні мае.
   Раскажу табе казку.
   Пасадзіў пан дудара ў глыбокім склепе за каменныя сцены. Кажа яму пан: "Грай мне на дудцы, каб я чуў твае песні, і тады я дазволю табе спяваць іх людзям, дарую права расказаць свету пра думкі твае тваёю моваю".
   Праз каменныя сцены не выбілася песня дудара, і ніхто яго не пачуў. "Ты павінен маўчаць! — кажа пан дудару. — Бо песня твая нічога не сказала майму сэрцу. Няхай застаюцца ў табе твае думкі і песні".
   I дудара з таго часу слухалі пустое балота і лес.
   Брат! Усе мы шукалі шчасця, толькі ішлі мы не аднакімі дарогамі. Вам хоць трохі свяціла сонца, а я ішоў як сляпы. Запалім жа мы лучыны і пойдзем яшчэ шукаць долі, будзем памагаць адзін аднаму, а калі заблудзіць хто з нас, падамо яму голас. Не смейцеся ж, браты, і не адбірайце ад мяне таго, што можа адабраць толькі Бог.
   I вялікі сум адбіваўся ў вачах Меншага Брата.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!