Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Якуб Колас - Адзінокае дрэва

Увага! Поўны змест

   Гэта было самае звычайнае Дрэва. А калі яно і зварачала на сябе ўвагу, то хіба толькі тым, што стаяла адзінока. Але той, хто пранікліва чытаў кнігу прыроды і ўглыбляўся ў яе жыццё, яшчэ заўважыў бы, што гэтае Дрэва, апроч свае адзіноты, мела нешта чыста сваё асаблівае — тое, што належала толькі яму аднаму. Нават агульны выгляд яго твару — бо і дрэва мае свой воблік — меў характар цікавай асаблівасці. А як такіх шчырых і праніклівых знаўцаў або зусім не было, або было надта мала, то ніхто не зварочваў на яго ўвагі, і яно стаяла тут закіданае і крыху зняважанае людзьмі.
   Спярша нават здавалася, што гэта закіданае адзінокае Дрэва стаяла збоку жыцця — больш гібела, чым жыло, а на праўду выходзіла, што яно жыло шмат паўней і глыбей пачувала жыццё нават ад тых дрэў, што раслі ў лесе. Такі ўжо характар адзіноты: гэта яе ўрода, яе істота. І хто хоча жыць паўнейшым жыццём і гастрэй пранікаць у яго тайны-глыбіні, той павінен быць адзінокім і незалежным.
   Адзін толькі Вецер любіў часта варушыць лісцё гэтага Дрэва, гойдаць яго галінкі і шаптаць яму хітраліслівыя напевы. Толькі Вецер, — хоць і часта ён дзьме ў пустых галовах, — умее быць сталым, умее маўчаць.
   Праўда, крумкач-гарапашнік не адзін раз чуў тыя размовы-шэпты Ветра і Дрэва. Але крумкач залішне важны для таго, каб разносіць чужыя гутаркі па свеце, хіба так, знячэўку, прагаворыцца калі. Затое ж крумкач калі што скажа, то скажа праўду. Затым жа і вароны паважаюць яго, як біскупа.
   Была тут яшчэ адна важная асоба, без якой не адбывалася ніводная тутэйшая справа. Асоба гэта — Ручаёк. І часта, бывала, ішла жывая гутарка між Ветрам, Дрэвам і Ручайком, а крумкач, начуючы тут, любіў паслухаць іх гаворку і сам нават устаўляў сваё мудрае слова.
   А што было ўсяго найдзіўней, дык гэта тое, што як Вецер, так і Ручаёк крэпка палюбілі адзінокае Дрэва; па гэтай прычыне ніколі не было згоды між Ветрам і Ручайком. Кажу "палюбілі", бо іначай трудна назваць іх такую шчырую прыхільнасць.
   Але трэба памятаць, што бадай не кожная рэч мае два бакі: паказны і праўдзівы.
   Можа, гэта з паказнога боку здавалася, што Ручаёк з Ветрам моцна ўкахаліся ў Дрэва. Няхай аб гэтым судзяць мудрыя і кемныя людзі, а я толькі раскажу, як усё тут было.
   Вясной і ўлетку часта-часта прылятаў Вецер да Дрэва, абымаў яго і сваімі пацалункамі асушаў роску з зялёнага лісця яго.
   — Як я люблю цябе, маё ты мілае і прыгожае! — гаварыў Вецер. — Ты слухай толькі мяне і больш нікога, пакладзіся на маю свядомасць, на сілу маю, на маё моцнае каханне. Можа, холадна табе? Я праганю хмары, ачышчу неба і скажу сонцу, каб грэла цябе. Люблю я дзетак тваіх, бо твае дзеткі — мае дзеткі.
   І Вецер прынікаў да яго яшчэ цясней і абымаў яго моцна-моцна.
   Дрэва ўсё дрыжэла не то з радасці, не то ад трывогі і асыпала сваё насенне. Вецер падхопліваў яго і нёс далёка-далёка. За доўгія часы ён многа занёс у свет гэтага насення. З насення таго вырас цэлы лес, дзе і спачываў, калі было горача, гэты хітры і злы Вецер. Як толькі ён вывіхроўваўся ў свет, пачынаў балбатаць Ручаёк, цякучы каля саменькага карэння дрэва.
   — Ведаеш, любачка, — журчэў Ручаёк, — мне здаецца, што гэты Вецер фальшывы твой прыяцель. Языком ён намеле немаведама чаго: ён табе і хмары разгоніць, і сонцу прыкажа, — слухай яго толькі. А ўвосень вунь якія штукі выкідае! А зімою што робіць? Ты заміраеш на ўсю зіму, нічога не чуеш, што ён тут вытварае. А я хоць праз лёд, ды чую. Свістун! Не слухай ты яго! Дзе твае дзеткі? Усіх разагнаў ён, а ты адно стаіш тут, як сірата, і твае дзеці смяюцца з цябе, бо так панавучаў іх Вецер. Іншая справа — я. Перш-наперш мы суседзі, і ў нас многа супольнага, што трэба моцна трымацца адно другога, бо мы — дзеці зямлі...
   Не скончыў Ручаёк гаварыць, бо наляцеў Вецер і сыпнуў са злосці ў Ручаёк цэлае воблака пылу.
   — Высушу, як шкурат у Пятроўку, — пагразіў сярдзіты Вецер.
   — Уй, шалахтун сусветны, — сказаў Ручаёк, пацямнеўшы ад пылу.
   — Што?
   — Шалахтун! шалахтун! шалахтун! — грымеў Ручаёк.
   — Я цар усяго свету!
   — Кажы гэта дурнейшым ад самога, а не мне, валацуга! Ці ж можна табе верыць, калі ў цябе сем пятніц на тыдні!
   Адным словам, угнявіўся Ручаёк, ды цярпення не стала, і ён пацёк далей, бубнячы ўсю дарогу на Вецер: яму было крыўдна, бо Дрэва больш хілілася да Ветру, чым да яго.
   Чаму?
   Ручаёк ніяк не мог узяць гэтага на розум. Праўда, урэшце ён застанавіўся на думцы, што Вецер больш мае ўвагі ад Дрэва затым, што ён языком менціць і туды і сюды, не гаворыць праўды, а замазвае вочы рознымі байкамі.
   Як бы там ні было, а гэта ніколечкі не цешыла Ручайка, і яму ад гэтага не было лягчэй.
   А што думала само Дрэва?
   Яно часта сумавала тут адно. Яму хацелася пабачыць сваіх дзетак, пагутарыць са сваімі роднымі, затым і выглядала яно такім задуменным і смутным. За доўгія часы яно прывыкла да свае адзіноты і страх як любіла азіраць гэта жыццё, што кіпела ўвакол, і ўсе з'явы, якія вынікалі і на небе, і на зямлі. І бывалі ў яго такія моманты, калі нічога не думалася, было так лёгка і добра, і самі лісці яго ціха спявалі. Любіла яно паслухаць, што гаманіў непаседа Вецер, таксама і Ручаёк любіла яно, толькі не ўмела сказаць, як яно любіць яго.
   А Ручаёк палічыў гэта за пэўную няўвагу да свае асобы.
   Толькі ж раз паднялася навальніца. Хмары, як мухі над гаршком куцці, віліся чорным роем над зямлёю, апяразваючы агнявістымі стужкамі і трасучыся магутнымі громамі. Страшна было. Але трэба было ўмяшацца тут Ветру, і цяпер ён з'явіўся такім, якім ён і ёсць па сваёй натуры: буянам і забіякам.
   Чуць-чуць стрывала беднае Дрэва — так ірваў і крышыў яго Вецер.
   Нават крумкач павінен быў моцна ўшчаміць кабдзюрамі галіну, каб не скінуцца.
   — Здаецца, я табе не насенне з гэтага Дрэва, што хочаш сарваць і мяне для свае забаўкі, — сярдзіта сказаў крумкач.
   Тут у Дрэва расчыніліся вочы; пазнала яно, які хітры і злы яго прыяцель.
   Угнявіўся і Ручаёк. Ён надзьмуўся, насупіўся, пацямнеў і выліўся з берагоў, запенены ўвесь.
   Зняважаны Дрэвам, як здавалася яму, ён адышоўся далей.
   І ўбачыла Дрэва, што сябры пакінулі яго. І яшчэ мацней зажурылася.
   — Што рабіць?
   — Пусціць глыбей карэнні ў зямлю, — сказаў крумкач, мудрая галава, летучы на раздабыткі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!