Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ядвігін Ш. - Шчаслівая

Увага!!! Поўны змест

   Не першына: калі шанцуе, то і Халімон танцуе, а іншаму: куды ні кінь, усюды клін. Вось гэткія кліны скрозь спатыкаў на сваім жыцці Юрка Сухавей. Вёска вялікая, зямля ўдалася, усе жывуць дастатна, багата, адзін Юрка канец з канцом чуць-чуць звяжа. I каб-то сям’ёй праз лад ужо абсыпаўся, ці там гультаём такім ужо ўдаўся, або, не тут кажучы, да чортава зелля ласым быў, — ані думаць! А тым часам, як ні завіхаўся, як ні кідаўся Сухавей, — усюды спудлуе. Нажыве парсюка карміць — не есць; купіць карову — прычэпіцца нейкае ліха — капыты задзярэ; конь — на роўнай дарозе ўлегцы — нагу зломе... але гэта што! Мо Юрка купляць не ўмее, мо даглядаць, абхадзіцца з жывёлай не складзен — хай і так. Чаму ж, калі ваўкарэзіна барана з поля сцягне — то пэўна Юркі; каршун курыцу дзярэ — толькі Юркі; сабака ашалеў — ну, значыцца, Юркі; жарабё ў студні ўтапілася — і не пытай — Юркі! Усё Юрку не ўдавалася, а найгорш не ўдалася яму, паміж намі кажучы, жонка — Тадора. Апісваць яе вам буду: хто такую жонку мае — той сам ведае, а хто не мае — хай жыве (Тадор хапае на свеце) — вось і будзе ведаць... Мусіць-то, не дарма казалі суседзі аб Сухавею, што дзве пілы ў хаце: адной — сам дровы рэжа, а другая — яго самога пілуе... А найгорш пілавала свайго мужыка Тадора за беднасць у хаце. А як тут было разбагацець Сухавею пры гэткім яго шчасці? Добра і то, што галоднымі не сядзелі. Добра каму, але не для Тадоры.    Хай бы лепш прыгаладаць, абы грошы ў запасе былі, багатырамі звацца.
   Тым часам гады мінаюць, а багацця як няма, так няма. Што тут рабіць? Вось і надумалася Тадора выправіць свайго да знахара па раду: мо з вачэй ім гэтак вядзецца. Доўга скроб патыліцу Юрка, але такі паехаў. На трэці дзень ледзь вярнуўся Сухавей, і то ўночы, Тадора і не чула (нашто Богу грашыць: паспаць любіла смачна), як увайшоў ён у хату, як доўга капашыўся, пакуль не ўзлез на палок і таксама смачна і моцна не захроп.
   Назаўтра, як толькі накінулася з пытаннямі на мужыка Тадора, ён і прызнаўся, што ўся віна ў няшчасці з дабыткам яго — Юркі (так знахар яму і сказаў).
   А віна вось у чым. Нябожчык бацька пакінуў замазаны гаршчочак з грашыма, а ён крыўся з ім дагэтуль перад жонкай, дык Бог за тое, відаць, і кару насылаў на яго дабро. I, збедзіўшыся, нясмела аддаў Юрка той гаршчочак жонцы.
   Тадора, першы раз трэснуўшы кулаком мужа з радасці (тыя кулакі, што бывалі — заўсёды ў злосці) і схапіўшы ў дрыжачыя свае рукі скарб, стала трэсці ім каля вуха: там і звінела, і шуршэла; былі, відаць, і пабразгачы, былі, мусіць-то, і паперкі.
   Як кот з салам, лётала Юрчыха з гаршчком, каб дзе лепш яго захаваць; урэшце ўпхнула яго сабе пад сяннік. З гэтага часу, хоць, праўду кажучы, гаспадарка таксама не ладзілася, але жыць стала спакайней. Тадора моўчкі соўгалася па хаце, не лезла больш у вочы мужыку, Юрка ажно павесялеў.
   Не раз, бывала, дагаварваўся, усміхаючыся, Юрка да таго гаршчочка, каб як пажывіцца падмогі на гаспадарку, але Тадора слухаць не хацела; не хацела нават адпячатаць і палічыць сваё багацце. Выме гаршчок, патрасе яго, прыслухаючыся, каля свайго вуха, патрасе ім каля вуха Юркі дый зноў, запхнуўшы пад сяннік, радасная, шчаслівая клалася на пасцель, уцяшаючыся, як гэты скарб муляў яе бакі.
   Але, ці то гаршчок гэты такі цвёрды быў, ці то думкі неспакойныя а цэласць скарбу дакучалі Тадоры, а мо адно і другое, толькі зусім прапаў у яе спярша сон, а пасля прапала і ахвота да яды. Стала Тадора ў вачах бялець, сохнуць. Раілі суседкі Тадоры ўдацца да знахара, але яна і слухаць не хацела. Не жалела Юрчыха апошняй двузлоткі на знахара, каб разбагацець, але цяпер хоць бы і сабе — ні за што не згадзілася б надпачаць скарбу.
   Дый нашто ёй лячыцца, калі ёй нічога не баліць. Галава толькі круціцца, іншым разам млосна крыху робіцца, — дык не дзіва: не спіць, зусім не спіць. Вось каб хоць разок заснула, як даўней спала: моцна, смачна, і усё б было добра...
   I Тадора заснула, моцна заснула: навекі, а па яе высахшым, забялеўшым твары відаць было, што ўмірала радасная, шчаслівая — умірала багатая.
   А Юрка, дастаўшы яшчэ з-пад цёплага цела жонкі гаршчок, выйшаў на двор і бразнуў ім аб камень. Адтуль пасыпаліся брудныя паперкі газецін і бляшаныя гузікі...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!