Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ядвігін Ш. - Рабы

   У свінарніку сярод ночы адбылася незвычайная падзея: у паважанай маткі нарадзіўся рабы парсючок. Важная вестка перадаецца па інстанцыі з захаваннем належнай субардынацыі. Пісьменнік падбірае такія трапныя сінонімы, якія ўносяць у слоўны малюнак дадатковыя фарбы, тыя паўтоны, што так неабходны ў аб'ёмным жывапісе, дапамагаюць адчуць настроі людзей, іх узаемаадносіны.
   Вартаўнік, які прачнуўся ад гармідара, узнятага жыхарамі свінарніка, «падняўся» (ён спаў не распранаючыся на саломе ў баковачцы, прыбудаванай да свінарніка) і «пайшоў будзіць» аканома. Пан аканом спаў у цёплым ложку і не вельмі быў рады гэтай начной трывозе, але служба ёсць служба, таму ён «устаў, апрануўся і пацягнуўся будзіць ахмістрыню». Тоўстая, прысадзістая ахмістрыня не проста паднялася, нават не ўстала з ложка, а «выпаўзла з пярыны» і не разбудзіла, а сваімі пухлымі, чырвонымі кулакамі «як бач падняла на ногі дзвюх дзевак-спадручніц сваіх», і ўсёй грамадой «сунуліся» на месца важнага здарэння. Або яшчэ: аканом, «падышоўшы пад акно, стаў спярша далікатна барабаніць па ім костачкай зложанага ў кручок пальца, пасля ляпаць усёй пяцярнёй, урэшце, як пачаў пражыць кулаком у аконную раму».

   Cтрата пачуцця меры небяспечная, папярэджвае Ядвігін Ш.  байкай «Рабы»: «... І яды яму было не набрацца: сваю мерку спітлюе дый пачынае сквірчэць — усё яму падбаўляй ды падбаўляй». 
   Быццам сённяшні дзень бачыў пісьменнік, калі папярэджваў нас прароча, каб і з намі тое ж не зрабілі, што з Рабым, бо ў сваёй заспакоенасці і дбанні толькі пра карыта, у спусташэнні духоўнага, рохкаючы ад асалоды, калі пашкрабваюць пад жыватом, калі пахвальваюць, можам страціць інстынкт самазахавання (калі ужо не страцілі!). 
   Смех у творах Ядвігіна Ш. — справа сур'ёзная. Ён чэрпаў матэрыял з народнай творчасці, дзе ўсё мудра: народныя і прафесійныя творцы адзіныя ў сваім імкненні — не толькі павесяліць чытача, але і папярэдзіць яго пра небяспечнасць празмернага выключна ва ўсім. 
   Рабы ў апошні момант свайго жыцця, колькі ні сіліцца, не можа прыгадаць, што добрага ён зрабіў у жыцці. Адзінае, што прыходзіць яму на ўспамін, — тое, што «... праз усё сваё жыццё нікому благога нічога не рабіў, ну і... смачна еў, смачна піў, смачна спаў». І не заўважыў, як падвялі пад абух. A калі зразумеў непазбежнасць пагібелі— было ўжо позна.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!