Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ядвігін Ш. - Падласенькі

   Прыждаў Падласы сынка падласенькага, а з практыкі жыццёвай ведаў добра стары Падласы, што цяперашнім часам з бычачым розумам далёка не зайдзеш. Вось, параіўшыся са сваёй жонкай — Красуляй, надумаўся ён аддаць свайго сына ў навуку. Аддаць-то аддаць, ано чым заплаціць? Раіліся, раіліся — нічога. Падласы, як рупны бацька, і кажа: "Прадам хоць сваю скуру, абы толькі вучыўся сынок".
   Выбраўся Падласы ў глаўны горад, да важнейшага разніка, дый кажа: "Купляй ты, скуралуп, маю скуру — за сабачыя грошы аддам, абы з сына свайго, бычаняці, зрабіць чалавека".
   Стаў шчупаць скуралуп Падласаву скуру і пачаў яе, як і прыстала на добрага купца, ганіць: і лінялая яна, і вуграватая, і абмуляна шмат, усёй цаны — рубель. Артачыўся спачатку Падласы, бо ведаў добра, што разнік лжэць, і хоць, праўда, скура вельмі абмулена, але нашто тое — на юхтовыя боты хоць куды; аднак жа мусіў і на рубля прыстаць, бо скуралуп заверыў, што цяперашнім часам з бычаняці і за дзесятку зробіш чалавека, каторы пасля будзе браць вялікія грошы, і за іх, быкоў, заступіць, каб не так намулівалі ім скуру.
   Старгаваўшы ледзь не задарма валовую скуру, разнік скамандаваў яму стаць задам да сцяны і, падрэзаўшы каля рагоў і ног скуру, залупіў яе на два бакі, прывязаў да прымацаваных у сцены гужоў дый кажа: "Ну, братка, панатужся дый вылазь". Напрогся Падласы і — хоць боль узяў — вылез аблуплены. Глянуўшы на апаўшую скуру, жаль ахапіў Падласага: успомніў ён, як гэтую рыжую на левым баку лапіну не раз лізала яго Красуля; успомніў, як на курчавую каля рагоў яго шарсціну ласа спаглядалі ялаўкі, але чаго не зробіш дзеля дзіцяці: абы чалавекам стаўся. Вярнуўся ў хлеў аблуплены да чырвана Падласы. Гледзячы на яго, Красуля неяк не так мыкнула, але Падласы прынадзеяў яе — другая, кажа, нарасце скура — не бядуй; а тым часам сынка падласенькага аддалі ў добрыя навукі.
   Мінуў год, другі, і шле ліст за лістом бычачы сын, каб прыслаў бацька больш падмогі, бо за дзесятку быком, піша, не будзеш, але і чалавекам не станеш. Замаркоціўся Падласы, бо, пашчупаўшы свае бакі, пераканаўся, што новая скура не расце. Рупны бацька давай нагаварваць жонку — Красульку: "Прадай, — кажа, — скуру, — сына чалавекам прычакаеш". — "Так-то так, — кажа Красуля, — для роднага сына і скуры не пашкадую, але хай прыедзе да нас, — глянем на яго, як ён на чалавека рыхтуецца". Добра. Паслалі ліст. Чакаюць дый чакаюць. Ажно адной начы, калі хлеў быў добра зачынены, нехта раз-другі стукнуў і, рохкаючы, пачаў ламаць вароты. Усхапіўся Падласы, расштурхаў Красулю, і адчынілі вароты... Глянулі і абамлелі: сын-то сын — і падласенькі, толькі морда свінячая, і не мычыць, а рохкаць стаў. Зараўлі з жалю Красуля і Падласы, але сынок скора іх усцешыў: "Гэта я, — кажа, — толькі так — да часу, а калі хочаце, каб саўсім стаўся чалавекам, то на навуку не адну, а тры скуры спусціце..."

 

 

Ідэйны змест

   Талент Ядвігіна Ш. як сатырыка-байкапісца ярка праявіўся ў алегарычным апавяданні «Падласенькі» (1910). Па сутнасці гэта невялічкая сатырычная камедыя, у якой надзвычай каларытна выпісаны характары.
   Апавяданне складаецца з чатырох маленькіх сцэн, у кожнай з якіх раскрываецца ў розных варыянтах адна і тая ж думка, якая валодае галоўным героем: сцярпець любыя пакуты, абы вучыўся сынок, абы «з бычаняці зрабіць чалавека».
   I ў кожнай сцэне раскрываюцца ў адпаведнасці з магчымасцямі баечнага жанру характар героя, яго псіхалогія і нават у некаторай ступені грамадскія ўзаемаадносіны (вельмі характэрная сцэна размовы са скуралупам, якому Падласы прапанаваў сваю скуру).
   Развязка канфлікту — у апошняй сцэне. Перш чым прадаць на сынаву вучобу апошнюю скуру, бацькі — Падласы і яго жонка Красуля — вырашылі паклікаць сына дадому, паглядзець, як ён на чалавека рыхтуецца. Прыехаў Падласенькі. Бацькі «...глянулі і абамлелі: сын-то, сын, — і Падласенькі, толькі морда свінячая і не мычыць, а рохкаць стаў. Зараўлі з жалю Красуля і Падласы, але сынок скора іх усцешыў: «Гэта я, — кажа, — толькі так, — да часу, а калі хочаце, каб зусім стаўся чалавекам, то на навуку не адну, а тры скуры спусціце...»
   За празрыстымі алегарычнымі вобразамі і сітуацыямі стаяць рэальныя чалавечыя характары. Падласы — алегарычны вобраз таго беднага беларускага селяніна, цягавітага, самаахвярнага, які мяркуе, што толькі адукацыя дапаможа мужыку пазбавіцца ад цемры і галечы. Гэты селянін гатовы на любыя ахвяры, абы толькі вывучыць, «вывесці ў людзі» сваіх дзяцей. Аднак абставіны аказваюцца мацней за самыя рашучыя дзеянні селяніна ў яго імкненні да чалавечага жыцця.
   Асвета, навука, лічыць Ядвігін Ш., — адзін з самых асноўных сродкаў паляпшэння жыцця народа. Зрабіць беларускага мужыка пісьменным і свядомым — такая, на думку пісьменніка, бліжэйшая мэта нацыянальнай інтэлігенцыі. I ўвесь пафас сваёй сатыры пісьменнік накіроўвае супраць тых сацыяльных умоў, якія параджаюць ненармальныя Грамадскія з'явы, ствараюць свайго роду зачараванае кола — каб выбіцца з галечы, селяніну трэба пазбавіцца сваёй духоўнай цемнаты, неадукаванасці, але перашкодай на шляху да адукацыі стаіць тая самая галеча, матэрыяльная незабяспечанасць.
   Аднак ідэйная задума алегорыі «Падласенькі» не абмяжоўваецца толькі гэтым. Пісьменнік выстаўляе на суд рэнегацтва некаторых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, з'яву, якая балюча і востра паўстала перад грамадскай думкай у пачатку стагоддзя, у перыяд нацыянальна-вызваленчага ўздыму на Беларусі. У алегорыі асуджаюцца тыя беларускія інтэлігенты, якія, атрымаўшы адукацыю на горкія бацькоўскія грошы, пачынаюць цурацца і працоўнага асяроддзя, і бацькоў, і роднай мовы. Больш шырока пра рэнегацтва інтэлігенцыі і пра яе прычыны Ядвігін Ш. скажа некалькі пазней у сваіх публіцыстычных нарысах.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!