Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ядвігін Ш. - Лісты з дарогі

   Свае пісьменніцкія ўражанні, грамадзянскі роздум над эканамічнымі і нацыянальнымі праблемамі жыцця беларускага селяніна ён выклаў у нататках «Лісты з дарогі». Гэта твор маладога ў беларускай прозе жанру — публіцыстычны нарыс.
   У час падарожжа Ядвігіна Ш. цікавіць мова, быт селяніна, эканамічнае становішча вёскі, краю. Вельмі засмучае аўтара беднасць беларускіх вёсак. Прычыну гэтай беднасці ён бачыць або ў нядбайнасці мужыцкай, або ў неўраджайнасці зямлі. I кожны раз прыходзіць у захапленне, калі сустракаецца з сельскагаспадарчай вынаходлівасцю селяніна, прапагандуе яе, сам дае парады. Пісьменнік ад усяго сэрца радуецца, што сяляне вёскі Трабы, якія раней перад Калядамі пачыналі ўжо купляць хлеб, сталі сеяць лубін на сваіх неўрадлівых землях, і цяпер хлеба не толькі хапае на ўвесь год, але які пудзік калі і застанецца ў запасе.
   Аднак чым далей ідзе пісьменнік па дарогах роднага краю, тым лепш ён разумее, што вельмі цяжка растлумачыць усе беды сялянскія толькі нядбайнасцю, п'янствам мужыка ці неўрадлівасцю зямлі. У яго нататках з'яўляецца такі вокліч: «Зямлі мала, пашы для жывёлы мала — таму горка жыць!» У вёсцы Заберазь — беднасць, безгаспадарлівасць. Ён пачынае даваць парады, як лепш арганізаваць гаспадарку, але раптам перарывае апавяданне: «Не ў «лістох» аб гэтым месцы гаварыць, што і як трэба ўзяцца каля гэтага, дый пакуль не будзе паміж сялян згоды, еднасці, хаўрусаў, пакуль не пазбудуцца няволі сваёй — шнуровай гаспадаркі, — датуль трудна што колечы і зрабіць».
   Бяда селяніна ў беззямеллі і бяспраўі — да такога вываду прыходзіць Ядвігін Ш. Ён піша: «Мужыку ж выбіраць няма з чаго: скрабе ён ад мяжы да мяжы: хіба ўжо якую нетру толькі пакідае. I ўсё ж такі пры сваёй цяжкай працы, пры найлепшым ураджаі выжыць сямейнаму селяніну з сваёй гаспадаркі — без заработкаў са стараны — нельга, бо сам варштат яго працы цесны. Некаторыя дабрадзеі і апекуны нашы кажуць, што зямлі мужыку хіба хватае, калі і гэтай, якую мае, не можа як належыць выкарыстаць. Але каб падняць даходнасць зямлі, трэба перакуліць варункі не толькі гаспадаркі, але і варункі самога жыцця нашага мужыка. А на гэта трэба працы і часу. Працы — пакуль мужык не стане добра свядомым; часу — пакуль мужык не стане свабодным».
   Ва ўзорных памешчыцкіх гаспадарках ёсць добры слуга, які завецца Капітал; сам ён няскора яшчэ, бадай, пяройдзе на бок селяніна, а без яго не дадуць рады ніякія ўпраўляючыя — з цвёрдай упэўненасцю заяўляе аўтар «Лістоў з дарогі».
   А ў апошнім лісце («Думкі з падарожжа») пісьменнік робіць зусім рашучыя вывады: «Народ паспеў: не такімі вачамі глядзіць ужо ён на свет, якімі глядзеў гадоў 10-15 таму назад. Праўда, з яго быццам закпілі, мігнуўшы перад вачамі бляскам вясёлкі, — але як туман расплылася яна, і без таго асцярожны беларус зрабіўся яшчэ больш непрыступным да сваёй душы, да сваіх думак... Адно зразумеў ён, што так жыць, як жыў дагэтуль, — нельга; ён шукае новых дарог і гатоў пайсці па іх, але трэба не толькі паказаць, кудой выхад, але і разам — побач пратаптываць гэтую новую дарогу, бо вера на словы страціла свой крэдыт...»
   Многа думак выказаў пісьменнік аб роднай мове. З горыччу гаворыць ён пра тых беларусаў, што за апошнія бацькоўскія крывавыя грошы прыждалі надзець модныя курткі з бліскучымі гузікамі і пачалі цурацца роднай мовы. «Мова — гэта душа нацыянальная народа: калі ёсць такая душа, то ёсць і гаспадар яе — гэта сам народ... Дык не чурацца, не заракацца трэба гэтага народа, а ісці на сустрэчу яго жаданням, яго думкам...  Хай кожны святлейшы чалавек ідзе паміж гэтага народа і запальвае паміж яго светач навукі, свядомасці, справядлівасці і гэткім парадкам сплачвае хоць частку таго доўгу, які ён зацягаў перад роднай сваёй старонкай, каторая ўскалыхала і ўзгадавала яго...»
   Пісьменніка заўсёды хвалявала праблема народнай асветы. У «Лістах з дарогі» Ядвігін Ш. закранае гэту праблему з усёй публіцыстычнай палкасцю. «Да прасветы моладзь, праўда, шчыра горнецца, — піша ў нататках аўтар, — але вядомая наша прасвета: чытаць, пісаць навучаць, а далей — хоць у вір галавой: няма за што, дый няма куды дзецца».
   «Няма за што» — гэта адзін бок справы. Пісьменнік выступае яшчэ і супраць казённай сістэмы адукацыі. Яго непакоіць тое, што вучаць у школах, гімназіях і семінарыях не на роднай мове і што наогул «рамкі, у якія ўціснута цяпер навука нашых школ, даюць столькі карысці, колькі можа мець яе галодны чалавек, калі яму вымазаць вусны салам». Асноўную віну за тое, што беларус, мужыцкі сын, ледзь толькі трошкі вывучыцца, пачне цурацца роднай мовы, пісьменнік ускладае на сістэму асветы, русіфікатарскую палітыку.

Похожие статьи:

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Дуб-дзядуля - ГДЗ

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Сабачча служба

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Павук

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Бярозка - ГДЗ

Ядвігін ШЯдвігін Ш. - Антон Іванавіч Лявіцкі