Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эдзі Агняцвет - Буду настаўнікам

Санька любіць дом і дворык –
Свой былы дзіцячы сад.
Тут прыручваў дзвюх вавёрак,
Маляваў і дождж, і град.

I кармушку для сініцы
Майстраваў ён пад вярбой.
Слухаў казкі чараўніцы,
Выхавацелькі сваёй.

А цяпер сюды прыводзіць
Санька меншую сястру.
А яна тут карагодзіць,
Ляльцы пацеркі знаходзіць,
Боты шые камару.

...Раз сабраўся тут гурточак,
Дзеці ўселіся радком,
Расказаць ім Санька хоча –
Палюбіў ён школьны дом.

I свая тут чараўніца
Ёсць у першым класе «Б».
– Я магу тут навучыцца
Бачыць свет вакол сябе.

Перад намі – кветкі, травы –
Верас, мята, васілёк!
Вольга Паўлаўна ласкава
Пачынае свой урок:

– Гляньце, родныя, на верас,
Трэба кветку змаляваць.
Тут побач, на паперы,
Слова будзеце пісаць.

Атрымаецца, што кожны
I мастак, і грамацей! –
Размаўляць, пісаць прыгожа
Навучае ўсіх дзяцей.

З беларускай шчырай мовай
Ладзяць нашы галасы.
Эх, пяюцца самі словы:
– Бусел,

   верасень,

лясы!


З Вольгай Паўлаўнай цікава.
Не злуецца, не крычыць.
Мы, як быццам для забавы,
Разам вучымся лічыць.

А бяжым на перапынак,
Чуюць хлопчыкі наказ:
– Паважайце вы дзяўчынак –
Будуць паважаць і вас!

Падрасту і ўсё згадаю,
Вашых слоў мне не забыць:
– Дзеці,

кожнаму жадаю

Чалавекам добрым быць!

У няшчасці друг далёкі,
Трапіў у бяду сусед, –
Не глядзі спакойна збоку,
Памажы яму як след!

Адкрывае школа цуды
Мне і ўсім маім сябрам.
Калі-небудзь, можа, буду
Я настаўнікам і сам.

Похожие статьи:

Уладзімір ШыцікУладзімір Шыцік - Настаўнік

Пераказы, дыктантыНастаўнік чарчэння

Мікола ГільМікола Гіль - Першы настаўнік

Іван НавуменкаІван Навуменка - Настаўнік чарчэння

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Настаўнікі не паміраюць...