Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цішка Гартны - Каля бору сонца ходзіць

Каля бору сонца ходзіць
На высокіх ценкіх дыбах,
Чарадою цені водзіць
Па кустох – густых сядзібах –

Даўгакосых,
Таўстаносых,
Цемнатварых,
Грозных, ярых
Лесуноў.
З-пад кустоў,
З тайных сховаў,
Вабам, зовам
На палянкі,
На гулянкі,

На сустрэчу светлай ночы
Духаў скрытных зазывае
І ў сляпыя цемні-вочы
Сітам промень рассявае.
Вузкіх шляхаў выгіб ломкі
Машастовай рунню ўбраны,
І шнуруюць скокам ёмкім
Німфы-ведзьмі, феі-панны –

На граніцу,
Да крыніцы,
На гулянне,
Як загляне
Маладзік;
Як з-пад пік
Стройных ёлак
Рысаў голак
Ў блутнай сетцы
Напляцецца

І ўбярэ ваду крыніцы.
Гэй, хавайся, сонца, з неба!
Дай жа ночы-маладзіцы
Адчыніць сваю бяседу!

Вось і месяц
З крэмню крэсіць –
Сыпле крэйду,
Меліць пэндзлем
Воду, бор.
Стада зор
У гала гоніць
І гамоніць
Шэптам лісцяў:
Гэй жа, выйсце

На гулянку, на вяселле!..
Бор змаўкае – не шапоча,
Ралкай жаднай не шавеліць, –
На крыніцу ўстроміў вочы.
Ў вербалозах, ў пухкім моху
Завіліся карагоды;
Вадзянік адставіў лёху
У крыніцы спадысподу.

Вір віруе
І шнуруе
Градкай лёгкай,
Стужкай вохкай
Грэбень хваль.
Плецень-валь
Дымкай шарай
Туліць твары
Фей-русалак,
Што ў прагалак

Між кустамі над крыніцай
Распусцілі бросні-косы;
З хітрай мінаю глядзіцца
Ў іх лясун доўгавалосы.

Жаб капэля
Іх вяселіць
Мнагалікім
Хорам-крыкам
Певуноў,
Покуль зноў
З па-над бору
Кроўным морам
Пачне ўсходзіць
І заводзіць

Сонца спацыр жыццявейны,
Стаўшы ціха ўверх на дыбы…
І пражэцца крохкай ценню
Ўсё начовае – ў сядзібы.

1924, Капыль

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!