Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цішка Гартны - Дойдзем, сынок

Увага!!! Поўны змест

   Паабапал гасцінца, вузкага, заросшага зялёнай мяккаю мураўкай, ляжала неагляднае поле залацістага жыта. Высокія тоўстыя дубцы яго згіналіся да нізу пад цяжарам ядраных важкіх каласоў.
   Вузкія высокія межы, густа адзетыя застарэлым дзяцельнікам, засохшым рамонкам і павяўшым цюльпанам ды падушачкамі, разрэзвалі на доўгія стужкі, здавалася збоку, суцэльную непадзельную роўнядзь.
   Далёка ад гасцінцу, на цэлыя вёрсты вакол, прабягаў узрок людскі, губляючы зялёныя ніткі межаў у гушчы нахіленых каласоў жыта.
   У сінім, празрыстым, як шкло, паветры, у нерухомай і спакойнай цішы паўднёвай пары насіліся над палатном ніў, неўгамонна пяючы, рэзвыя жаўранкі. З гушчару жыта ім адклікаліся крыклівыя перапёлкі ды рэдкія палахлівыя драчы.
   Дзесьці там далёка, у правым канцы гасцінцу, чулася пяянне жней. Знаёмыя меладыйныя гукі песень жніва вынікалі з пахучых каласоў жыта, гойдаліся над золатам ніў і, нарэшце напіўшыся паху, змаўкалі ў чыстым паветры, у праменнях сонца.
   Іх змянялі новыя, яшчэ болей пявучыя, яшчэ болей звонкія ды радасныя.
   Цэлых дзве гадзіны ўжо прайшла паміж сценаў жыта роўным выхілястым гасцінцам Маланка Груд з шасцігадовым сваім сынком Міхалкам.
   Яна была стомлена часткаю ад хады, часткаю ад таго гора, якое гнала яе гэтым гасцінцам у чужую краіну, далёкую ад роднага месца, знаёмых людзей, да няведамае справы, да няяснага жыцця.
   За плячыма яе вісеў зашчытнага колеру невялічкі ворачак, напоўнены сякімі-такімі рэчамі; у адной руцэ яна трымала сукаваты аблузаны яловы кій, другою ж вяла за руку свайго сынка-Міхалку. Хлопчык стараўся трухаць побач з маткаю, але адставаў, зрываючы між жыта розныя кветачкі. Маланка яго падцягала, азіраючыся раз-поразу на сынка; Міхалка ўвесь час не сціхаў лепятаць, закідаючы мацеру рознымі пытаннямі.
   Маланка неахвотна адказвала сынку, а толькі час ад часу пытала ад сябе:
   – А можа ты есці хочаш, Міхалка?
   Але Міхалка пра яду нібы забыў, а гаварыў зусім аб другім.
   – Стаміўся, пэўна, нябожа мой?
   I сказаўшы, спогадна азіралася на сваё дзіця, шэпчучы сабе: «Ці дойдзем мы да якое мэты?»
   .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .     .    .    .    .    .    .    .    .    .    .   

   – Адпачынем, сынок, – праказала Маланка да сынка, параўняўшыся з невялічкай, густа заросшай паплавінкай, якая ўдавалася шырокім паўкругам у густое жыта.
   Хлопчык нічога не адказаў, як бы не чуючы мацерынага запытання.
   Тады Маланка моўчкі звярнула з гасцінца, узышла на паплавінку і прысела. Міхалка спакойна спыніўся каля яе. Маланка зняла з плеч ворак, расцягнула зашмарг, дастала акрайчык хлеба і два кусочкі сыру, разлажыла гэта на траве і абярнулася да хлопчыка:
   – На, еш, Міхалка!
   Міхалка прагна прыняўся есці. Маланка ела марудна, раздумваючы: «Колькі хлеба! Які ўраджай у гэтым годзе! Нівы і нівы – бясконца! Спакойнае, стомленае ад цяжару, жыта міла ўсміхаецца тваім вачам. А там ужо, глядзі, і жніво пачалося... Жнуць і пяюць... А вечарам пойдуць дахаты, шчаслівыя, задаволеныя ўраджаем... Ая? Што ж я_буду ў гэты год жаць?»
   Маланка спынілася есці; на яе вачах заблішчэлі слёзы.
   «Нашу палоску сажнуць праклятыя паны... Сажнуць, або выпаляць, або вытапчуць... Ды не толькі палоску зглумяць, а і дом увесь зруйнуюць, спаляць, ды, чаго добрага, над бацькамі насмяюцца. Эх, паганцы, чаго ім трэба ад нашага краю, ад нас?»
   Апошнія думкі Маланка выказала ўчуткі.
   Міхалка, дасюль заняты ядою, хутка павярнуўся да мацеры і запытаў:
   – Мама, што ты кажаш?
   – Наша поле, сынку, вось з гэткім самым пекным жытам сажнуць польскія паны; сажнуць і забяруць сабе на хлеб. Ужо не будзеш ты, каханы, хадзіць з бацькам на малацьбу.
   Маланка праслязілася.
   – А дзе ж, бок, наш татка, мама?
   – У Чырвонай Арміі, сынку.
   – Што ён там робіць?
   – Ваюе з панамі, сынок. Праганяе іх, разбойнікаў, з нашае старонкі, не пускае іх сюды за намі гнацца.
   – А можа ўжо ён дома?
   – Не, мілы, ён не вернецца дамоў, пакуль не прагоніць паноў. Паны загарадзілі нам дарогу дадому – трэба зламаць іх загарадзь.
   – А куды ж мы ідзём?
   – Мы ў чужыну ідзём, сынок; ідзём шукаць сабе часовага скутку.
   Міхалка, пэўна, здаволіўся адказам мацеры, бо супакоіўся і адвярнуўся да кветак, якія тут жа збоку паглядалі яму ў вочы.
   Змоўкла і Маланка; змоўкла і, забыўшыся аб хлебе ў руках і аб голадзе, які вымусіў дастаць гэты хлеб з ворка, зноў адышла ў думкі і ў нарысы тых абразоў, якія так глыбока адбіліся на яе істоце. Цугам, звязна ўсталі перад ёю: падход палякаў к мястэчку, трэск стрэлаў, грукат гармат, промень пажараў, агульны пярэпалах; далей – уцёкі камуністаў і злыбедна-здавальняючая радасць багацеяў-гаспадароў... Выразна, нібы ўяў, устаў перад Маланкаю гэткі вобраз: насоўваецца цёмная дажджлівая ноч; гудзе па-за вокнамі сярдзіты вецер; свішчуць галінамі плакучыя бярозы. Яна, Маланка, у хаце, сядзіць пры стале і, аддаўшыся ўсёю ўвагаю, піша ліст да мілага мужа, Нічыпара, які ваюе на фронце з панамі. Старыя бацькі яе спяць, спіць і Міхалка. Сціша ў хаце. Пёрка выводзіць на паперы няроўныя радкі. Словы ліюцца, ліюцца, ліюцца – няма ім канца, няма стрыму. Яе абурае палкае, маладое натхненне, якое салодкім туманам абдымае Маланчыну істоту... Маланка забываецца, цішэй водзіць асадкаю, адцягае ўвагу ад паперы і накіроўвае прагны ўзрок крыху ўправа, наўкос, дзе спатыкае мілы твар Нічыпара... Нават чуе цёплы подых яго вуснаў... Маланка ўся дрыжыць, але, быццам заварожаная, не можа паварушыць ніводным суставам... Некалькі доўгіх хвілін яна знаходзіцца ў салодкай напрузе. Далей – не ўтрымлівае і, сабраўшы сілу, хоча падняцца, як раптам яе аглушае страшэнны гук. Маланка ўздрыгвае, як асінавы ліст у дзікі парыў ветру... Звіняць у вокнах шыбы... Разам устаюць усе страхі панскіх гвалтаў, аб якіх ёй пісаў Нічыпар. Енкі, плач мацярок, кроў... Яна азіраецца ў акно і бачыць агромністы промень, усё неба ў агні. «Не, я не застануся дома, не! Не дамся на глум панам. Уцяку, уцяку з мілым Міхалкам. Уцяку! Мне не здабраваць, як прыйдуць паны...» Яна паведамляе бацькам сваё рашэнне і следам хапаецца за дзіця. Бацькі пачынаюць угаварваць яе, плакаць, самі не даючы сабе адліку, што пагражае іх Маланцы ад паноў. – Астанься, дачушка, – моліць маці. – Куды ты ў свет з дзіцем? – упікае бацька. Але яна не слухае, паспешна будзіць Міхалку, адзяе яго і, захапіўшы ворачак, прыпасены на ўсякі выпадак, кідаецца з хаты ў цемру ночы. На вуліцы яе падхапляе агульная хваля ўцекачоў і, як трэску, нясе з сабою... Куды? Дзе прыпынак?
   – Мама, ідзём далей, ужо супачылі, – катурхнуў мацеру Міхалка.
   Маланка ўсхапілася, як са сну, парваўшы нітку думак, і агледзелася вакол; пасля, адчуўшы ў руцэ хлеб, са смакам укусіла яго.
   – Хадзем! – настаяў Міхалка, першым выбегшы на гасцінец.
   Маланка паднялася, закінула за плечы ворак і пайшла за сынам.
   Жоўтыя сцены жыта зноў абнялі іх з бакоў. Таксама стаяла гарачыня; таксама спявалі жаўранкі ды перапёлкі; не заціхалі песні жнеек.
   – Ці далёка нам яшчэ ісці, мама? – запытаў Міхалка, адышоўшыся крыху.
   – Не так ужо далёка, даражэнькі. Дойдзем сынок, крапіся крыху, – адказала Маланка, кінуўшы погляд усцяж гасцінца.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!