Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цётка - Шануйце роднае слова!

Увага! Поўны змест  

   Роднае слова!
   З малых дзён чуем мы цябе з матчыных вуст. Ты нам тлумачыш усе дзівы свету, якія дзіцячае вока бачыць навокал сябе першы раз. I табе выказваем мы свой дзіцячы жаль, крыўду, жаданне, радасць...
   Што можа быць даражэй сэрцу чалавека, як у сталых гадах пачуць цябе, роднае слова, у чужой старане? Здаецца, быццам з далёкай чужыны пераносіш ты нас у родны край — родну вёску, дзе мы ўзраслі, дзе першыя думкі складалі, дзе гора і радасць першы раз спазналі...
   Чаму ж, роднае слова, гэтак часта забываюць цябе людзі — нават тут, між сваімі? Чаму сыны нашага народа так лёгка адракаюцца ад матчынай гутаркі?
   Кажуць: бо цёмны нашы беларусы. Але гэта няпраўда: забываюць родную мову, адракаюцца бацькоў і братоў сваіх найбольш тыя, хто дайшоў навук, выйшаў у людзі. Яны няцёмны: яны пераймаюць чужое — дзеля карысці.
   У сэрцы такіх людзей загасла любоў да свайго народа і роднай мовы. Дачэсная карысць, жаданне пашаны ў чужых, смешны гонар — усё гэта заняла мейсца ў апусцеўшай іх душы. А за іх прыкладам і наша вясковая моладзь, наламываючы сябе, пачынае праз несвядомасць чурацца таго, што яе выдзяляе з-паміж іншых народаў, пачынае глядзець на ўсё сваё, роднае, чужымі вачыма, думаючы, быццам гэта добра, калі людзі «вышэйшых станаў» так робяць...
   Але няма на свеце такіх скарбаў, што б вечна цешылі нашае сэрца. Хваробы, калецтвы, смерць паказываюць, якую малую цану маюць дастаткі, гонар, высокае становішча. Здрада, ашуканства — вось адплата за прыязнь і любоў да вышэйшых ад нас. Чым больш пазнаем мы свет, тым меншую цану маюць для нас яго скарбы, тым болей бачым благога, болей здзеку, крыўд і слёз...
   Бедны той, хто, апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здалее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы, — гэта вялікае мілаванне чалавека — слабога, пакрыўджанага.
   Яркім полымем гарыць такая любоў у душы, сагравае яе, асвятляе дарогу ў жыцці. Хто любіць свой народ, хто ў кожным бачыць брата-чалавека, той не сагнецца перад крыўдай і перад здзекам: ён бачыць навакол сябе мільёны падобных сабе, і яго думкі, яго жаданні зліваюцца з думкамі і жаданнямі вялікай людской грамады. Такі чалавек ніколі не будзе адзін — самотны і пакінуты.
   Але поруч з любоўю да сваіх братоў патрэбна яшчэ нешта, што злучае людзей у суцэльны народ — гэта родная мова.
   Яна, быццам цэмент, звязывае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку — той адышоў ад народа далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям'і. I на яго браты глядзяць, як на чужынца...
   Да нашай моладзі звяртаемся мы з гэтымі словамі. Вы, маладыя, найчасцей пападаеце між чужых людзей, што вашай мовы не шануюць, «простай», «мужыцкай» завуць. З вас часта насмяхаюцца, калі гаворыце па-свойму. I вы, чуючы гэта, пачынаеце саромецца матчынай мовы, свайго народа, сваёй радні. Так разрываецца тая жывая звязь, што злучае вас з беларускім народам. Аб ім вы забываеце. Чужых багоў прымаеце: чужую гутарку, звычаі, чужое імя.
   Для сваіх вы прападаеце. Адны служаць чужым — бо свайго бога не маюць, бо ад вялікай грамады народнай адарваліся, як галіна ад дрэва. Другія — затым, што добрую плату даюць ім... Але няма такой заплаты, што дае забыццё ад здрады. Юдавы срэбнікі не ўцешаць іх, калі, змогшыся жыццём і няшчасцямі, захочуць яны знайсці спакой душы, сагрэць яе чыстай любоўю.
   Быў у нас пясняр, што ў час спячкі народнай першы адважыўся клікаць беларусаў, каб шанавалі мову бацькоў і дзедаў сваіх. «Не кідайце мовы сваёй, каб не ўмёрлі», — пісаў Мацей Бурачок да беларусаў. I гэты вокліч збудзіў прыспаныя сэрцы. Народ прачнуўся. Ён пазнаў, хто ён. Родная мова яго — загнаная, пагарджаная — паднялася высока і стае ўжо поруч з «панскімі» мовамі. I здабывае пашану ў людзей: людзі бачаць, што мы яе шануем, што яна для нас мае вялікую цану, — ды самі пачынаюць інакш глядзець і на нас, і на яе.
   На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родну мову, узбагачываць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо запраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!
   Мейце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Мейце смеласць усюды голасна казаць па-свойму. I, гледзячы на вас, асмеляцца і іншыя, зразумеюць, што шчырае сэрца беларускае б'ецца не толькі пад мужыцкай сярмягай, павераць у ўласныя сілы свае і пойдуць цвёрдай ступой да лепшай будучыны, да ясных зор шчасця народнага.

1912

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!