Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цётка - Разумныя ды не на дурня папалі

   У Варшаве паліцыя ўнадзілася трасці людзей на вуліцах. Ідзе сабе чалавек спакойна, раптам бац! — ватага паліцэйскіх і крыкне: "Рукі ўверх!" I пайшла рыцца па кішэнях, не мяркуючы, як свіння ў гародзе. Добра, як пуста! Але як маеш якую забароненую паперку, газетку, а крый божа рэвальвер — ну пойдзе тармасаванне ад аднаго ўчастка да другога, цягаюць ад Анапаша да Канфаша, пакуль не вывяжэшся, не пусціш туману ў вочы "храніцелям парадку" або не пашмаруеш як следуе свярбячых пальцаў.
   Каб доўга не развадзіцца, скажу коратка пра адно здарэнне.
   Ідзе сабе вуліцай бунчучны пан. Аж торк паліцыя: "Рукі ўверх!" — крычыць. Пан шурціць да кішэні, гадзіннік у адну руку, партманку ў другую, і, як бусел з распушчанымі скрыдламі, так ён з паднятымі рукамі стаў і смяецца перад разгневаным законам.
   А закон, знакам тым паліцэйскія, сярдуе, просе і ўсё прыглядаецца да партманкі, як да дынаміту або бомбы, толькі з блізшай мэты.
   Перашукалі, ператрэслі — пуста! Але ўсё-такі вядуць да ўчастка. Прывялі, паставілі перад прыставам. Адзін з гарадавікоў вымае рэвальвер-браўнінг з сваёй кішэні і кажа: "Вось гаспадзін, а вось — яго рэвальвер",— і з гэтымі словамі палажыў яго на стол. Прыстаў падскочыў да пана ды давай: "Как ты смееш, бунтаўшчык, насіць аруж'е без разрашэння начальства? Я вам пакажу!" — і тыча кулак пад нос пану.
   Але тут пан з сваёй стараны асрожыўся, адчыніў партманэ, выняў пісульку і кажа: "Вы не маеце права мяне лаяць, бо я маю дазваленне насіць. Вот яно, чытайце! А рэвальвер мой вярніце мне назад".
   За рэвальвер гарадавога ды ў кішэнь. "Не маю толькі часу,— кажа,— а то б на вас паскардзіўся куды трэба..."
   I выйшаў, смеючыся. Прыстаў накінуўся на гарадавога за тое, што прывёў франта з разрашэннем. А гарадавы злаваў у душы, што прывёў франта з разрашэннем, але без рэвальвера. Франт пасвістываў сабе, ідучы вуліцай. Чаму не свістаць: рэвальвер найлепшага калібру, вартасць рублёў з дваццаць пяць, сам, як з вадою, прыплыў. А смех? Смех? Авечка сярод ваўкоў, а ваўкі ані чэп!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!