Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цётка - Наш палетак

Наш палетак паміж межаў,
З-за каторых цвіце збожжа;
А наш скравак штось залежаў,
Наш загон зысці не можа.
Ці то глеба да нічога?
Ці то рукі ў нас слабыя,
Што не маем зерня свога,
Што мы ходзім, як сляпыя?
Глеба чорна, ў руках сіла,
Толькі нашых гаратаяў
Некась мара ўсё звадзіла
Гэн за межы да выраяў...
Наш сявец не раз там кідаў
Залатое зерне з жмені;
Ён не раз там плёны выдаў,
А у нас раслі каменні.
Наш палетак не араты,
Палынамі цвіце ніва.
Ну-ка, братцы, кумы, сваты,
Да работы станьма жыва!
Хто араці добра зможа,
Хто разоры скора ладзіць,
Хто шчасліва сее збожжа,
Хто гароды добра садзіць, —
Жыва, жыва за работу!
Без аглядкі, хто што можа,
Усе роўны без расчоту,
Усіх праца будзе гожа!

1906



   Сімволіка адраджэння найбольш багата і мэтанакіравана прадстаўлена ў вершы Цёткі «Наш палетак». Ён не ўвайшоў у зборнік «Скрыпка беларуская», але ў 1906 г. быў надрукаваны ў першым нумары газеты «Наша доля» — ім адкрывалася першая беларуская легальная газета. У гэтым алегарычным вершы сімвалы іншасказання выбраны паэткай сярод катэгорый сялянскай працы. «Наш палетак сярод межаў, // З-за каторых цвяце збожжа; // А наш скравак штось залежаў;» — гэта вобразная характарыстыка геапалітычнага становішча Беларусі, «нашага палетка». Гістарычны ж лёс Беларусі, якая ўзбагачала талентамі сваіх сыноў набыткі суседніх культур, праступае ў тых радках, якімі аўтарка адказвае на сваё ж пытанне, чаму «наш скравак» заляжаўся:

 

Глеба чорна, ў руках сіла,
Толькі нашых гаратаяў
Некась мара ўсё звадзіла
Гэн за межы да выраяў...
Наш сявец не раз там кідаў
Залатое зерне з жмені;
Ён не раз там плёны выдаў,
А у нас раслі каменні.


   У якасці сімволікі адраджэння Цётка паэтызуе гожую супольную працу ўсіх, «Хто гараці добра зможа, // Хто разоры скора ладзіць, // Хто шчасліва сее збожжа, // Хто гароды добра садзіць». Вершам сцвярджалася думка, што Бацькаўшчына, «наш палетак негараны», цяпер, у час адраджэння, патрабуе высілкаў ахвярнай працы ад кожнага, хто душою абудзіўся да змагання. Цётка сама была ў ліку першых барацьбітоў-адраджэнцаў, і яе паэтычны зрок хацеў бачыць не млявага, пакорнага і забітага беларуса, а цвёрдай волі нязломнага змагара за вызваленне сябе і свайго краю.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!