Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Францішак Багушэвіч - Кепска будзе!

   1. Сюжэт вершаванай аповесці «Кепска будзе!» пачынаецца з эпізода, у якім расказваецца пра нараджэнне галоўнага героя:

 

Як я толькі нарадзіўся –
Бацька сказаў: «Кепска будзе!»
Ну дык жа не памыліўся:
Здзекавалісь Бог і людзе.


   Далейшае разгортванне падзей звязана з бацькавым прадказанннем, якое спраўджваецца ў жыцці Аліндаркі і выступае пацверджаннем прароцтва «кепска будзе». Такое жудаснае прадказанне бацькі было выклікана не тым, што родны чалавек не радаваўся нараджэнню сына, а бядотным становішчам, у якім ён знаходзіўся і якое, на жаль, было тыповым для большасці сялян:

 

А чым кепска? – бо на марцы
Я радзіўся (пост праўдзівы,
Цяжкі месяц гаспадарцы.
Як пражыў хто, – будзе жывы).


   Чаму ж такім складаным быў месяц март у земляробчым календары хлебароба? Гэта быў час, калі заканчваліся ўсе запасы мінулага года, а да новага ўраджаю было яшчэ вельмі далёка:

Пераеўся хлеб да крышкі,
Бульбы толькі як пасеяць,
А прыварку ані лыжкі...


   Акрамя гэтых нягод, нараджэнне сына ўскладвала дадатковыя цяжкасці і на да таго нялёгкае становішча бацькоў хлопчыка. Хрышчэнне сына вымагала новых затрат.
   Усе прадказаныя нягоды («кепска будзе») не прамінулі сям'ю героя – спачатку не стала галоўных кармільцаў – каня і цялушкі, з гора захварэла і памерла маці, затым запіў і згінуў бацька. Сірату Аліндарку крышку падгадавала цётка і «якомусь чалавеку, як за сына, адпусціла». У хуткім часе «змерла цётка», герой застаўся круглым сіратою.
   Улады, перад якімі селянін быў абсалютна бяспраўны, зацікавіліся лёсам героя толькі ў час, калі трэба было ісці ў войска. З'явіўся ўраднік, затым асэсар і адбылася такая размова:

«А гдзе, – кажа, – той пасэсар,
Твой Ліндарка, ці як звецца,
Што хаваецца з някруцтва,
Пляцець лапцікі на печцы?..
Ашуканства, баламуцтва!»


   2. Этапы жыцця Аліндаркі: нараджэнне – ранняе сіроцтва – жыццё з айчымам – беспадстаўнае абвінавачванне ва ўхіленні ад рэкруччыны – арышт, затым астрог і вызваленне з астрогу, дзякуючы намаганням айчыма.
   Характар героя загартоўваўся з улікам усіх нягод, якія выпалі на яго долю. Ранняе сіроцтва зрабіла героя самотным, паколькі ён жыў з вечным прадчуваннем бяды. Цяжкая праца селяніна загартавала Аліндарку не толькі фізічна, але і маральна. Вызначальнай рысай характара героя можна назваць свабодалюбства. Аліндарка не сцярпеў здзекаў асэсара і адказаў на абразу:

 

А асэсар – той – здаровы!..
Лясь мне ў морду, потым тату.
Я ж узяў яго за грудзі
I піхнуў лыбом у дзверы.


   Герой перакананы, што чалавек не павінен жыць у няволі, бо нават звяры і птушкі аддаюць перавагу смерці над няволяй:

 

Што ж для нашага-то брата,
Меўшы розум не скацінны,
Як знаць волю мы павінны?


   Аліндарка гатовы таксама аддаць жыццё за свабоду: «За свабоду жыццё даў бы!»
   Апынуўшыся за кратамі, герой не губляе чалавечай годнасці нават сярод бяспраўя і здзекаў. Наадварот, ён знаходзіць радасць у сонечным праменьчыку і павеву ветрыку. Пры гэтым герой не перастае спадзявацца на лепшае і свае надзеі звязвае з Богам і айчымам. Названы бацька прысягнуў, што нават дома не стане абедаць, пакуль не выратуе сына з-за кратаў. Айчым перакананы, што «...проці сілы праўда выйдзе, як з магілы».
   Чалавечая годнасць і любоў да свабоды засталіся для героя вышэйшымі і непарушнымі духоўнымі каштоўнасцямі.
   3. Прадказанні бацькі ў пачатку твора зрабілі героя самотным, прымусілі жыць у чаканні няшчасцяў. Але годна прайшоўшы праз усё, герой не агрубеў сэрцам, не стаў жорсткім у адносінах да людзей, не згубіў імкнення да волі, а загартаваўся. У канцы твора Аліндарка гатовы да выпрабаванняў, якія чакаюць яго наперадзе.
   4. У вобразе айчыма Францішак Багушэвіч увасобіў лепшыя рысы нацыянальнага характару. У першую чаргу неабходна адзначыць спагадлівасць: айчым пашкадаваў сірату і прыняў у сям'ю за сына. Добразычлівае стаўленне да бліжняга і адказнасць за яго таксама ўласцівы герою. Айчым аб'ектыўна ацэньвае свайго прыёмнага сына, паважае яго за працавітасць і спагадлівасць:

 

Ўзяў сіротку; дзякуй Богу,
Добры ўдаўся: позна ляжа,
Рана ўстане і адлогу
Не запусце... спагадлівы...


   Калі Аліндарка трапіў у бяду, айчым зрабіў усё магчымае і немагчымае, каб выратаваць яго з астрога:

 

...торбу ўзяў за плечы,
Па начальству просьбы жара!
Тройчы Вільню, сем раз Ліду
Ён адведаў...


   Неабходна адзначыць і веру старога ў тое, што праўда павінна перамагчы: «Праўда дзесьці не змерла». Аліндарка паважае свайго айчыма і дае яму такую ацэнку:

Раздабыў усе паперы,
Запісаў мяне у сказку...
Што і бацька б, можа, шчэры
Не зрабіў такую ласку.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!