Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзіслаў Галубок - Голад

Увага!!! Поўны змест

   Худы, ледзьве жывы вартаўнік Сёмкавай сялібы сабака Дудка, не раз галадаўшы колькі дзён узапар, цяпер не вытрымаў і пайшоў ад свайго гаспадара шукаць шчасця на старане. Доўга, бядак, туляўся ад хаты да хаты, ад вёскі да вёскі, без жаднай пажывы і нарэшце без сіл заваліўся пры нейкай драцяной загарадзі, водзячы соннымі вачыма перад сабою.
   Кругом было ціха, але так ціха, што ён нават чуў, як вурчэлі галодныя трыбухі і быццам штурхалі яго з месца, каб ісці – без адкладу ісці.
   Пайду, калі так, – памысліў ён, – як будзе, то будзе, не пажыўлюся – вядомы канец.
   Ідучы крок за крокам ля драцяной загарадзі і сланяючыся з боку ў бок, узгляд яго застанавіўся на пекным доме, што, як багатыр, стаяў паміж зеляніны, ласкава ўглядаючыся маляваным дахам у неба.
   А што, каб звізітаваць туды, можа, костачку або скарыначку падняў бы, напэўна, тут з голадам зусім не знаёмы.
   Але ж як прайсці, калі так заблытана дротам загарадзь, што носа не ўткнеш, а не тое каб усяму пралезці...
   Хацелася разагнацца, скакануць, як калісь бывала, увысь, ды дзе ж: сілы той, што ўперад была, цяпер і паміну не было.
   Так пайшоў далей, прыглядаючыся на красачкі і зеляніну, што раслі за загараддзю.
   Вось жыццё дык жыццё, мысліў ён, гэта не тое што ў нас у вёсцы, куды вокам ні кінь, усюды то крапіва, то палын, і ўсё ж гэта горкае і калючае, і ў гэтых думках, пераступаючы крок за крокам, убачыў пад драцяной загараддзю свежападрытую яму.
   – А... вось дзе шчасце напаткала мяне, – гледзячы на жоўценькі пясочак, радаваўся ён, і, доўга не мысліўшы, падагнуў лапы, прытуліўся як мог да зямлі і, як відзіш, апынуўся там.
   – Пажыўлюся – добра, а не – не шукай мяне, мой гаспадарок, не пайду адсюль, няхай хоць адзін сабачы сын спаткае смерць у пачэсным месцы.
   Гэтак ідучы з выцягнутай, як прадла, галавой, ён падышоў к шырокаму ганку і паступіўся дзвюма лапамі на ўсходках.
   Прыемны дух засвідраваў у носе яго і разбудзіў сонныя, галодныя трыбухі.
   – Не пужайся, – быццам нехта шапнуў яму, – ідзі без боязні...
   Толькі пераступіў апошнюю ўсходку і хацеў зрабіць рэвізію на падлозе, як на спатканне к яму паважна ішоў беленькі пудлік з нейкімі цацкамі на шыі.
   Убачыўшы гасця, ён перш сабраўся было заякатаць і падняць усіх на ногі, але, як убачыў, што госць пакорна лёг перад ім, падтуліўшы хвост і лапы, паласкавеў і пачаў абнюхваць яго пакамечаную поўсць.
   Відаць, пакорнасць касцістай асобы разжаліла яго і прымусіла звярнуць увагу.
   Дудка не дурань быў, угледзеўшы ў вачах гэтага дабрадзея ласкавы пагляд, ён перш выпрастаў адну нагу, тады другую, стаў на ногі і пайшоў следам за ім, у той бок, адкуль нёсся прыемны пах смачнай стравы.
   Пудлік, закруціўшы хвост абаранкам, ішоў уперадзе, пазіраючы на галоднага госця.
   Сюды, сюды, быццам хацеў сказаць ён, углядаючыся на бедака.
   Сюды... Дудка, не спрачаючыся, ішоў; і чым бліжэй пасоўваўся, тым прыятнейшы пах разлягаўся кругом і падманьваў яго к сабе.
   Нарэшце ў белай, як снег, талерцы ўгледзеў той прысмак, каторы здалёку цягнуў яго к сабе.
   Нюхнуўшы троха зверху, з радасці ён ледзьве не звар’яцеў, памкнуўся было расправіць сваю шырокую мяліцу, каб праглынуць усё, што толькі бачылі вочы, але чы то з боязні, чы з далікатнасці адвярнуў галаву ўбок і жаласліва глянуў у вочы свайму дабрадзею.
   Той, падагнуўшы хвост, сядзеў і маўчаў.
   Значыць, можна, калі так, памысліў Дудка і звольна, не спяшаючыся, пацягнуў языком па страве.
   Надта ж смачна паказалася яму. Не разбіраючы ўжо, чы можна хватаць так, як хватаў удому, ядучы з свіннямі, увабраўся туды з галавой і, як відзіш, спаражніў усё да капелькі.
   Засталася толькі костачка, каторую ён пакінуў напаследак. I вось цяпер, калі дайшла чарга да яе, пачаў лавіць костку на слізкай талерцы.
   Ведама, хто не прызвычаены да гэткага шыку, то з непрывычкі не патрапіць зграбна ўзяцца, і Дудка надта нязграбна пераняў яе на зубы і, хапаючы костку зубамі на паветры, на вачах свайго збавіцеля клыком адбіў споры кавалак талеркі.
   Вось – так спраўляецца, памысліў пудлік, гледзячы на вышчарблены ражок і на костку, што, як цукерак, захавалася ў шырокім яго горле.
   Дудка тым часам аблізваўся і паглядаў на дзверы, каб выйсці. Толькі сабраўся ступіць, як пачуў, што нешта ў старане зашасцела, і ўбачыў, як чыясь доўгая цень выпаўзла з-за вугла.
   Ён зірнуў і абмёр. К яму краўся нейкі чалавек быццам бы са стрэльбай у руках.
   – Ату... зразу зароў ён і злажыўся...
   Нешта зашумела, пляснула і пацягнула дымам. Відаць было, як Дудка нёсся па дарожцы к таму месцу, кудой увайшоў, а после спыніўся і сеў, пазіраючы на тую яму, што так недалёка ўжо была.
   Чырвоныя плямы закрасаваліся на жоўтым пяску, і промні сонца выпаўзлі з-за зялёнага куста і доўга асвячалі цела галоднага бедака.

Похожие статьи:

БиографииУладзіслаў Галубок

Уладзіслаў ГалубокУладзіслаў Галубок - Доля мужыка

Уладзіслаў ГалубокУладзіслаў Галубок - Навальніца

Уладзіслаў ГалубокУладзіслаў Галубок - Забытая хатка

Уладзіслаў ГалубокУладзіслаў Галубок - Гонар