Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзімір Караткевіч - Цыганскі кароль

   Патрыятызм, рамантычнае светаўспрыманне, вольны палёт фантазіі, адчуванне глыбіні, шырыні і багацця народнага жыцця сталі вызначальнымі рысамі творчасці Уладзіміра Караткевіча. Ён пісаў страсна і зацікаўлена, па-свойму глядзеў на падзеі, звяртаўся не толькі да значных, істотных, але часам і да кур'ёзных момантаў айчыннай гісторыі. Напрыклад, у гумарыстычна-сатырычнай аповесці "Цыганскі кароль" (1958) закрануў факт існавання ў канцы XVIII стагоддзя на Гродзеншчыне цыганскага "каралеўства".
   Матэрыялы для аповесці ўзяў з нарыса Адама Кіркора "Народнасці Літоўскага Палесся і іхняе жыццё", змешчанага ў трэцім томе "Живописной России" за 1882 год, і напоўніў іх рэаліямі тагачаснага жыцця, смешным і гарэзлівымі, пацешнымі і трагічнымі, вясёлымі і сумнымі. Сакавітымі, у духу "фламандскай школы", фарбамі малюе стравы і гулянкі ў "палацы" Якуба Знамяроўскага, каларытна, у гумарыстычна-гратэскавым плане, падае сцэны адной "з самых славутых войнаў, якія вёў кароль Яку б Першы".
   Пісьменнік не толькі з'едліва характарызуе цыганскае "каралеўства", выкрывае недарэчную сістэму дзяржаўнага кіравання, але і разважае пра гістарычны лёс Беларусі, закранае істотныя пытанні сацыяльна-грамадскага і нацыянальнага быцця. Паказальныя ў гэтым выпадку словы медыкуса: "Не краіна, а плод шалёнай фантазіі бога... Не грамада, а авечы статак. Вось прыпомні мае словы: яшчэ і новае стагоддзе не настане, а гэтая гнілая дзяржава знікне з зямлі... I хоць бы дзе агеньчык! Па ўсёй зямлі маўчыць хлоп". Медыкус — гэта alter ego аўтара. Ягоныя выказванні прасякнуты трывогай і болем за родны край, напоўнены шматзначным сэнсам: "На нашай зямлі дрэнна жывецца вучоным, асабліва калі яны беларусы", "мы — гной пад нагамі чужынцаў".
   Медыкус асуджае рэнегацтва шляхты, лічыць, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты. I разам з тым кажа пра веліч свайго народа, верыць у яго вызваленне, у яго духоўныя і стваральныя сілы.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!