Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Дрэва вечнасці

   У прозе Уладзіміра Караткевіча выразна выяўляюцца прыкметы паэтыкі рамантызму асабліва тады, калі спакойнае, аб'ектывізаванае апавяданне змяняецца пранікнёным страсным пачуццём, калі на ўсю моц раскрываецца лірычны талент мастака. А лірычнае, суб'ектыўнае найчасцей увасабляецца ў выключным, значным, рамантычным. Пафасам захаплення, радасцю жыцця прасякнута апавяданне "Дрэва вечнасці" (1966), асабліва старонкі, прысвечаныя Палессю і палешукам: "Палессе! Ты ўсё — бясконцая і вечная паэма. Кожная лясная рэчка твая — драмлівы рэчытатыў ліры. Кожнае тваё ўрочышча — урачысты хор магутных галасоў. Кожнае дрэва тваё — Песня Песняў. Кожная галіна пад ветрам — неўміручы радок. I кожны свепет на дзічках тваіх — ода гэтаму вялікаму небу, на якім зараз ласкавыя і чыстыя адценні вечара".
   Гэтыя радкі гучаць як натхнёная і ўрачыстая паэма. Пісьменнік захапляецца гармоніяй, чароўнай адметнасцю і нестарэючай веліччу палескіх песень, выключным і непаўторным майстэрствам іх выканаўцаў. Ён зачараваны палескімі краявідамі. Узвышана-рамантызавана малюецца і "дуб Крывашапкі", Вечнае Дрэва: "Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і танчэй угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, праўнукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат".
   Падкрэсліваючы выключнасць дрэва, пісьменнік так яго характарызуе: "вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенні, галін", "вышэйшы за ўсё на зямлі", "ён толькі ля верхавіны шырыў недзе ў саміх нябёсах магутныя свае лапы". I вось такое канкрэтна-індывідуалізаванае і адначасова рамантычнаабагульненае апісанне чаруе сваёй гармоніяй і дасканаласцю. Ёсць у гэтым урыўку і гіпербалізаваная вобразнасць, і рытмічная зладжанасць, і інверсійны лад мовы, і пранікнёнае пачуццё.
   Сваёй вечнасцю і неўміручасцю гэтае дрэва паяднала часы — мінуўшчыну і сучаснасць. Яно было сведкам многіх падзей з нашай гісторыі. "Крый божа, — зазначае пісьменнік, — стаць яму сведкам вайны атамнай, сведкам канца чалавецтва і сваёй смерці разам з ім".
   Творчасць Уладзіміра Караткевіча напоўнена драматычным зместам, што абумоўлена трывожным і балючым роздумам мастака над лёсам як асобнага чалавека, роднага народа і ўвогуле чалавецтва, так і душэўным разладам, што часцей за ўсё ўласціва творцам рамантычнага тыпу мыслення, разладам паміж думкай і эмоцыяй, рэальнасцю і ідэалам. Але разам з тым яго творчасць надзіва жыццесцвярджальная. I пісьменнік верыць, што Дрэва Вечнасці не можа загінуць. "Гэтага не павінна быць. Гэтага не будзе, — пераканаўча сцвярджае мастак. — Залог гэтага — мудрыя чалавечыя вочы, чорныя рукі і апошні водсвет захаду на вяршыні Дрэва Вечнасці".
   Вось яна, тая прага ідэалу, вера ў несмяротнасць чалавека і прыроды, што ахоплівала сэрцы і душы многіх рамантыкаў. I вось тое захапленне светам, што так уласціва Уладзіміру Караткевічу.

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічТворчасць Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы - ГДЗ