Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Каласы пад сярпом тваім. Кніга другая. Сякера пры дрэве

   Тая рабінавая ноч, з грымотамі і маланкамі, і адначасова ноч, поўная гармоніі і духоўнай еднасці паміж закаханымі, быццам падавала ім знак, папярэджвала, што наперадзе іх чакае шмат выпрабаванняў на шляху да шчасця. 
    Ды і ці бывае вялікае, сапраўднае каханне лёгкім і зручным? Як не пагадзіцца з мудрасцю старога Вежы, калі ён суцяшае свайго ўнука ў момант адчаю: "А ты што — зручнасці хацеў? Яна ж зненавідная сапраўднаму каханню, лёгкасць гэтая, зручнасць". 
    Не толькі сітуацыя класічнага "трохкутніка" (Ілля Хаданскі закаханы ў Майку і люта ненавідзіць свайго саперніка) ускладняе ўзаеміны закаханых. Калі б толькі "трохкутнік"! У рамане выпісаны "чатырохкутнік" і нават "пяцікутнік" быццам для сцвярджэння, што моцныя асобы, як яркія зоркі, прыцягваюць да сябе ўсё і ўсіх, уплываючы на іх рух і паводзіны. 
    Пастрыжоны Алесеў брат Мсціслаў Маеўскі пакутуе праз свае па-таемныя сімпатыі да Майкі, але жадае закаханым паразумення і згоды. Зусім іншыя пачуцці віруюць у душы Франса Раўбіча, брата Майкі. Ён безнадзейна закаханы ў Ядвіньку Клейну, бо тая марыць толькі пра Алеся. І амаль усе так ці іначай прычыну сваіх праблем і пакут бачаць у Алесю. Рэўнасць, зайздрасць і нянавісць рэалізуюцца заўсёды ў ганебных учынках, у хаўрусе зайздроснікаў і ненавіснікаў з падобнымі да сябе. Знявага, кепікі Мішкі Якубовіча прымусілі Алеся абараніць гонар каханай і ўляпіць поўху разносчыку "лапцявой пошты". 
    Дуэль не адбылася толькі таму, што шматлікія Мішкавы крэдыторы, дачуўшыся пра яе, падалі да неадкладнага спагнання свае векселі, пагражалі яшчэ да дуэлі пусціць маёнтак Якубовіча з малатка. Алесь са згоды старога Вежы прапанаваў Мішку заплаціць па яго векселях, але пасля гэтага Мішка падзякаваў і адмовіўся, нават сказаў, што шкадуе аб здарэнні, асабліва пасля Алесевай прапановы. 
    Аднак новыя плёткі былі такімі і так хітра выпушчаны, што да бар'ера за іх выклікаць быццам і не было каго: гаварылі ўсе, а з каго пачалося — невядома. Гаварылі, што малады Загорскі распуснік, звязаўся з прыгоннай артысткай Геленай Карыцкай, за што Вежа і даў ёй вольную, павялічыў пенсію. А старая Хаданская "выключна з-за любові" да Майкі нават дастала ў купца рахунак, што сведчыў пра выдаткі на Гелену, на яе строі, карункі, аксаміт, шоўк, завушніцы. 
    Раўбічы перасталі прымаць Алеся Загорскага, Франс выказаў яму сваю поўную непавагу і пагарду. Пан Юры перастаў вітацца з Ярашам. Учарашнія суседзі, сябры і аднадумцы сталі ворагамі. 
    Пад уздзеяннем асабістых праблем і клопатаў Алесь падрыхтаваў такую прамову ў дваранскім клубе, што яна стала водпаведдзю ўсім тым, хто жыве не марай аб шчасці народа, радзімы, а для каго "падспудныя чуткі, дуэлі і ярасць, бойкі на губернскіх зборах, барацьба перад выбарамі", картачныя гульні, размова аб паляванні, спрэчкі аб танцорках, віне і сабаках сталі нормай жыцця. Акорднай у той прамове была тэза пра родную мову, яе занядбанне: "нельга есці хлеб народа і грэбаваць ягонай мовай". Выснова Алеся была такой: "каб рыцары сталі рыцарамі, а мужы мужамі". 
    Прамова спадабалася. Алеся аднагалосна прынялі ў дваранскі клуб, праўда, навесіўшы на яго яшчэ і ярлык "якабінца". Пасля гэтага Алесь заключыў з братамі Таркайламі выгадную для сваёй гаспадаркі, а галоўнае — для людзей, здзелку: здаў ім у арэнду для будаўніцтва бровара вялікую пустку з благой зямлёй. Здаў вельмі танна, чым даў новыя падставы для гнюсных домыслаў і чутак пра сябе, але з адной умоваю: "прадукцыя бровара не пойдзе на патрэбу наваколля", затое, як ён патлумачыў сваю выгаду Таркайлам, гэта будзе яго людзям "занятак для рук і хлеб", а жом, які ж, вядома, не павязуць у Рыгу, "на чужое лукамор'е", — гэта сытае быдла, значыць, гэта гной, і як вынік — "мужыцкі ўраджай". Гэтую здзелку браты Таркайлы заключылі для сваёй пляменніцы Сабіны, якую яны апекавалі пасля смерці яе бацькоў. І папаўзлі новыя чуткі, што нібыта Алесь аддаў пустку так танна, бо ўпадабаў Сабіну. 
    Маеўскі паведаміў Алесю, што ў таго пасля прамовы ў клубе быў шанц прымірыцца з Раўбічамі, але сувязь з Таркайлам, і галоўнае з Сабінай, усё перакрэсліла. 
    Рашучы, настойлівы і моцны выключна ва ўсім, што тычылася галоўнай мэты жыцця, Алесь аказаўся бездапаможным перад сілай абставін, ад якіх залежала асабістае шчасце. Вестку пра заручыны Майкі з Іллёй Хаданскім успрыняў як наканаванне лёсу. 
    Стары Вежа сваёй мудрасцю стараецца дапамагчы любімаму ўнуку: "Заручыны — гэта не вяселле. І нават вяселле яшчэ не канец. Разумееш, на зямлі існуе адзіная непапраўнасць, адзіная незваротнасць. Гэта смерць. Пакуль яна не прыйшла — усё можа змяніцца тваёй воляй або капрызам лёсу... Тое каханне, што лёгка дораць, не цягнецца доўга". 
    Стан чалавека, якому баліць, у якога зараз не атрымалася нешта, дзед параўнаў са шляхам па гурбах. Але ж наперадзе — агонь. "Радуйся, што бачыш яго. Няхай пакуль што далёка. З часам дайдзеш... І я табе кажу, чым болей змерзнеш, тым большае будзе шчасце працягнуць да яго рукі.... Ідзі! Мужныя не гінуць..." Дзед усё разумеў. і рабілася лягчэй. 
    Спроба Алеся прымірыцца з Майкай у час хроснага ходу ў велікодную ноч была безвыніковай. Адмовіўшы ў пацалунку, Майка адмовіла ў прымірэнні. Такое рабілі толькі, калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга. Такое рабілі толькі даносчыку на сваіх або бацьказабойцу. Боль быў нясцерпным, адчай невыносным. 
    Да жыцця Алеся вярнула Гелена сілай свайго вялікага і бескарыслівага кахання, бо добра разумела і даводзіла тое Алесю, што ім ніколі не быць разам. 
    Адбыўшы сем гадоў на катарзе, Корчак здолеў уцячы і, вярнуўшыся на радзіму, падбухторыў мужыкоў на новы бунт: былі спалены Кроеравы сцірты. Корчак апантаны нянавісцю і помстай, якія зацьмілі яго розум, вынішчылі ў душы ўсе пачуцці — засталася толькі прага помсты. Алесь вельмі правільна даводзіць Мсціславу і Кандрату Кагуту, што Кроер яго забіваў, але не Кроер яго дабіў — "дабіла яго мужыцкая няпраўда". Півошчынская сходня замест таго, каб забяспечыць жонку Корчака і яго дзяцей, калі ўжо і звалілі на яго ўсе правіны, нібы ўзрадавалася, што жанчына адна не здолее зямлю абрабіць, і абрэзала той няшчасны загон напалову. Аслеплены ж помстай Корчак не хоча гэтага зразумець і накіроўвае ўсю сваю нянавісць не толькі на Кроера, а на ўсіх без выключэння. Ён ужо ўчыніў расправу пад Дошчыцай, што за сто вёрст Дняпром, над панамі: у ноч на чыстую пятніцу яго хлопцы спалілі два маёнткі. 
    Сабраўшы сваіх аднадумцаў, ён ставіць пытанне рубам: "Каго тут перш за ўсё паліць будзем, кал і прыйду?" А пачаць яму вельмі хочацца менавіта з ... Загорскіх. Адно толькі стрымлівае: "Землі Загорскіх нам не па зубах. Так будуць бараніцца — пыл ад нас паляціць". 
    Уладзімір Караткевіч здолеў раскрыць у рамане гістарычны працэс ва ўсёй складанасці. Зрабіўшы сацыяльны зрэз эпохі, пісьменнік рэалістычна паказаў і народ, і шляхту. Хваляванне аўтара перадаецца і нам: ці змогуць зліцца гэтыя асобныя ручаіны і плыні ў магутным рэчышчы, каб знесці ненавісны царызм і прыгон. На гэта пытанне адказала сама гісторыя: жаданага аб'яднання так і Не адбылося; прыгонае сялянства ў 1863 годзе нярэдка выступала супраць паўстанцаў-шляхціцаў, не разумеючы іх мэтаў, помнячы свае спрадвечныя крыўды. Гэта дазволіла Мураўёву-вешальніку хітра скарыстаць мужыкоў. аб'явіўшы самую свядомую шляхту іх найпершымі ворагам, быццам шляхта была супраць адмены прыгону. 
    Зноў і зноў Грыня Паківач даводзіць Корчаку, што яго лютае асляпленне нянавісцю да ўсіх вельмі небяспечнае, што ён, калі б стаўся панам, быў бы не лепшы за Кроера: "Няма горш, як з хама пан, а з дзярма — пірог". Кандрат Кагут папярэдзіў Корчака: "Ты пашкадуеш, калі зачэпіш яго ці кагосьці з Загорскіх". Яго — значыць Алеся. "Шэрым князем" назваў Кандрат Корчака і патлумачыў: "А той — просты. З намі, з усімі світачнікамі, як роўны. Каб табе ягоную сілу — мы б праз тыдзень усплакаліся б. Крывёю сплылі". Чытач уражаны бяспамяцтвам і чорнай няўдзячнасцю Корчака. Літаральна некалькімі старонкамі раней у лірычна-філасофскім адступленні аўтар так сфармулюе адзін з законаў гісторыі і быцця: "Хто згубіў сваю памяць — згубіў усё...". Корчак толькі Алесю быў абавязаны сваім выратаваннем ад лютасці Кроера, а зараз найперш на Загорскіх намерваецца "пусціць чырвонага будзіміра". Сам жа Корчак і вызначыць стан сваёй душы, і душ, роўных і падобных да яго: "Быдла ўжо мы, а не людзі, вось да чаго давялі". І чытача, як Андрэя Кагута, хвалявала пытанне, чаму Кандрат у спрэчцы, што магла б нават бойкай закончыцца, не нагадаў Корчаку, каму ён абавязаны жыццём, хто тады на плошчы "карбач з Кроеравых рук выдраў". Кандрат адказаў на гэтае пытанне вычарпальна і псіхалагічна-дакладна: "Пашкодзіла б. Корчак ганарысты. Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. І раптам — на табе, панская ласка". 
    Корчак два гады задавольваўся рабункам паштовых карэт, пагрозлівымі знакамі, якія пакідаў на ганках арандатараў, стрэламі ў падатковых чыноўнікаў. Яму ніяк не ўдавалася падняць вялікую колькасць людзей: усе чакалі царскага маніфеста і сядзелі "як мыш пад венікам". З чатырма дзесяткамі верных людзей ён адседжваўся ў пушчы. 
    І вось, калі Алесь Загорскі якраз вярнуўся пасля вучобы ў Пецярбургскім універсітэце, Корчак вырашыў падвысіць свой аўтарытэт "мсціўца", а то яго баяліся нават менш, чым адзінокага Чорнага Войну. З каго ж пачаць? Выпадала адно: ісці на Раўбіча. Па-першае, Раўбіч не сцярогся, як той жа Кроер. 
    Стоячы звязаным перад Корчакам, церпячы ад яго жудасныя здзекі і ў думках падрыхтаваўшыся да немінучай смерці, Яраш Раўбіч душыўся ад лютасці: "Так па-дурному трапіць!.. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання..." Сапраўды, дзікунскі намер Корчака пачаць з такіх, як Раўбіч, "народную помсту" ўражвае не толькі Раўбіча, не толькі Алеся, але і чытача. Галоўная ж таму прычына — у Раўбіча была зброя, шмат зброі, бо рыхтаваўся дваранскі закалат супраць царызму. 
    Раўбіча ад пакутніцкай смерці выратаваў Алесь, як і некалі Корчака. Нават не асядлаўшы Дуба, а ахлюпкай, як у начное, папярэдне адваліўшы ўсе дзверы ў стайнях, Алесь павольна зрушыў Дуба — за ім гэтак жа павольна табун у сто восемдзесят галоў. Потым ужо табун імчаў за ім шалёна. Гэта і напалохала Корчака і яго людзей. Уратавала Яраша Раўбіча і тое, што Брона не выканаў загад Корчака дабіць Раўбіча, а рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі і з усяе сілы штурхнуў далонню... Перад смерцю Раўбіч чытаў апакрыфічную малітву пра воінаў Бога, якія прыйшлі да яго. І воіны Бога, сапраўды, ішлі да чалавека... 
    Лёсам будзе наканавана Алесю і Корчаку яшчэ адна сустрэча. У 1861 г., калі выйшаў нарэшце доўгачаканы царскі маніфест аб волі, Корчак скарыстаў абурэнне людзей такой "воляй" і павёў натоўп (аўтар пры апісанні бунту карыстаецца найчасцей гэтым словам — "натоўп") шукаць у царкве "сапраўдную" царскую грамату.    Людзей здзіўляла жорсткасць царскай волі. Загорскі і Раўбіч, паны, вызвалілі сваіх больш выгадна. Спачатку думалі — падман, а вось аказваецца, дзе падман.    Мужыкі адмовіліся ад устаўных грамат. Гледзячы ў натоўп шалёнымі вачыма, Корчак гаварыў незразумелае і дзіўнае: "Не мог цар даць такую волю. Сапраўдная воля за сямю пячацямі. У ёй для ўсіх сыраядцаў смерць. Цар загадаў волю віламі браць. Ён за сваё жыццё баіцца. Але як пойдзеце паноў біць — узрадуецца ягоная душа". 
    Корчак ішоў перад натоўпам, як на свята, п'яны ад думкі, што настаў яго час, Ён не ведаў і не хацеў разумець, што ўся гэтая спроба з самага пачатку асуджана на правая. А на Гарыпянічы з дзвюма ротамі выйшаў ужо Апалон Мусатаў. Фарсіраваным маршам падыходзілі яшчэ дзве роты. 
    І зноў Загорскі адзін спяшаецца спыніць несвоечасовы, дзікі і бессэнсоўны бунт. Але ён спазніўся: кроў пралілася. І тады ён арганізоўвае дапамогу параненым: і сялянам, і салдатам. Загорскі з закасанымі рукавамі і акрываўленымі вышэй запясцяў рукамі сам перавязваў раненых, штохвілінна рызыкуючы сваім жыццём. 
    Пагроза ішла найперш ад Корчака. "Маеш смеласць, князь, — урэшце сказаў ён. - Але ненавіджу я цябе. ...Не магу я цябе крануць, але ... Хай бы цябе забілі салдаты, князь. ...Па-мужыцку ты цвэнькаеш — хай бы цябе забілі, сваіх адпусціў — хай бы цябе забілі, наваколле за цябе гарою — хай бы цябе забілі, пад салдацкімі кулямі астаешся — хай бы цябе забілі". 
    Не менш драматычна склаліся падзеі ў асабістым жыцці Алеся, хоць асабістае і клопат пра агульнае, народнае ў яго лесе моцна знітаваны і ўплываюць адно на другое. 
    ...Адказнасць за блізкія ўзаеміны з Геленай вызначылі яго цвёрды намер ажаніцца з ёю, але Гелена мякка і адначасна катэгарычна адмовілася ад яго прапановы. Яшчэ больш настойлівы быў Алесь, калі пачуў ад Гелены, што яна чакае дзіця. Алесь змагаўся як толькі мог, даводзячы, што яна пазбаўляе дзіця бацькі, а яго — радасці, — дарэмна: Галена была непахіснай у сваім рашэнні і выбары: "Няўжо ты думаеш, я зрабіла б такое, каб не кахала цябе? Я таму і раблю, што кахаю цябе". Гелена добра разумела, што настойлівасць Алеся вызначаецца толькі яго высакароднасцю, удзячнасцю і павагай да яе, а па-сапраўднаму любіць ён толькі Міхаліну. І не памылілася. Пасля яе размовы з Міхалінай тая зрабіла першай крок насустрач Алесю, прыйшла да яго. "Гелена мела рацыю, не згаджаючыся на шлюб з ім. 
    Нішто не забыта. Самагіпнозам была нянавісць, дурасцю была пагарда, хлуснёю — абыякавасць". Закаханыя павініліся адно аднаму. Майка дала слова, што ніякія непаразуменні больш не паўплываюць на іх каханне, што яна заўсёды будзе чакаць: "Нават калі скажуць, што ты мёртвы. Нават кал і сама ўбачу, што ты мёртвы. Не паверу". 
    Алесь едзе вучыцца ў Пецярбург. Пад уздзеяннем Віктара, брата Кастуся Каліноўскага, ён робіць выбар на карысць філалогіі і гісторыі, а не натуралагічных навук. Гэта — пасля, а зараз яго радзіме, народу найперш трэба вярнуць гісторыю і памяць. Зробленае Алесем, бліскучая абарона ім кандыдацкай дысертацыі выклікалі захапленне і павагу ў прафесара Сразнеўскага, скупога на пахвалу: "...Вы зрабілі незвычайнае. Адкрылі новы нязнаны свет. Адкрылі, магчыма, цэлы народ". Вельмі надзённа гучаць сёння словы Алеся, яго выснова, што "лінгвістыка — гэта значна больш палітыка, чым усё натуразнаўства". 
    Адкрыццё свайго народа для ўсіх Алесь зрабіў на глыбокім даследаванні радавых архіваў дваран і прыдняпроўскіх "Кронік", фальклору адносна сялянскіх войнаў XVIІ ст. на тэрыторыі Беларускага Прыдняпроўя. Алесь уваходзіць у склад асабліва давераных членаў "Агула" — тайнай пецярбургскай арганізацыі. Знаёмства з паплечнікамі Кастуся Каліноўскага Валерыем Урублеўскім і Зігмундам Серакоўскім таксама моцна паўплывала на Алеся, умацавала яго ранейшыя перакананні. Каліноўскі заклапочаны магчымым расколам "Агула", бо людзі ў ім розныя. Адны проста за паўстанне зняволеных, другія — за нацыянальны рух, трэція — за аўтаномію. Рытм і напружанасць, з якой Кастусь працуе ў "Агуле" і адначасова вучыцца, паўплывалі на яго здароўе. І Алесь робіць усё магчымае, каб паправіць здароўе, падтрымлівае яго матэрыяльна (апошняе зрабіць было асабліва складана з-за празмернага пачуцця годнасці Кастуся), праяўляе клопат і пра яго брата Віктара, які ўжо захварэў на сухоты. 
    На творчасць Алеся натхніла ўхвала яго вершаў самім Шаўчэнкам
    Сябры змусілі Алеся прачытаць перад паэтам верш "Мова": 

Я ні шчасця, ні доўгіх год не жадзён, 
Хай пятля, хай памерці ў журбе,
Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,
Калі ў іх не будзе цябе.
Сірата па з'едлівай волі багоў,
Гінучы мой карабель,
Хай не будзе світанняў народа майго,
Калі досвіткам здрадзіць табе.

   Чытач заўважыў, што Караткевіч "аддаў" свой уласны верш свайму любімаму герою, тым самым выявіў і гэтым праз героя сваё светаўспрыманне, сваю філасофію, сваё ўсведамленне ролі духоўнага ў жыцці народа. 
     На адной з лекцый прафесара Руніна, даносчыка і цемрашала-панславіста, сутнасць лекцыі якога зводзілася да сцверджання, што ўсе "славяне ад Лабы да Чарнагорыі, ад Баўцэна да Камчаткі павінны зліцца ў адзін народ пад уладай сіяцельнага дому Раманавых", Алесь наладжвае яму абструкцыю. Ён адкрыта заявіў: "Нам абрыдзеў ваш панславісцкі смярдзёж... Абрыдла гэтая маска драпежнасці. Мы не хочам велічы за кошт іншых народаў. Бо ўсе людзі зямлі — браты. На свеце няма горшых народаў..." 
    Дзед Бежа іранічна павіншаваў унука "з прэндкім паврутэм" [хуткім вяртаннем], а заадно ўчыніў Кірдуну (верны слуга, за адданасць якога Вежа ўзнагародзіў яго вольнай, чатырма валокамі зямлі з усім. што да таго належыць) маральную лазню — "нашто дапусціў". 
    Гумарыстычна выпісана апраўданне Кірдуна перад старым Вежам. З выключнай шчырасцю, кранальнай непасрэднасцю і здаровым сэнсам даводзіць Кірдун, што панічу "до ўжо вучыцца. І так разумнейшы за ўсіх". У часе той "праборцыі" ўзнікае некалькі камічных сітуацый. Дзед удакладняе, ці разумнейшы паніч і за яго самога, за Вежу. Кірдун, не задумваючыся, адказвае: "Анягож". І тут жа асекся: "Не так мовіў, прабачце". Кірдун здзівіў Вежу пазнаннем таго, што вывучаў і да якіх высноў прыйшоў за гады вучобы яго ўнук. На пахвалу Вежы: "Паліглот!" — Кірдун з уласцівай яму непасрэднасцю адказаў: "Не глытаў я ніякіх палёў. Я чалавек бедны". Выснова дзеда адносна Кірдуна была такая: "Атрымаеш з жонкай вольную. З такімі думкамі — у прыгоне не ходзяць". І наказаў халопу "паніча не кідаць": "І як памру — не кідаць... Ён цябе шанаваць будзе". 
    Гелена нарадзіла двойню: хлопчыка і дзяўчынку. Назвалі іх імёнамі дзеда і бабулі — Юрыем і Антанідай. 
    Алесь яшчэ раней пераканаў дзеда Вежу і бацьку, што неабходна паступова, як стануць узбагачвацца, аддаваць зямлю мужыкам, пакінуўшы сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаведныя ўрочышчы, яшчэ тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы ды слуг. 
    "Хай фермерствуюць. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі?" На абурэнне пана Юрыя Алесь даводзіць, што сялянская канкурэнцыя ім нястрашная, бо на пры-дбанні іх прадукцыі Загорскія зробяцца заводчыкамі. "У купцоў ператварыцца?" — жахнуўся пан Юры. "У купцоў — не ў старцоў", — зноў мудра адказвае Алесь, даводзячы, што маёнткам усё роўна пагражае галеча пры такой, як ёсць, сістэме; і гэта толькі пытанне часу. 
    Стары Вежа ўспрыняў прапановы ўнука са спакойнай мудрасцю. Ён зразумеў, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным у старасці — змяніцца, зразумець новае, маладое, што ідзе на змену табе. A калі няздольны зразумець — ставіцца да яго з любоўнай верай. 
    І Алесь пачаў дзейнічаць, а не проста чакаць паўстання. Пакуль яно рыхтуецца, вырашыў зрабіць вольнымі сваіх мужыкоў цяпер. 
    Пасля трагічнай гібелі пана Юрыя на паляванні Алесь ратаваўся працай. Ён працаваў да знямогі. Афіцыйна засведчыў у Магілёве і пачаў праводзіць у жыццё адмену паншчыны па ўсіх сваіх маёнтках, паабяцаў праз год адмяніць прыгон, "і не так, як у праектах, а з зямлёй". Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга: вырашыў перабудаваць цукроўні, каб былі каменныя; застрахаваў усе будынкі; "паклалі рад" з аршанскімі вапнавымі капальнямі і залажылі яшчэ шэсць лайбаў. 
    На некалькіх старонках пісьменнік пяе гімн Чалавеку справы — Працаўніку, ад апісання канкрэтных дзеянняў Алеся падымаецца ды філасофскага абагульнення, што чалавек па сваёй прыродзе прагне справы. "Капаць, біцца, пісаць шчырыя кнігі, перакідваць масты, секчы дровы, вучыць дзяцей, змагацца за справядлівасць, біць студні і тунелі, дзьмуць шкло, лічыць і лекаваць, — іначай не варта і жыць. ...І пасля кожнага свайго падзення я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца". 
    Аднак няшчасці неспыннай чарадой пасыпаліся адно за другім. Памірае маці Алеся, ненадоўга перажыўшы бацьку. Бязмежная самота па пану Юрыю без пары звяла яе ў магілу. Перад смерцю маці наказала Алесю адмяніць прыгон: "Забі яго, Алесь, бо гэта таксама людаедства..." Маці наказвае сыну, каб будаваў свет, "у якім нікому не было б страшна жыць", бярэ з яго клятву, што ён "ніколі без крайняй меры, без смяротнай патрэбы" не адбярэ жыцця ў жывога, бо "не можа быць чалавекам той, хто забіў..." 
    Нават выратаванне Алесем Яраша Раўбіча нічога не змяніла ва ўзаемаадносінах паміж сем'ямі: закаханым забараняюць бачыцца. Ніякія довады Міхаліны Яраш не захацеў слухаць і заявіў ёй, што завязе яе ў манастыр гады на чатыры, калі яна скажа хоць слова пра Загорскіх. 
    Да ўсяго ў наваколлі аб'явілася "банда — прыдняпроўская мафія "Ку-га", у якую ўваходзілі Кроер і браты Таркайлы. Улады не звярталі на банду ніякай увагі, а тая рабіла налёты найперш на "чырвоных", на тых, хто быў за адмену прыгону. Невядомыя людзі ў масках, ажно трыццаць пяць чалавек са стрэльбамі, наляцелі на бурачную плантацыю Загорскіх. На дзесяціне першы год рос гонар і крывавы пот Алеся, бо насенне "залатога" бурака даставалі з вялікімі цяжкасцямі і за вялікія грошы, вакол "залатога" хадзілі ледзь не на пальчыках. Алесь спадзяваўся, што праз год трэць плантацый будзе засеяна сваім "залатым" насеннем. Вытаптаўшы ўсю плантацыю, пагразілі аконаму: "Перадай: будзе навіны заводзіць — прырэжам". 
    Выпадковай нявіннай ахвярай бандытаў стаў і Стэфан Кагут. Яго збілі так, што ён праз некалькі месяцаў памёр, наказаўшы брату забіць Таркайлу (Стэфан пазнаў у адным з бандытаў менавіта яго). Юлляна Лапату бандыты па-зверску забілі на месцы. 
    "Беды, крыўда і гнеў, несправядлівасць лёсу літаральна шматавалі Алеся". І ён захварэў той жудаснай хваробай, ад якой, здавалася, не было паратунку — явай, або мрояй. 
    Вежа сабраў падспудную раду старэйшых, славутую "сівую раду" Прыдняпроўя. І сівы Вітахмовіч паставіў дыягназ: "Памяць продкаў. Ён памрэ". Рэдкая, як каўтун, хвароба пачынаецца з абыякавасці да ўсяго, дабівае ж яна чалавека "памяццю продкаў", калі чалавек нанава сніць жыццё, але не кавалкамі з розных часоў, а нібы адной плынню. Так уражлівы бязмерна чалавек "несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету", бо стома — смерць. "Ідзі вышэй сіл сваіх, і станеш жыць доўга". "Сівая рада" прапанавала лячыць Алеся "небам": аднесці на самае высокае, самае блізкае да неба месца... 
    Некалькі старонак рамана прысвячаюцца апісанню паступовага вяртання Алеся да жыцця. Як абыякавасць была пачаткам нябыту, так пачуццё тугі па кімсьці і любоў да людзей стала першай праявай жыцця. Праз два тыдні барацьба са смерцю закончылася перамогай жыцця. 
    Стары Вежа — чалавек рашучых учынкаў. Ён з'ездзіў да Таркайлаў і пагаварыў з імі так, што "Ку-га" больш нідзе не аб'яўлялася. 
    Пагроза Вежы, што пусціць Таркайлаў жабраваць, а ўнука крыўдзіць і цару не дазволіць, была выніковай. A ўнуку параіў украсці Міхаліну і абвянчацца ў яго царкве, у Мілым. Так Алесь і зрабіў — закаханыя злучыліся навекі. 
    Аднак Франс Раўбіч выклікае Алеся на дуэль. Усе спробы Алеся прымірыцца з братам Міхаліны былі марныя. Доўгая размова з ім скончылася аплявухай Раўбіча — дуэль стала непазбежнай. Мсціслаў Маеўскі ў адчаі: "Ды як ты мог?! Калі кожнае жыццё дарагое!.. Калі Беларусь... І на цябе спадзяваўся Кастусь? Цябе сур'ёзным лічыў?!" 
    Алесь жа адказаў: "Я не магу ваяваць за Беларусь з пабітай мордай". 
    Ноч перад дуэллю і сама дуэль выпісаны таксама ў лепшых традыцыях рамантычнага жанру. Алесь прыходзіць да высновы, што абараніць свой гонар кожны чалавек павінен сам, бо гэта за яго ніхто не зробіць. Чалавек без гонару і годнасці — нуль. Той, хто абражае і прыніжае годнасць другога, — таксама нуль, бо ён знішчае іншыя нулі, "каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль — хай ён будзе з яблык, кола ці нават з цэлую планету — усё ж нуль". 
    Алесь напісаў ліст дзеду і склаў запавет. Палову ўсёй маёмасці — панам Маеўскаму і Каліноўскаму "на заснаванне той... кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі". Ні пра кога не забыўся Алесь, нават пра паэтаў, "што пішуць на мясцовай мове", пра навукоўцаў, якія ствараюць працы, "што датычацца Беларусі". Вядома ж, падумаў ён і пра сваіх дзяцей і слуг... 
    Права першага стрэлу па жэрабю выпала Франсу, што моцна ўзрадавала Іллю Хаданскага. Але далей тое, што здарылася, Мішка Якубовіч саркастычна назаве "дзіцячымі гульнямі": Франс... кінуў пісталет вобзем, а потым кінуўся да Алеся, яшчэ на бягу працягваючы рукі: "Алесь... Даруй мне... Даруй..." Яны абняліся. 
    Пасля гэтага будуць яшчэ паездкі Алеся ў Маскву і Пяцярбург, сустрэчы з Кастусём Каліноўскім... І той бессэнсоўны бунт, узначалены Корчакам, калі мужыкі будуць патрабаваць не прачытанага ў царкве, а "сапраўднага" маніфеста, быццам схаванага ад іх "сыраядцамі". Калі чыталі маніфест, Алесь думаў: "Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. ...Тады па сваёй "неабходнасці" яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора". 
    Гэта будзе, ведае Алесь, праз тры гады. Думкі і пачуцці перапаўняюць яго і водзяць пяром, пакідаючы радкі пра самае запаветнае, каб уваскрэс яго народ, "каб на палетках ягоных воля і мова ўзраслі".  

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!