Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Казкі Уладзіміра Караткевіча

   На пачатку творчага шляху Уладзімір Караткевіч звярнуўся да мінуўшчыны і набыткаў фальклору. Уладзімір Караткевіч разумеў вялікае выхаваўчае значэнне казкі, яе ролю ў фарміраванні любові да радзімы, да беларускай мовы. Патрыятычнай паводле зместу з’яўляецца казка «Лебядзіны скіт». У ёй апавядаецца пра падзею, якая адбылася вельмі даўно, калі татары напалі на рускую зямлю. Яны рухаюцца з нарабаваным багаццем і палоннымі. Хан Бату параўноўвае народ са статкам, «у якім кожная жывёла думае толькі аб тым, каб есці другіх і не быць з’едзеным». Яму пярэчыць паэт Юсуфі. Тады хан прапануе старому, якога яны ўбачылі каля скіта, зрабіць выбар: аддаць сваё жыццё дзеля выратавання людзей, альбо наадварот. Стары гатовы памерці, але просіць пакінуць жывымі столькі палонных, колькі змесціцца ў яго скіце. Хан згаджаецца. У скіт зайшлі ўсе палонныя і вылецелі адтуль белымі лебедзямі. Стары кажа, што ён прыняў «слёзы і гора цэлай зямлі». І яшчэ ён «верыў і любіў. Калі хоць адзін чалавек астаўся на роднай зямлі – яна не загіне». Стары ператварыўся ў камень, «з-пад якога тачыліся слёзы, збягалі ў ручаёк, струменьчыкам беглі да возера». Напалоханыя ворагі кінуліся прэч. У канцы казкі пісьменнік прывёў дзве версіі пра ўзнікненне назвы «Белая Русь». Ад лебядзінага апярэння стала белай вопратка ў яе людзей. А яшчэ кажуць, што яна таму «белая», бо пад татарамі не пабыла.
   Казка «Верабей, сава і птушыны суд» ўзнікла на аснове адной з беларускіх казак. Яна адказвае на пытанне: чаму верабей скача дзвюма нагамі, чаму ў савы рознакаляровае пер’е…
   У казцы «Кацёл з каменьчыкамі» пісьменнік асудзіў несправядлівасць як самую ганебную для чалавечага грамадства з’яву. Багаты і скнарлівы сусед Ігнат не падтрымаў бедную Мар’ю ў бядзе. Каб супакоіць галодных дзяцей, яна пачала варыць у катле каменьчыкі. Неўзабаве ў яе хату зайшоў чалавек, які аказаўся Вялікім Чараўніком. Ён дапамог гаротніцы. Сыпнуў каменьчыкі па раллі, і яны ператварыліся ў бульбу. Так ён у чароўна-фантастычнай форме паказаў, як з’явіўся на Беларусі такі важны харчовы прадукт. А ў сквапнага і зайздроснага Ігната на полі каменьчыкі выраслі ў валуны велічынёй з хату.
   У казцы «Нямоглы бацька» паводле закону, што быў на нашай зямлі ў даўнія часы, старых бацькоў адвозілі паміраць у лес. Пятро пашкадаваў свайго бацьку і схаваў яго. Той год быў неўрадлівы, на тых людзей напалі суседзі і бацька Пятра падказаў, што трэба зняць са стрэх неабмалочаныя снапы і вытрасці іх. У другі раз, бацька Пятра даў прапанову як можна пазбавіцца ад Велікана, што пасяліўся на іх зямлі. І людзі адмовіліся ад ранейшага закону. У казцы сцвярджаецца думка пра важнасць агульначалавечых каштоўнасцей: «Жылі сілай. А розумам забівалі… Шануйце дабрыню, хоць слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў».
   Казка «Вясна ўвосень» адметная любоўю да прыроды. Галоўныя героі дзеці – Янка і Аленка. Янка хварэў і яго сястрычка пайшла па сонейка, каб яно заглянула ў пакой Янкі. Жывымі атрымаліся дыялогі птушак, жывёл, жабкаў, грыбоў, звяроў. Пісьменнік стварыў непаўторны і чароўны малюнак абуджанай Сонейкам асенняй прыроды.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!