Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзімір Жылка - Тастамент

1

Няхай жыве крывіцкі люд!
Няхай квітнее край крывіцкі!
Я гэты свет убачыў тут
Дзіцём ля матчынае цыцкі
I рос, вясёлы шалапут,
З дзядоў, з прадзедаў сын мужыцкі,
На ёміне з яго палёў,
Здабытай з працы, з мазалёў.

 

2

Пад гэтым небам, так каханым,
Я пастушком ганяў у бор,
I тут, прыроды сын адданы,
Кунежны стаў яе сябёр.
Яна ж паглядам незраўнаным
Зірнула ў вочы мне ўсупор
I, сэрца ранячы вяскоўца,
ІІІапнула таямніцы слоўца.

 

3

Яно было пра тое, як
Прыгож бязмерна свет дзівосны,
Які жыцця зайздросны смак,
Як босы йдзеш па сцежках росных
I хлыне ў грудзі поўна так
Птушыны шчэбет шматгалосны,
Шырокі гоман гонкіх хвой
I неба сінь над галавой.

 

4

Якія раніцы я ведаў!
Якія ўсходы спатыкаў!..
.........................................

 

5

I ўцяміў я (о, смех і плач!)
Паўней, чымся калі, й суцэльней,
Што я, малюсенькі таўкач, —
Быцця сусветнага удзельнік
I з’яў сусветных суглядач.
I вось і слодыч, і пякельня
Мяне палонілі ўсуцэль
I абвілі, як ліпу хмель.

 

6

Былі ў душы і шчасце, й млосць,
Бы лёгкі сон упаў на вейкі,
I я пабачыў прыгажосць,
Што па-над спевы салавейкі
Зачаравала маладосць.
I стаў я пець... Мае жалейкі
Звініць матыў, і кожны тон —
Сусветнай пекнаце уклон.

 

7

Мой край!.. Ужо малой дзяцінай
Паўнюткім радасці вядром
Адной шчасліваю гадзінай
Напіўся смагла я нагбом
Ад пекнаты яго жанчыннай,
I п’ян адвечным хараством,
I закаханы ў ім без меры, —
Там быў пачатак мае веры.

 

8

Яна была мне праз гады
Хлапцу і сталаму спамогай,
Хоць і губляў свае сляды
Я у завеях ветру злога,
Але сярод згрызот хады
Я ведаў, меў адну дарогу:
Яна, як промень да святла,
Да краю роднага вяла.

 

9

Усцяж свяціла мне нязгасна
Мая праводная звязда,
Таму ні мужнасць і ні яснасць
Не залілі слата й жуда.
Мая бясцэнная уласнасць —
Са мной мой край, яго бяда,
Са мной праз горы і каменні
Высачыня майго натхнення.

 

10

I мне здалося неаднойчы,
Што ў тайне радасных хвілін,
У момант паўнаты станоўчай
Ў маім узлонні быў зачын,
I зблытаў я, мой краю-войча,
Хто бацька быў, а хто быў сын,
I, поўны любасці вялікай,
Не ведаў, як яе мне клікаць.

 

11

I часта, бы ў дзівосным сне,
Я пачуваў под сэрцам ношу,
Чароўны голас да мяне,
Пачуццяў матчыных раскошу,
Трывогу ў сэрцы дзесь на дне,
I быў — пагодлівы, харошы! —
Мой край мне лёсам і жыццём,
Маім распешчаным дзіцём!

 

12

Няма за што на лёс мне плакаць,
Знайсці шчаслівейшы мне дзе б?
Бядняк, я быў багат, аднака,
Не знаў збытэчных я патрэб,
Зацірка мне была прысмакам,
І смачны быў разовы хлеб,
Хоць соляй, а не маслам тлуста
Была прыкрашана мне луста.

 

13

Мне хата з нізкаю страхой
Была мілей за ўсе палацы
I над пакоямі пакой.
Я тут вучыўся не паддацца
Галечы з нэндзай і бядой,
I тут пазнаў я радасць працы,
I атрымаў сталёвы гарт,
I стаў мужык, мужчына ўпарт.

 

14

На гонях бацькаўскіх далёкіх
Я ўчуў пад спелы жыта шум
Дзівосных сіл жывыя токі
І спеў, што я ў сабе нашу,
Зямных глыбінь густыя сокі
I з промняў сонечных душу.
I люб мне чалавек бясконца,
Высокі плод зямлі і сонца.
.........................................
.........................................

 

15

Цяпер жа сілы сталі дрэнь,
Сівая ймгла мне засціць вочы,
I кліча ноч на свой пругмень,
I дні жыцця прыйшлі да ночы,
I хоць змагарна жыў я дзень,
I хоць яшчэ я светам крочу, —
Тугой выгнання збіты ўшчэнт,
Пішу я гэты тастамент.

 

16

З прыродай зліцца я гатоў,
Хай прыме дол худое цела,
Але прашу яе вятроў
Мой запавет, як плод даспелы,
Да родных данясці палёў,
I любасці, і боль знямелы
Хай рыне там у будні скрух
I жыватворны ўздыме дух.

 

17

Ўсім найдарожшым прысягаю —
Сваіх грахоў не утаю,
I любасць гэтую да краю,
I гнеў, і ненавісць сваю,
I што набыў, усё, што маю,
Што долю цешыла маю, —
Ўсе скарбы, ўсе свае багацці
I песні ўсе — крывіцкай хаце.
.........................................
.........................................

 

18

Даруйце мне, людцы, цяжкія
А мімавольныя грахі,
Часы бяспутныя, ліхія
Не раз садзілі на штыхі.
Хто плыў ў раз’юшанай стыхіі,
Калі бушуе шквал ліхі, —
Той ведае, як хібы блізкі,
Як залівае човен хісткі!

 

19

I хто сягаў выходзіць з дому
За будны круг штодзённых праг,
Каму, няўтомнаму, вядомы
I чорнага прадоння жах,
I верхавіны гораў стромых,
Той, пэўна, скажа: — Цяжкі шлях
Яшчэ не ёсць яго памылка,
Ён нёс і жарсць і дух асілка!..
.........................................
.........................................

 

20

Спявай, зямля, упіся сонцам,
Абмыйся чэрвеньскім дажджом,
Расці, пладзі, буяй бясконца,
Пладоў, зярнят насып каўшом.
Уцехай будзь маёй старонцы,
Дары красой, дары дабром! Вітай! —
Цябе у сіле поўнай
Я аддаю сям’і працоўнай!

 

21

У вольнай працы рупных пчол
Яны пальюць шчаслівым потам,
Абсемяняць прастор наўкол,
Канца не будзе іх клапотам,
Садамі высадзяць твой дол,
Як жонку, будуць песціць потым,
I будзеш ім святою ты,
I кожны плод твой — ім святы.

 

22

Ў цудоўнай сіле ўроды й моцы
Прадбачу я твае палі;
Праз забабоны, гніль, суроцы,
Праз звады зла ўсе караблі
Маіх надзей і дум к затоцы
Вялікай прышласці плылі,
Дзе будзе смех звінець вясёлы
I радасцю квітнецьмуць сёлы.
.........................................

 

23

У імя людства, людскога шчасця
I духу творчага зямлі —
Пракляцце шэршню ўсякай масці
I панству — ўласніку раллі!
На новы лад мы свет аснасцім,
Перааром без меж палі,
I будзе ўсё дабро агульна,
I ўсім ў краі маім утульна.
.........................................
.........................................

 

24

А каб ні злодзей, ні тыран,
Ні чалавек ліхі, пракляты
Не скралі вольнасці і ў зман
Не завялі сляпыя хаты, —
На варце стаўлю гнеў зацяты
Тваіх рабочых і сялян.
Калі між імі будзе еднасць —
Ліхое згіне у бясследнасць.
.........................................
.........................................

 

25

Я пакідаю з дзіўным сумам
Маю дабродзейку зямлю.
Я голад знаў, душыўся глумам,
Ды імі сэрца не кармлю.
Яна ўсяго, як толькі ўздумаць,
Дала, й такой яе люблю:
З бядою, з ліхам, з посным квасам
I з радасцю кароткай часам.
.........................................

 

26

Бывай, надзей сардэчны ўздым!
Бывайце, сны і слодыч веснаў!
I вы, снягі, завеі зім!
На зломе дзвюх эпох злавесным,
У неспрыяльным ветры злым
Сваё жыццё прайшоў я чэсна:
Пясняр, змагар, бядняк праз век —
Быў перш за ўсё я чалавек!

 

27

Бывай, мой ранак срэбраросы!
Бывай, мой дзень клапот, пакут!
Прайшоўшы свет раздзетым, босым,
Пара падумаць і пра кут:
На могілках зацішных Росы
Хачу спачыць ад каламут.
Сачыцьмуць мой спакой найпільней
Муры старой, каханай Вільні.

[1932-1933]