Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Уладзімір Дубоўка - Пра дзеда і ўнука

1

Недзе далёка
ў вёсцы маленькай
век дажываў свой
дзедка старэнькі.

Старасць — не радасць.
Сядзе абедаць —
ежа ліецца
з лыжкі у дзеда.

Пазалівае
чысты абрус так
ён і заціркай,
ён і капустай.

З гэтай прычыны
дзеда старога
есці саджалі
каля парога.

Там ён і снедаў,
там і абедаў,
там ён з унукам
меў і бяседы...
   


2

Дзедаў унучак,
мамін сыночак,
ножык узяўшы,
сеў у куточак.

Нешта майструе,
нешта складае.
Будзе, напэўна,
цацка якая.

Маці пытае:
— Любы сыночак!
Што ж ты майструеш,
сеўшы ў куточак?

Што ж гэта будзе,
скрыначка быццам?
— Будзе, матуля,
гэта — карытца.

Як пастарэеце
з татам абое,
вас не прыму я
есці з сабою.

Каля карытца
вас пасаджаю,
поснай заціркі
паналіваю...

Тата на маму,
мама на тату
глянулі моўчкі:
«Хто ж вінаваты?»

3

З гэтага часу
дзеда старога
больш не саджалі
каля парога.

Так, як усюды,
у кожнай сямейцы,
разам з сабою
далі яму месца...

Казачка гэта
вельмі старая,
ходзіць па свеце
з краю да краю.

Хто пра яе
і забудзецца, можа,
ўнучак маленькі
зноў дапаможа:

Ён пачытае.
Хоць ведаюць людзі,
але напомніць
лішнім не будзе.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!