Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сяргей Грахоўскі - Сейбіт

Плыве, як човен, вузкая труна
Над полем, над даспелымі жытамі —
Дзяды, кабеты і малыя дзеці
Хаваюць сейбіта, аратага, касца.

Хаваюць без аркестраў і вянкоў,
Без ганаровай варты і прамоўцаў.
Няма ні ордэнаў, ні некралогаў,
I толькі ў полі гнуцца каласы.

Ён пяцьдзесят разоў пасеяў жыта
I пяцьдзесят разоў абмалаціў,
Ён пяцьдзесят гадоў карміў уволю
Людзей, якіх ні разу не сустрэў.

Ніхто яму не дзякаваў ніколі,
Не ўспамінаў за шумнаю бяседай
Імя таго, хто малаціў і сеяў
I аддаваў усё, што мог аддаць.

Хаваюць сейбіта. Маўчаць дзяды,
а дзеці
Нясуць у жменьках вялыя рамонкі,
I над палямі не заходзіць сонца,
Я кое ён заўсёды сустракаў.

Стаяць прысады ў ганаровай варце,
А ластаўкі лятаюць нізка-нізка
Над пыльным шляхам, над высокім жытам,
I журацца пры студнях жураўлі.

Ён першы раз патурбаваў вяскоўцаў,
I ўпершыню яго ўзнялі высока
Мужчыны над жытнёвымі палямі...
А недзе песня жніўная звініць.

1966

 

Похожие статьи:

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Чалавеку патрэбна не слава...

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Стары млын

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Прызнанне

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Мама

БиографииСяргей Грахоўскі